Вы тут

Перапісчыкі пачалі хадзіць па домагаспадарках. Паназіралі за працэсам


Для тых, хто скарыстаўся інтэрнэтам, перапіс насельніцтва ўжо закончыўся. Пэўная частка людзей схадзіла на перапісныя пункты і там пагутарыла са спецыялістамі. Але ж многія чакаюць, што да іх дадому завітае перапісчык. Мы прайшліся па вуліцах аграгарадка Яроміна, што ў Гомельскім раёне, разам з дзяўчынай мадэльнай знешнасці, перапісчыцай Крысцінай Краўцовай.


Заплечнік з бутэрбродамі і вадой, фірменная сумка з нататнікам, свістком і ліхтарыкам. Планшэт у руках. Бэйджык-пасведчанне на сіняй стужачцы на шыі. Усё па правілах. Нават абутак: ён зручны, без абцасаў.

Прагулку па вясковых вуліцах з рамантычнымі назвамі: Кляновая, Азёрная, Светлая... Крысціне дастаўся ўчастак, дзе ёсць пяціпавярховікі, але ж і прыватных дамоў хапае. Туды і крочым.

Першы дом за высокай бетоннай агароджай. Нясмелы стук у дзверы. Потым яшчэ і яшчэ раз. Стаім некалькі хвілін і прыслухоўваемся, ці ёсць хоць бы нейкі водгук. Дарэмна. Ідзём да дома насупраць. І тут нас не чуюць, не чакаюць. Такім чынам, прабягаем усю вуліцу. Безвынікова. На гадзінніку — 17.00, і мы робім высновы, што яшчэ ўсе на рабоце.

— О, дзесьці чутна мелодыя, — радуецца Крысціна, і мы хуценька накіроўваемся на гук.

Высвятляецца, рабочыя-будаўнікі аднаго з будучых дамоў, каб працаваць весялей, уключылі музыку. Гаспадароў няма. Значыць, і тут мы дарэмна. Ужо на вуліцы Светлай ля будоўлі сустракаем двух мужчын у рабочым адзенні, старэйшага і маладзейшага. Відаць, бацька з сынам. Яны кажуць, што дом іх тут толькі будуецца, ніхто ў ім пакуль не зарэгістраваны, а перапіс пройдуць па месцы жыхарства.

Частка сядзіб, каля якіх мы праходзім, яшчэ да канца не ўладкаваны. Дзесці бачны ўжо газоны і альпійскія горкі, а дзесьці рэшткі будматэрыялаў і смецце. І паўсюдна вялізныя сабакі.

Пад сабачы хор амаль у адчаі мы падыходзім да наступнага дома, дзе адчынены вароты. Сталы мужчына з сякерай глядзіць на бэйджык, планшэт, сумку з лагатыпам і адпраўляе нас да жонкі. Рукой паказвае напрамак:

— Яна вам усё раскажа!

Сціпла чакаем, пакуль жанчына вылезе са склепа. Яна вітаецца, але калі бачыць камеру, катэгарычна адмаўляецца фатаграфавацца. Яе права. Крысціна задае пытанні па вызначаным спісе, адказы на якія не выклікаюць праблем. На пытанне — плошча дома — гаспадыня адказвае:

— Дом 130 квадратаў, але напішыце 100.

На пытанне «Ці плануеце вы з'ехаць з Беларусі» — выразны погляд і ўсмешка: а як вы думаеце? Размова заходзіць пра родную мову. Жанчына, якая родам з Чачэрскага раёна, адказвае:

— Мясцовая.

Крысціна ў планшэце знаходзіць: «Іншая» і далей па спісе выбірае «беларуска-руская». Жанчына з такім варыянтам згаджаецца. Тое ж пытанне датычыцца і яе сужэнца. У гэтым выпадку пенсіянерка дадае:

— Пішыце беларуска-руская і тая, на якой ён лаецца.

— Такога ў нас няма, — бянтэжыцца юная дзяўчына.

— Трэба і гэта прапісаць, — адказвае гаспадыня і нечакана ўспамінае, што ёй самой у далёкім 1989 годзе прыйшлося папрацаваць перапісчыцай: «Цяпер лёгка рабіць перапіс. А мы спачатку хадзілі па людзях і апытвалі іх: «Калі да вас можна прыйсці?». Нам называлі дату. Мы яе запісвалі, а потым прыходзілі. Аднойчы прыйшлі — а людзі сядзяць у кватэрах пры лямпах газавых. Святло раптам адключылі ў пяціпавярховіках. Мы ўсё роўна запісвалі інфармацыю на апытальныя лісты. А вам цяпер добра — ёсць сучасная тэхніка».

На гэтым і развітваемся. Далей на вуліцы сустракаем маладога мужчыну спартыўнага целаскладу з дзяўчынкай. Ён адназначна выйшаў з нейкага дома, дзе адказам на наш грукат была цішыня. Мы спрабуем яго разгаварыць, але ён кажа, што спяшаецца — вядзе дачку на трэніроўку. Нельга яму не верыць — зусім побач знаходзіцца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Гомельскага раёна. Літаральна ля кожнага дома перапісчыца звярае адрас і робіць пазнаку. Часам гаворыць:

— Так, гэтыя гаспадары перапісаліся па інтэрнэце.

За чарговай брамай ужо на вуліцы Азёрнай чуем сабачы брэх, дзверы адчыняюцца, ветлівая жанчына запрашае ў двор і аддае загад:

— Малыш, у будку!

Паўтараметровы кудлаты Малыш нязгодны з прыгаворам аб зняволенні, але ж на час змаўкае. Пачынаюцца знаёмыя пытанні, на якія гаспадыня дома адказвае ўпэўнена. Пры гэтым праз плячо заглядвае ў планшэт і правярае, ці ўсё пазначыла перапісчыца так, як яна кажа. Калі даходзім да памераў дома, па мясцовай традыцыі гаворыць:

— Дом у прыватнай уласнасці. 120 метраў квадратных, але пішыце — 100. І дрэў пішыце меней, а то людзі кажуць, што за кожны куст трэба будзе плаціць. У 50-я гады за кожную галаву жывёлы ж плацілі. У нашым жыцці ўсё можа быць.

Калі ўжо гутарка завершана, Крысціна прыгадвае, як праходзіў напярэдадні перапіс на адным з мясцовых прадпрыемстваў, куды перапісчыкі прыехалі ў складзе мабільнай групы:

— Мы, чатыры перапісчыкі — за адным сталом. Сеў да мяне мужчына, мы пачалі размаўляць. Калі размова зайшла пра колькасць дрэў, кустоўя на яго ўчастку, ён натуральна спалохаўся. Спытаў: «Вы з падатковай? Я не буду на такія пытанні адказваць. Пішыце паўсюль — «нуль». І гэта нягледзячы на пасведчанні і іншыя атрыбуты перапісчыка. Так і не паверыў.

Ужо пачынае цямнець і мы, прайшоўшы тры вуліцы і перапісаўшы два домаўладанні, вырашаем, што трэба на сёння заканчваць. Больш толку будзе, калі прыйсці сюды ў выхадныя дні.

Між тым і ў будныя Крысціна, як і іншыя перапісчыкі, зазірне ў кожны дом па тры разы. Калі ніхто так і не адчыніць, інфармацыю пра такія домаўладанні перадасць на перапісны ўчастак. Яшчэ мы шкадуем, што няма ў нас фітнес-браслетаў — каб праверыць, ці прайшлі за дзень неабходныя восем тысяч крокаў. Крысціна дзеліцца сваімі ўражаннямі.

— Увогуле людзі добразычлівыя. Проста складана іх застаць дома. Толькі вечарам трэба падыходзіць ці ў выхадныя. Некаторыя нават хочуць пагаманіць на іншыя тэмы. Адна жанчына на пытанне «адкуль прыехала ў Беларусь»  адказала, што з Казахстана і пачала здалёк расказваць сваю біяграфію. Людзям цікава пагутарыць. Яны не баяцца, што да іх чужы чалавек звярнуўся. Час ад часу прапануюць паесці, але я не згаджаюся.

Загадчыца стацыянарнага перапіснога ўчастка № 5 па аграгарадку Яроміна Тамара БЯРОЗКІНА расказала, што да ўдзелу ў перапісе прыцягнуты 17 чалавек. Большасць з іх — маладыя людзі 25—35 гадоў, якія працуюць у галіне адукацыі або культуры.

— Да нашага перапіснога ўчастка аднесена тры сельсаветы: Яромінскі, Бальшавіцкі, Пакалюбіцкі. У нас працуе два стацыянарныя пункты перапісу. Мы імкнёмся максімальна даступна фармуляваць тыя пытанні, якія ёсць у анкеце для апытання. У нас ёсць сацыяльна небяспечныя грамадзяне, да якіх пойдзем толькі разам з праваахоўнікамі. Напярэдадні мабільныя групы перапісалі людзей у бальніцы сястрынскага догляду ў пасёлку Бальшавік, на прадпрыемстве «Агракамплект» і ў агракамбінаце «Паўднёвы».

Як расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення — начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Вольга СЕМЕНЧУКОВА, на Гомельшчыне спосаб перапісу па інтэрнэце выкарысталі 233 858 чалавек, ці 16,6 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Самую вялікую актыўнасць у анлайн-перапісе прадэманстравалі жыхары Чачэрскага (35,5 %), Брагінскага (28 %), Нараўлянскага (27,9 %) раёнаў.

Да 30 кастрычніка ўсё яшчэ можна прыняць удзел у перапісе насельніцтва: чакаць перапісчыка дома або самому прыйсці на стацыянарны ўчастак. У гарадах участкі працуюць з 9.00 да 20.00, у сельскіх населеных пунктах — з 9.00 да 19.00.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Перапісчыка чакалі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.