Вы тут

Душэўны абутак


Хутка зіма, і майстры-шапавалы пачынаюць валіць воўну і біць валёнкі. Яны робяць белы, шэры, карычневы, чорны, мяккі, утульны, цёплы традыцыйны зімовы абутак.

— У добрых валёнках саграваецца і душа, — кажуць Уладзімір і Марыя Мічковы — прадаўжальнікі беларускага шапавальства.

Уладзімір Андрэевіч і Марыя Якаўлеўна жывуць у вёсцы Гняздзілава Бешанковіцкага раёна, на беразе Дзвіны. Яны ўжо на пенсіі, але для іх умелых рук цяпер пачаўся цяжкі, як яны прызнаюцца, працоўны сезон, які працягнецца да апошніх маразоў, да апошняга снегу.

І вясковыя, і гарадскія жыхары Віцебшчыны яшчэ не страцілі «смак» да гэтага «душэўнага» абутку і заказваюць Мічковым эксклюзіўную валеную прадукцыю. Такіх майстроў, як Уладзімір Андрэевіч і Марыя Якаўлеўна на Падзвінні засталіся адзінкі...


Уладзімір і Марыя Мічковы жывуць у шлюбе сорак пяць гадоў. Спачатку працавалі на віцебскіх прадпрыемствах, але ў 2001 годзе пабудавалі ў вёсцы дом і пераехалі на сталае жыхарства. Заняліся агародніцтвам, жывёлагадоўляй і вырабам валёнкаў. Цяпер іхні асноўны клопат — даглядаць летам гарадскіх унукаў і валіць валёнкі.

— На такіх майстроў, як мы, кажуць: ці шапавалы, ці валёначнікі. А ў нашай акрузе называюць — «валёншчыкі! — усміхаецца Марыя Якаўлеўна, расцілаючы на стальніцы чарговую порцыю сухой і расчасанай воўны, абгортваючы яе цалафанам і паркалёвай тканінай — для чарговай загатоўкі.

Пачынаецца працоўны дзень. Майстрыха садзіцца за стол, прымаецца за валенне скручанай у валік загатоўкі. Гэта займае амаль паўгадзіны. На першы погляд працэдура нескладаная: сядзі сабе і валі — туды-сюды. Але такі занятак патрабуе здаровых рук і мышцаў. Моцных далоняў і пальцаў.

Сапраўды, у шапавалаў галоўны інструмент — рукі. У Марыі і Уладзіміра за доўгую працу павыкручваныя пальцы, ныюць локці і плечы. Калі ім заказваюць цэлую партыю абутку, клічуць на дапамогу дзяцей. І тады дачка Аксана садзіцца валіць лямцавыя загатоўкі, а зяць Дзмітрый разам з Уладзімірам Іванавічам у сямейнай майстэрні мочаць-параць загатоўку і надаюць валёнкам адмысловую форму.

— Добра, што і дзеці засвоілі наша рамяство, справа не загіне, — задаволена кажа гаспадар валюшна-лямцавай вытворчасці.

Па дзедаўскай тэхналогіі, каб зрабіць эксклюзіўны абутак, трэба мець калодкі пад памер нагі, якія з усёй моцы заганяюцца ў мокрае тулава валёнка. У Мічковых маецца ўвесь набор адпаведнага рыштунку, тэхналагічны ланцужок — ад ваўначоскі да сушкі валёнкаў у печы прадуманы, правераны, недзейны. Невыпадкова Мічковы ўмеюць рабіць мадэльны абутак для зімы — валёнкі для дзяцей, рыбакоў і паляўнічых, для моладзі і старых. І, нават, для інвалідаў. Нездарма кажуць пра валёнкі з Гняздзілава: «Абуеш — душа не нарадуецца!»

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як i калi прыняць спадчыну, атрымаць яе i захаваць?

Як i калi прыняць спадчыну, атрымаць яе i захаваць?

Карэспандэнту «Звязды» дапамагалi разбiрацца спецыялiсты.

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.