Вы тут

Быць акружаным знаёмымі і сябрамі можна ў любым узросце


Многія пажылыя людзі, адказваючы на пытанне аб тым, што самае цяжкае ў старасці, прызнаюцца: адзінота. Але між тым яна часта суправаджае старасць, асабліва калі хтосьці з сужэнцаў памірае. Як вырвацца з яе ціскоў, выйсці з ізаляцыі, пераадолець роспач і адчуванне бессэнсоўнасці далейшага жыцця? Перад вамі гісторыі людзей, якія паспяхова прайшлі гэты шлях і сталі дапамагаць пераадольваць яго іншым. Гэта вельмі пазітыўныя апавяданні, а самае галоўнае — арганізаваць штосьці падобнае можна ўсюды, было б жаданне.


Ала Глякава, 61 год:

— Калі я працавала, у мяне была поўная сям'я і ўсё было ў парадку, а часу было мала — мне было не да грамадскай працы. Але ў 2017 годзе памёр муж, і маё жыццё цалкам змянілася. Я засталася адна. У мяне ёсць сын і дарослы ўнук, але яны далёка. І мне было вельмі цяжка і сумна...

І тут мяне запрасілі ў яўрэйскую грамадскую дабрачынную арганізацыю «Хэсэд-Рахамім» (у перакладзе — «Клопат і міласэрнасць»). Я прыйшла, і мяне вельмі душэўна прынялі, сталі запрашаць на розныя мерапрыемствы. А потым я даведалася пра праграму «Пераадоленне адзіноты» і зразумела, што магу не толькі браць, але і аддаваць, бо, сама прайшоўшы праз боль і адзіноту, добра разумею тых, хто апынуўся ў той жа сітуацыі. Так я ўвайшла ў ініцыятыўную групу гэтай праграмы, якая складаецца з 9 чалавек, — гэта наш касцяк.

Ініцыятыўная група дабрачыннай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім».

Памятаю, калі я засталася без мужа, то, хоць і было шмат сяброў і сябровак, стала заўважаць, што мне цяжка выйсці з дома — у кіно, у тэатр, пагуляць... Усё гэта складана рабіць, калі ты адна. У сябровак свае сем'і, і ведаць, што нехта пайшоў з табой з жалю, кінуўшы свае хатнія справы, — непрыемна. Цяпер я разумею, што і іншыя могуць быць у такім становішчы і адчуваць тое самае. Таму я стала хадзіць у розныя арганізацыі, да кіраўніцтва тэатраў і пытацца, ці нельга нашым пенсіянерам, якія часта жывуць адзінока і на адну толькі пенсію, даваць ільготы на квіткі. І аказалася, шмат хто гатовы ісці насустрач!

Я ў «Вайберы» зрабіла чат, дадала туды многіх нашых бабуль і дзядуляў і цяпер у ім выкладваю інфармацыю пра тое, што і які тэатр прапануе, а таксама інфармацыю пра бясплатныя мерапрыемствы. Людзі запісваюцца, і мы ходзім туды ўсе разам.

Бывае, ідзём кампаніяй у 50 чалавек! У нас у гэтым чаце зараз 108 удзельнікаў. Многіх з іх, дарэчы, навучылі працаваць са смартфонам маладыя валанцёры, і таксама тут, у нашай арганізацыі. А яшчэ людзі з нашага чата перадаюць інфармацыю пра розныя цікавыя мерапрыемствы тым, хто не карыстаецца «Вайберам». Напрыклад, нядаўна нам даў ільготныя білеты на сваю шоу-праграму Маладзёжны тэатр эстрады, і мы хадзілі ў Палац рэспублікі, дзе быў канцэрт, вялікай кампаніяй у 79 чалавек! Усяго з намі ў такім плане супрацоўнічае больш за 20 устаноў культуры.

Тэлефон у мяне цяпер звоніць і звоніць, і гэта такое шчасце!

У нашай ініцыятыўнай групе — зусім розныя людзі. Самай старэйшай удзельніцы, Розе Рамашка, 83 гады, самым малодшым па 61 годзе, а сярэдні ўзрост удзельнікаў — 70+. Але наогул прыходзіць да нас могуць толькі тыя, хто пацвердзіў сваё яўрэйства дакументамі.

Усе людзі вельмі цікавыя, у кожнага ёсць свая разыначка. Мы, удзельнікі ініцыятыўнай групы, падоўгу з імі размаўляем, знаёмімся. Хтосьці кажа: ува мне нічога цікавага няма, я ўсяго толькі працавала ў банку... Але ж яна можа навучыць іншых карыстацца банкаўскімі карткамі, расказаць, чым яны адрозніваюцца адна ад адной! Прадаўшчыца з крамы, якая таксама думала, што ёй няма чаго даць іншым, у выніку падзялілася з усімі, як выбіраць добрыя прадукты, на што звяртаць увагу, чытаючы састаў прадукту. А хтосьці выдатна ўмее фарбаваць вочы, і гэта таксама здорава. У кожнага ёсць чым падзяліцца з іншымі.

Эла Кабакова, 61 год:

— Я мару стварыць у рамках праграмы «Пераадоленне адзіноты» нешта накшталт кулінарнага шоу. Цяпер мы дамаўляемся, што будзем прыносіць з дому стравы, згатаваныя па сваіх найлепшых рэцэптах, і ўсе разам дэгуставаць іх. Будзем дзяліцца ідэямі... Я заўважыла, што пры сустрэчах мы часта абмяркоўваем, хто што гатуе, па якіх рэцэптах. А яшчэ я нярэдка чула, што шмат каму ўсё здаецца нясмачным, яны ўжо не хочуць гатаваць толькі для сябе, усё ўспамінаюць тыя часы, калі была сям'я...

Яшчэ я — гаспадыня «Цёплага дома» ў Каменнай горцы (адзін са сталічных мікрараёнаў. — Аўт.). Гэта таксама адзін з праектаў нашай арганізацыі. Мінск — горад вялікі, і не ўсе маюць магчымасць прыехаць сюды, у цэнтр горада, дзе знаходзіцца, так бы мовіць, штаб-кватэра «Хэсэд-Рахамім». Таму ў розных раёнах горада былі арганізаваныя «Цёплыя дамы» — і людзі, якія жывуць непадалёк, часта маламабільныя, могуць прыйсці туды, пагутарыць з іншымі. Увогуле гэта звычайная кватэра, гаспадыня якой выказала жаданне прымаць у сябе такіх гасцей, і я — адна з такіх гаспадынь. Усяго ў Мінску такіх дамоў цяпер 17.

Нэла Акімава, 62 гады:

— Я сюды стала хадзіць нядаўна. Я засталася адна, без мужа, дачка з'ехала: моладзі трэба ўладкоўваць сваё жыццё... Вось мне суседка, ды і сяброўка таксама, параілі прыйсці ў гэтую арганізацыю. І я тут з усімі так пасябравала!

Калі мы ўсе разам ідзём у тэатр, то пасля спектакля часта не можам адно з адным расстацца. Ужо тысячу разоў скажам «да пабачэння» і «пакуль» — і ўсё роўна працягваем абмяркоўваць убачанае. Ідзём разам на прыпынак, там прапускаем транспарт і ўсё не можам нагаварыцца...

Гэта цікава

Міністр па адзіноце

Праблема адзіноты і ізаляцыі людзей у сучасным свеце набывае настолькі вялізныя маштабы, што пра барацьбу з гэтай з'явай пачынаюць ужо задумвацца ў самых высокіх эшалонах улады.

Летась у Вялікабрытаніі нават з'явіўся міністр па пытаннях адзіноты. Гэтая пасада была створана пры міністэрстве аховы здароўя і рэкамендавана парламенцкай камісіяй па пытаннях барацьбы з адзінотай (аказваецца, існуе і такая). Мяркуецца, што дзейнасць новага міністра засяродзіцца на пытаннях рознага кшталту падтрымкі як для пажылых людзей, так і для моладзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Дарэчы, следам за Вялікабрытаніяй заклікаюць прыняць меры па барацьбе з адзінотай і нямецкія палітыкі.

Бо дома ж размаўляць няма з кім. Я і сабачку ўжо завяла, і кот у мяне быў, але, вядома, гэта не заменіць зносін з людзьмі. А тут у мяне з'явілася столькі знаёмых! Усё гэта лета мы, напрыклад, ездзілі на экскурсіі па краіне.

Я жыву на вуліцы Мендзялеева, у нас тут у скверы недалёка ўсталявалі вулічныя трэнажоры. І я кожны раз, калі гуляю са сваім сабакам, мару, як мы, пенсіянеры, тут збяромся і пачнем займацца фізкультурай. Думаю пра тое, каб арганізаваць групу «Здаровы спосаб жыцця», каб усе ахвотныя прыязджалі сюды і мы разам тут займаліся на гэтых трэнажорах і гулялі. У нас непадалёк ёсць канал з качкамі, шмат птушак, побач Батанічны сад і парк Чалюскінцаў — так што маршрут вельмі прыгожы. Такія заняткі і прагулкі наогул можна арганізаваць у любым раёне, бо ў кожным з іх ёсць парк.

Карысны вопыт

Як атрымліваецца прыцягнуць і ўтрымаць валанцёраў?

З чаго пачынаецца праект «Пераадоленне адзіноты»? — Мы сустракаем адзінокіх людзей, якія прыйшлі да нас, і праводзім анкетаванне, знаёмімся з імі, — апавядае Ала Глякава, якая кіруе ініцыятыўнай групай праграмы «Пераадоленне адзіноты». — І гэта не сухая анкета, мы з чалавекам размаўляем не менш за гадзіну, і ён адчувае, што цікавы нам. Потым запрашаем яго на экскурсію ці на шпацыр і пры гэтым дамаўляемся з групай: вось гэтая жанчына ў нас новенькая, і мы будзем удзяляць ёй максімум увагі.

І мы проста атачаем яе ўвагай, што называецца, перадаём з рук на рукі! І чалавек, адчуваючы шчырую цікавасць да сябе, становіцца больш раскаваны, больш апавядае пра сябе. І мы пры гэтым бачым, што цікавага ён можа даць усім нам. Мы заўсёды кажам: у нас не так, што ўсе будуць нешта рабіць для цябе аднаго. Мы хочам ведаць: чым ты можаш дапамагчы ўсім нам? Можа, ты здольны нечаму нас навучыць або зрабіць штосьці? І калі ён хоць нешта зрабіў для ўсіх, тут мы ўжо шчыра выказваем яму сваю падзяку. Таму што адзінокі чалавек яшчэ больш мае патрэбу ў падзяцы і падтрымцы. Таму людзям хочацца рабіць усё больш і больш.

Я ўжо стала настолькі ініцыятыўная, што пачала знаёміцца з пенсіянерамі, якія жывуць у маім доме. У нас вялікі дом, 24 пад'езды, так што людзей шмат. І ў мяне нават нарадзілася ідэя напісаць аб'яву: «Дарагія бабулі і дзядулі! Выходзьце раніцай на сумесную прагулачку!» Я ўпэўнена, што знойдуцца ахвотныя далучыцца да мяне. А то ўсе сядзяць па сваіх кватэрах і тужаць, што дзецям-унукам з імі размаўляць няма калі, што тыя заўсёды занятыя, а яны — нікому не патрэбныя...

Жыццё працягваецца. Я, калі засталася адна, трохі патужыла, але цяпер ужо прыйшла ў сябе. І шмат у чым дзякуючы «Хэсэд-Рахаміму» і нашым чароўным жанчынам. Хочам яшчэ актывізаваць і мужчын, хоць іх і мала...

Наш каментарый

Ірына Рудзько, супрацоўнік грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім», каардынатар праграмы «Пераадоленне адзіноты»:

— Мы працуем па прынцыпе тэорыі сілы, якія ўдзяляе асаблівую ўвагу моцным і здаровым якасцям кожнай асобы. Мы лічым, што ў кожнага чалавека, нават калі ён мае нейкія слабасці, тым не менш ёсць і сіла, якая можа дазволіць яму быць актыўным, рабіць нешта на карысць іншых і тым самым дапамагаць сабе пераадольваць сваю адзіноту.

У рамках праграмы «Пераадоленне адзіноты» мы стварылі каманду — ініцыятыўную групу з дзевяці чалавек, валанцёраў, і спачатку працавалі з імі. Паралельна мы правялі падрабязнае анкетаванне людзей, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Апыталі больш за 300 чалавек! Далей — распрацавалі шэраг праектаў. Яны могуць мяняцца, адаптавацца пад рэальныя патрэбы людзей. Напрыклад, праект «Насустрач мастацтву» — наведванне тэатраў і іншых культурных устаноў, праект «Залатыя вакацыі», які прадугледжвае розныя экскурсіі, паездкі, сустрэчы з цікавымі людзьмі... І гэта ўсё — розныя кірункі работы ў рамках пераадолення адзіноты. Шмат хто кажа, што праект «Пераадоленне адзіноты» дапамог ім вярнуцца да іх звыклага жыцця, калі яны мелі сям'ю. Цяпер ролю сям'і ўзяла на сябе наша арганізацыя.

Вельмі радасна назіраць, як людзі, якія далучыліся да нас, ажываюць і становяцца актыўныя, самі пачынаюць праяўляць ініцыятыву, нешта арганізоўваць. Шмат у каго аказваюцца цікавыя ідэі. А самае галоўнае — што пажылыя людзі, якія далучыліся да нас, больш не адзінокія і ад гэтага ў іх жыцці з'яўляецца больш радасці. Яны не ў цяжар сваім дзецям, не ў цяжар дзяржаве. І працягваюць жыць з задавальненнем, а не з адчаем і чаканнем канца.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...