Вы тут

Адкуль бяруцца ў доме блохі?


Яны прыносяць вялікі дыскамфорт, бо харчуюцца крывёй чалавека і хатніх жывёл. Іх укусы балючыя і прыводзяць да скурных высыпанняў, свербу і дэрматыту. У кватэру ці дом няпрошаныя госці трапляюць рознымі шляхамі. Часцей за ўсё іх прыносяць хатнія жывёлы — каты і сабакі. Чым небяспечныя для чалавека ўкусы гэтых насякомых і як ад іх пазбавіцца, расказала ўрач-эпідэміёлаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аліна Емашова.


Асноўныя шляхі распаўсюджвання

— Хатнія гадаванцы кантактуюць на вуліцы з бяздомнымі ці іншымі хатнімі жывёламі, якія ўжо заражаны паразітамі. Акрамя таго, блохі могуць жыць і на газонах. У цёплы час года гэтыя насякомыя актыўна размнажаюцца і адкладваюць яйкі, якія разам з травой ці лісцем на лапах ці шэрсці хатнія жывёлы прыносяць дадому, — расказвае спецыяліст. — Блохі жывуць і ў падвалах шматкватэрных дамоў. Цёплыя і сырыя памяшканні, дзе бегаюць пацукі, мышы, бяздомныя каты, — ідэальнае для іх месца. Калі не ўдзяляць належнай увагі чысціні ў доме, яны паспяхова «пераедуць» у пад'езд, а далей сваім ходам або на шэрсці жывёл ці на адзенні людзей трапяць у кватэру.

Чым небяспечныя ўкусы?

Чалавек рэагуе на ўкусы блох па-рознаму. Той, хто не вылучаецца асаблівай адчувальнасцю, можа наогул не заўважыць, што паразіты яго кусаюць. У адчувальнага ж чалавека блышыны ўкус утворыць вялікі пузыр на скуры, які будзе свярбець.

Як пазбавіцца?

Сучасныя інсектыцыды дазваляюць у кароткі тэрмін атрымаць перамогу над паразітамі, аднак гарантаванага поўнага пазбаўлення не даюць: блохі могуць з'явіцца зноў. Толькі апрацаваўшы ўсе куткі і прасторы, дзе могуць знаходзіцца лічынкі, можна пазбавіцца ад паразітаў. Зрабіце генеральную прыборку памяшкання, памыйце сцены і падлогу. Вільготную прыборку неабходна праводзіць з прымяненнем спецыяльных раствораў, знайсці якія можна ў любой ветэрынарнай аптэцы.

Як абараніць гадаванцаў?

Каты і сабакі павінны насіць ашыйнікі, якія ахоўваюць ад блох. Пажадана выкарыстоўваць і супрацьблышыныя кроплі. Таксама варта старанна памыць падсцілкі і падкласці пад іх палын, які адпужвае паразітаў. Калі барацьба з блохамі не прывяла да канчатковай перамогі, звярніцеся па прафесійную дапамогу ў адпаведныя службы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.