Вы тут

У садружнасці — новыя надзеі


Сталіца Туркменістана прымала пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў СНД


Можна без перабольшвання сказаць, што колькі існуе СНД, столькі гучаць заявы пра неабходнасць умацавання, узмацнення або рэфармавання гэтай інтэграцыйнай структуры. Разумны падыход — спрабаваць удасканальваць тое, што можа працаваць больш эфектыўна. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не раз адзначаў, што каштоўнасць Садружнасці перш за ўсё ў тым, што яна прадастаўляе пляцоўку для абмену думкамі паміж кіраўнікамі часам вельмі розных краін з пункту гледжання выбару знешнепалітычных памкненняў і пераваг. Што ж, няхай СНД часцей называюць «дыскусійным клубам Прэзідэнтаў постсавецкай прасторы», зносіны пазітыўныя ўжо самі па сабе. Яны адлюстроўваюць памкненні цэлага шэрагу дзяржаў да большага ўзаемаразумення і супрацы.

Такой жа была атмасфера і пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое прайшло ў Ашхабадзе. Першаснасць эканомікі. Адзінства поглядаў на агульнае гістарычнае мінулае і сучасныя прыярытэты. Аб’яднанне намаганняў у забеспячэнні бяспекі і супрацьстаянні сучасным выклікам і пагрозам. Мабыць, менавіта гэтыя тэзісы коратка, але ёміста характарызуюць змест ашхабадскай сустрэчы. І тэма ўдасканалення СНД па-ранейшаму актуальная. Аляксандр Лукашэнка перакананы:

— Падзеі ў свеце паказваюць, што наспела аб’ектыўная неабходнасць умацавання нашай Садружнасці як самадастатковага і эфектыўнага аб’яднання. Так, усё ж вядомую жыццёвую мудрасць пра тое, што сіла — у адзінстве, яшчэ ніхто не адмяняў.

Гэтая думка рэфрэнам праходзіла праз выступленне беларускага Прэзідэнта. Прычым ва ўсіх магчымых аспектах. Але перш за ўсё ў эканамічным. Аляксандр Лукашэнка адрасаваў калегам такія словы:

— Давайце не будзем адзін аднаго падманваць, хітрыць, мудраваць. Чым далей мы зацягваем працэс нашага эканамічнага яднання, тым больш з’яўляецца магчымасцяў, падстаў і прычын глядзець нам усім — дзяржавам — у іншы бок, дзесьці яшчэ шукаць шчасця. Толькі незразумела навошта.

Дарэчы, у наступным годзе цэнтр Садружнасці перамяшчаецца ва Узбекістан. Старшыня, які склаў паўнамоцтвы, як належыць па рэгламенце, будзе працаваць у статусе сустаршыні. Гэтак жа, як і Беларусь, якая ўзначаліць далейшы рух да ўмацавання СНД яшчэ год пасля.

Галоўны рухавік супольнасці

Дэкларацыя аб стратэгічным эканамічным партнёрстве ў СНД мае характар аднаго з ключавых дакументаў саміту. Тэмы дзелавога ўзаемадзеяння так ці інакш закранаў кожны з выступоўцаў. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, напрыклад, зрабіў акцэнты на неабходнасці ліквідацыі бар’ераў ва ўзаемным гандлі. Казаў пра неабходнасць пераходу ў разліках адзін з адным у нацыянальных валютах. Тэмы актуальныя, і Мінск не раз іх уздымаў у розных інтэграцыйных фарматах. Трэба меркаваць, калі цяпер гэтая праблематыка выносіцца на ўзровень СНД, то ёсць разуменне, што даўно наспеў час перайсці ў вырашэнні гэтых пытанняў ад намераў да дзеянняў. Яшчэ адна тэма — пра сінхронную лічбавізацыю эканомік — таксама не раз гучала раней з беларускага боку. На гэты раз яе падняў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Як бачым, падабенства ацэнак па найбольш актуальных праблемах інтэграцыйнага парадку дня на саміце было відавочнае, і гэта добры знак. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу калег на наступны ключавы момант:

— Эканоміка была і застаецца падмуркам нашага ўзаемадзеяння. І вельмі важна, што гэты дакумент (згаданая вышэй дэкларацыя. — Аўт.) яшчэ раз пацвердзіў імкненне да кансалідацыі эканамічных патэнцыялаў краін Садружнасці.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Мінск падтрымлівае актывізацыю супрацоўніцтва па ключавых напрамках. У першую чаргу ў галіне транспарту, энергетыкі, прамысловай кааперацыі, узаемных інвестыцый і гандлю. Магутны рэзерв бачыцца ў пашырэнні ўнутранага рынку краін-партнёраў, павышэнні яго ёмістасці. Перш за ўсё за кошт далейшай лібералізацыі гандлю як таварамі, так і паслугамі. Дадатковыя магчымасці можа даць зварот да поўнамаштабнай прамысловай кааперацыі, да стварэння новых сумесных канкурэнтаздольных вытворчасцяў. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны СНД фактычна выйшлі на завяршальную стадыю падрыхтоўкі Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года. Мінск прапануе дапоўніць яе канкрэтнымі прарыўнымі праектамі, якія могуць стаць агульнымі перспектыўнымі пунктамі эканамічнага росту. Найважнейшай задачай эканамічнага парадку дня Аляксандр Лукашэнка назваў фармаванне паўнавартаснай зоны свабоднага гандлю. Належыць як мага хутчэй завяршыць і працу над праектам Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі. Выкарыстанне патэнцыялу гэтага сектара адпавядае інтарэсам усіх дзяржаў Садружнасці, лічыць беларускі лідар.

Пра далейшае эканамічнае збліжэнне краін Садружнасці Аляксандр Лукашэнка казаў выключна ў прыкладным ключы. Галоўны ж пасыл у тым, што інтэграцыя павінна паказваць рэальны эфект для кожнага з бакоў. Менавіта ў такім выпадку яна будзе развівацца дынамічна, не патрабуючы нейкіх дадатковых стымулаў.

Прынцыповы погляд на гісторыю

Важны дакумент саміту — сумесны зварот кіраўнікоў дзяржаў з нагоды святкавання 75‑й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пры ўсім адзінстве ацэнак прынцыповых і асноватворных старонак агульнай гісторыі ў дэталях тут усё ж не абыходзіцца без некаторых розначытанняў. Так, на пачатку саміту Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян уступілі ў даволі вострую дыскусію пра характары некаторых падзей Вялікай Айчыннай вайны і ўдзелу ў іх некаторых асоб. Так, магчыма, тут ёсць месца для дыскусій, але толькі пры няўхільным прыняцці галоўнага, пра што сказаў Прэзідэнт Беларусі:

— Тады ніхто не дзяліўся. Усе ваявалі на адным баку. Усе бачылі адзіную мэту і гінулі. І гэтая дата нас кліча да яднання. Дарэчы, у сёлета мы ўжо адсвяткавалі 75‑годдзе Вызвалення Беларусі. Наш народ заплаціў высокую цану за сваю свабоду. У барацьбе з фашызмам загінуў кожны трэці беларус. Наступствы той страшнай вайны мы адчуваем і па гэты дзень.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ў сваёй гісторыі Беларусі не раз даводзілася несці каласальныя страты не па сваёй віне. У тым ліку і пасля Чарнобыльскай катастрофы, калі менавіта наша краіна пацярпела больш за іншых:

— Не мы эксплуатавалі, не мы ўзарвалі. А 75% бяды ад гэтага выпала на Беларусь. Я часта не кажу пра гэта, але варта ўспомніць. Вось нашы цяжкія грузы — наступствы Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не кажучы ўжо пра іншыя пытанні.

Вяртаючыся да ваеннай тэмы, Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз зрабіў акцэнт на тым, што тады цаной неверагодных намаганняў і страт пераможцам выйшаў менавіта савецкі народ:

— Паміраючы ў абложанай Брэсцкай крэпасці і блакадным Ленінградзе, змагаючыся пад Сталінградам і Курскам, вызваляючы Еўропу і штурмуючы Берлін, рускія, беларусы, украінцы, казахі, армяне, азербайджанцы, малдаване, грузіны, кыргызы, таджыкі, туркмены, узбекі, прадстаўнікі іншых народаў не думалі пра сваю нацыянальную прыналежнасць. Яны былі адзіныя, узнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам. Значыць, і наша Перамога адзіная і непадзельная! Ужо з гэтага вынікае, што любыя спробы апраўдання, а тым больш гераізацыі фашызму для нас немагчымыя і непрымальныя.

— Ні ў якім разе нельга гэтага дапусціць. Бачыце, падымаецца хваля ў Заходняй Еўропе. Бачыце, што адбываецца ў той жа Германіі. Напэўна, забыліся ўрокі гісторыі, — пазначыў сваю цвёрдую пазыцыю Кіраўнік беларускай дзяржавы. Разважаючы пра ўрокі мінулага і сучаснасці, Аляксандр Лукашэнка закрануў украінскую тэму. Тым больш што зусім нядаўна пабываў у гэтай краіне, сустракаўся з яе новым Прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, таму ў тэму пагружаны аб’ектыўна больш, чым любы з калегаў. Добра ведае яе знутры. І калі такое веданне становіцца агульным, яно набывае яшчэ большую каштоўнасць. Прэзідэнт Беларусі звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці:

— Кажучы пра новую ўладу ва Украіне, хацеў бы і вас заклікаць падтрымаць яе. Падтрымаць чаму? Бо вы бачыце тэндэнцыю ўжо згарнуць гэтую ўладу. Скруціць. Скінуць. Але мы павінны разумець, хто пасля гэтага прыйдзе да ўлады ва Украіне. Гэта будзе расаднік ужо не нацыяналізму.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, падпісваючы зварот да юбілею Перамогі, кіраўнікі дзяржаў, нашы народы зноў дэманструюць згуртаванасць і сяброўства, беражлівае стаўлення да агульнай вялікай гісторыі:

— Адзіным фронтам супрацьстаім спробам яе скажэнні ды фальсіфікацыі. Разам выступаем за аднаўленне шырокага міжнароднага дыялогу па ўмацаванні сістэмы глабальнай бяспекі і мер даверу… Не ведаю, як вы ўспрымеце яшчэ адну маю заяву, але яна цесна звязана з тымі падзеямі 75‑гадовай даўніны. Разам былі, разам ваявалі. А паглядзіце, што робіцца на постсавецкай прасторы. Колькі канфліктаў. Чаму мы не вырашаем іх? Калі мы на нешта здольныя, трэба вырашаць гэтыя праблемы.

Адказ на сучасныя выклікі

Выступаючы на саміце, Прэзідэнт Беларусі са шкадаваннем канстатаваў, што пагрозы бяспекі дамінуюць у спісе сучасных выклікаў чалавецтву. Іх колькасць расце, як снежны камяк:

— Адна з прычын таго — прагрэсавальная страта даверу ў адносінах паміж краінамі. Таму сёння як ніколі неабходны пошук новых ідэй, якія аб’ядноўваюць. Найбольш вострай праблемай застаецца тэрарызм. Ніводная краіна свету не ў стане ў адзіночку справіцца з гэтай напасцю. Ключ да поспеху ляжыць у цеснай каардынацыі дзеянняў на ўсіх узроўнях. Таму наша Праграма супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам ды іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму сёння з’яўляецца як нельга больш запатрабаванай і актуальнай. Нам не трэба спыняцца на гэтай праграме. Трэба яе паглыбляць, пашыраць.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў калегаў пільна зірнуць на новыя тэрарыстычныя рызыкі і пагрозы. Прэзідэнт нагадаў аб праведзенай у верасні ў Мінску міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам з выкарыстаннем новых тэхналогій:

— Мы выступілі з ініцыятывай пра фармаванне «пояса лічбавага добрасуседства». Вельмі важная тэма.

Кіраўнікам дзяржаў СНД Прэзідэнт Беларусі прапанаваў падтрымаць гэтую ініцыятыву. Як вядома, на згаданай канферэнцыі Мінскам была вылучана яшчэ адна ініцыятыва — пра неразмяшчэнне ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. На гэты конт Кіраўнік нашай дзяржавы адзначыў:

— Пасля спынення дзеяння адпаведнага дагавора становіцца вельмі верагодным з’яўленне такіх узбраенняў у еўрапейскай частцы кантынента. А гэта непазбежна цягне за сабой пагрозу новага вітка ваеннай канфрантацыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь цалкам падтрымлівае антыракетныя ініцыятывы Расіі ды па захаванні кантролю над асабліва небяспечнымі ўзбраеннямі:

— Беларусь, як паўнапраўная ўдзельніца дагавора, не выходзіла з яго. І надалей не мае намер гэтага рабіць, калі не будзе пагроз нашай бяспецы. На жаль, такія пагрозы ёсць. Мінск прапануе таксама распрацаваць дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Прыняцце такога дакумента стала б важным крокам у зніжэнні напружанасці, аднаўленні даверу і ўмацаванні міжнароднай бяспекі.

Наступны саміт Садружнасці запланаваны на кастрычнік наступнага года ў Ташкенце. Хоць яшчэ ў канцы будучага снежня ў Санкт-Пецярбурзе павінна прайсці нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Аляксей Фядосаў

Фота БЕЛТА і sb.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.