Вы тут

Урач расказала пра эфектыўныя народныя сродкі ад прастуды і грыпу


На жаль, не існуе магічнага спосабу хутка пазбавіцца ад гэтых захворванняў. У такой сітуацыі вельмі важна своечасова звярнуцца да ўрача і прытрымлівацца яго ўказанняў. Але можна паспрабаваць аблегчыць свой стан, дадаткова выкарыстаўшы народныя метады. Пра эфектыўныя (і не вельмі) спосабы барацьбы мы пагутарылі з урачом дзённага стацыянара 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірынай Войт.


— Я стараюся заўсёды прытрымлівацца дзвюх запаведзяў, якія вядомы здаўна. Першая — «Не нашкодзь», і другая — «Жыць трэба так, каб ежа была лекамі, а не лекі — ежай». Чым бліжэй да прыроды, тым больш здаровы чалавек. Таму калі можна пазбегнуць пры лячэнні хімічных прэпаратаў, то лепш не ленавацца, а выкарыстаць народны рэцэпт, — кажа Ірына Уладзіміраўна.

— Пры першых сімптомах прастуды некаторыя раяць прыняць алкаголь. Як вы ставіцеся да такога рэцэпта?

— Дзецям, канешне, ён адназначна не падыходзіць. Некаторыя дарослыя сцвярджаюць, што ім такі спосаб дапамагае. Яшчэ падчас майго навучання ў медінстытуце наш прафесар-мікрабіёлаг казаў, што прастуду лечыць адным метадам: дадаць у чарку гарэлкі чырвонага пякучага ці молатага перцу, выпіць і легчы на 15 хвілін у гарачую ванну. Гэта пры першым недамаганні. Праўда, так можна рабіць адносна здароваму чалавеку, а не пацыентам-сардэчнікам ці сталым людзям. Сімптомы прастуды праходзяць. Жанчынам гарэлку з перцам я не рэкамендую. Лепш зрабіць грог: узяць якаснае вінаграднае віно, дадаць гваздзік, мёд, імбір і падагрэць. Пасля пераахаладжэння такі напой дасць сагравальны эфект. Цяпер наконт алкаголю нават у медыцынскім асяроддзі існуюць розныя думкі. Некаторыя кажуць, што ў разумнай колькасці можна ўжыць, іншыя сцвярджаюць, што нельга, бо не існуе бяспечных доз. Як кардыёлаг па спецыялізацыі я да алкаголю стаўлюся спакойна. Лічу, што ад разумнай дозы — не больш за 50 грамаў гарэлкі — вялікай шкоды не будзе.

— У перыяд грыпу раяць не толькі ўжываць часнок, але і раскладваць яго ў нарэзаным выглядзе ў пакоі...

— Нюх — гэта тое наша пачуццё, дзе для раздражнення найбольшай колькасці рэцэптараў патрэбна найменшая колькасць раздражняльнікаў. Часночныя «пацеркі» ў былыя часы рабілі дзецям у перыяд эпідэміі, і такі сродак дапамагаў. Канешне, сёння ў садок так хадзіць не варта. Але часнок сапраўды вельмі карысны, яго фітанцыды знішчаюць хваробатворныя мікраарганізмы. Таму дадаваць яго ў ежу ў разумнай колькасці не пашкодзіць. Пры гэтым трэба памятаць, што зашмат часнаку і цыбулі ў сырым выглядзе шкодна для страўніка. Сёння існуе шмат рэцэптаў са смажаным часнаком, у такім выглядзе ён таксама дапамагае ад хвароб. Да таго ж часнок утрымлівае і шмат іншых карысных рэчываў, напрыклад, такі важны для нас мікраэлемент, як селен.

— Калі баліць горла, яго рэкамендуюць прапаласкаць разведзеным спіртам...

— Гэта няпростае выпрабаванне. Яго не кожнаму ўдасца нават патрымаць у роце, да таго ж ад такога паласкання можа развіцца атрафія міндалін. Лепш выкарыстоўваць настой календулы. Ён прадаецца ў аптэцы, разводзіцца з вадой. У час пад'ёму захваральнасці прыйшлі з вуліцы і прапаласкалі горла — гэта добры сродак прафілактыкі. Толькі кожны раз варта гатаваць свежы настой. Такі рэцэпт падыходзіць нават дзецям.

— Ці трэба дыхаць над парай варанай бульбы, каб прайшла прастуда?

— Больш карысныя будуць спецыяльныя травы для інгаляцый: эўкаліпт, рамонак, падбел. Калі трава валодае антысептычнымі і адхарквальнымі ўласцівасцямі, гэта толькі плюс.

— А якія травы рэкамендуецца выкарыстоўваць ад кашлю?

— Падбел, бярозавыя пупышкі, шалфей, карані дзівасілу, карані лакрычніку, чабор звычайны ці паўзучы, карані алтэя, плады аніса і багуну. Бабулям і матулям, калі яны не лянуюцца, можна парэкамендаваць варыць варэнне з сасновых пупышак, карыснае і варэнне з кветак дзьмухаўца. Гэта старыя забытыя сёння рэцэпты, але пры прастудзе надзвычай карысныя. Для паласкання горла падыходзіць рамонак аптэчны, кветкі ліпы і календула, пра якую я згадвала. Гарачкапаніжальным эфектам валодаюць плады маліны і кветкі ліпы.

— Значыць, ліпавы чай, малінавае варэнне, мёд таксама падыходзяць для аблягчэння стану?

— Так. Адзінае, што мёд не рэкамендуецца дадаваць у гарачы чай, яго лепш ужываць з цёплым. Карысныя плады абляпіхі і чорнай парэчкі, яны ўтрымліваюць шмат вітамінаў. Таму ў перыяд пад'ёму захваральнасці ўжывайце іх, не важна ў якім выглядзе, гэта карысна для павышэння імунітэту. З такой жа мэтай выкарыстоўваюць плады шыпшыны, эхінацэю, жэньшэнь, лімоннік. Для павышэння імунітэту падыдуць і самі травы, і іх спіртавыя настоі ў малых дозах — 10—15 кропель.

— Калі баліць горла, рэкамендуюць сок алоэ...

— Мікраарганізмаў у нашым горле вельмі шмат. Нават у абсалютна здаровых людзей там знаходзілі ганакокі, энтэракокі, стафілакокі, стрэптакокі, кішэчную палачку. Увогуле мікробаў у нашым арганізме ў 1,3 раза больш, чым уласных клетак, вірусаў яшчэ больш, а прасцейшых і грыбы ніхто не лічыў... Таму сок алоэ наўрад ці дапаможа справіцца з усімі мікраарганізмамі ў горле. Але яго можна закапваць пры насмарку. А вось сок цыбулі ці часнаку закапваць не рэкамендую, бо можна спаліць слізістую носа. Алоэ ўвогуле карысная рэч, у тым ліку і для скуры. Можна выкарыстоўваць і алоэ вера, і звыклы нам сталетнік.

— Пры насмарку раяць прамываць нос растворам марской солі...

— Тут важна правільна падабраць раствор. Калі выдзяленні з носа густыя, ёсць запаленне пазух, сінусіт, то раствор павінен быць ад 1,5 % і мацнейшы для разрэджвання выдзяленняў. Фізіялагічны раствор (0,9 %), падыходзіць для ўвільгатнення слізістай.

— Ці варта націраць цела гарэлкай альбо воцатам пры высокай тэмпературы?

— Раней гэтым часта карысталіся, звычайна маленькіх дзяцей абціралі гарэлкай. А вось воцат разам з валяр'янай і вадой у роўных суадносінах больш падыходзіць пры скурным свербе, калі няма яўных высыпанняў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.