Вы тут

Шчаслівыя разам


Актывісты грамадскага аб’яднання «Эгіда» ратуюць жыццё бяздомных жывёл ужо больш за дзесяць гадоў. Гэтая вядомая за межамі Беларусі арганізацыя даруе другое жыццё сотням гадаванцаў, прасоўвае гуманныя ідэі на заканадаўчым узроўні. Дарэчы, Сусветны дзень абароны жывёл, які па традыцыі прыпадае на 4 кастрычніка, святкуецца ў краіне з 2007 года.


Чалавек сабаку — сябар?

Сям'я папоўнілася дзякуючы дабрачыннай акцыі

Вядома, сёння «Эгіда» — не адзінае ў Беларусі заабарончае аб’яднанне, у якім шмат неабыякавых да лёсу бяздомных жывёл. У Мінску падобных арганізацый дзейнічае да трыццаці, а ўсяго па краіне — каля 50. Але 12 гадоў таму «Эгіда» практычна ў адзіночку спрабавала адстаяць правы жывёл, пра што тады ў Беларусі задумваліся нямногія.

Цяпер у гэтай арганізацыі 11 пастаянных супрацоўнікаў і сотня валанцёраў. У кожнага — свой «кавалак» працы: хтосьці адказвае за дапамогу жывёлам-інвалідам, хтосьці — за стэрылізацыю. Ёсць валанцёры, якія прапагандуюць гуманнае стаўленне, некаторыя арганізоўваюць сустрэчы ў дзіцячых садках, школах, ВНУ, ладзяць масавыя акцыі, дапамагаючы сустрэцца жывёлам ды іх будучым гаспадарам, дабрачынныя канцэрты. Моцны ў «Эгідзе» і юрыдычны аддзел: усіх ахвочых там кансультуюць па пытаннях абароны правоў жывёл, дапамагаюць падаць заявы аб узбуджэнні адміністрацыйных, крымінальных спраў, калі на тое ёсць прычыны. А некалькі гадоў таму дзякуючы намаганням зааабарончых арганізацый і, у прыватнасці, «Эгідзе» ў праект Закона «Пра абыходжанне з жывёламі», які знаходзіцца на стадыі абмеркавання з 2015‑га года, дадалі пункт, па якім чыпаванне хатніх гадаванцаў стане абавязковай працэдурай. Пакуль, на жаль, у нас яна не папулярная, хоць гэтую працэдуру можна зрабіць у любой ветэрынарнай клініцы: укол пад карак — і ўжыўляецца мікрачып памерам з рысавае зярнятка. Каштуе чыпаванне каля 20 долараў, робіцца адзін раз на ўсё жыццё, шкоды не прычыняе, затое ў гадаванца з’яўляецца індывідуальны нумар, які ўносіцца ў базу дадзеных, адкрытую для ўсіх. Дарэчы, у Заходняй Еўропе чыпаванне абавязковае. Роўна як і стэрылізацыя чатырохногіх, вакцынацыя. Дзякуючы такім мерам некаторыя краіны ЕС вырашылі праблему бяздомных жывёл. Адзіным месцам у свеце, дзе наогул няма вулічных сабак і катоў, афіцыйна прызнаныя Нідэрланды. Дамагліся ўлады гэтага дзякуючы масавай стэрылізацыі, узаконеным розным формам пакарання за жорсткае абыходжанне з жывёламі ды вялікім падатках на іх утрыманне. І ў Германіі на вуліцах гарадоў бездаглядных катоў і сабак таксама практычна не сустрэнеш: там працуюць дзяржпраграмы па масавай стэрылізацыі вулічных жывёл. Наогул, закон усё часцей на іх баку. За наўмыснае прычыненне шкоды жывёле ў Германіі — штраф 25 тысяч еўра. А ў Латвіі за гэта можна пазбавіцца волі на 4 гады. У Італіі таго, хто выкінуў свайго гадаванца на вуліцу, пакараюць штрафам у 10 тысяч еўра, могуць і пад варту заключыць. Мера строгая, але зразумелая. Бо мы заўсёды, як сказаў Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, у адказе за тых, каго прыручылі. Жывёла, зрэшты, пра свае правы сама заявіць не можа. Таму ў Швецыі, напрыклад, нават з’явілася афіцыйная прафесія — абаронца жывёл. Там жа па законе пакідаць сабаку дома нельга больш чым на пяць гадзін. Няма каму дагледзець? Ёсць сабачы дзіцячы сад або спецыяльны гатэль. А ў Францыі яшчэ ў 1976‑м прызналі, што ў жывёлы ёсць душа.

У Беларусі таксама, як кажуць, гарманiзуюць асяроддзе пражывання хатніх жывёл. І ва ўжо згаданым законапраекце «Пра абыходжанне з жывёламі» норма адказнасці за адмову ад жывёлы прапісаная.

Цімур яшчэ шукае свой дом

Цяпер адносіны з братамі меншымі рэгулююцца Правіламі ўтрымання хатніх жывёл, прынятымі ў 2001 годзе. А чатыры гады таму ўведзена крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі: можна трапіць у турму тэрмінам да аднаго года.

Але пакуль такія праблемы абмяркоўваюцца на дзяржаўным узроўні, грамадскія зааарганізацыі ўжо сёння дзейнічаюць.

— Пераняць станоўчы досвед іншых краін, укараніўшы ў Беларусі новыя правілы гуманнага стаўлення да жывёл — да гэтага імкнуцца ўсе арганізацыі абароны жывёл, — распавядае кіраўніца таварыства «Эгіда» Вераніка Ханцэвіч.

— Цяпер мы супрацоўнічаем з польскім зааабарончым Фондам «Czarna Owca Pana Kota». Там ёсць норма ў законе, якая дазваляе аматарам жывёл усе свае падаткі накіроўваць у канкрэтны прытулак для жывёл: у Польшчы створаны дзяржпрытулкі. А з рыжскімі калегамі ў нас пастаянныя кантакты — з прытулкамі, пры якіх працуюць веткабінеты. Там праводзіцца стэрылізацыя, кастрацыя ды іншыя лёгкія аперацыі. Супрацоўнічаем і з Фондам абароны жывёл французкай кіназоркі Брыжыт Бардо. Дарэчы, яго прадстаўніца прыязджала сёлета ў Мінск: дапамагала прасоўваць новыя правілы па трыманні хатніх жывёл, дзялілася напрацоўкамі. Плануем арганізаваць прыезд у Беларусь дэлегацыі лекараў-ветэрынараў са ЗША: яны правядуць майстар-класы па маштабнай стэрылізацыі ды кастрацыі. Падобны праект быў рэалізаваны ў Індыі: за 5 дзён амерыканскія лекары стэрылізавалі каля 500 бездаглядных катоў і сабак. Быў сумесны праект і са шведскімі валанцёрамі. Так, зімой у 2015 годзе мы правялі маштабную акцыю: шукалі дамы сваім гадаванцам. Да яе падключыліся валанцёры са Стакгольма. У выніку 50 сабак знайшлі свой дом, а 5 з іх — простыя беларускія дварнягі — паплылі на пароме ў сталіцу Швецыі. Цяпер жывуць там, а гаспадары шлюць фотаздымкі, дзе яны шчаслівыя разам. Наогул, для жыхароў заходнееўрапейскіх краін забраць жывёлу здалёку — звычайная практыка. У іх ёсць праграмы па выратаванні жывёл з іншых краін, дзе сітуацыя з бяздомнымі досыць складаная.

Правы для братоў малодшых

Афіцыйна ў Мінску пакуль няма прытулкаў для бяздомных жывёл, дзе яны могуць заставацца на доўгі час. Ёсць толькі пункты часовага ўтрымання. У Мінску гэта — дзяржпрадпрыемства «Фауна горада». Па інструкцыі жывёл там трымаюць 5 дзён, затым — эўтаназія. Як правіла, яны трапляюць у «Фауну» двума шляхамі: альбо самі гаспадары іх здаюць, альбо адлоўлівае на вуліцах горада спецбрыгада. На жаль, калі нечыпаваная хатняя жывёла, напрыклад, сарвалася з ланцужка ды ўцякла, то праз пяць дзён яе можа і не быць у жывых. Нават калі, згодна з Правіламі ўтрымання хатніх жывёл, на ёй ёсць ашыйнік, жэтон і наморднік. У райцэнтрах жывёл могуць знішчыць электратокам, часам іх адстрэльваюць. Дарэчы, ад такога спосабу «вырашэння праблемы» заходнія еўрапейцы ўжо адмовіліся. Бываюць жудасныя выпадкі, калі неразумная жывёліна трапляе ў яму-могільнік. Сведкам такой гісторыі сталі «эгідаўцы» ў 2017‑м годзе. «Нам патэлефанавалі з Лагойска, — кажа Вераніка, — і паведамілі, што з глыбокай ямы, куды звычайна скідаюцца рэшткі паўшых кароў, чутны сабачы брэх. Мы хутка паехалі туды, дасталі двух сабак. Аднаго, на жаль, не паспелі давезці да ветклінікі. А другога выратавалі. Два гады Півоня жыве ў добрай сям’і, якая яго дужа любіць. Стаў такі прыгожы! А калі яго даставалі — пах… Таму ж і назвалі Півоня. Колькі мы яго адмывалі!.. Тыдзень, напэўна, па некалькі разоў на дзень. Ён быў шэра-зялёна-карычневага колеру. А месяцы праз два аказалася, што ён — белы!

Півоня цяпер заўсёды чысты

У дзяржпрадпрыемстве «Фауна горада» сотні сабак і катоў. Іх там кормяць, але ветдапамогу не аказваюць. Прыбытак ад платнай дзяржпаслугі па «адлове жывёл» ідзе на гэты самы адлоў у будучыні. А працэдуры накшталт лячэння чатырохногіх кладуцца на плечы валанцёраў, якія прыходзяць у «Фауну». Некаторым бяздомным шчасціць: іх забіраюць у іншы дом…

Светам уладарыць любоў

У некаторых цывілізаваных краінах на гарадскіх вуліцах і ў парках адпачынку па ініцыятыве мясцовых уладаў усталёўваюцца кармушкі ды цёплыя домікі для жывёл. Такі клопат пра братоў нашых меншых можна сустрэць, напрыклад, у Турцыі, Польшчы, Рыме, на грэцкім востраве Родас. Энтузіястаў і ў нас хапае. Першы домік для зімоўкі катоў з’явіўся ў Оршы ў мінулым годзе. Невядомыя зрабілі яго з дошак, а ўнутры заслалі салому. Затым заадомік збудавалі ў Кобрыне. А ў Мінску, распавядала прыяцелька, хлопец пабудаваў невялікае жыллё для катоў у двары свайго шматкватэрнага дома, але неўзабаве яго знеслі супрацоўнікі ЖЭСа. Мабыць, камусьці з жыхароў не спадабалася, што жывёлы будуць жыць па суседстве, паскардзіліся. Напэўна, сучасным урбаністам яшчэ трэба «саспець», каб такое суседства стала магчымым. Ёсць і такі прыклад. Адзін з лекараў медыцынскага цэнтра «Нардзін» адмыслова для бяздомных катоў купіў невялікі прыватны домік пад Радашкавічамі, што пад Мінскам. Казаў сваёй пацыентцы, што там цяпер жыве каля 20 пухнатых стварэнняў. Так, ёсць і такія падзвіжнікі. А беларус Антон Ігонін, жыхар Санкт-Пецярбурга, праславіўся тым, што будуе домікі для вулічных жывёл, і зрабіў на гэтым бізнес. Усё пачалося з жадання дапамагчы перазімаваць бяздомнай Васе — котцы, што пасялілася на ганку яго дома. Хлопец сабраў ёй домік, які Васе спадабаўся. А ў Антона з’явілася ідэя будаваць такія домікі. Стварыў сайт са сваімі работамі і — панеслася: сталі сыпацца заказы. Хто для сваіх хатніх гадаванцаў прасіў «элітны катэдж», а хто — і прытулак для бяздомных.

Актывісты таварыства «Эгіда» свой першы прытулак пад назвай «Домік выратаваных душ» таксама будавалі. Гэта ў 50 км ад Мінска, там жывуць толькі сабакі, каля трох дзясяткаў. Ёсць і другая выратавальная хатка — падарунак жанчыны-валанцёра, дзе сумесна жывуць каты і сабакі. У ім 4 пакоі, і па ўсёй тэрыторыі ўчастка расстаўлены вальеры для тых, хто можа жыць у будках, побач — жыллё для катоў. «Суседзі, вядома, часам скардзяцца: брэх сабачы перашкаджае. Ды і што яны там робяць, думаюць. Можа, з жывёл фарш круцяць і прадаюць на чорным рынку? Так, забабонаў у людзей шмат, — смяецца Вераніка. — Дакладных адрасоў прытулкаў у адкрытым доступе няма — каб не падкідвалі «сюрпрызы» накшталт скрынкі са шчанюкамі».

На пароме ў Стакгольм — да новых гаспадароў

Быў выпадак, успамінае, цераз агароджу перакінулі перавязаны пакет з кацянятамі ды… прама на разарванне сабакам. Своечасова гэта ўбачылі валанцёры, так што трагедыі не здарылася. Але калі ёсць шчырае жаданне дапамагчы — працы ў хатках хопіць на ўсіх: штодня трэба чысціць вальеры, карміць, лячыць, выгульваць кожнага сабаку на павадку раніцай і ўвечары.

— Яны павінны быць сацыялізаваныя, — дзеліцца нюансамі Вераніка. — Дзяжурства ў нас змяняецца кожныя 4–5 гадзін, адначасова ў доміку знаходзяцца два валанцёры. — Вядома, домікі не гумавыя, усіх узяць мы не можам. А тэлефануюць кожны дзень, прычым з усёй Беларусі, часам дзясяткі званкоў у дзень! Проста не ўсе разумеюць, якія ў нас домікі. Ёсць сабакі-адзіночкі, ні з кім не ладзяць, ім патрэбны асобны вальер. Ёсць дзікаватыя, баязлівыя. Нельга, напрыклад, каб шмат сабакаў жыло разам. Яны хоць і кастрыраваныя, але характары ў іх «мужчынскія»: спаборнічаюць паміж сабой.

Кожныя 2–3 месяцы валанцёры праводзяць акцыі ў парках горада, на вялікіх пляцоўках: прывозяць пад сотню жывёл і на працягу дня шукаюць для іх гаспадароў, новы дом. Распавядаюць пра гадаванцаў, даюць магчымасць пакранаць, пагутарыць, пагуляць разам. У жніўні 2019‑га пасля чарговай акцыі дом здабылі 60 жывёл. Падобныя сустрэчы добрыя тым, што будучыя гаспадары бачаць гадаванца ўжывую. Але і тут ёсць свае нюансы: «Калі чалавек захацеў «вось таго коціка» проста таму, што ён пухнаты — мы яго адразу не аддаем. Спачатку маем зносіны з патэнцыйным гаспадаром, высвятляем, у якія ўмовы патрапіць наш звер. Калі, напрыклад, сабака будзе жыць у вёсцы ў будцы, то размова не можа ісці пра невялікага сабачку, прывучанага да жыцця ў гарадской кватэры. Ці, дапусцім, не кожны кот ужывецца з маленькімі дзецьмі. Часам хочуць узяць другога сабаку. А ці паладзяць жывёлы паміж сабой? Бывае, людзі хочуць шчанюка, каб вырасціць яго, але пры гэтым не разумеюць, што малы не прывучаны да туалету, яшчэ не выпрацаваны біягадзіннік, гэта значыць блытае дзень і ноч. І абурацца з нагоды таго, што ён «ноччу тупае і не дае спаць», пагадзіцеся, дзіўна. Словам, стараемся мінімізаваць рызыку паўторнага звароту. Гэта ж стрэс і для гадаванца, і для нас: на месца ранейшага мы адразу бярэм кагосьці новага.

Колькі каштуе шматок шэрсці?

Вераніка з Брыжыт Олуа, прадстаўніцай фонду Брыжыт Бардо

У абарону і падтрымку бяздомных жывёл «Эгіда» арганізоўвае і дабрачынныя канцэрты. Так, пасля аднаго з іх пад назвай «Рок за катоў» — ён праходзіў у мінскім гандлёвым цэнтры «Galeria» гэтай зімой — валанцёры сабралі 500 долараў. І, наколькі я разумею з размовы з Веранікай, неабыякавых людзей шмат. Таму асаблівых фінансавых цяжкасцяў у арганізацыі пакуль няма. Часцей за ўсё людзі гатовыя аказаць энтузіястам менавіта фінансавую падтрымку: пералічваюць грошы на яе рахунак. Бо не ва ўсіх ёсць машыны, каб вазіць сабак і катоў, кватэры, дзе іх можна часова ўтрымліваць. І сама «Эгіда» дапамагае фінансава ды інфармацыйна Цэнтру дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» — гэта на прыватнай тэрыторыі пад Дзяржынскам. Дарэчы, як туды трапляюць яноты, лісы, совы, вароны, лебедзі?..

— Іх са зверафермы прывозяць, шмат збітых на дарогах жывёл, знойдзеных у горадзе. Хтосьці, да прыкладу, знайшоў у лесе яноціка, забраў з сабой, пагуляў ды выпусціў… Такіх выпадкаў мноства, — кажа Вераніка.

У «Эгіды» заключаны дамовы з многімі дзяржаўнымі і прыватнымі ветклінікамі ў горадзе: «Валанцёры прывозяць жывёл, ім робяць працэдуру, у канцы месяца нам выстаўляюць рахунак, і мы — яго аплачваем, усё па безналу. Хоць бываюць сітуацыі, калі людзі давяраюць і даюць грошы ў рукі. Напрыклад, для аперацыі на хрыбетніку патрэбныя пласціны, шрубы. Іх робяць толькі на звычайнай, «чалавечай» вытворчасці. А ў нас няма ліцэнзіі на безнаяўны разлік за такія сродкі, таксама і за некаторыя «чалавечыя» лекі, якія могуць быць патрэбныя, напрыклад, сабаку. Тады мы аплачваем наяўнымі, але вядзем строгі ўлік: калі, колькі, для чаго былі выдаткаваныя сродкі, што на іх куплена, копія чэка… Некаторыя валанцёры самі купляюць лекі ды нам аддаюць».

Хто яны — валанцёры?

Вераніка Ханцэвіч — юрыст па адукацыі, працуе адміністратарам у прыватнай ветэрынарнай клініцы. Дарэчы, такія ўстановы, роўна як і бальніцы, адкрыты кругласутачна. У іх ёсць патрэба заўсёды, святочныя дні — не выключэнне. Бывае, котка з акна выпадзе або сабака лапу зломіць, або у бедачыны раптам рвота пачалася, дыярэя… Гаспадары, распавядае Вераніка, часта ў шокавым стане прыязджаюць, і гатовыя на ўсе працэдуры запар: толькі б выратаваць гадаванца! А некаторыя, наадварот, нават укол баяцца самастойна зрабіць, таблетку даць. Вераніка аглядае пацыента, супакойвае гаспадара, накіроўвае абодвух да патрэбнага спецыяліста. Дарэчы, у яе няма профільнай адукацыі. Але, як сама кажа, амаль дзясятак гадоў дзень і ноч знаходзіцца побач з чатырохногімі, мець зносіны з імі, гледзячы «вочы ў вочы» — гэтага досведу для працы цалкам хапае.

— 8 гадоў таму я не мела ніякіх ведаў пра жывёл. А цяпер магу паставіць кропельніцу ўнутравенна, аказаць першую дапамогу, адрозніць адно захворванне ад іншага, па вонкавым выглядзе вызначыць, што неабходна зрабіць і гэтак далей. Магу злавіць любога сабаку і дамовіцца з ім.

Цікава, хто самыя частыя пацыенты ў ветклініцы, а хто — рэдкія? Вядома, у асноўным, прывозяць катоў і сабак. А яшчэ чарапах, яшчарак, янотаў, тхароў… І кракадзілаў нават прывозілі з заапарка на рэнтгенаўскі здымак. Змеі, трусы, вожыкі, лісічкі, пацукі таксама лячыліся. А яшчэ птушачкі: папугаі, чайкі, вароны, «прыстрэленыя» верабейчыкі, у якіх могуць кінуць каменем хлопцы. Хтосьці чуллівы ўбачыў падбітае птушаня, падабраў, прынёс у клініку і заплаціў за лячэнне. Увогуле, усякіх гісторый у працы Веранікі Ханцэвіч хапае.

Янот Понча стаў зусім ручны

Многія валанцёры ў «Эгідзе» — людзі забяспечаныя. Акрамя студэнтаў і юрыстаў, ёсць дырэктары ўласных кампаній, перакладчыкі, дызайнеры, рэжысёры… Многія знаёмяцца і нават ствараюць сем’і дзякуючы агульнай справе, сустракаюцца на святах, якія ладзяць аднадумцы. Вераніка і сама пазнаёмілася з мужам у «Эгідзе», цяпер у іх дома жывуць чатыры сабакі.

— Гэта міф, што катамі ды сабакамі займаюцца адзінокія пенсіянеркі, якія не адбыліся як асобы. Проста нашы людзі ў сілу сваіх душэўных якасцяў хочуць дапамагаць яшчэ камусьці, і ў іх ёсць для гэтага фінансавая або фізічная магчымасць. Калі мне кажуць, што глупства — ратаваць жывёл, калі ў свеце гіне столькі людзей, я адказваю: кожнаму сваё. Не атрымаецца выратаваць увесь свет — але чаму б не выратаваць хоць кагосьці? У мяне няма выхадных, я не атрымліваю прыбытак ад сваёй дзейнасці. Але затое адчуваю велізарнае задавальненне ад таго, што раблю. Паверце, гэта вельмі выдатна, калі ты забіраеш з вуліцы замухрышку-дахадзяжку, а потым «гэтае нешта» ператвараецца ў гарэзнага, вясёлага прыгажуна. Калі знаходзіш збітую, траўмаваную жывёлу на дарозе, укладваеш у яе — і раптам у адну прыгожую раніцу яна ўстала і пабегла. Гэта велізарная радасць! Дарэчы, у нас ёсць валанцёры, якія на прафесійным узроўні займаюцца каністэрапіяй. Са спецыяльна навучанымі сабакамі яны ездзяць да дзетак са складанымі дыягназамі накшталт ДЦП, аўтызмам, у прытулкі для сірот. Сабакі вучаць дзяцей! І гэта навукова даказаны факт, што пасля такіх заняткаў хлопчыкі і дзяўчынкі больш ахвотна ідуць на кантакт з людзьмі. Так што сваёй дзейнасцю мы дапамагаем не толькі жывёлам.

Людзі — звяры?

Добрых людзей больш, упэўненая Вераніка. Але працягваць спробы мяняць стаўленне да жывёл, лічыць, трэба. Таму актывісты «Эгіды» выступаюць за абавязковую стэрылізацыю, чыпаванне і вакцынацыю. Тлумачыць:

Кіраўніца «Эгіды» Вераніка Ханцэвіч са сваім сябрам Боні

— Людзі не разумеюць шматлікіх праблем. Чаму трэба вакцынаваць котку, якая дома жыве і нікуды не ходзіць? Таму што некаторыя вірусныя захворванні можна прынесці на нагах, на абутку. Чаму на вокнах трэба ўсталёўваць сеткі? Магчыма, ваша котка 5 гадоў не сядзела на падваконні, а на 6‑м яе там нешта зацікавіць, і яна зваліцца з 12‑га паверха. А калі ваша «дзяўчынка» раптам ірване з ланцужка, чагосьці спалохаўшыся, а пазней прынясе вам прыплод?.. У лепшым выпадку гэты прыплод патрапіць у прытулак, а ў горшым — скрынкі са шчанюкамі выстаўляюцца каля кантэйнераў са смеццем, выкідваюцца прама ў смеццеправод. Варыянтаў — мора. І патопленыя, закапаныя жыўцом шчанюкі — не самае, напэўна, страшнае. Смешна і сумна чуць: «Мая котка хоць раз абавязкова павінна нарадзіць, бо ёй трэба ж адчуць сябе маці». Няма ў жывёлы такіх інстынктаў! Ніводная з іх не хоча стаць маці!»

***

Так, не заўважаць жывёл вакол нас немагчыма. Яны ёсць, яны жывыя… Яны вучаць нас быць неабыякавымі.

Наша размова цягнулася доўга і скончылася на пазітыўнай ноце. Успомнілі мы кнігу англійскага пісьменніка-заолага Джэральда Дарэла «Шлях кенгуронка», у якім гаворка ідзе пра тое, што ў адрозненне ад нас жывёлы не могуць дамагацца аўтаноміі. У іх няма членаў парламента, якіх яны маглі б засыпаць скаргамі. Яны не могуць нават прымусіць свае прафсаюзы аб’явіць забастоўку і запатрабаваць лепшых умоў. Іх будучыня, само іх існаванне — у нашых руках.

Аліса Гюнгер

Фота прадастаўлены аб'яднаннем «Эгіда»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».