Вы тут

Глушэц — птушка 2020 года. Знаёмім з ім


Ад маразоў ён хаваецца ў сумётах, большую частку жыцця харчуецца выключна расліннай ежай і пастаянна страчвае свой востры слых падчас такавання. Знаёмцеся: птушка 2020 года па версіі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» — глушэц!


Глушца называюць своеасаблівым сімвалам беларускай прыроды, што і не дзіўна — гэта птушка проста заварожвае сваёй прыгажосцю. Вы толькі паглядзіце, якое ў яе цудоўнае апярэнне з адценнямі жоўтага, чырвонага, бурага і сіняга колераў, а на сонейку яно яшчэ і пераліваецца! Убачыць глушца ў жывой прыродзе марыць любы фатограф і аматар экатурызму. Аднак, на жаль, птушка яшчэ і жаданы трафей для паляўнічых. У гэтым плане яна даволі лёгкая здабыча, бо падчас такавання самцы так захапляюцца спевамі, што цалкам страчваюць слых. У такія перыяды глушцоў, надзвычай баязлівых у астатні час, можна злавіць нават голымі рукамі. Дзякуючы гэтай асаблівасці птушка і атрымала сваю назву. А вось самкі глушцоў не глухнуць, а яшчэ яны вельмі адрозніваюцца ад самцоў памерамі і колерам «адзення» — яно ў іх шэрае з рудым адценнем.

А вы ведалі?

— Глушэц (рус. глухарь) мае такую назву толькі ў рускай і беларускай мовах. У іншых краінах птушку называюць «лясная курыца» або «лясны конь», бо падчас выканання шлюбнай песні самец выдае гукі цокання капытоў.

— Каб ператравіць грубую раслінную ежу, глушэц глытае таксама маленькія каменьчыкі.

— З'яўленню выразу «глухі як цяцера» з-за асаблівасцяў слыху ў птушак «паспрыяў» цецярук — яшчэ адзін прадстаўнік сямейства цецеруковых.

Глушцы належаць да атрада Курападобных, сямейства цецеруковых. У Беларусі сустракаюцца два падвіды — сярэднярускі і заходнееўрапейскі. Вучоныя сцвярджаюць, што колькасць прадстаўнікоў першага ў нас стабільная, а вось другога засталося ўсяго 500—600 асобін па ўсёй краіне.

Чаму так адбылося? Справа ў тым, што гэта птушка вельмі пераборлівая. Селіцца яна выключна ў старых хвойных і змешаных лясах, куды рэдка прыходзіць чалавек. А гэтых лясоў засталося не так шмат, бо яны найбольш прывабныя для дрэваапрацоўчай прамысловасці. Таму ў Налібоцкай пушчы спрабуюць аднавіць папуляцыю глушца ў рамках праектаў ПРААН «Тарфянікі-2» і «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» пры падтрымцы Мінлясгаса і Мінпрыроды. І добрыя вынікі ўжо ёсць — нядаўна там нарадзіліся 16 птушанят.

Запомніце!

Ад астатніх прадстаўнікоў сямейства цецеруковых глушэц галоўным чынам адрозніваецца моцна акругленым хвастом і падоўжанымі пярынкамі на горле.

Цікава, што большую частку свайго жыцця глушцы з'яўляюцца вегетарыянцамі. Асабліва ім падабаецца яловая і хваёвая ігліца, брусніцы і чарніцы — гэтым і тлумачыцца іх любоў да старых лясоў. Жывёльнай ежай харчуюцца толькі птушаняты ў першыя дні свайго жыцця.

Дарэчы, глушцы не ўтвараюць пар, таму ўсімі «сямейнымі» справамі займаецца самка. Яна сама шукае месца для гнязда, адкладвае яйкі і цярпліва выседжвае іх. Самец жа пасля перыяду такавання пачынае ліняць і не можа з-за гэтага лётаць, таму хаваецца ў глухіх месцах лесу.

Бліжэй да восені глушцы нярэдка канцэнтруюцца каля верхавых балот з зараснікамі журавін, а з надыходам зімы перабіраюцца ў хвойнікі. Падчас замаразкаў птушкі пераходзяць да маларухомага спосабу, амаль увесь час праводзяць на дрэвах і харчуюцца ўсяго адзін (рэдка два) разы на дзень. Пры моцным снезе яны закопваюцца ў гурбах, як цецерукі.

Карына МАЛІНІНА

Загаловак у газеце: Глухі як цяцера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».