Вы тут

Сёлета былі размеркаваны 18 тысяч чалавек


Сёлета 99,9 працэнта выпускнікоў ВНУ бюджэтнай формы навучання атрымалі першыя рабочыя месцы. Былі размеркаваны 18 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміла кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Вольга МУШЧЫНСКАЯ.


Фота носиць илюстрацыйны характар.

— Былыя навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў таксама іх знайшлі — усяго 18,5 тысячы, што зноў жа склала 99,9 працэнта. У сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі падрыхтавана 26 тысяч маладых рабочых і служачых, 99,8 працэнта былі забяспечаны першым рабочым месцам. Дарэчы, яшчэ падчас навучання каля 75 працэнтаў такіх навучэнцаў атрымліваюць дзве і больш кваліфікацыі, гэты фактар значна павышае іх канкурэнтаздольнасць і запатрабаванасць на рынку працы, — адзначыла кансультант.

Замацаванне маладых спецыялістаў на першых рабочых месцах — асноўная задача для ўсіх галін эканомікі. Там, дзе ствараюцца адпаведныя ўмовы — вырашаюцца пытанні з жыллём і заробкам, забяспечваецца прафесійны рост — яны застаюцца.

— Пасля адпрацоўкі па размеркаванні да 70 працэнтаў выпускнікоў ВНУ і ССНУ працягваюць шчыраваць далей на выдзеленых ім першых рабочых месцах. Сярод педагагічных работнікаў працэнт тых, хто замацаваўся, складае ад 70 да 98 у залежнасці ад рэгіёна, — зазначыла кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна АРЦЕМ'ЕВА.

Асаблівая ўвага аддаецца выпускнікам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёлета 619 такіх маладых людзей знайшлі сваё першае рабочае месца, 11 чалавек па медыцынскіх паказаннях атрымалі права на самастойнае размеркаванне.

Кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Таццяна КАРАТКЕВІЧ расказала, што кожны год некаторая колькасць маладых спецыялістаў з шэрагу прычын не прыступае да працы па выдадзеных пасведчаннях аб накіраванні на работу. Аднак такіх не вельмі многа, па папярэдніх звестках, у бягучым годзе толькі 0,7 працэнта выпускнікоў ВНУ, 0,8 працэнта — каледжаў і 1,5 працэнта спецыялістаў, якія скончылі прафесійныя тэхнічныя ўстановы адукацыі, не захацелі ўладкоўвацца на выдзеленыя першыя рабочыя месцы.

— Гэтыя паказчыкі нязначныя, і штогод яны прыкладна аднолькавыя. Кампенсаваць грашовыя сродкі дзяржаве — гэта крайняя мера. Заўсёды ёсць магчымасць пераразмеркавацца або ўзяць перанакіраванне. Міністэрства адукацыі працуе ў інтарэсах як галін эканомікі, так і ў інтарэсах выпускнікоў, — адзначыла Таццяна Караткевіч. — Калі будзе змяняцца сітуацыя — будзе змяняцца і заканадаўства ў гэтай сферы. Размеркаванне для маладога спецыяліста — гэта і сацыяльная гарантыя, і атрыманне вопыту работы, важнага для далейшай кар'еры.

— Штогод 100 працэнтаў выпускнікоў бюджэтнай формы навучання медыцынскіх універсітэтаў і каледжаў атрымліваюць свае першыя рабочыя месцы. 90 працэнтаў выпускнікоў платнай формы навучання таксама бяруць накіраванне на размеркаванне, — расказала начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства адукацыі Вольга МАРШАЛКА. — Мы за тое, каб выпускнік быў цалкам задаволены сваім першым рабочым месцам. Даведку аб свабодным працаўладкаванні можа ўзяць любы студэнт, але карыстаюцца гэтай магчымасцю нямногія. Каля 80 працэнтаў выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў і каледжаў задаволены месцам размеркавання, такі ж працэнт і тых, хто працягвае шчыраваць на ім і пасля адпрацоўкі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Размеркаваннем задаволены!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.