Вы тут

Прэзідэнт назваў галоўны прынцып абароны краіны


Ім з’яўляецца непрымальны ўрон для праціўніка

Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць яму матэрыялы і прапанаваць меры рэагавання на дзеянні па перакідцы брыгады амерыканскіх вайскоўцаў у Літву, да межаў Беларусі. Сёння аб выкананні загадаў Прэзідэнту даклалі міністр абароны Андрэй Раўкоў, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, начальнік галоўнага разведчага ўпраўлення Павел Ціханаў.


Лідар краіны ўважліва сачыў, як гэтыя падзеі ўспрымаюцца айчыннымі палітолагамі, экспертамі, журналістамі, якая рэакцыя ў грамадства. 

«Не скажу, што яна правільная (рэакцыя — Зв.), з майго пункту гледжання, — сказаў Прэзідэнт. — Паўтысячы дзесьці ваенных, да 600 чалавек, амерыканцаў, якія перакідваюцца да нашых межаў, 29-30 танкаў, бронетэхнікі, бронемашын і гэтак далей з усім персаналам, які спадарожнічае, — гэта, канечне, бронетанкавы кулак, тут не трэба памяншаць значэнне. Але 30 танкаў, 30 машын — гэта проста смешна супраць беларускай сённяшняй арміі».

Зыходзячы з даклада разведчага ўпраўлення, Прэзідэнт прааналізаваў дыслакацыю войскаў НАТА ў Заходняй Еўропе і ролю батальёна, якія перакідваюцца. Кіраўнік краіны пахваліў айчынных разведчыкаў, якія фіксуюць дзеянні на суседскай тэрыторыі — ад моманту выгрузкі батальёну ў латвійскім порце ў Рызе да руху да месца дыслакацыі. І адзначыў, што ў Беларусі маюць усе дадзеныя аб тым, што адбываецца каля нашых межаў.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў: «Мы ж чатыры мадэрнізацыі арміі правялі. І мы выдатна разумелі, якія „кулакі“ будуць створаны побач з нашымі межамі і з якім праціўнікам мы , крый Бог, зможам сутыкнуцца. Мы да гэтага рыхтаваліся».

Па словах Прэзідэнта, значна тое, што створаны прэцэдэнт: «Ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых межаў з-за акіяна не перакідваліся войскі. Ніколі такога не было, па-мойму, і ў Літве гэта ўпершыню».

Натуральна, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, што на такія дзеянні трэба адказваць. На яго думку, беларусы ўжо шмат наваяваліся ў сваёй гісторыі і старонка войнаў для нашага народу перагорнута. «Наша палітыка зразумелая, мы хочам, каб у гэтым рэгіёне і ў Еўропе ў цэлым, у нашым агульным доме , быў мір. Але бачна: камусьці не сядзіцца», — канстатаваў лідар дзяржавы.

Беларускі бок прымае і чуе міралюбівыя заявы еўрапейскіх, амерыканскіх палітыкаў і ваенных, але, памятаючы пра падзеі напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, «порах будзе трымаць сухім».

«На любыя акцыі падобнага чыну трэба адэкватна рэагаваць. Ніякага бразгання зброяй, ні ў якім разе, — запэўніў Прэзідэнт. — Мы не будзем тут фэйкі розныя выдаваць у сродках масавай інфармацыі, як гэта адбываецца ў некаторых „моцных“ свету. Нам гэтыя фэйкі непатрэбныя. Мы павінны дакладна сказаць людзям, як на гэта будзем рэагаваць і колькі гэта будзе каштаваць, і сваім супернікам таксама».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што амерыканская брыгада не ўяўляе значнай пагрозы нашым узброеным сілам і справіцца з імі магчыма нават мабільнымі дэсантна-штурмавымі падраздзяленнямі. «І не трэба прызываць увесь свет стаць на абарону Беларусі. Мы самі здольныя сябе абараніць», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Ён заўважыў, што ў выпадку сутыкнення ў пашпарты глядзець не будзем: «Хто супраць нас будзе ваяваць — амерыканцы, літоўцы, немцы ці яшчэ хтосьці, мы ў пашпарты глядзець не будзем».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь трымае на ўвазе не толькі гэтую перакідку сіл, але і будучыя вучэнні ў Літве «Абаронцы Еўропы-2020».

«Літоўцы павінны разумець, што адэкватныя адказы — гэта адно. Але ў нас дастаткова сіл і сродкаў, каб адказаць асіметрычна, як гэта прынята сёння ў палітыкаў казаць. Я хацеў б, каб літоўцы і Еўропа разумела, што Пабрадэ, дзе яны размяшчаюць гэтыя сілы, гэта ў некалькіх кіламетрах ад атамнай станцыі, таму трэба быць там паакуратней. Не дай Бог другі Чарнобыль, Еўропа гэтага не перажыве», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

На ахову атамнай станцыі паставілі цэлы полк супрацьпаветравай абароны з найноўшым узбраеннем (Тор-М2), прапанаваў лідар краіны падумаць і аб яе наземнай абароне.
Прэзідэнт паведаміў, што на абарону сваёй дзяржавы Беларусь не будзе шкадаваць грошай, але і трэба падыходзіць да гэтага з розумам. 

Галоўным нашым прынцыпам у абароне краіны з’яўляецца непрымальны ўрон для праціўніка.

«Усе павінны разумець, калі яны з намі збяруцца ваяваць, то мы будзем арыентавацца на тое, што мы можам нанесці гэтым праціўнікам, супернікам непрымальныя страты, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы як ваенныя людзі разумеем, што такое непрымальныя страты. Для гэтага ў нас таксама ёсць зброя».


«Сёння той накал па правядзенні вучэнняў на сумежнай тэрыторыі нашмат вышэйшы, чым быў, напрыклад, пяць гадоў таму»

Аперацыяй «Атлантычная рашучасць» у апошнія гады ўзмоцнена прысутніцтва сіл НАТА ў краінах Балтыі, Польшчы ў рамках супрацьстаяння з Расійскай Федэрацыяй амаль у 13 разоў, нарошчваецца матэрыяльная база — тэхніка, баепрыпасы. 

«Сёння той накал па правядзенні вучэнняў на сумежнай тэрыторыі, канечне, нашмат вышэйшы, чым быў, напрыклад, пяць гадоў таму, і мы таксама гэта адсочваем і прымаем адпаведныя меры супрацьдзеяння гэтым працэсам», — расказаў міністр абароны Андрэй Раўкоў.

На палігоне Пабрадэ, што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад нашай мяжы, ствараецца групоўка з дзвюх танкавых, дзвюх пехотных рот. 

Правядзенне вучэнняў на сумежных тэрыторыях патрабуе адпаведных мер і, па словах міністра, яны планавыя. Гэта, у першую чаргу, — работа радыёэлектроннай і радыётэхнічнай разведкі па адсочванні радыёсетак, работа па ўзмацненні дзяржаўнай мяжы разам з Дзяржаўным пагранічным камітэтам, практыка выканання задач ракетнымі вайскамі і артылерыяй у прыгранічнай зоне, працуе і Дзяржкамваенпрам над аснашчэннем узброеных сіл сучаснымі сродкамі.

«Правядзенне вучэнняў на гэтым палігоне, знаходжанне там танкавага батальёна, групіроўкі, створанай пад вучэнні „Абаронца Еўропы-2020“, не так страшна, але насцярожвае, што ідзе пастаяннае павелічэнне гэтага кантынгенту. Другое— нават мы, праводзячы вучэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, не трымаем там войскі па паўгода, як гэта прадугледжваецца на гэтым палігоне», — паведаміў міністр абароны.

Па выніках сустрэчы прыняты шэраг рашэнняў па нарошчванні сілаў па адэкватным рэагаванні на дзеянні групіроўкі на суседняй тэрыторыі. Гэта будуць меры па кантролі за ўзбраеннем, накіраванне інспекцыйных груп на сумежную тэрыторыю, узмацненне задач разведкі, дзяржаўнай мяжы, прысутнасці сухапутнага кантынгенту па накірунку Пабрадэ.

«Я ўпэўнены, што гэтыя меры, якія будуць праводзіцца, абсалютна адэкватныя тым мерапрыемствам, якія праводзяцца на суседняй тэрыторыі, і яны дазволяць нам рэагаваць і трымаць на пастаянным кантролі гэтую сітуацыю і абстаноўку», — канстатаваў Андрэй Раўкоў.

Па словах міністра, Узброеныя Сілы, займаючыся сваёй штодзённай дзейнасцю, змогуць забяспечыць мірную працу і абарону нашага народа.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».