Вы тут

Знаёмім з прафесіяй. Кансьерж


Дваццацітрохгадовы Багдан ЦІХАНОВІЧ добра ведае свой горад і памятае звычкі пастаянных гасцей. Ён імкнецца зрабіць часовае пражыванне пастаяльцаў незабыўным і ўвасабляе ў жыццё любыя іх пажаданні. Хлопец працуе кансьержам у адным са сталічных пяцізоркавых гатэляў. Што ўяўляе з сябе гэтая рэдкая для краіны прафесія? Пра гэта мы даведаліся ў нашага суразмоўніка.


— У Беларусі няма спецыяльнай установы, дзе рыхтуюць кансьержаў, — кажа Багдан. — Не ўсе гасцініцы хочуць мець у сябе гэтую пазіцыю — вялікую частку абавязкаў звычайна выконвае адміністратар. Таму і прадстаўнікоў прафесіі ў сталіцы няшмат — нас усяго пяць чалавек.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Пасля вучобы ў школе асноўнай мэтай для сталічнага хлопца было ўдасканаленне валодання англійскай мовай. Таму ён паступіў у Лінгвагуманітарны каледж. Калі надышоў час праходзіць першую практыку, уладкаваўся ў гасцініцу афіцыянтам. Але выйсці на змену так і не атрымалася — пазнаёміўся з кансьержам, які хутка прапанаваў стаць яго памочнікам.

— Менавіта гэта прафесія мяне вельмі зацікавіла, таму застаўся ў гасцініцы на некаторы час. Паралельна завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Лінгвістычным універсітэце. Зараз я аддаў перавагу пяцізоркаваму гатэлю ў цэнтры Мінска, у ім працую больш за год, і ў найбліжэйшай будучыні хачу развівацца менавіта тут, — працягвае хлопец.

— Як выглядае твой рабочы дзень?

— Усе абавязкі можна падзяліць на дзве часткі. Першая — штодзённая руціна: арганізацыя дзелавых сустрэч, экскурсій па горадзе, рэзерваванне столікаў у рэстаране, браніраванне квіткоў, трансферы, праверка пошты, адказы на званкі. Але ёсць і тыя, што «з разынкай». Яны складаюць другую частку абавязкаў — гэта незвычайныя пажаданні пастаяльцаў. Адмаўляць ім мы не маем права, акрамя тых запытаў, якія супярэчаць закону. Аднойчы для госця гатэля я адшукаў школьнае каханне. З адной дзяўчынай ён 30 гадоў таму разам вучыўся. З прадстаўленай інфармацыі былі толькі імя і прозвішча. На жаль, у сацсетках кантакту жанчыны не аказалася, прыйшлося скарыстацца тэлефонным даведнікам. Трубку падняў яе бацька, даў кантакт дачкі. Дагэтуль не ведаю, ці сустрэліся былыя закаханыя ці не, але было прыемна чуць словы падзякі.

— Чула, што сярод кансьержаў існуе такое паняцце, як «Служба праз сяброўства»...

— Сувязі і карысныя знаёмствы — тут ледзь ці не самае галоўнае. З усімі калегамі знаходжуся ў добрых адносінах, у нас нават ёсць мабільны чат, куды паведамляем важную інфармацыю накшталт: «У гэтым рэстаране не вельмі смачна гатуюць, нікога туды не пасылайце», і наадварот. Калі трэба тэрмінова знайсці нейкі кантакт або даставіць падарунак, напрыклад, у Вільнюс, прашу дапамогі ў замежных калег — яны не адмаўляюць, нават у нерабочы час.

Багдан дзеліцца, што ў рабоце яму вельмі дапамагаюць камунікабельнасць, стрэсаўстойлівасць і павага да людзей.

— Кансьерж — гэта той, хто не саромеецца завесці размову з любым госцем гатэля. Бо пастаяльцы бываюць розныя, і трэба ўмець кантраляваць свае эмоцыі. Вядома, часам свой характар даводзіцца стрымліваць, праяўляць цярпенне. Мяне не сустрэнеш у гатэлі ў дрэнным настроі, я заўсёды ветлівы. Працаваць толькі дзеля грошай — лічу, дрэнная ідэя, так доўга на службе не пратрымацца, хутка наступіць эмацыянальнае і прафесійнае выгаранне.

— Як часта за работу табе кажуць «дзякуй»?

— Амаль заўсёды. Бо кожны з кансьержаў імкнецца зрабіць так, каб госці прыехалі да нас ізноў. Трэба вывучаць звычкі пастаяльцаў гасцініцы, умець прадбачыць, што ім неабходна менавіта цяпер. Тады чалавек адкрыецца з найлепшага боку. Дарэчы, я дагэтуль сутыкаюся з тым, што людзі не ведаюць, хто такі кансьерж. Часам пытаюцца: «Ты дзверы ў гатэлі адчыняеш?» Але пасля таго, як я ім расказваю аб сутнасці прафесіі, здзіўляюцца і пачынаюць ставіцца да яе з павагай.

— І ўсё ж — ёсць тое, што можа вывесці цябе з раўнавагі?

— Засмучаюць неарганізаванасць і безадказнасць. Напрыклад, госць прыходзіць з нейкай просьбай, і калі я выконваю вялікую частку работы, паведамляе мне аб тым, што перадумаў. Але чалавека таксама можна зразумець. Можа, у яго рэзка змяніліся планы?

— А што наконт знешняга выгляду? Могуць звольніць за татуіроўку або зялёны колер валасоў?

— Калі ёсць тату, іх трэба абавязкова хаваць пад адзеннем, на твары яны — табу. Яркія валасы, манікюр, макіяж таксама пад забаронай. Пірсінг падчас змены прыйдзецца здымаць. Усё павінна быць максімальна натуральна.

— У далейшым хацеў бы атрымаць вопыт работы ў гатэлях сусветнага ўзроўню?

— Кансьерж будзе на сваім месцы там, дзе вырас. Бо ён ведае, якія падзеі перажыла краіна, чым можна здзівіць гасцей — зможа расказаць аб усім. Таму ў найбліжэйшыя гады я планую засяродзіцца на рабоце ў сталічным гатэлі, тым больш што ён нічым не адрозніваецца ад замежных. Праўда, было б выдатна, калі б рух кансьержаў развіваўся ў нас больш актыўна. Напрыклад, у той жа Расіі ёсць прадстаўніцтва Міжнароднага саюза атэльных кансьержаў «Залатыя ключы» — закрытай прафесійнай супольнасці, якая аб'ядноўвае больш за чатыры тысячы работнікаў найлепшых гатэляў з больш чым 80 краін. Амаль кожны з нас хоча трапіць туды. На жаль, у Беларусі свайго прадстаўніцтва пакуль што няма.

— Калі знаходзішся ў падарожжы, зазіраеш у гасцініцы, каб завесці новыя знаёмствы?

— О, гэта мой галоўны пункт у паездках! Радуе тое, што ўсе заўсёды ветлівыя, зацікаўленыя ў абмене вопытам. Але наогул, калі гаварыць пра хобі, то я вельмі люблю гатаваць, прысвячаю гэтаму шмат вольнага часу. І яшчэ мне падабаецца авіяцыя.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.