Вы тут

Балельшчыца з Віцебска сабрала найбуйнейшую калекцыю футбольнай атрыбутыкі


З 25 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі праходзіць выстаўка «Футбол — гульня мільёнаў!». На ёй прадстаўлена самая вялікая калекцыя футбольнай атрыбутыкі ў краіне, колькасць экспанатаў дасягае трох тысяч, гэта ўжо афіцыйна зарэгістраваны рэкорд. Калекцыя належыць віцяблянцы Анастасіі Пішчулавай: у свае 25 гадоў дзяўчына з'яўляецца дырэктарам Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, яркай футбольнай балельшчыцай і неардынарнай вандроўніцай. У яе калекцыі ёсць аўтографы Алана Шырэра і Дыега Марадоны, яна пабывала на многіх стадыёнах Еўропы і наведала знакамітае Эль-Класікa. Аб сваім захапленні футболам Анастасія расказала ў інтэрв'ю «Звяздзе».


«За майку аддавала максімум 100 еўра»

Першую выстаўку футбольнай атрыбутыкі Анастасія Пішчулава правяла ў сябе ў музеі, дзяўчына ўбачыла, што зацікавіла ёю не толькі мясцовых (Віцебскі гісторыка-краязнаўчы музей знаходзіцца ў аграгарадку Акцябрскі, што за пяць кіламетраў ад горада), госці сталі прыязджаць і з самога Віцебска, а затым Насці прапанавалі паказаць калекцыю ў Мінску.

— Першапачаткова мне вельмі спадабалася зборная Іспаніі, я пачала глядзець футбол, потым стала хварэць за «Рэал Мадрыд», — тлумачыць дзяўчына, з чаго пачыналася яе захапленне гульнёй нумар адзін. — Астатнія каманды не цікавілі, але калі ў мяне стала з'яўляцца атрыбутыка іншых клубаў, пачала сачыць і за іншымі гульцамі і камандамі, футбольны кругагляд паступова пашырыўся. Сёння ў маёй калекцыі ўжо больш за тры тысячы рэчаў, дакладны лік назваць вельмі складана, таму што калекцыя пастаянна папаўняецца. Гэта ў асноўным футбольныя майкі, шалікі, праграмкі, квіткі, маркі, аўтографы, значкі, мячы, сцягі. Больш за ўсё ў калекцыі маек, каля 160 штук, 40—50 з іх — гэта футболкі гульцоў «Рэала» розных гадоў, ёсць і набытыя ў самым Мадрыдзе мной асабіста. Вось самая старая праграмка, 1967 года, — паказвае Анастасія. — Сёння яна больш падобная на кніжку, раней у іх распісвалі ўсю гісторыю клуба, лік матчаў, тут можна было знайсці ўсю інфармацыю пра гульцоў. Яе мне падарылі. А вось маркі з Кубы і Калумбіі, іх я купіла ў мужчыны на «Куфары».

Футбольная атрыбутыка ў калекцыю віцяблянкі трапляе самымі рознымі шляхамі, напрыклад, майкі Насця звычайна шукае ў сэканд-хэндах.

— У мяне ўжо вока набіта, футбольныя майкі адрозніваюцца па тканіне, таму я адразу іх бачу. Штосьці класнае можна знайсці на тым жа «Куфары» або на аўкцыёнах. Нядаўна разам з білетамі на матч Партугалія — Фарэрскія астравы, купіла аўтографы ўсёй зборнай Партугаліі. Практычна гэтак жа да мяне трапілі і аўтографы зборнай Швецыі, мужчына прадаваў паштоўкі з выявай шведскіх гульцоў, я іх купіла, пачала глядзець, а там аўтографы, у тым ліку і роспіc Златана Ібрагімавіча, — прыгадвае Насця.

Некаторыя аўтографы трапляюць да яе шляхам абмену, беларуска малюе партрэты футбалістаў і адпраўляе іх разам з лістамі ў клубы або на адрас трэніровачнай базы, дзе рыхтуецца той ці іншы клуб.

— У лісце расказваю, што збіраю такую калекцыю, раблю выстаўку і прашу даслаць аўтограф у адказе на ліст, многія адгукаюцца, хоць у буйных клубах гульцам рэдка перадаюць лісты. Менавіта такім чынам я атрымала аўтограф варатара зборнай Швейцарыі і «Барусіі» (Мёнхенгладбах) Яна Зомера, ён прыслаў мне сваю паштоўку з аўтографам.

Многія рэчы купляю сама, за майку аддавала максімум 100 еўра. У афіцыйнай краме футболка «Рэала» каштуе ў раёне 120 еўра, побач, пад стадыёнам, атрыбутыкай гандлююць мараканцы, у іх яе можна купіць за 15 еўра, а самае дзіўнае, што ў гэтых майках за 120 еўра і за 15 я не знайшла ні аднаго адрознення — ні ў тканіне, ні ў налепках. Хоць, ведаю прыкметы, па якіх можна вызначыць, наколькі футболка значная. У першую чаргу, гэта словы, якія нашыты ўнізе майкі на пярэднім баку. Калі гэта гульнявая форма, то будзе напісана адно слова, калі сувенірны камплект, будзе іншае, а калі падробка, то трэцяе. Таму зараз ужо не купляю ўсё запар, шукаю канкрэтна тое, што рэдкае і афіцыйнае.

«З самага каштоўнага — аўтограф Шырэра і Марадоны»

Самая дарагая рэч, звязаная з футболам, якую купляла Насця, — білет на Эль-Класікa.

— У мяне была мара трапіць на матч «Рэала» і «Барселоны». Прыехала ў Мадрыд, спецыяльна падгадала адпачынак пад дні матча, але білета ў мяне не было, бо ў свабодны продаж яны не паступаюць. Першымі квіткі купляюць yладальнікі абанементаў, яны могуць узяць адразу некалькі штук, таму мясцовыя параілі паспрабаваць купіць білет праз сайт ноччу, але ў мяне не атрымалася, білетаў не было. Ужо ў дзень матча, я прыйшла пад стадыён да васьмі раніцы, там якраз было шмат рускамоўных, яны пачалі казаць, што магчыма білеты з'явяцца ў продажы бліжэй да гадзіны. Але і гэтым разам яны не з'явіліся. Матч ужо пачаўся, прайшлі першыя хвіліны, мне было так крыўдна, што я прыехала спецыяльна дзеля гэтaй гульні і не трапіла на яe. І тут да мяне падышлі людзі, у якіх аказаўся адзін лішні квіток, я купіла яго за 200 еўра, хоць рэальная цана 70. Дарэчы, кошт у перакупшчыкаў даходзіў да 600 еўра, але я не была гатовая плаціць такія грошы. Далей яшчэ цікавей, мой білет аказаўся на фан-сектар «Барселоны», а я, вядома, адзетая ў майку «Рэала», са сцягам, уся размаляваная. Паліцыя параіла мне знайсці іншае месца, але дзе, калі ўсе яны занятыя... Балазе, балельшчыкі «Рэала» пасунуліся, і мне ўдалося сесці.

Дзяўчына адзначае, што памятае практычна ўсе рэчы ў сваёй калекцыі і тое, адкуль які прадмет да яе прыйшоў, а вось вылучыць самыя каштоўныя асобнікі аказалася вельмі складана.

— Асаблівымі напэўна, магу назваць, тое, што набыта канкрэтна мной на пэўных матчах. Куды б я ні паехала, заўсёды перш за ўсё спрабую трапіць на стадыён і ў музей футбольнага клуба, штосьці там купіць. З самых каштоўных для мяне — аўтограф і майка найлепшага бамбардзіра ў гісторыі англійскай прэм'ер-лігі Алана Шырэра і аўтограф Дыега Марадоны, за яго я вельмі ўдзячная брэсцкаму «Дынама». У клубе даведаліся пра маю выстаўку, самі прыехалі і падарылі мне яго роспіc. Таксама вельмі ўдзячная Станіславу Драгуну, яго футболка адна з самых каштоўных у калекцыі.

Некаторыя прадметы Анастасіі Пішчулавай цікавяць і іншых балельшчыкаў, напрыклад, футболку Рауля ў беларускі хацелі купіць за любыя грошы.

— Але я не прадам яе ні за што. Памятаю, купіла гэтую майку ў сэканд-хэндзе і адразу падумала, што нешта ў ёй не тое. Майка зроблена дзесьці ў 90-я, тады яны рабіліся невялікім накладам і прадаваліся толькі ў афіцыйных крамах. Асноўная форма ў «Рэала» тады была белая, а гэтая футболка сіняя. Я пачала чытаць, шукаць інфармацыю і высветлілася, што гэта трэці камплект формы, гэта значыць вельмі рэдкі, такім чынам янa стала для мяне нечаканым падарункам.

На трох тысячах Анастасія спыняцца не збіраецца і працягвае дапаўняць сваю калекцыю. З рэчаў, якія яна хацела б атрымаць, самае жаданае — футболка або аўтограф Гуці.

— Мне вельмі падабалася яго гульня, ведаю, што гэта не той футбаліст, майкі якога выпускаліся вялікім накладам, але не трачу надзеі рана ці позна яе знайсці.

Футбольная балельшчыца прызнаецца, што людзі па-рознаму рэагуюць на яе хобі.

— Са скептыцызмам звычайна ставяцца мужчыны, спрабуюць мяне на чымсьці падлавіць, задаюць нейкія пытанні, а калі атрымліваюць правільныя адказы, даводзіцца прызнаць, што ў футболе разбіраюцца не толькі яны.

«Еўрапейцы не змаўкаюць на працягу ўсяго матча, спяваюць песні, гімны»

На цяперашні момант Анастасія пабывала ў 24 краінах, яе падарожжы часта звязаныя менавіта з футболам. Ва ўсіх гарадах дзяўчына стараецца зазірнуць на футбольны стадыён, каб даведацца нешта новае і папоўніць сваю калекцыю.

— Калі была ў Мілане, перад сабой паставіла задачу наведаць стадыён Сан-Сіра. Як цяпер памятаю, гэта быў панядзелак, турыстаў мала, я хадзіла па стадыёне і музеі адна, пайшла глядзець раздзявальні і раптам сустрэла вядомага футбаліста 90-х Руудa Гуліта, гэта здарылася так нечакана, што мне нават у галаву не прыйшло папрасіць аўтограф.

Самы цікавы і, на мой погляд, найлепшы стадыён у мадрыдскага «Рэала», для турыстаў там прадумана ўсё. Калі купляеш уваходны квіток для экскурсіі па стадыёне, пытаюцца, з якой краіны ты прыехаў. На стадыёне ёсць чорны пакой, у якім размешчана карта свету, на ёй светлавымі кропкамі паказана колькі балельшчыкаў з якіх краін знаходзіцца цяпер на стадыёне. Таксама там ёсць пакой гімнаў, дзе стаяць вялізныя трубы, да іх можна прыхінуць вуха і паслухаць, якія гімны былі ў розныя часы. Можна трапіць у раздзявальню каманды і нават у іх імправізаваны аўтобус. Ты заходзіш у памяшканне, сядаеш, замест вокнаў аўтобуса стаяць экраны, усё пачынае рухацца, як быццам бы ты едзеш, ён трасецца, паварочвае на паваротах, а за аўтобусам бягуць балельшчыкі, адчуваеш сябе сапраўдным гульцом. Гэта проста выдатна.

Атмасфера еўрапейскіх стадыёнаў і культура хварэння на футбольных матчах адрозніваецца ад беларускай, Насця тлумачыць у чым.

— Любы стадыён пачынаецца з уваходу, а значыць, асабістага дагляду, дык вось па сваім вопыце магу сказаць, што самая жорсткая праверка на стадыёне, дзе гуляе футбольны клуб «Віцебск». Што датычыцца саперніцтва фанатаў у Еўропе, яно заключаецца толькі ў нецэнзурных крычалках, ніхто нікому твар не б'е. Еўрапейцы заўсёды рыхтуюць нейкія вялікія перформансы, не змаўкаюць на працягу ўсяго матча, спяваюць песні, гімны. У нас з гэтым пакуль тугавата, гульня часцей праходзіць у цішыні. Таксама адметнай рысай еўрапейскага футбола з'яўляецца тое, што каля стадыёнаў заўсёды прадаюць вельмі шмат атрыбутыкі, там можна знайсці абсалютна ўсё. У нас жа ёсць магчымасць купіць майку брэсцкага і мінскага «Дынама» ды БАТЭ, усе астатнія клубы гэтым не вызначаюцца.

Я заўсёды стараюся прыходзіць на стадыён гадзіны за дзве да матча, каб паглядзець размінку. Напрыклад, на чэмпіянаце свету ў Сочы, калі зборная Іспаніі гуляла супраць Партугаліі, прыйшоўшы раней, на размінцы стаяла за пару метраў ад Крышціяну Раналду.

Што датычыцца наведвальнасці, неяк я была на таварыскім матчы «Віцебска», дзе з балельшчыкаў было чалавек дзесяць, у Еўропе такое немагчыма. На гульню нават самых непапулярных камандаў на стадыёне збярэцца тысяч 20.

Анастасія ходзіць на ўсе дамашнія гульні роднага «Віцебска» і зборнай Беларусі, а сярод любімых футбалістаў называе Гуці і Касільяса, дзякуючы якім і прыйшла ў футбол, а таксама Серхіа Рамаса.

— Калі Касільяс сыходзіў з «Рэала» я рыдала разам з ім, таму што, калі пачынаеш хварэць за кагосьці, даведаешся іх гісторыі, часцяком яны вельмі кранальныя. З тых футбалістаў, якія гуляюць зараз, падабаюцца таксама такія рабацягі, як Лука Модрыч, Тоні Крос, а з нашых гульцоў Мікалай Золатаў, Станіслаў Драгун і многія іншыя хлопцы. У Іспаніі з Беларуссю асацыюецца трактар і Глеб, і якраз такі Глеб выклікае ў каталонцаў неадназначную рэакцыю, у Барселоне ад трансферу Аляксандра чакалі значна большага.

Пасля Эль-Класікa ў глабальных марах у Анастасіі трапіць на фінал Лігі чэмпіёнаў, а ў найбліжэйшых планах — пабываць на чэмпіянаце Еўропы, які будзе праходзіць, у тым ліку, у Санкт-Пецярбургу.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з асабістага архіва гераіні

г. Віцебск

Загаловак у газеце: «У Іспаніі з Беларуссю асацыюецца трактар і Глеб»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».