Вы тут

Партнёры і сябры сустрэліся ў Жытоміры


Аляксандр Лукашэнка ў пачатку кастрычніка здзейсніў рабочы візіт ва Украіну, дзе ў горадзе Жытоміры прыняў удзел у II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама правёў перамовы з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Лідары дзвюх краін падрабязна абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва, абмяняліся думкамі па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.


Рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну журналісты і эксперты пачалі абмяркоўваць задоўга да яго пачатку. Усё ж такі гэта павінна быць першая асабістая сустрэча лідараў дзвюх краін. Прэзідэнт Беларусі яшчэ перад візітам на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ паабяцаў, што з Уладзімірам Зяленскім у яго будзе адкрытая, сумленная і шчырая размова. Прама Кіраўнік дзяржавы сказаў і пра нязменнасць палітыкі Мінска ў дачыненні да Кіева:

— Гэтая глыбокая вялікая ідэалогія заснавана на гісторыі, якую мы з вамі перажылі. Ды і цяпер нам няпроста. Усе праблемы, якія ёсць у нас і ў вас, мы перажываем разам. Хачу вас запэўніць: вы ніколі не мелі праблем з тэрыторыяй Беларусі і з Беларуссю, і вы ніколі не будзеце іх мець. Мы заўсёды будзем самымі добрымі ды надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнёрамі. І калі новая ўлада Украіны захоча мець з намі брацкія цесныя адносіны, за намі справа не стане. Усё, пра што мы дамовімся, будзе выконвацца. Хачу запэўніць, што мы свята будзем выконваць нашы дамоўленасці.

Зрэшты, пры ўсіх зменах на палітычным полі суседняй краіны вектар сяброўскага ўзаемадзеяння быў актуальны заўсёды і застаецца такім. Таму і сустрэчу на вышэйшым узроўні ў Жытоміры Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не лічыць знаёмствам двух лідараў:

— Нічога падобнага. Мы з вамі знаёмыя вельмі даўно. Праўда, завочна. Сёння мы сустракаемся тут сам-насам для таго, каб яшчэ раз зверыць гадзіннікі, прайсціся па парадку дня нашых адносін і дамовіцца. Нам гісторыя дала такі шанц: дамовіцца і выканаць дамовы на карысць нашых народаў.

Настойлівасць дасць вынік

Уладзімір Зяленскі сустракаў Прэзідэнта Беларусі ў аэрапорце Жытоміра асабіста. У дыпламатыі гэта знак асаблівай павагі. У тым, што абодва лідара з першых жа хвілін знойдуць агульную мову, ні ў кога не было сумневаў.

— Нашы краіны сапраўды не маюць межаў, — заявіў Прэзідэнт Украіны. — Я перш за ўсё кажу пра людзей. Нашы людзі дружныя, ментальна абсалютна блізкія. І я ганаруся, што ў нас такія добрыя адносіны.

Зносіны лідараў дзвюх краін у вузкім складзе працягвалася больш за дзве з паловай гадзіны. Калі Прэзідэнты выйшлі да членаў дэлегацый, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі распавялі пра некаторыя падрабязнасці размовы. У аснове двухбаковых адносін паміж краінамі, вядома ж, — эканоміка.

— Мы з вамі дамовіліся, што 5,5 мільярда або 6 мільярдаў у нас у гэтым годзе будзе таваразварот — гэта нішто, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Ваша прапанова, што мы можам дасягнуць і 10 мільярдаў. Больш за 8 было (у ранейшыя гады. — Аўт.). Галоўнае — не зацыклівацца на простым гандлі. Наша краіна гатовая інвеставаць і ствараць сумесныя прадпрыемствы ва Украіне па розных напрамках.

Прэзідэнты закранулі нават такія далікатныя галіны, як ракетабудаванне.

— Гэта не таму, што бразгаем зброяй, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вельмі шмат цяпер працуем над развіццём галіны ракетабудавання ў Беларусі. У нас не было такой вытворчасці, а ў вас яна ёсць. Мы вельмі зацікаўлены, каб вы нам у гэтым дапамаглі. Калі вы дапаможаце, мы свой праект рэалізуем, ужо сумесны, за паўтара-два гады.

Паводле слоў беларускага лідара, на сустрэчы абмяркоўваліся таксама іншыя пытанні, якія на слыху:

— Мы не ўтойваем. Мы і нафтапрадукты абмеркавалі, і перапрацоўку нафты, альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі нафты, і агульныя рынкі, і заводы, і капіталы… І электраэнергію пасля ўводу атамнай станцыі. Не буду казаць па цане. Ужо дамовіліся, як і дзе можам прадаваць. Вельмі шмат пытанняў.

Адна з найважнейшых тэм — аднаўленне суднаходства па Дняпры і развіццё партовай гаспадаркі. Прэзідэнт Беларусі нагадаў, як у час уборачнай кампаніі Украіна папрасіла паставіць больш дызпаліва і бензіну:

— Аказалася, вагонаў няма. Бочкі гэтыя збіралі з усяго свету, каб паставіць сюды. А была б дарога па Дняпры, Прыпяці — у нас наогул не было б праблем. І ў адваротным кірунку.

Дарэчы, крыху пазней на пленарным пасяджэнні форуму намеснік Прэмер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка растлумачыў, што пытанне пра аднаўленне суднаходства па Дняпры будзе вырашана ў бліжэйшы час.

Таксама Прэзідэнты не маглі абысці тэму ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Тым больш што за некалькі дзён да сустрэчы ў Жытоміры кантактная перамоўная група ў Мінску ўзгадніла так званую формулу Штайнмаера, зрабіўшы крок да чарговых перамоваў у «нармандскім фармаце» і да міру ва Украіне. Уладзімір Зяленскі падзякаваў Беларусі за прадастаўленне перамоўнай пляцоўкі ў Мінску, за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у паспяховым мірным урэгуляванні канфлікту ў Данбасе:

— Тая настойлівасць, якую праяўляе цяперашні Прэзідэнт па заканчэнні вайны, упэўнены, будзе мець поспех. Я не проста вам жадаю гэтага. Мы гатовыя разам нешта зрабіць для таго, каб Украіна была адзінай, цэласнай, магутнай, каб коса нават ніхто не змог сюды паглядзець. Гэта нашы прынцыпы.

Зрэшты, на перамовах гаворка ішла не толькі пра вялікую палітыку і эканоміку. Казалі нават пра магчымасць сумесных здымак кінастужкі. Бо ментальная агульнасць аб,ядноўвае людзей не горш за сумесны бізнес.

Арыенціры на перспектыву

Пакуль Прэзідэнты сустракаліся ў будынку Жытомірскай абласной адміністрацыі, непадалёк, метрах у 300, у абласным драмтэатры праходзіла пленарнае пасяджэнне Форуму рэгіёнаў. Там гучала нямала ідэй і прапаноў пра тое, як зрабіць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі яшчэ больш выгадным і карысным. Усё гэта было цікава, але бліжэй да абеду дзясяткі журналістаў сталі дружна ссоўвацца ў фае будынка на першы паверх. Усе чакалі прыезду Прэзідэнтаў. І ледзь Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі з’явіліся на парозе драмтэатра, як іх абступілі рэпарцёры з пытаннямі. Службе бяспекі абодвух лідараў у гэты момант заставалася толькі паспачуваць. Настойлівасць некаторых калегаў у спробе атрымаць інфармацыю проста зашкальвала. А хтосьці проста здавольваўся сэлфі з Прэзідэнтамі дзвюх краін. Кіраўнікі дзяржаў мужна вытрымалі гэты медыйны «штурм».

Крыху пазней, падышоўшы да мікрафону, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў журналістаў не рабіць сенсацыі з сустрэчы. Але пры тым падкрэсліў, што праведзеныя перамовы былі не проста асабістым знаёмствам, а сталі важным крокам да ўмацавання і развіцця даўніх адносін паміж дзяржавамі.

— Гэта было падобна на разборку завалаў, якія былі створаны за апошнія гады. На жаль, так здарылася, час выбраў нас, каб іх разграбаць. Мы сёння гэта пачалі рабіць. Час прадаставіў нам выдатны шанц зверыць гадзіннікі і расставіць арыенціры на перспектыву.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паміж абласцямі, раёнамі ды гарадамі дзвюх краін дзейнічаюць 120 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Яны дазваляюць на пастаяннай аснове забяспечваць развіццё эканамічных, гандлёвых, культурных і гуманітарных сувязяў. Маштабы гэтага ўзаемадзеяння дазволілі ў мінулым годзе правесці I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі. Вынікам праведзенага там дыялогу сталі камерцыйныя кантракты і пагадненні на суму больш чым 100 мільёнаў долараў. І калі міністр развіцця абшчын і тэрыторый Украіны Алёна Бабак паведаміла, што цяперашні форум прынёс больш чым паўмільярда долараў, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі дружна паднялі келіхі з вадой, якія стаялі побач, у якасці сімвалічнага тоста.

Па сутнасці, вынікі форуму гавораць пра яго запатрабаванасць. Адсюль і прапанова праводзіць такога роду мерапрыемствы не раз у два гады, а штогод. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі:

— Безумоўна, Украіна — адзін з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Толькі за мінулы год мы павялічылі таваразварот амаль на чвэрць, але гэта далёка не мяжа нашых магчымасцяў. Мы гатовыя весці перамовы пра павелічэнне паставак нафтапрадуктаў для ўкраінскіх прадпрыемстваў. У наступным трэба падтрымліваць сумесныя праекты ў гэтай галіне. Мы не хаваем тое, што мы сёння прапрацоўваем і альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з сусветных рынкаў. Большая частка перамоў была прысвечана гэтай тэме. Мы дамовіліся, што не проста будзем прапрацоўваць варыянты, а будзем непасрэдна дзейнічаць. Гэта цалкам натуральна, не накіравана супраць нейкіх іншых краін. Гэта наша неабходнасць. Калі хочаце — цяперашняя бяспека дзвюх дзяржаў.

У аснове — эканоміка

Сур’ёзныя перадумовы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, стварае адкрыццё ўкраінскага рынку электраэнергіі. Беларускі бок ужо заключыў некалькі камерцыйных кантрактаў на яе пастаўкі ва Украіну.

— З запускам Беларускай АЭС у 2020 годзе нам будзе вельмі цікавы досвед працы ўкраінскай атамнай энергетыкі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Геаграфічнае становішча дзвюх краін адкрывае добрыя магчымасці для лагістычнай сферы. Транзітную прывабнасць Украіны і Беларусі могуць узмацніць рачное суднаходства па Дняпры, Прыпяці, яго інтэграцыя ў міжнародны водны шлях, звярнуў увагу Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Зразумела, што гандаль — гэта дарога з двухбаковым рухам. Беларусь імпартуе ўкраінскі метал, сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю, кармавыя дабаўкі, лекі ды многае іншае. Шматмільярдны таваразварот паміж дзвюма краінамі фармуецца менавіта на месцах. Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтныя прыклады рэальнага эканамічнага супрацоўніцтва, у якое ўцягнутыя рэгіёны. Выгады відавочныя, а значыць, ёсць сэнс ствараць новыя сумесныя вытворчасці, разам выкарыстоўваць наяўны досвед, рэсурсы, кадры, навуковыя школы.

— Мы прапануем нашым украінскім сябрам, братам: давайце мы прыйдзем да вас з той тэхнікай, вытворчасцю, якой мы займаліся даўно, у тым ліку ў адной дзяржаве, і стваралі разам з вамі, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Усе рэспублікі Савецкага Саюза рабілі ўнёсак у стварэнне самалётабудавання ва Украіне, а трактарабудавання, сельгасмашынабудавання — у Беларусі. Давайце сёння ствараць гэтыя сумесныя прадпрыемствы. Мы прыйдзем з прадуктам, таварам і тэхналогіямі да вас і будзем развіваць тое, што ніколі ў вас не развівалася, але вельмі Украіне трэба. Гэта жытніца, яна карміла ўвесь Савецкі Саюз. І сёння вы атрымліваеце завоблачны валавы збор збожжа. Мне толькі што сказалі: 75 мільёнаў (тон. — Аўт.). Я да гэтага часу паверыць у тое не магу: каб Украіна ў гэты няпросты час сабрала такі ўраджай! Без трактара, без аўтамабіля, без камбайна гэта немагчыма. А вытворчасць іх — гэта было заўсёды ў нас. Мы гатовыя з вамі разам працаваць на гэтых прадпрыемствах, ствараць філіялы ва Украіне. І гэта нас будзе аб’ядноўваць. І палітыка, і дыпламатыя — добра. Але калі няма асновы ў выглядзе эканомікі, то не будзе гэтай цеснай дружбы і ўзаемнай прыхільнасці.

Магчыма, не ўсім такое цеснае сяброўства прыйдзецца па душы, і Аляксандр Лукашэнка сказаў пра гэта шчыра:

— Чым бліжэй і цясней мы будзем з вамі, чым радней будуць нашыя дзяржавы, чым згуртаваней, тым большы супраціў мы будзем адчуваць. Ніхто ніколі, як бы ні заяўлялі палітыкі вакол нас і ў свеце, не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць. На жаль, свет дзейнічае па прынцыпе «падзяляй і ўладар».

На гэтых словах у зале дружна заапладзіравалі. Трэба меркаваць, як мінімум сярод украінскіх удзельнікаў такой шчырасці мала хто чакаў. І Прэзідэнт нездарма выказаў здагадку, што некаторыя журналісты могуць пратлумачыць гэтыя заявы па-свойму. Маўляў, Беларусь і Украіна збіраюцца сябраваць супраць кагосьці.

— А вы не саромейцеся, — пажартаваў Уладзімір Зяленскі.

Аляксандр Лукашэнка «ў даўгу» не застаўся:

— Ну, Уладзімір Аляксандравіч, я вас за язык не цягнуў. Вы не думайце, што толькі там (на Усходзе. — Аўт.) нас будуць прэсаваць. Але і на Захадзе не вельмі гэта ўспрымуць. Мы ўсведамляем гэта з Прэзідэнтам (Украіны. — Аўт.). І гаварылі пра тое, калі вялі перамовы сам-насам. Гэты бар’ер мы поўныя рашучасці пераадолець. Мы добрыя людзі. Не жадаем супраць кагосьці сябраваць, супраць каго-небудзь ваяваць. Мы павінны быць моцнымі. Будзем ствараць сумесныя прадпрыемствы, прадаваць, гандляваць. Калі мы, украінцы і беларусы, у сябе зробім нешта сваё, значнае, сусветнага ўзроўню прадукт, тады да нас хутчэй прыйдуць, тады з намі будуць лічыцца. Інвестыцыі пойдуць да нас. Як сказаў ваш Прэзідэнт, мы яшчэ іншым дапамагчы зможам, калі гэта трэба будзе.

Уладзімір Зяленскі горача падтрымаў беларускага лідара, адзначыўшы важнасць мадэрнізацыі вытворчасцяў для агульнага выхаду на рынкі трэціх краін. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што вялікую ролю ў гэтым можа і павінна адыграць міжурадавая камісія. З украінскага боку яе склад абновіцца ў бліжэйшы час. Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі падтрымаў ідэю запуску беларускага тэлеканала ва Украіне. Бо чым больш аб’ектыўную і дакладную інфармацыю пра Беларусь будуць атрымліваць нашы суседзі, тым больш ахвотна да нас будуць прыходзіць інвестары.

Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў аб’яднаць намаганні не толькі ў эканоміцы. Чаму б не замахнуцца, скажам, на Алімпійскія гульні. Для дзвюх краін гэта пад сілу. Па словах Александра Лукашэнкі, асаблівае месца ва ўзаемаадносінах займае дыялог культур, пабудаваны на падставе блізкіх і зразумелых сэрцу кожнага беларуса і ўкраінца традыцый і духоўных каштоўнасцяў:

— Беларусь і Украіна — не проста суседзі. Нас звязваюць повязі, якія мацней любых самых эфектыўных эканамічных, дыпламатычных і культурных узаемаадносін. Гэта повязі крэўнай і духоўнай роднасці, повязі нашага славянскага адзінства. І сёння гэтыя сувязі падтрымліваюцца дзелавымі кантактамі, культурнымі і адукацыйнымі праектамі, турызмам, паездкамі да сяброў, сваякоў. Мы вельмі шануем нашыя адносіны і вельмі-вельмі высока цэнім дружбу паміж нашымі народамі.

Ёсць над чым працаваць

У другі дзень форуму ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў быў падпісаны пакет пагадненняў аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, міністэрствы замежных спраў Беларусі ды Украіны падпісалі план кансультацый на 2020–2021 гады.

Зацверджана праграма навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2019–2021 гады паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі ды Міністэрствам адукацыі і навукі Украіны. Брэсцкая вобласць заключыла пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з Валынскай і Закарпацкай абласцямі, Віцебская вобласць — з Вінніцкай, Чаркаскай і Адэскай. Гомельшчына будзе развіваць супрацоўніцтва з Жытомірскай вобласцю, а Гродзенскі аблвыканкам пашырыць узаемадзеянне з Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыяй. Пагаднення аб супрацоўніцтве з Мікалаеўскай вобласцю падпісаў Мінскі аблвыканкам, Магілёўская вобласць замацавала дамоўленасці аб супрацоўніцтве з Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласцямі.

Так што наперадзе ва ўсіх шмат спраў. А паказальнымі стануць менавіта вынікі праведзенай працы.

Васіль Харытонаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».