Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


На «дзярэўню» да цётачкi...

Гэтую гiсторыю ў вёсцы памятаюць да сёння. Збяруцца, бывала, бабулi ў якой-небудзь хаце i...

Усяго iм хапiла: разам працавалi, разам гаравалi, сварылiся, мiрылiся, спраўлялi вяселлi, хрэсьбiны... Гэта цяпер iх у вёсцы як кот наплакаў, а некалi ж i людна было, i весела. Вось хоць бы Дар'ю ўзяць. Адна гаравала — гадавала сваiх сыноў, а нiколi ж не ныла, не казала, што цяжка... Хлопцы яе нядрэннымi выраслi. Змалку прывучалiся да працы — дапамагалi па гаспадарцы i мацi, i суседзям...

Але ж вось найстарэйшага ўсёй вёскай праводзiлi ў войска, вось паштальёнка стала прыносiць матулi пiсьмы.

Цешылася Дар'я: Алёшка яе нi на што не скардзiўся, з часам даслужыўся да малодшага сяржанта. З дня на дзень павiнен быў вярнуцца дахаты, мацi чакала...

У тую ранiцу яна, як заўсёды, устала на досвiтку, па сцежачцы з даёнкай рушыла да хлява, да сваёй кароўкi i... стала. Душа ў пяткi зайшла — з iхняга вiшняку нехта на карачках паўзе, пытаецца:

— Цётачка, а якая гэта «дзярэўня»?

Родную мацi сын не пазнаў!

Зрэшты, мацi ў першы момант таксама. Потым падняла небараку з зямлi, завяла ў хату, палажыла спаць...

I цiха ж, як быццам! Але не паспела выгнаць карову, як вёска ўжо гудзела. Людзi наперабой расказвалi адно аднаму пра «цётачку», пра вiшанькi i «дзярэўню». «Маладзец, Алёша, — гаварылi пра хлопца мужчыны. — Правiльна напрамак трымаў — праз вiшанькi, да роднай хаты».

Пазней даведалiся, што па дарозе хлопец сустрэў свайго аднакласнiка, i яны, як гэта водзiцца, выпiлi — адзначылi Аляксееў дэмбель. Пасля чаго адзiн заснуў у ельнiку, а другi — каля хаты ў вiшаньках.

Што цiкава, рэпутацыю хлапца гэта нiколькi не падарвала. Проста людзi, сустракаючы яго — нават праз гады — мiжволi ўспамiналi вяртанне з войска i ўсмiхалiся.

Iрына Салата, Гродна


Ад жонкi нiчога не схаваеш

Фота funduk.ua

Наш Мiхась — хлопец добры, працавiты, вясёлы. Сам вясковы, але ажанiўся з мiнчанкай: прыязджала яго Алачка на лета да цёткi ў суседнюю хату, так i пазнаёмiлiся. Сваякi дзяўчыны не надта хацелi таго вяселля, бо яна ўнiверсiтэт заканчвала, а жанiх у школе быў двоечнiк, пасля армii працаваў у калгасе. Але ж — каханне...

Так што Мiхась ужо гадоў трыццаць як сталiчны жыхар, працуе то на будоўлi, то на рамонце машын. А жонка i сын у яго — «iнтэлiгенты» (так ён iх называе — цi то здзеклiва, цi то паблажлiва) — абодва праграмiсты.

Але ж i родную вёску Мiхась не забывае, хоць бацькi ягоныя даўно памерлi. Кожныя выхадныя ўлетку тут i ў адпачынак прыязджае. Ала яго таксама з iм. Можа, не надта i хоча, але ёсць у мужа адна загана: як толькi ў вёсцы з'явiцца — сабутэльнiкi тут як тут. А ён ахвочы кампанiю падтрымаць. Жонка тых хаўруснiкаў далей за брамкi не пускае, а вось калi раптам Мiхась адзiн апынецца... Карацей, гiсторыя многiм знаёмая.

Дык вось аднойчы ў бацькоўскую хату прыехаў Мiхась без сваёй палавiны i нават без цешчы (бо, калi што, Ала сваю мацi з iм адпраўляла). Жонка строга наказала: глядзi, не пi, бо я ўсё роўна дазнаюся! Наказ наказам, але ж пад вокнамi прыяцелi стаяць!

Гудзелi цэлы дзень, а пад вечар, выправiўшы гасцей, стомлены гаспадар улёгся на канапу перад тэлевiзарам. У той час толькi адключылi аналагавае тэлебачанне i не ўсе вяскоўцы яшчэ паспелi купiць прыстаўкi цi новыя экраны, а ў Мiхася ўжо ўсё ў парадку было — прывёз з Мiнска новую прыстаўку, падключыў, наладзiў — глядзi не хачу. Вось i ляжаў на канапе, каналы пераключаў, пакуль сон пад нейкi канцэрт не змарыў...

Прачнуўся гадзiны ў тры ночы. Галава балiць, смага душыць, у хаце — хоць вока выкалi... Толькi тэлевiзар у куце свецiцца... Прычым неяк дзiўна — экран чорны, а пасярэдзiне — круглае блакiтнае вочка i нешта дробна-дробна (здалёк ды сп'яна i не вiдаць) пад iм напiсана.

I тут да Мiхася дайшло! Нездарма ж Алка пагражала, што пра ўсё даведаецца. Праграмiсты чортавы! Праз тэлевiзар за мной сачыць уздумалi!

Схапiў Мiхась мабiльны — давай жонцы званiць, выказваць усё, што пра iх, «iнтэлiгентаў», думае.

А тая спачатку ды спрасонку не зразумела, што ён хоча ад яе ў тры ночы, а зразумеўшы, спалохалася: дапiўся мужык да белай гарачкi!

Ранiцай, як толькi развiднела, яна прымчала на машыне ў вёску.

Мiхась доўга цiскаў па пультах, спрабуючы знайсцi доказ «шпiянажу». Нiчога не атрымлiвалася — экран то свяцiўся роўным блакiтным, то настройваўся на нейкi канал. «Ну што, дапiўся?» — здзеклiва пытала жонка. Ён ужо i сам быў гатовы ў тое паверыць, але тут на пульце выпадкова нацiснуў на нейкую кнопку, адключыўшы прыстаўку. «Ага! Вось яно, вось! Гэта, пэўна, малы ў Мiнску зноў вашу камеру праклятую ўключыў, праграмiсты чортавы!» — залямантаваў Мiхась. Ала падышла блiжэй, прыгледзелася i... упала ад смеху. На чорным экране пад блакiтным кружком дробнымi лiтарамi было напiсана: «Няма сiгналу»...

З таго часу Мiхась даволi часта прыязджае ў вёску адзiн. Ала яго спакойна адпускае, бо ведае: пiць больш не будзе. I праўда: ходзiць Мiхась як шкельца, сяброў у хату не пускае. Баiцца: цi мала яшчэ што здасца з п'яных вачэй. Дый два праграмiсты ў хаце, хто iм верыў. Можа, i праўда ўжо камер недзе наставiлi?..

Эмiлiя Кавалеўская,

Дзяржынскi раён.


Не той грэх...

Наракае цётка Воля,

Што ў яе благая доля,

I «сюжэт» — стары як свет:

Маўляў, Пётра з маладосцi

Быў зусiм нярэдкiм госцем

У прыгожанькiх кабет.

Валасы iм Вольга рвала,

А ўжо ж мужу выдавала!..

Не аднойчы за грахi

Меў, бядак, паёк сухi...

Але ж толку небагата:

— Бабнiк!

Ходзiць да Агаты!..

У адказ суседка Люся:

— Баранiць я не бяруся

Твайго мужа,

толькi ж ён

Дужа любiць самагон.

Як, дарэчы, й мой Антось...

«Хобi» гэткае ў iх ёсць —

Знюхаць

(невядома й як?!),

Дзе закапае пяршак...

Да Агаты пруць удвух...

Так што Пётра твой — не зух,

Не любошчаў ён шукае —

Смагу, дурань, наталяе!

...Быццам добрая навiна,

Жонка дзякаваць павiнна.

Ды ў адказ — са злосцю: «Эх!

Хоць не той,

а ўсё-ткi грэх!»

Галiна Нiчыпаровiч,

вёска Магiльна, Уздзенскi раён


Нехта губляе? Нехта знаходзiць!

Фота fishki.net

На пачатку 60-х гадоў мiнулага стагоддзя крамы ў глыбiнцы былi бедныя. Нешта добрае прыдбаць (альбо, як тады казалi, дастаць) можна было хiба ў вялiкiх гарадах. Мне патрэбен быў плашч, а мая прыяцелька ехала ў Маскву. Вось я i папрасiла, каб зрабiла мне ласку — прывезла. Я, вядома, любы ўзяла б, але ж пашчасцiла: плашч быў чорненькi, хораша пашыты i якраз жа майго памерчыку!

Спадабаўся, карацей, таму я хутка ў яго прыбралася, з'ездзiла ў Мiнск — вяртаюся назад. Надвор'е добрае, у вагоне, здаецца, цёпла, таму плашч я здымаю i вешаю побач. Цягнiк тым часам кранаецца... А мне маё месца нешта не падабаецца. Я ўзяла ды перасела на iншае.

...Праз колькi часу пад'язджаю да станцыi Ражанка (я тады ў Шчучынскiм раёне працавала), як заўсёды загадзя падыходжу да выхаду. Стаю там яшчэ i гляджу на плашч. Думаю: «Гэта ж трэба — у некага такi ж самы, як мой. I як быццам здалёку прывезены...»

Выйшла з вагона, прыйшла дамоў, дзеткам гасцiнцы параздавала, жыву. А плашча не хутка хапiлася — калi апрануць сабралася, дзён праз некалькi дзён. Шафу расчынiла — яго няма. Думаю: «Цiкава, дзе ж ён мог дзецца?»... I толькi тут перад вачыма «карцiна» з цягнiка...

Рабiць няма чаго — расказваю мужу, а сама аж плачу па той рэчы.

А вось гаспадар — не. Ён больш мяне пашкадаваў — пагладзiў па валасах, сказаў: «Добра, што галава яшчэ моцна трымаецца, а то i яе, мусiць, павесiла б недзе».

...На сённяшнi розум, можна было б некуды звярнуцца, пашукаць сваю згубу, а на той — спачатку паплакала, пагаравала, а потым... парадавалася, бо нехта ж знайшоў мой плашчык i, як думаю, з радасцю знасiў.

Яўгенiя Кулевiч, вёска Сялец, Смаргонскi раён

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».