Вы тут

Якія змяненні чакаюць «ЯСНАе TV»


Месяц таму кампанія «Белтэлекам» абвясціла аб запуску ўласнага тэлеканала «ЯСНАе TV», створанага на аснове «Мінск TV». Абяцалі следам за новай назвай і графічнай «упакоўкай» змяніць і напаўненне — ды праз месяц вяшчання, прааналізаваўшы рэйтынгі і водгукі, вызначыліся з асноўнымі пераменамі і новымі кірункамі, якія могуць зацікавіць гледачоў.


«Трэнд па выхадзе тэлекамунікацыйных кампаній і інтэрнэт-гігантаў на рынак сродкаў масавай інфармацыі прасочваецца сёння ў многіх краінах свету, — зазначае намеснік дырэктара РУП «Белтэлекам» па камерцыйных пытаннях Сяргей Туромша. — Бо гэта не толькі патэнцыйны пункт росту фінансавых паказчыкаў, але і перспектыўная пляцоўка для прасоўвання новых кірункаў развіцця, падтрымання канкурэнтаздольнасці традыцыйных сэрвісаў і паслуг». Таму ёсць у канала амбіцыйная ідэя, якую творчая каманда плануе рэалізаваць уласнымі сіламі, — праграмы, што пазнаёмяць аўдыторыю з сучаснымі ІТ-трэндамі, стартапамі, перспектыўнымі тэхналогіямі, даступна і карысна прадставяць высокія тэхналогіі ў канкрэтных прадуктах, імёнах і асобах.

Каб не вынаходзіць з нуля ровар, захаваюць тут і традыцыйны кантэнт, у прыватнасці, спартыўныя трансляцыі, якія ўжо даказалі сваю запатрабаванасць у заўзятараў — трансляцыі ўсіх матчаў чэмпіянату Беларусі па футболе, а таксама супрацьстаянні «Парыматч-Экстралігі» ў верасні—кастрычніку сабралі каля экранаў значную аўдыторыю. Хутка ў сетцы вяшчання з'явяцца новыя спартыўныя турніры — у планах 8-гадзінная трансляцыя турніру па Соuntеr Strіkе, асвятленне іншых дысцыплін кіберспорту, падпісана партнёрскае пагадненне з Беларускай федэрацыяй хакея, ёсць задумы наконт паказу гандбола і валейбола. А каб глядзець спаборніцтвы было цікавей, на тэлеканале збіраюцца «вырошчваць» уласных каментатараў і запрашаць у госці экспертаў, у тым ліку для стварэння штотыднёвай аналітычнай спартыўнай праграмы.

Яшчэ адзін «кіт», на якім трымаюцца рэйтынгі і ад якога не збіраецца адмаўляцца новая каманда — сямейныя каштоўнасці і праекты, здольныя сабраць каля экрана ўсю сям'ю (гаворка ідзе перадусім пра мастацкае кіно і серыялы, мультфільмы, магчыма, канцэртныя праграмы). «Мы ўжо бачым, што стаўка на блокбастары спрацавала, — гаворыць Сяргей Туромша, спасылаючыся на лічбы за першы тыдзень эфіру «ЯСНАга TV», — самым гледжаным стаў фільм «Таксі», аўдыторыя самага папулярнага футбольнага матча «Нёман» — «Дынама» (Брэст) склала 80 % ад аўдыторыі фільма, самы папулярны хакейны матч сабраў прыкладна 70 % ад аўдыторыі фільма. Далейшыя кірункі будзем намацваць, удасканальвацца, бо відавочна, што ў рознай аўдыторыі розныя перавагі — старэйшаму пакаленню падабаецца добрая савецкая класіка, хатнія гаспадыні з большай ахвотай выберуць меладрамы і серыялы, а падлеткі наогул глядзяць цікавае ім кіно ў планшэтах і гаджэтах. Калісьці рэкорды папулярнасці біў маладзёжны серыял «Элен і рабяты» — спадзяюся, і сучаснай моладзі мы таксама дапаможам знайсці на кнопцы «ЯСНАе TV» сваіх «Элен і рабят».

24-гадзіннае вяшчанне ў фармаце FULL HD і дасяжнасць праз 26 кабельных аператараў (прычым колькасць дагавораў аб трансляцыі «Белтэлекам» спадзяецца істотна павялічыць). Сярод іншых асаблівасцяў тэлеканала — адсутнасць службы навін і ўвогуле інфармацыйнага вяшчання. Як заўважае галоўны рэдактар «ЯСНАга TV» Марыя Арабчык, канкурыраваць на гэтым полі з вядучымі гульцамі, рэспубліканскімі каналамі, не мае сэнсу: «Затое перад грандамі ў нас ёсць перавага, мы толькі пачынаем, шукаем сваю нішу, таму не абмежаваныя ніякімі рамкамі і фарматамі. Наша каманда толькі фарміруецца, і мы гатовыя прыняць усе крэатыўныя ідэі і прапановы, даць ім старт і развіваць». Прапанаваць супрацоўніцтва могуць і прадстаўнікі сталіцы, і рэгіянальныя каналы, творчыя суполкі і асобныя журналісты і блогеры, якім блізкая тэматыка канала. На тое, каб заваяваць сімпатыі аўдыторыі і павысіць лічбы прагляду, кіраўніцтва адводзіць год.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота прэс-службы Белтэлекама

Загаловак у газеце: «ЯСНАе TV»: хто на новенькага?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».