Вы тут

Тэхналогіі фарміруюць будучыню


Ці здольныя звычайныя гандлёвыя зносіны забяспечыць патрэбу ў далейшым развіцці беларуска-японскага супрацоўніцтва?

У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея Рахманава з кіраўнікамі японскіх кампаній.


Традыцыйна тавараабарот паміж Беларуссю і Японіяй вымяраецца некалькімі сотнямі мільёнаў долараў — гэта няшмат, улічваючы магчымасці абедзвюх краін. Так адбываецца перш за ўсё з-за таго, што Японія не з'яўляецца прэміяльным рынкам для нашай прадукцыі (фактар адлегласці ніхто не скідвае з рахункаў, ды і высокую канкурэнцыю таксама). Таму гэтую краіну неабходна ўспрымаць як крыніцу тэхналогій. І прыклады пераймання высокіх тэхналогій ужо з'яўляюцца. Як паведаміў Сяргей Рахманаў, пачалася рэалізацыя дастаткова цікавага інвестыцыйнага праекта з удзелам японскай карпарацыі на Беларускім металургічным заводзе, які датычыцца нарэзкі труб:

— У гэтым выпадку інвестыцыі невялікія, але калі будзе створана вытворчасць у Беларусі, мы зможам прадаваць канчатковы, а не прамежкавы прадукт з высокай дабаўленай вартасцю, — лічыць сенатар.

Перайманне тэхналогій і, адпаведна, павелічэнне канкурэнтаздольнасці вырабляемай прадукцыі паўплывае, між іншым, і на рост экспарту ў трэція краіны. Так і трэба дзейнічаць, пераходзячы ад звычайнага гандлю да прамысловай кааперацыі і рэалізацыі сумесных праектаў. І гэта дасць свой станоўчы эфект.

Дарэчы, беларускаму боку таксама ёсць што прапанаваць японскаму бізнесу: напрыклад, праекты ў сферы ІТ, штучнага інтэлекту, вялікіх баз даных, а таксама іншых тэхналогій, якімі мы валодаем.

Акрамя таго, Японія праяўляе цікавасць да напрацовак у сферы сельгасвытворчасці: гэтая краіна толькі на 40 % забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, астатняе прыпадае на долю імпарту. Беларускі бок гатовы падзяліцца сваімі дасягненнямі, напрыклад, зараз разглядаецца варыянт перадачы тэхналогій на ўзаемавыгадных умовах па вырошчванні высакарослых буякоў.

Генеральны дырэктар японска-беларускай Асацыяцыі па развіцці гандлёвага і прамысловага супрацоўніцтва Міцусіта Чыкахіта пацвердзіў зацікаўленасць сваіх калег у рэалізацыі сумесных праектаў і далейшым развіцці ўзаемавыгадных адносін.

— Адзін з праектаў, які мы б хацелі прапанаваць у Беларусі, датычыцца дамоў састарэлых (такіх зараз у Японіі шмат) — гэта сэрвіс, які аб'ядноўвае сацыяльныя паслугі разам з абслугоўваннем у гэтых дамах, — паведаміў ён.

На думку Сяргея Рахманава, самае галоўнае — добрая дынаміка двухбаковых адосін, вынікам якіх стала павышэнне статусу пасольства Японіі ў Беларусі і прызначэнне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў нашу краіну. Добры знак для далейшага ўмацавання сувязяў.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Вiдавочна, што пакуль былi зачыненыя музеi, гледачы засумавалi па «жывой» сустрэчы з карцiнамi.

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.