Вы тут

Штодзень у свеце больш за мільён чалавек заражаюцца венерычнымі хваробамі


Адпачынак, як той казаў, час курортных раманаў. На жаль, амаль кожны другі з іх мае працяг... у кабінеце венеролага. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штодзень на планеце адбываецца больш за мільён выпадкаў заражэння інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ). Вядома, што такім чынам можна «падхапіць» больш за 30 розных бактэрый, вірусаў і паразітаў. Паводле ацэнак, штогод фіксуецца 376 мільёнаў новых выпадкаў заражэння адной з чатырох інфекцый — хламідыёзам, ганарэяй, сіфілісам ці трыхаманіязам. Каля 50 працэнтаў насельніцтва хоць аднойчы хварэлі на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Як ІППШ нярэдка становяцца выпадковай знаходкай медыкаў, чаму ў нашай краіне істотна знізілася захваральнасць на сіфіліс, а таксама ў чым небяспека схаваных інфекцый, расказаў загадчык амбулаторна-дэрматавенералагічнага аддзялення № 4 Гарадскога клінічнага скурнавенералагічнага дыспансера Мінска Уладзімір Яроміч.


Фота носіць ілюстрацыйны характар. rufor.org

Выпадковая «знаходка»

— Уладзімір Іванавіч, калі лета — час адпачынкаў, то адпаведна восень — гарачая пара ў венеролагаў?

— Сапраўды, восенню пацыентаў крыху больш — хтосьці вяртаецца з адпачынкаў, нехта праходзіць медагляд. Але не настолькі, як было раней, бо цяпер адпачынак больш даступны ў розных краінах у любы час года, а не толькі летам.

— Беларусы прывозяць экзатычныя інфекцыі з экзатычных краін?

— Інфекцыі ўсюды аднолькавыя, проста ў некаторых краінах тыя ці іншыя захворванні, напрыклад сіфіліс, больш распаўсюджаны. І сіфіліс, і ганарэю прывозілі і з Тайланда, і з іншых краін.

— Якія інфекцыі распаўсюджаны ў нас?

— Як і раней, самая «злая» інфекцыя — сіфіліс, ганарэю мы таксама пакуль з рахункаў не спісваем. Але дамінуюць цяпер не класічныя венерычныя хваробы, а інфекцыі, што перадаюцца палавым шляхам і могуць працякаць (і даволі часта працякаюць) схавана. Гэта захворванні, якія выклікаюць хламідыі і mусорlаsmа gеnіtаlіum. Ёсць яшчэ ўмоўна-патагенныя інфекцыі — мікаплазмозы, якія ў пэўных сітуацыях могуць выклікаць тыя ці іншыя клінічныя праявы. Яны патрабуюць лячэння толькі ў пэўных сітуацыях. У норме гэтыя мікробы могуць прысутнічаць у арганізме ў мізэрнай колькасці. Умяшанне патрабуецца, калі іх колькасць сур'ёзна павялічваецца. На гэта могуць паўплываць пераахаладжэнне, перагрэў, стрэсавыя сітуацыі, наяўнасць цукровага дыябету, аперацыйнае ўмяшанне ці прыём лекавых сродкаў — прычын шмат. Часам пацыента прыводзяць да венеролагаў ці да гінеколагаў і ўролагаў нейкія скаргі. А нярэдка ІППШ выяўляецца як выпадковая знаходка, калі пацыент праходзіць абследаванне з іншай нагоды.

— Даводзілася чытаць, што хламідыёз ледзь не другая пасля грыпу па распаўсюджанасці інфекцыя...

— Гэта зусім не так. Бо, па-першае, перадаецца ён не так проста, як грып, калі чалавек чхнуў і пяць-шэсць навакольных могуць захварэць. Па-другое, дзякуючы нашай імуннай сістэме не заўсёды аднаразовы кантакт з заведама хворым партнёрам вядзе да заражэння. Рызыка — ад 20 да 80 працэнтаў. Гэта залежыць ад таго, якая інфекцыя, мужчына ці жанчына яе носьбіт і ад мноства іншых фактараў.

— Каму лягчэй перадаецца інфекцыя?

— Жанчыны рызыкуюць больш па прычыне анатама-фізіялагічнай будовы.

— Як распазнаць у сябе прыкметы інфекцыі?

— Ад 40  да 60 працэнтаў некаторых інфекцый першапачаткова могуць працякаць схавана і ніяк не праяўляць сябе даволі працяглы тэрмін — месяцы і нават гады. І будуць знойдзены выпадкова. Ёсць агульныя сімптомы, характэрныя для большасці захворванняў: высыпанні ці пачырваненні ў вобласці геніталій, павелічэнне рэгіянальных лімфатычных вузлоў, часцей за ўсё пахвінных, непрыемныя адчуванні падчас ці пасля мочаспускання, сверб, нетыповыя выдзяленні з мочапалавых органаў. У жанчын могуць быць боль унізе жывата, крывяністыя выдзяленні паміж месячнымі. Калі штосьці з названага з'явілася, гэта нагода пайсці да ўрача ці абследавацца ў медыцынскім цэнтры на ІППШ. Яшчэ адна нагода для абследавання — наяўнасць мноства палавых партнёраў.

— Пры сімптомах некаторыя вырашаюць проста папіць антыбіётык і не звяртацца да ўрача...

— Мікраарганізмаў мноства: прасцейшыя, мікробы, грыбы, вірусы. Антыбіётык уздзейнічае не на ўсіх узбуджальнікаў. Такім чынам інфекцыю можна прыглушыць, а не вылечыць. Акрамя таго, важна правільна падабраць не толькі прэпарат, але і дозу: разавую, сутачную і курсавую. А пасля заканчэння лячэння рэкамендуецца правесці кантроль. Калі першапачаткова не вызначана, што стала ўзбуджальнікам інфекцыі, то як кантраляваць гэта пасля лячэння? Таму няправільна самастойна прызначаць сабе антыбіётык. Ёсць метады прафілактыкі, аднаразовы прыём медыкаментаў пасля кантакту, так званая тэрапія адчаю. Але яе прызначае ўрач індывідуальна, пасля таго як ацэніць рызыкі.

— Як хутка ў такім выпадку трэба прыйсці на прыём?

— Чым раней, тым лепш. Праз тыдзень пасля кантакту гэта ўжо не мае ніякага сэнсу. У ідэале трэба звярнуцца ў першыя суткі. Прызначаецца некалькі прэпаратаў, бо трэба аказаць уздзеянне на некалькі магчымых узбуджальнікаў інфекцый. Таму гэта не метад для пастаяннага і тым больш для самастойнага карыстання.

— У якасці меры прафілактыкі пасля кантакту выкарыстоўваюць яшчэ і спрынцаванне антысептыкамі...

— Наконт гэтага таксама лепш звярнуцца да ўрача. У некаторых выпадках такі метад можа спрыяць таму, што інфекцыя распаўсюдзіцца глыбей. Важна не толькі правільна выбраць раствор, але і высветліць, ці падыходзіць сам метад. Бо гэтай працэдурай можна як дапамагчы, так і нашкодзіць.

Скрынінг стаў больш даступны

— Куды варта звяртацца, каб прайсці абследаванне на ІППШ? Ці можна гэта зрабіць не ў скурвендыспансеры, а ў паліклініцы?

— Цяпер скрынінг стаў больш даступны. Абследаванне можна прайсці ў паліклініцы па месцы жыхарства, у скурвендыспансеры ці прыватных медыцынскіх цэнтрах. Апошнія маюць ліцэнзіі, працуюць па вызначаных тэст-сістэмах. Ва ўролага ці гінеколага гэта таксама магчыма: робіцца забор матэрыялу, які затым адвозяць і даследуюць у лабараторыях. Але лепш звяртацца да ўрача-венеролага.

— У дзяржаўных установах такія аналізы платныя?

— Пэўны аб'ём абследаванняў выконваецца бясплатна. Ёсць клінічныя пратаколы, загады Міністэрства аховы здароўя і Камітэта аховы здароўя, яны вызначаюць катэгорыі пацыентаў і аб'ём медыцынскай дапамогі, які ім аказваецца бясплатна. Напрыклад, цяжарным жанчынам аднаразова праводзіцца бясплатны скрынінг на ўсе схаваныя інфекцыі. Абследаванні на ганарэю і сіфіліс падчас цяжарнасці праходзяць некалькі разоў, таксама за бюджэтны кошт. Пры наяўнасці пэўных іншых паталогій таксама некаторыя аналізы робяцца бясплатна. Ганарэя, сіфіліс, хламідыёз, мікаплазмоз, выкліканы mусорlаsmа gеnіtаlіum, — тыя хваробы, узбуджальнікі якіх з'яўляюцца патагеннымі для чалавека, і пры наяўнасці паказанняў (выдзяленні, павышэнне лейкацытаў, якія сведчаць пра запаленне, і іншага) яны выконваюцца бясплатна. Умоўна-патагенная флора вызначаецца толькі на платнай аснове.

— Аналіз на вірус папіломы чалавека, які, як вядома, выклікае ў жанчын рак шыйкі маткі, трэба рабіць за ўласныя сродкі?

— Ёсць пералік катэгорый і дыягназаў, пры якіх гэты аналіз робіцца бясплатна. Напрыклад, пры наяўнасці кандылом, пры дысплазіі шыйкі маткі, пацверджанай цыталагічна, для цяжарных жанчын. Калі паказанняў няма, то яго можна зрабіць за ўласныя сродкі.

— Ці можна вылечыць вірус папіломы чалавека?

— Спецыфічнага лячэння супраць яго не існуе. Ёсць метады карэкцыі, у тым ліку імуннай сістэмы. Калі яго выявілі, асабліва штамы высокай канцэрагеннай рызыкі, жанчына мусіць рэгулярна назірацца ў гінеколага і рабіць дадатковыя абследаванні.

— У невялікіх гарадах ці вёсках, дзе няма скурвендыспансераў, да якога ўрача трэба звяртацца?

— Калі няма дыспансера, у паліклініцы можа быць скурвенкабінет ці ўрач-дэрматавенеролаг. Калі няма такога спецыяліста, пацыента накіроўваюць на наступны ўзровень — міжраённы, абласны. Калі паказана абследаванне, хворы без яго не застанецца.

— Як часта трэба абследавацца?

— Усё гэта індывідуальна. Калі ў вас некалькі партнёраў, абследавацца варта сістэматычна. Калі ж вы ніколі не праходзілі абследаванне, то хоць бы самы просты скрынінг таксама трэба зрабіць. Усё залежыць ад ладу жыцця. Аб'ём абследавання прызначае ўрач, трэба спачатку прыйсці да яго на прыём, затым здаваць аналізы.

Перамагчы не ўдасца

— У чым небяспека схаваных інфекцый?

— Любы ачаг інфекцыі ў арганізме найперш уплывае на імунную сістэму. Ён здольны выклікаць абвастрэнне хранічных захворванняў. Таксама інфекцыя можа прыводзіць да хранічных хвароб органаў малога тазу ў жанчын, у тым ліку запаленчых, і выклікаць ускладненні аж да бясплоддзя. Згодна са статыстыкай, у нас кожны шосты шлюб бяздзетны. Прычыны гэтага працэнтаў на 25, а па некаторых звестках і да 40, звязаны з інфекцыяй, на якую хварэў ці хварэе адзін з палавых партнёраў.

— Якія інфекцыі найбольш небяспечныя?

— Усе тыя інфекцыі, якія выклікаюць мікраарганізмы, патагенныя для чалавека, у выпадку выяўлення патрабуюць лячэння. Безумоўна, венерычныя хваробы — сіфіліс і ганарэя — самыя небяспечныя. Яны ўваходзяць у пералік сацыяльна небяспечных захворванняў.

— Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у нашай краіне стаіць задача ўзяць пад кантроль тыя ж туберкулёз і ВІЧ. А перамагчы ганарэю і сіфіліс не атрымаецца?

— Цалкам пабароць інфекцыі не ўдасца. Яны існуюць ва ўсім свеце — у той ці іншай ступені выяўленасці. Але мы не на лідарскіх пазіцыях. Згодна з даследаваннем Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якое праводзілася з 2000-га да 2013 года, сярод 53 краін Еўрапейскага рэгіёну мы ўваходзілі ў пяцёрку лідараў толькі па папіломавірусе і ганарэі. Па тым жа сіфілісе Беларусь ужо тады не ўвайшла ў пяцёрку. Мы пастаянна змагаемся з гэтымі інфекцыямі, з кожным годам захваральнасць, асабліва на сіфіліс, усё ніжэй. Тры гады таму атрымалі ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сертыфікат аб ліквідаванні вертыкальнага (ад маці да дзіцяці) шляху перадачы гэтага захворвання. Яно застаецца на жорсткім кантролі: усіх хворых мы бяром на дыспансерны ўлік, назіраем, працуем з імі ад аднаго да некалькіх гадоў.

Дагэтуль у нас усе, хто трапляе ў любы стацыянар для аперацыйнага ўмяшання, праходзяць абследаванне на сіфіліс. Па клінічных паказаннях практычна ўсе абследуюцца на сіфіліс, гэтак жа як і пры найме на работу, падчас пярвічнага медагляду. Дзякуючы таму, што ў нашай краіне ўдалося захаваць сістэму татальнага скрынінгу, мы дасягнулі добрых вынікаў. У год мы маем усяго 70—80 выпадкаў. На сёння захваральнасць па Мінску складае 2,5 выпадку на 100 тысяч насельніцтва, прытым што ў 1996 годзе гэты паказчык складаў больш за 300 выпадкаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?