Вы тут

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць урачоў сучасным абсталяваннем


Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі лячэння хворых у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця пансіяната на тэрыторыі цэнтра і новага інтэрнату маласямейнага тыпу для медыкаў у вёсцы Ляскоўка. З уводам будынка ў эксплуатацыю чарга медработнікаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, скароціцца на 40 працэнтаў.


Такім чынам Прэзідэнт даў старт тыдню падарункаў народу. Гэта добрая савецкая традыцыя (адна з лепшых, якія засталіся з тых часоў) — адкрываць напярэдадні 7 Лістапада не проста важныя, а неабходныя сацыяльныя аб’екты. 

Раней родныя пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава вымушаны былі здымаць жыллё ў прыватнікаў за непамерныя грошы, каб мець магчымасць пастаянна клапаціцца пра сваякоў. А ўжо зараз для іх адкрыты пансіянат, дзе па даступных цэнах яны могуць здымаць пакоі. 

Яшчэ адзін падарунак медыкам — новы інтэрнат маласямейнага тыпу ў вёсцы Ляскоўка. Сваю кватэру там у хуткім часе атрымаюць амаль 350 сем’яў. Абноўкамі могуць пахваліцца не толькі Бараўляны і яго ваколіцы. Новыя медаб’екты на карце Мінскага раёна з’явяцца,напрыклад, у Астрашыцкім гарадку, Хацежына, Жодзіна, у плане новыя пабудовы ў Азярцы, Заслаўі. У наступным годзе пабудуюць і больш за дзясятак дзіцячых садкоў. У 2022 годзе пры ўмове пабудовы яшчэ дзвюх школ праблему забяспечанасці Мінскага раёна ўстановамі адукацыі здымуць цалкам.

Але нягледзячы на святочны настрой, візіт у медцэнтр — нагода звярнуцца і да надзённых праблем усёй сістэмы. 

Падчас наведвання РНПЦ Прэзідэнт заслухаў некалькі дакладаў. Першы з іх —па арганізацыі сістэмы аховы здароўя ў рэспубліцы ад міністра Уладзіміра Караніка. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці даюць маштабныя меры падтрымкі шматдзетных сем’яў плён? Па словах міністра, колькасць такіх сем’яў значна павялічваецца: «Мы стараемся захаваць кожную цяжарнасць і кожнае дзіця. У нас вырасла эфектыўнасць перадабортавага кансультавання.У нас застаюцца экстрымальна нізкія лічбы працэнту смерці немаўлят». 

Прэзідэнт адзначыў, што пад жорсткім кантролем павінны быць і выпадкі смерці парадзіх: «Смерць маці — гэта надзвычайная сітуацыя. І гэтага ў нашай краіне не павінна быць». У гэтым годзе так і адбываецца, ды і ў мінулым зарэгістравана ўсяго два смяротныя выпадкі.

Уладзімір Каранік расказаў, як працуе канцэпцыя высокатэхналагічнай дапамогі па прынцыпе «залатой гадзіны» па ўсёй краіне: «Яна вам дакладвалася, атрымала падтрымку. Ужо за гэтыя месяцы дааснашчаны цэнтры ў Полацку, Наваполацку, Маладзечна, Барысаве, Салігорску». 

«Вы як ацэньваеце, будзе гэтая гадзіна? Ці народ будзе нас крытакаваць, як сёння гэты цэнтр крытыкуе? — звярнуўся да суразмоўцаў кіраўнік краіны і патлумачыў: — Празрыстай чаргі тут няма, хто як вырашыць, так і будзе па аперацыях. Людзі месяцамі стаяць, каб прааперыравацца ў анкалагічным цэнтры. Ці вы гэтага не ведаеце? Гэта ж не мая выдумка, і не спецслужбаў. Гэта яго супрацоўнікі расказваюць».

Чарга ў РНПЦ ,як і ў іншых установах медабслугоўвання, павінна быць зразумелай людзям. «Разве гэта парадак, што па два-тры месяцы людзі стаяць у чарзе і празрыстасці чаргі няма, у той час як Мінздароўя прыняў рашэнне, каб чарга тут і ўсюды была празрыстай,— сказаў Прэзідэнт.— Чаму да майго прыезду не навялі парадак? Я вас прасіў разабрацца».

Звярнуўся ён і да пытання, якое актыўна абмяркоўваюць апошнім часам у медыя, — міграцыю ўрачоў. Як паясніў міністр аховы здароўя, гэта тэндэнцыя характэрна для ўсіх краін свету, але ўрачэй у нас хапае. Неабходнасць будзе закрыта ў бліжэйшыя годы.

Да 2025 года, па словах Прэзідэнта, заробкі медыкаў ужо дасягнуць двайнога памеру. Важна не толькі забяспечыць кадры заробкамі, але і ўстановы абсталяваннем. «Галоўнае — аснасціць медыцынскім сучасным абсталяваннем і тэхнікай урачэй, каб яны мелі самае сучаснае абсталяванне, як у Германіі, Ізраілі і іншых краінах. А тое, што яны будуць мігрыраваць, я па гэтаму не асабліва напружваюся. Колькі у клінікі прыязджае нашых суайчыннікаў!» — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Напрыклад, спецыялісты, якія працуюць у Ізраілі, ЗША і валодаюць значным вопытам, кансультуюць айчынных медыкаў, асабліва па захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што неабходна задзейнічаць у працы ўсё высокатэхналагічнае абсталяванне, якое ўжо закуплена ў медустановы. І тыя 4 працэнты з іх, якія прастойваюць, па інфармацыі міністра аховы здароўя, павінны забяспечыць працай.

Вопыт і прафесіяналізм ізраільскіх хірургаў Прэзідэнт прывёў у прыклад нашым медыкам: «Прыехаў прафесар, стары. Мы назіралі за ім. Ён у 8 гадзін як зайшоў у аперацыйную, у 18 гадзін толькі выйшаў адтуль. Пачалі ў яго пытаць, як так. Ён кажа: рабяты, калі вы хаціце быць багатымі, калі вы хаціце па-сапраўднаму працаваць і зарабляць, трэба толькі так працаваць. Баюся, што ў нас не так».

Дырэктар РНПЦ Алег Суконка расказаў, што ў шпіталі створана сістэма вядзення хворых і новы кол-цэнтр, які дапамагае пазбягаць некалькіх стадый кансультавання. Па словах дырэктара, чаргі для хворых, якія паступаюць у першы раз, няма. 

Свае меркаванні па ўдасканальванні сістэмы анкалячэння выказаў і памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец: «Яму трэба праводзіць дэцэнтралізацыю, якую пачалі ў 2007 годзе. Не трэба манаполіі, неабходна больш развіваць абласныя анкалагічныя дыспансеры, даваць ім самастойнасць». Кантраляваць гэты працэс Аляксандр Лукашэнка даручыў Косінцу.

Аб’ект справядлівасці

Пансіянат на тэрыторыі РНПЦ будавалі спецыяльна для сваякоў хворых. «Гэта маё было даручэнне, першае, пасля звароту Алега Суконкі, калі я наведаў гэты цэнтр. Людзі цяжкахворыя пачалі гаварыць, што тут за імі клапоцяцца родныя, дзеці, блізкія. Яны дзень, вечар з імі пасядзелі, дагледзелі. А ім жа трэба дзесьці пераначаваць. Гэта ж не толькі мінчане. Ім начаваць ёсць дзе, але гэта каштуе вялікіх грошай, — расказаў Прэзідэнт. — Я даручыў пабудаваць за кошт дзяржавы такую гасцініцу, дзе родныя, якія дапамагаюць клапаціцца аб цяжкахворых, маглі пераначаваць».

Жыць у пансіянаце таксама могуць амбулаторныя пацыенты, слухачы курсаў, але прыярытэт — людзям, якія даглядаюць хворых родных. «Калі ў вас будуць месцы, вы хоць Алега Суконку пасяліце тут за грошы, — адзначыў Прэзідэнт. — Вы павінны зарабляць грошы на астатнай плошчы, але запомніце: дзёрці скуру з людзей, якія папалі ў бяду ў гэтых сценах, ні ў якім разе нельга». 

Цэнтр ужо цалкам пабудаваны, абсталяваны, ўстанова адчыніць свае дзверы 4 лістапада. 

«Якія пакуты для родных глядзець на тое, як памірае родны чалавек. Таму трэба, каб людзі разумелі, што ёсць справядлівасць. І вось гэта — аб’ект справядлівасці», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку паказалі некаторыя пакоі пансіянату на першым паверсе, сталовую. У нейкі момант усё пайшло не па плане экскурсаводаў — Прэзідэнт адхіліўся ад маршруту. Ён вырашыў зайсці ў харчовы блок. Там паразмаўляў з супрацоўнікамі кухні, паварамі, дыетолагамі. Паказалі кіраўніку краіны сталовую для персанала, азнаёмілі з асартыментам страў для супрацоўнікаў і пацыентаў РНПЦ.

Недалёка аб цэнтра, у вёсцы Ляскоўка, размясціўся інтэрнат маласямейнага тыпу, наступная кропка маршруту кіраўніка дзяржавы. У кожным з трох дзесяціпавярховых будынкаў па 116 кватэр — адна- і двухпакаёвых. А на першым паверсе не толькі адміністрацыйныя і вучэбныя памяшканні, але і комнаты адпачынку, дзіцячы пакой. Пляцоўка для гульняў малых прадугледжана і на вуліцы. Новы будынак Прэзідэнт ацаніў нават не як інтэрнат, а як паўнавартасны жылы дом. «Нават яшчэ лепш. Там сядзіць кансьерж, дзетак можна недзе пакінуць. Лепш за шматкватэрны дом», — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Тры «кіты», на якіх будуецца прывабнасць для спецыялістаў

Падчас наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістамі беларускіх СМІ. Рэпарцёры ўзгадалі, што сацыяльнай сферы і, у прыватнасці, ахове здароўя ў нашай краіне заўсёды надавалася шмат увагі. Вось і сёння адкрыты сапраўды патрэбныя аб’екты. 

Аднак апошнім часам на беларускіх медыкаў усё больш уважліва глядзяць і з-за мяжы, актыўна запрашаючы на працу. Прычым некаторыя краіны нават змяняюць заканадаўства. Напрыклад, у Польшчы плануецца ўвесці новыя правілы прыёму на працу ўрачоў з-за межаў Еўрасаюза — замежным спецыялістам не трэба будзе пацвярджаць дыплом, толькі прайсці іспыт у клініцы. 

У працяг тэмы, узнятай у новым пансіянаце, Прэзідэнт адзначыў, што рэагаваць на гэтую сітуацыю краіна, безумоўна, будзе. Але Аляксандр Лукашэнка не стаў хаваць абурэння, што нам усе ставяць у прыклад Польшчу. Пры гэтым, задаў ён рытарычнае пытанне, калі так развіваецца краіна, чаго тады паклалі вока на спецыялістаў з Беларусі?

«Добра развіваецеся, калі ласка — карміце сваіх урачоў, хай яны лечаць вашых людзей. Не. Хочуць, каб беларускія. Нават, правільна падмецілі, калі ў Амерыцы пакуль трэба перавучвацца, пацвярджаць дыплом і іншае, тут калі ласка: прыйшоў Алег Суконка (дырэктар цэнтра — прым. „Звязда“), на цябе паглядзеў — ідзі працуй урачом. Фактычна нават экзаменаў ніякіх няма», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

І першая рэакцыя ўлады ў такой сітуацыі — не словы, а справы, якімі становіцца будаўніцтва падобных інтэрнатаў і ўвогуле стварэнне ўмоў для медыкаў.

«Тут можна жыць, калі двухпакаёвая кватэра, нават і з двума дзеткамі. Так, для нашага часу цеснавата, можа быць, але і вы, і я тым больш, жылі ў горшых умовах. Так, часы мяняюцца, але калі двухпакаёвая кватэрка вось такая — гэта шыкоўны, добры дом. Прытым недарагі: тут квадратны метр каля пяцісот, крыху больш, долараў. І трэба будаваць такія так званыя „інтэрнаты“ для ўрачоў, для медсясцёр, для тых, хто працуе ў бальніцы», — намераны Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што гэта будзе вельмі моцна «прывязваць» чалавека да клінікі і роднай зямлі ўвогуле. Яшчэ адзін кірунак у захаванні спецыялістаў — заработная плата.

«Тут (у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі — прым. „Звязда“) людзі маюць розную зарплату. Супервысокай кваліфікацыі — некалькі тысяч долараў. Не буду называць, гэта справа іх. Нават кажа Суконка: часам у ведамасць глядзіш — пры нашай сярэдняй зарплаце нават непрыстойна. Гэта самыя высокія зарплаты ва ўрача. Але гэта высакакласныя спецыялісты. Так і павінна быць: калі ты займаешся навукай, карыснай навукай для практыкі, калі ты высокатэхналагічны хірург і гэтак далей, — ты мусіш атрымліваць нямала», — абазначыў пазіцыі Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што прымальную заработную плату маюць усе медыкі і медперсанал. Так і павінна быць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка: усе, хто клапаціцца пра людзей, мусіць добра зарабляць. А галоўнае — калі чалавек жадае зарабіць больш, у яго павінна быць такая магчымасць.

І трэцяе, на чым грунтуецца адданасць медыкаў, — адукацыя. Прэзідэнт адзначыў, што яе ўзровень нельга зніжаць ні ў якім выпадку. Больш таго, ён праанансіраваў зварот да гэтага пытання і візіт у медуніверсітэт, каб на спецыяльнай нарадзе ўзняць праблемныя пытанні ў медыцынскай адукацыі.

«Гэта таксама вельмі важна: каб утрымліваць урача, яму трэба яшчэ і адукацыю добрую даць, не толькі ўмовы жыцця і заработнай платы. Ну і нешта потым мы абсалютна на міжнародных прынцыпах зробім, каб людзі тут працавалі. Нас гэта хвалюе, але не напружвае», — падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены: у тым, што чалавек паехаў за мяжу і павысіў сваю кваліфікацыю, няма нічога страшнага. Галоўнае, каб ён не забываў пра краіну, вяртаўся і дапамагаў на сваёй зямлі. А сілком утрымліваць ні ўрачоў, ні настаўнікаў, ні інжынераў ніхто не будзе. Па-першае, гэта і не атрымаецца, а па-другое, свет глабалізуецца, людзі перамяшчаюцца. Таму працаваць у гэтым плане можна толькі цывілізавана, падкрэсліў беларускі лідар.


«Галоўны падарунак - здароўе»

Што да адпачынку на свята, у Аляксандра Лукашэнкі няма магчымасці сысці ў адпачынак, бо ў Прэзідэнта няма намеснікаў. Нават у тыя тры дні на наступным тыдні, якія кіраўнік дзяржавы будзе па-за межамі краіны, у краіне будуць рыхтавацца нарады па ходзе прыярытэтных інвестыцыйных будаўніцтваў, якія каштуюць мільярды долараў; падвядзенні вынікаў выбараў у Савет Рэспублікі і падрыхтоўцы да выбараў у Палату прадстаўнікоў; па кадравых і іншых пытаннях.

Запыталіся карэспандэнты, і што Прэзідэнт асабіста хацеў б атрымаць у падарунак да свята.

«Еду з Суконкам і думаю: каб яны навучыліся вылечваць людзей ад гэтай страшнай хваробы, які б быў падарунак не толькі мне, але і ўсім нам. Хаця яны і эфектыўна працуюць, як ён кажа — 70-75 працэнтаў у іх людзі жывуць. Праўда, і людзі самі вінаватыя, не своечасова дыягнастуюць. Але вось нам бы перамагчы хваробу — чалавецтва б ўздыхнула глыбей і на поўныя грудзі. Вось гэта быў б падарунак», — марыць кіраўнік дзяржавы. У завяршэнні размовы ён павіншаваў журналістаў з надыходзячым святам.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».