Вы тут

Лукашэнка: Справа Прэзідэнта — «прасячы» акно туды, куды мы лічым патрэбным


Літаральна ўчора на пасяджэнні з урадам і губернатарамі Прэзідэнт абмяркоўваў экспарт. Карыстаючыся магчымасцю задаць пытанне Прэзідэнту падчас наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, журналісты аб’ядналі гэту тэму са знешняй палітыкай, паколькі графік ў апошні час вельмі насычаны — кожны тыдзень замежныя візіты, калісьці і па два на тыдні. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка анансаваў візіт на Бліжні Усход. Ужо даўно аўстрыйцы расказалі аб тым, што і яны ў лістападзе чакаюць лідара Беларусі. Што ў палітыцы паразуменне неблагое — відавочна. А што ў эканоміцы? Якіх вынікаў чакае лідар краіны ў працяг ўсіх гэтых візітаў і перамоў?


«Справа Прэзідэнта — з часоў Пятра І — „прасячы“ акно туды, куды мы лічым патрэбным. Калі Прэзідэнт прыехаў у Кітаў, у Індыю, на Бліжні Усход, у Расію, зараз у Аўстрыю, потым у Латвію мы дамаўляліся, гэта значыць, Прэзідэнт мусіць не толькі шлях пралажыць туды, а следам павінны прыйсці тыя, хто мусіць прадаваць сваю прадукцыю, купляць там і гэтак далей. Вось мая задача», — растлумачыў Прэзідэнт.

Але, адзначыў ён, у Беларусі склалася так, што недастаткова прарубіць акно і пралажыць шлях, каб начальнікі пачалі імкнуцца да новых гарызонтаў. Таму Прэзідэнт мае ехаць зноў, дамаўляцца і «гандляваць за іншых».

«А потым гляжу, калі не варушацца, дык трэба іх на супакой адпраўляць ці яшчэ кудысьці», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка назваў візіты ў Аўстрыю і Латвію «акном пасля забору, які быў вакол нас пабудаваны» пасля ўведзеных санкцый. Таму дзяржава мусіць на новым узроўні ствараць новыя сувязі.

На Бліжнім Усходзе Аляксандр Лукашэнка бываў неаднаразова. Асаблівасць працы з арабскім светам — багатыя краіны Пярсідскага заліву хочуць працаваць не па дзяржаўнай лініі, а з сям’ёй. 

«Я ім тлумачу, што ў нас не прынята, каб сям’я Прэзідэнта (гэтым займалася — прым. „Звязда“) — не, размаўляць не жадаюць. Таму ў мяне старэйшы сын у ролі Памочніка, ён пастаянна курыруе гэтыя сферы. І яны на гэта ідуць. Мы выбудавалі, асабліва з Эміратамі, добрыя адносіны. Шэйх быў тут, мы сустракаліся, пра многае дамовіліся. І мне вельмі спадабалася яго ідэя: кажа, што, калі я прафінансую вашых фермераў, сялян і куплю ў вас прадукцыю? Ён упэўніўся, што гэта вельмі якасная прадукцыя. Кажу — для нас гэта падарунак», — лічыць Прэзідэнт.

Ён перакананы: калі краіны гатовы інвеставаць у Беларусь, пашыраць сваю прысутнасць, гэта трэба замацоўваць. Да таго ж запланаваны візіт — магчымасць для кіраўніка краіны адысці ад штодзённага жыцця і адпачыць хаця б тры дні.

Хто мы, колькі нас, якія мы?

У Беларусі завяршаецца перапіс насельніцтва. Нечакана гэта кампанія выклікала дастаткова балючую рэакцыю асобных людзей і рэсурсаў, чаго не назіралася раней. Нават гучалі заклікі да байкоту. Журналісты запыталі, як, на погляд Прэзідэнта, можна растлумачыць настолькі неадэкватную рэакцыю на традыцыйную і важную кампанію. 

«Вытокі неадэкватнасці — у розумах неадэкватных людзей. Часта кажам: ім што не зрабі — усё блага. Вось ёсць у нас некалькі тысяч такіх людзей: перапіс — гэта дрэнна, асабістыя даныя кудысьці трапяць — дрэнна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Нават Прэзідэнт прайшоў перапіс без боязі, што яго асабістыя даныя кудысьці трапяць, пры тым, што пра ключавую фігуру ў дзяржаве і так ведаюць амаль усё.

«Які там страх? Пры перапісе ў кішэню не лезуць, капейкі ці рублі не лічаць. Надуманасць нейкая — „не будзе карысці ад гэтага“. Ці — „непразрысты перапіс“. Слухайце, з аднаго боку кажуць, каб дадзеныя кудысьці не трапілі, а тут кажуць — гэта не празрыста і параўноўваюць з выбарамі», — Прэзідэнт лічыць, што не варта і ўвагі надаваць такой недарэчнасці.

Дзяржаве трэба ведаць колькасць насельніцтва, яго структуру, узровень жыцця, каб далей працаваць. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што хутка пачнецца планаванне новай пяцігодцы, а напярэдадні Прэзідэнцкіх выбараў трэба дакладна скласці спісы выбаршчыкаў.

Аб святкаванні 7 лістапада

Беларусь — адна з нямногіх краін, якая захавала агульнарэспубліканскі статус дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Па перакананні Прэзідэнта, база для развіцця Беларусі створана менавіта ў СССР, краіна была высокатэхналагічнай. Як гісторык, Аляксандр Лукашэнка заклікае не адмаўляцца ад мінулага — таму і вырашана было захаваць свята. У незалежнай краіне ён прапанаваў працягнуць традыцыю падарункаў людзям: заканчваць сацыяльныя аб’екты, будоўлі, сельскагаспадарчыя работы. Падводзіць вынікі, карацей кажучы.

«Ад гісторыі адмазвацца не трэба. Быў у нас 17-ы год. Ён да нас прыйшоў з іншых тэрыторый (мы жылі ў Расійскай імперыі), адбылася рэвалюцыя. Мы пачалі будаваць разам з расіянамі і іншымі першую нашу сацыялістычную дзяржаву. Мэты былі высакародныя, было шмат чаго добрага. Але ў гісторыі гэта было», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, як і ў Беларусі гатовыя былі знасіць помнікі, праводзіць дэкамунізацыю: «Я гэта спыніў, і мы ад гэтага выйгралі».

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Акно» на Бліжні Усход

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».