Вы тут

Лукашэнка патрабуе новых антынаркатычных мер


У Беларусі ўдалося стабілізаваць абстаноўку ў сферы распаўсюджвання і спажывання наркотыкаў, аднак асаблівых падстаў для самазаспакоенасці няма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі.


Удзельнікамі нарады сталі кіраўнікі ўрада, шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, судзейскага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важная, рэзанансная тэма барацьбы з наркотыкамі і прафілактыкі наркаспажывання за апошнія пяць гадоў неаднаразова абмяркоўвалася на высокім узроўні. «Прынятыя ў Беларусі ў 2014 годзе сістэмныя меры дазволілі нам пераламаць сітуацыю, — сказаў Прэзідэнт. — Нам удалося паставіць заслон на шляху распаўсюджвання сінтэтычных прэпаратаў, так званых спайсаў, асноўнымі спажыўцамі якіх была моладзь. Значна ўзмоцнена крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропаў».

«У выніку нам удалося стабілізаваць абстаноўку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. За мінулыя пяць гадоў колькасць нарказлачынстваў скарацілася ў 1,5 раза, а ўчыненых з удзелам непаўналетніх — прыкладна ў 5 разоў.

Колькасць смярцей ад перадазіровак наркотыкамі ў Беларусі ў 14 разоў ніжэйшая, чым у Літве, і ў 72 разы ніжэйшая, чым у ЗША. Апошні выпадак гібелі падлетка ад перадазіроўкі адбыўся ў 2014 годзе.

Аб маштабнасці праблемы

Штогод у свеце ад наркотыкаў гінуць звыш 200 тыс. чалавек. Праблема з’яўляецца сур’ёзным выклікам для ўсёй сусветнай супольнасці. «Паводле ацэнак ААН, наркотыкі цяпер ужывае кожны дваццаты чалавек на планеце — прыкладна 250-300 млн чалавек, — прывёў лічбы кіраўнік дзяржавы. — Велізарная колькасць людзей, супастаўная з колькасцю насельніцтва Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі і Францыі разам узятых».

«Аднак, нягледзячы на прыведзеныя паказчыкі, асаблівых падстаў для самазаспакоенасці няма, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Вы помніце, што мы, звяртаючыся да праблемы наркотыкаў, часта гаварылі, што ідзём па нязведанай цаліне. Такіх комплексных мер ніколі ні адна краіна, а тым больш Беларусь, не прымала ў сферы барацьбы і прафілактыкі наркотыкаў. Мы тады прынялі рашэнне, што да гэтага пытання прыкладна праз пяць гадоў вернемся, прааналізуем практыкі і, калі неабходна, прымем дадатковыя меры, што сёння і спрабуем зрабіць. З першага заходу ў нас атрымаецца ці, можа, яшчэ раз давядзецца да гэтага пытання вярнуцца, але да 1 студзеня 2020 года кропкі над „і“ павінны быць расстаўлены».

Аб непазбежнасці пакарання

Улічваючы геаграфічнае становішча Беларусі, наркакартэлі імкнуцца скарыстацца зручнай лагістыкай. «Таму ўсе павінны разумець, што аслабляць націск на суб’екты наркатрафіка і наогул пастаўшчыкоў наркотыкаў мы не маем права. Калі хоць на імгненне пра гэта забудзем, наша краіна патоне ў гэтых праблемах і ў гэтым страшэнным зеллі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Толькі за мінулы год праваахоўнікамі перахоплена на граніцы амаль паўтоны гашышу. Не спыняюцца спробы зноў падсадзіць нашых людзей на сінтэтычныя наркотыкі. Адных амфетамінаў і іншых псіхатропных рэчываў канфіскавана звыш 36 кг».

Кіраўнікі злачынных груп, каб уцягнуць моладзь у распаўсюджванне наркотыкаў, актыўна выкарыстоўваюць электронныя пляцоўкі: сумніўныя сайты, мэсэнджары. «Падлеткі згаджаюцца на ўгаворы невядомых ім асоб у сетцы Інтэрнэт зрабіць адну-дзве закладкі, не разумеючы толкам, у што ўвязваюцца, а потым атрымліваюць вялікія тэрміны. Зразумела, становяцца саўдзельнікамі збыту і спажывання наркотыкаў з усімі далейшымі наступствамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што прынцып непазбежнасці пакарання павінен працаваць перш за ўсё ў адносінах да кіраўнікоў арганізаваных груп і аптовых звёнаў наркатрафіка. «Не можаце самі дастаць гэтых дзялкоў, калі яны знаходзяцца недзе за мяжой, — тады задзейнічайце міжнародныя каналы і іншыя вядомыя ў рабоце спецслужбаў метады. Зрабіце ўсё магчымае, каб ліквідаваць злачынную сетку поўнасцю», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усе крымінальныя справы па наркотыках, учыненыя ў складзе арганізаваных груп, павінны знаходзіцца на асаблівым кантролі ў органах пракуратуры.

Аб справядлівасці судовых рашэнняў

У Крымінальны кодэкс не так даўно былі ўнесены папраўкі, якія даюць судам магчымасць больш гібка падыходзіць да назначэння пакарання. «Дарэчы, за змякчэнне пакарання ў такім памеры, як мы прынялі рашэнне, выступалі так званыя ці то партыя, ці то грамадская арганізацыя (размова ідзе аб руху „Маці 328“), — нагадаў Прэзідэнт. — У людзей не павінна быць сумненняў у справядлівасці і абгрунтаванасці прымаемых судовых рашэнняў. Галоўная задача суда — дасканала разабрацца ў сітуацыі і назначыць адэкватнае акалічнасцям справы пакаранне. Таму, калі трэба дадаткова сарыентаваць судзейскі корпус у частцы аднастайнага прымянення закона, давайце растлумачым адпаведныя пытанні на ўзроўні самога суда, а можа, Пленума Вярхоўнага Суда».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў неабходнасць забяспечыць занятасць і падтрымку людзей, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. «Яны — нашы грамадзяне, і мы павінны дапамагчы ім вярнуцца да нармальнага жыцця і не дапусціць вяртання зноў у злачыннае асяроддзе», — сказаў ён.

Аб узмацненні прафілактыкі

Разам з тым кіраўнік дзяржавы ўказаў на недастатковыя меры па прафілактыцы наркагандлю і наркаманіі. «Я не раз гаварыў: пакуль будзем змагацца толькі з наступствамі, а не з прычынамі, карэннага паляпшэння сітуацыі не даб’ёмся. Самы эфектыўны бар’ер на шляху распаўсюджвання наркотыкаў — гэта іх татальнае непрыняцце грамадствам. Не будзе попыту, не будзе і прапанаванняў. Нам гэтага трэба дабівацца», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што наркаманамі ў большасці выпадкаў становяцца маладыя людзі, якія не ўсведамляюць да канца небяспеку наркотыкаў. «Таму дзейнічаць неабходна на папярэджанне па лініі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і, вядома, перш за ўсё сям’і. Важнае значэнне мае ўдасканаленне антынаркатычнай прапаганды з улікам інтарэсаў моладзі. Разам з традыцыйнымі СМІ тут трэба актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у падлеткаў інтэрнэт-рэсурсаў. У гэтым плане дзейнасць Міністэрства інфармацыі цяпер малапрыкметная. Я наогул нешта не бачу гэтага міністэрства», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, існуючая сістэмная работа па процідзеянні распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыцы наркаманіі актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў Адміністрацыі Прэзідэнта праведзена некалькі сустрэч з роднымі асуджаных за нарказлачынствы. «Асабліва абмяркоўваюць і рыдаюць так званыя „Маці 328“. Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сям’і. Ім трэба параіць своечасова займацца сваімі дзецьмі. А потым рыдаць, стагнаць і прад’яўляць прэтэнзіі ўладзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Маці правільна засяроджваюць увагу на неабходнасці больш эфектыўнай работы з моладдзю па прафілактыцы нарказлачыннасці і наркаманіі. Прапануюць нам больш актыўна весці прафілактыку, толькі забылі, што ім самім трэба было гэтай справай займацца ў сям’і». Тым не менш Прэзідэнт лічыць патрэбным дасканала вывучыць прапановы, якія зыходзяць у тым ліку ад гэтых маці. «Яны пацярпелыя. Яны, напэўна, адчуваюць гэту праблему больш востра, чым усе іншыя», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад удзельнікаў нарады канкрэтных прапаноў у сферы процістаяння наркагандлю, павышэння выніковасці гэтай работы, прафілактыкі наркаспажывання, лячэння і рэабілітацыі нарказалежных асоб. «Не на словах, а на справе людзі павінны ўбачыць вынік», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Уладзімір Каранік: Лячэнне нарказалежных — вельмі складаны працэс нават з прымяненнем сучасных методык

У размове з журналістамі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначыў, што ў службе, якая ў першую чаргу мусіць займацца лячэннем і медыцынскай рэабілітацыяй нарказалежных, як нідзе разумеюць, што найбольш эфектыўны метад барацьбы з наркаманіяй — прафілактыка. Для вырашэння гэтай задачы медыкі цесна працуюць з педагогамі. Але пачынаецца ўсё з сям’і, упэўнены міністр.

«Павінны бацькі звяртаць увагу, каб менавіта першасны кантакт падлетка ці маладога чалавека з псіхаактыўнымі рэчывамі не застаўся незаўважаным. Тут ужо нашыя псіхатэрапеўты, псіхолагі акажуць дапамогу. І ў гэтым выпадку фактычна ёсць гарантыя, што залежнасць не разаўецца і чалавек з гэтай бядой больш не сутыкнецца», — сказаў Уладзімір Каранік.

Ён нагадаў, што ў Беларусі зварот да псіхіятра-нарколага не мае на ўвазе абавязковую пастаноўку на ўлік. Ён можа быць ананімным. 

Разам з тым міністр аховы здароўя згадзіўся, што не заўсёды ў насельніцтва хапае інфармацыі. Напрыклад, не кожны ведае, што амаль ва ўсіх дзяржаўных аптэках і крамах медтэхнікі можна набыць тэсты для вызначэння ўжывання найбольш распаўсюджаных псіхаактыўных рэчываў.

«Мы распрацавалі метадычныя рэкамендацыі, каб педагогі ў школах маглі вызначыць прызнакі ўжывання дзецьмі псіхаактыўных рэчываў», — паведаміў Уладзімір Каранік.

Па яго інфармацыі, лячэнне нарказалежных — вельмі складаны працэс нават з прымяненнем самых сучасных методык. У свеце частата рэцыдываў дасягае 80–85 працэнтаў.

СК скончыў больш за дзве з паловай тысячы спраў

Старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што расследаванне крымінальных спраў, звязаных з наркотыкамі, — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці камітэта. Для гэтага нават створаныя спецыялізаваныя падраздзяленні ў цэнтральным апараце і упраўленнях па абласцях.

Па словах старшыні Следчага камітэта, сёлета за дзевяць месяцаў скончана ў вытворчасці і накіравана ў суд больш за дзве з паловай тысячы крымінальных спраў па ўсіх частках артыкула 328 Крымінальнага кодэксу.

«Відавочна, што самастойна расследаваць у цяперашні час крымінальныя справы, асабліва звязаныя з арганізаванымі злачыннымі групамі, па распаўсюджванні наркотыкаў у трансгранічным фармаце, — вельмі няпроста. Таму мы вельмі актыўна прыцягваем у нашы працесы міжнароднага прававога супрацоўніцтва, кантактуем з калегамі з Расіі, Еўрапейскага саюза, Агенцтвам па барацьбе з наркотыкамі Злучаных Штатаў Амерыкі», — праінфармаваў Іван Наскевіч.

Варвара МАРОЗАВА і па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».