Вы тут

Водар лаванды


Найдаражэйшы сувенір (souvenіr — з французскай: успамін).

Прачытала сёння ў стужцы навін: на поўдні Францыі пасля ліўняў прыпынены чыгуначны рух, бо там вада пашкодзіла чыгуначныя платформы. З Тулузы да Манпелье па рэйках не даедзеш... Цяжка такое ўявіць, бо ў ліпені каля Манпелье бушавалі лясныя пажары і іх доўга не маглі патушыць, было вельмі горача і вельмі суха. Вецер прыносіў дым і ў ваколіцы зусім недалёкага Авіньёна, і мы трывожна прынюхваліся, рыхтуючыся, калі што, хапаць рэчы і бегчы да машыны. Але чарговы парыў ветру зносіў трывожны пах, і зноў у паветры пахла цяплом, спакоем і лавандай.


Фота: goodfon.ru

Як я апынулася ў мінулым ліпені там, дзе апынулася? На авантуру яшчэ ў лютым падбілі берлінскія сябры, якія патэлефанавалі і проста так сказалі: «А паехалі з намі ўлетку ў Праванс!» За акном было цёмна і завывала мяцеліца, да лета здавалася яшчэ так доўга, таму я легкадумна адказала: «Паехалі!» «Добра, тады заказваем білеты...» Дні, тыдні і месяцы праляцелі, як заўсёды, незаўважна, і вось я ўжо ляцела на самалёце ў Берлін, пасля мы на цягніку ехалі да Франкфурта-на-Майне, там перасаджваліся на іншы цягнік да Фрайбурга. У гэтым горадзе на мяжы са Швейцарыяй нас чакаў ужо пракатны аўтамабіль (заказаны, як і ўсё астатняе, у лютым). На ім мы і рушылі далей — паўз Шварцвальд (славуты Чорны Лес — горны масіў, спрэс парослы цёмнымі соснамі) у Швейцарыю. Заехалі ў Лазану, паелі свае ссабойкі на беразе блакітнага-блакітнага, бы перавернутага неба, Жэнеўскага возера, палюбаваліся здалёк на Альпы — і зноў у дарогу. Шлях быў няблізкі: да доміка ў гарах, які нам па смешнай цане (чатырыста еўра за дзесяць дзён) здаў дзядзька майго нямецкага кума, пераадолець трэба было ні многа ні мала васямсот кіламетраў. І зрабіць мы гэта пастанавілі для сябе за адзін дзень без прыпынку на начлег.

Ехалі больш нідзе не спыняючыся і вельмі хутка — на еўрапейскіх аўтабанах усе імчаць 130—150 кіламетраў у гадзіну, і павольней ты ехаць проста не можаш, інакш вывалішся з патоку. Толькі ў даволі доўгіх тунэлях — ехалі праз Ансі і Грэнобль, па самым краёчку Альпаў — стаялі абмежавальныя знакі на 70—80 кіламетраў. На месца прызначэння прыехалі апоўначы, разгледзець штосьці вакол было праблематычна, бо якраз у тую ноч было месячнае зацьменне, і поўня ператварылася ў вузенькі серпік. Затое водар быў проста фантастычны — лаванды і цім'яну, нагрэтых шчодрым паўднёвым сонцам, і ён увесь час, колькі там былі, лунаў у паветры, не становячыся слабейшым ні на хвіліну...

Гэты пах, а яшчэ «шчабятанне» цыкад, якія змаўкалі толькі на ноч, на працягу дзесяці дзён сапраўды быў неад'емнай часткай нечаканых праванскіх канікул. Лавандавыя палі ў сярэдзіне ліпеня ўжо былі не такія яркія, як на карцінах ван Гога, але водар ад гэтага меншы не станавіўся. Ён напаўняў усе вуліцы старажытнага Авіньёна, прабіваўся нават праз вірлівы натоўп людзей — там якраз праходзіў міжнародны тэатральны фестываль, рух быў перакрыты, шматлікія імпрэзы ладзіліся проста на праезнай частцы. Не губляўся ён і на вялізнай адкрытай прасторы каля папскага палаца (у XІV стагоддзі спачатку ў Авіньён з Рыма была перанесена папская рэзідэнцыя, пазней тут засядалі «антыпапы» — сапернікі рымскіх). У шыкоўным папскім садзе, дзе растуць таўшчэзныя раскідзістыя хвоі і беластволыя платаны, ён змешваўся з водарам паўднёвых фруктаў, але ўсё роўна танюткім шлейфам нёсся следам, і ад гэтага было легкадумна, і весела, і бесклапотна...

Ён імчаў за намі па ўсіх нашых паездках у маленькія гарадкі з дзіўнымі назвамі (правансальскі дыялект адрозніваецца ад літаратурнай французскай, прычым даволі значна). Цягнуўся ўслед па вялікім шматлюдным кірмашы ў Іль сюр ля Сорг, дзе ў нядзелю набярэжная ракі Сорг становіцца гандлёвымі радамі, на якіх прадаецца ўсё — ад квяцістых (па мясцовай модзе) лёгкіх сукенак да драўлянага посуду з алівы і самаробнага (канешне ж — лавандавага!) мыла, а па самой рацэ ладзіцца заплыў на байдарках, і да кірмашовага гулу дадаюцца крыкі заўзятараў. Лунаў над дзівоснымі карцінамі ў Карпантра — там у гэты час праходзіў фестываль гарадскога мастацтва, і больш чым чатырыста палотнаў, намаляваных у абсалютна розных жанрах, былі развешаныя над вуліцамі паміж дамамі — здалёк спачатку здалося, што сохнуць стракатыя прасціны. Лавандай пахла і ў старым доме Настрадамуса ў Салон дэ Праванс, дзе вядомы астролаг і прадказальнік жыў і пісаў на ўжо згаданым правансальскім дыялекце свае славутыя «Цэнтурыі». Цяпер у доме, які захаваўся з ХVІ стагоддзя, — адмысловы музей, дзе сцены каля лесвіцы — наскрозь з трэцяга да першага паверха — завешаныя вялізнымі аркушамі з тэкстам тых самых «Цэнтурый», і каля іх можна «завіснуць» надоўга, стараючыся ў старажытных малазразумелых словах знайсці штосьці лёсавызначальнае для сябе.

Водар лаванды адчуваўся і каля вады — здавалася, гайдаецца на хвалях Міжземнага мора на «апендыксе» Лазурнага берага, выліваецца разам з хвалямі Сорга ў Фантэн дэ Ваклюз — выток ракі знаходзіцца ў глыбокай горнай пячоры. Калі садзілася сонца і разагрэтая зямля пакрысе астывала, ён станавіўся яшчэ мацнейшы, прасочваўся праз аканіцы ў нашай хаціне, закалыхваў і люляў усю ноч на салодкіх духмяных хвалях...

Я прывезла яго з сабой — у невялікім высушаным букеціку, які, нічым не прыкметны, ляжыць на камодзе. Паказваю яго гасцям, калі пытаюцца, што я прывезла з Францыі. Многія глядзяць на засушаныя шэранькія з успамінам аб фіялетавым кветкі з расчараваннем — чакалі ж, што буду хваліцца адзеннем ці касметыкай. Магчыма, у іх яшчэ толькі наперадзе разуменне, што не гэта — галоўнае і ў падарожжах, дый увогуле ў жыцці...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».