Вы тут

У Маладзечне шукаюць тых, хто скраў 40 000 руб. з рахунку фірмы


Супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС праводзяць праверку па факце крадзяжу грашовых сродкаў з банкаўскага рахунку мясцовай фірмы, якая займаецца вытворчасцю вокнаў ПВХ. Пра інцыдэнт у міліцыю паведаміў дырэктар прадпрыемства. Паводле яго слоў, урон склаў каля 40 тысяч рублёў.


У ходзе правядзення шэрагу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўнікі ўстанавілі, што з дапамогай сістэмы «Кліент-банк» былі ажыццёўлены восем грашовых пераводаў. Больш за 4 тысячы рублёў «сышлі» на рахункі бізнес-партнёраў. У астатніх выпадках грошы, прыблізна 36 тысяч, былі пераведзеныя на адрас ілжывых банкаўскіх рахункаў невядомых фізічных асоб.

Як высветлілася, у кампаніі на камп'ютары не была ўсталяваная антывірусная абарона. Вось на чым дакладна не трэба было эканоміць. А таму і адбылося заражэнне ПК, што дазволіла зламыснікам атрымаць доступ да канфідэнцыяльнай інфармацыі і аддаленага кіравання камп'ютарам. Дарэчы, у такіх выпадках факт заражэння шкоднасным праграмным забеспячэннем карыстальнік можа і не заўважыць. Падабраўшы момант, калі ключ электроннага лічбавага подпісу быў падключаны да камп'ютара, махляры аформілі плацежныя даручэнні на перавод грашовых сродкаў, падпісалі іх электронным лічбавым подпісам прадпрыемства і накіравалі на выкананне ў банк.

У дзеяннях зламыснікаў, па словах старшага інспектара аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама Надзеі Ярашовай, маюцца прыкметы крадзяжу шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі ў асабліва буйным памеры (ч. 4 ст. арт. 212 КК).

Аналагічныя выпадкі здзяйснення крадзяжу грашовых сродкаў з рахункаў арганізацый розных формаў уласнасці зафіксаваныя апошнім часам таксама ў Мінскім, Слуцкім і Барысаўскім раёнах.

Міліцыя, якая працуе ў раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, такім вось даверлівым кіраўнікам (і не толькі ім) раіць устанавіць на свой камп'ютар або мабільную прыладу антывіруснае праграмнае забеспячэнне і рэгулярна яго абнаўляць. Ні ў якім разе не варта пераходзіць па сумніўных (фішынгавых) спасылках і запускаць загружаныя з сеціва інтэрнэт-файлы без папярэдняй іх праверкі на спецыялізаваных сеткавых рэсурсах (напрыклад, https://www.vіrustotal.com). Не трэба захоўваць паролі ў браўзеры і якіх-небудзь тэкставых дакументах на сваім рабочым камп'ютары.

Для работы ў сістэмах дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання спецыялісты раяць выкарыстоўваць асобны камп'ютар з устаноўленым ліцэнзійным праграмным забеспячэннем (гэта дазваляе атрымліваць апошнія абнаўленні бяспекі), антывірусным праграмным забеспячэннем, настроенымі абмежаваннямі правоў на выкарыстанне электроннай пошты і доступу да інтэрнэт-рэсурсаў.

Выкарыстоўваць ключ электроннага лічбавага подпісу толькі ў той час, калі ёсць у гэтым неабходнасць, а ў астатні час яго неабходна выдаляць з камп'ютара.

Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Даверлівымі бываюць не толькі грамадзяне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?