Вы тут

Прыйсці. Пабачыць. Дакрануцца


Факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі — знакавая падзея ў сённяшнім жыцці Беларусі, моцна спалучаная са слаўнай гісторыяй Бацькаўшчыны


З гадамі разумееш глыбокі сэнс вядомага выслоўя: гісторыю пішуць пераможцы. І таму найвялікую каштоўнасць маюць у сённяшнім часе, а таксама для будучыні, далейшага развіцця народа неаспрэчныя сведчанні ранейшых дасягненняў нашых продкаў. Якраз тое, што “напісана пяром” ці выдрукавана ў старых кнігах. Сведчанні, якія ну ніяк не перапішаш. І знакамітая Берасцейская Біблія, што пабачыла свет у Берасці (цяпер Брэст) у 1563 годзе — адна з такіх нацыянальных каштоўнасцяў. Пра гісторыю стварэння, праект па сёлетнім яе факсімільным перавыданні мы пісалі (“Велічнасць Берасцейскай Бібліі” — ГР, 13.09.2019), цяпер — крыху развагаў у працяг важнае тэмы.

Па-рознаму можна інтэрпрэтаваць тое, што было ў даўнія часы. Не сакрэт: кожны з народаў змагаецца на гістарычным шляху за сваё месца пад сонцам. А дзе змаганні — там, вядома ж, не толькі ружы: там і бітвы, войны, кроў. Ахвяры, героі, перамогі, паразы — усё тое можа бачыцца нам пад рознымі ракурсамі, калі глядзець на даўнія падзеі, як кажуць, з розных бакоў барыкад. І спробы “рэвізаваць” вынікі Другой сусветнай вайны — таму сведчанне. А колькі цяпер супярэчлівых меркаванняў вакол асобы Кастуся Каліноўскага! Яны актыўна фармулююцца ў сувязі з тым, што ў Вільнюсе знойдзены парэшткі кіраўніка знакамітага паўстання ды ў лістападзе чакаецца іх перазахаванне. Хто ён: герой ці дзяржаўны злачынца, сапраўды варты пятлі? Ніякавата мне, скажу шчыра, бачыць на адной з вокладак кніг па гісторыі “Белой Руси”, выдадзенай у Расіі ў 2016 годзе, побач з выявамі святой Еўфрасінні Полацкай, Пятра Машэрава і… партрэт віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва-вешальніка. Таго самага, што адправіў Кастуся Каліноўскага на эшафот…

Між тым Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у часе нядаўняй працяглай гутаркі з журналістамі адназначна заявіў, што “Каліноўскі належыць гісторыі Беларусі. І Каліноўскі, і Касцюшка, і Дамейка — усе яны належаць нашай гісторыі. Не трэба падводзіць старыя палітычныя матывы, звязаныя з гэтымі імёнамі, сёння”. А старыя матывы — гэта, пэўна ж, пра тое, што ўсе трое вядомых сыноў Беларусі былі паўстанцамі, таму для тагачаснай Расійскай імперыі — адназначна дзяржаўнымі злачынцамі. Дарэчы, вось які яшчэ ёсць гістарычны парадокс “у тэму”: Юзаф Каліноўскі (аднафамілец, паплечнік Кастуся) у 1860–63 гадах жыў якраз у Брэсце (асвячоным Берасцейскай Бібліяй…), служыў інжынерам у Брэсцкай фартэцыі. Далучыўся да паўстання 1863–64 гадоў, за што й быў яму вынесены смяротны прысуд: расстрэл. Потым пакаранне замянілі на 10 гадоў ссылкі ў Сібір. Сёння ж каталіцкі свет ведае таго былога злачынцу-выгнанніка як манаха-кармеліта, святога Рафала Каліноўскага. Як там у Бібліі: “Апошнія стануць першымі”…

Берасцейская Біблія — кніжны шэдэўр эпохі Адраджэння, сведчанне вялікай духоўнай моцы беларусаў. Звернем увагу: выйшла кніга ў ВКЛ у 1563 годзе, на 1500 аркушах! Цікава, што ў той жа час у Маскве Іван Фёдараў (даследчыкі цяпер знайшлі аргументы на карысць таго, што Іван быў сынам Фёдара з беларускага шляхецкага роду Рагоза, які жыў на Вілейшчыне) стварыў друкарню ды разам з вучнямі цэлы год друкаваў першую кнігу “Апостол” (“Деяния и Послания Апостолов”). Было ў ёй 267 аркушаў, пабачыла свет 1 сакавіка 1564‑га — той год і лічыцца пачаткам рускага кнігадрукавання. Цяпер да Берасцейскай Бібліі, вядома ж, пабольшала грамадскае ўвагі. Яе факсімільнае выданне было прадстаўлена 19 верасня і ў Міністэрстве замежных спраў — на пасяджэнні Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні ды ўвядзенні ў навуковы й культурны ўжытак культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Праект гэты, разам з факсімільным узнаўленнем першага “Буквара”, спецыялісты назвалі адным з удалых прыкладаў вяртання культурнай спадчыны ў грамадскую свядомасць. А пра дзейнасць бібліятэкі па вяртанні кніжных помнікаў у грамадскі ўжытак распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каардынатар праектаў факсімільных выданняў Алесь Суша — ён жа й сябар названай Камісіі.

Заслугоўвае павагі, што выхадам саліднага факсімільнага выдання справа не закончылася. Мы бачылі, як на пачатку верасня арыгінал Берасцейскай Бібліі ўрачыста быў падараваны гораду над Бугам — з рук Прэзідэнта. Цыкл імпрэзаў “Берасцейская Біблія: адкрыты дотык” Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачала напрыканцы верасня — а ў верасні й пабачыла кніга свет. Цяпер у бібліятэцы праходзяць “сустрэчы з Берасцейскай Бібліяй” рознага фармату — каб як мага больш людзей пабачылі шэдэўр, змаглі адчуць ягоную энергетыку. Наведнікі маюць унікальную нагоду пагартаць факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі, больш даведацца пра яе. У прыватнасці, 10 кастрычніка ў Музеі кнігі НББ адкрылася выстава “Выхад з ценю: невядомы арыгінал Берасцейскай Бібліі”. На ёй прадстаўлены ўнікальны асобнік з прыватнай калекцыі, які раней не экспанаваўся. У сховішчах свету фіксуецца каля 130 асобнікаў выдання, з іх адзінкі — у Беларусі.

Нядаўна сябар газеты Алесь Суша пабываў з факсімільным узнаўленнем Берасцейскай Бібліі на Франкфурцкім кніжным кірмашы (16–20 кастрычніка), найвялікім у свеце. Напісаў нам: “У мяне такое адчуванне: Берасцейская Біблія стала галоўнай разынкай беларускага стэнду й адным з найарыгінальных выданняў на ўсім кірмашы. Літаральна кожны яго наведнік, яшчэ здалёк пабачыўшы нашае выданне, прыпыняў хаду, падыходзіў да стэнда, пачынаў гартаць старонкі кнігі, часам пабойваючыся да іх дакранацца, задаваў пытанні, рабіў сэлфі з кнігай… Бясспрэчна, многія людзі, нават калі раней пра Беларусь мала што ведалі, праз такую кнігу пакінуць у сваёй памяці яркі вобраз нашай краіны”. Дарэчы, у Франкфурце дэманстраваліся два асобнікі факсімільнага выдання. Адзін паказала таварыства “Белкніга” на нацыянальным стэндзе, другі прадставілі ў павільёне рэдкіх і мастацкіх кніг на стэндзе Выдавецкага дому “Сегмент”, які выконваў заказ Нацыянальнай бібліятэкі на выраб пераплёту для факсімільнага выдання.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».