Вы тут

Праект новай рэдакцыі Закона «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» прадставяць на сесіі Савета Рэспублікі


Праект новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» будзе прадстаўлены на чарговай сесіі Савета Рэспублікі. Напярэдадні разгляду навацый верхняй палатай парламента асноўныя палажэнні абмяркоўваліся на нарадзе пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова.


У нарадзе таксама ўзялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Рыбак, намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Дзмітрый Барташэвіч, прадстаўнікі Дзяржкамітэта па стандартызацыі, РУП «Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі», сакратарыята Савета Рэспублікі.

Неабходнасць унясення паправак у дзеючае заканадаўства прадыктаваная ў першую чаргу правядзеннем узгодненай палітыкі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і выкананнем агульных патрабаванняў у метралогіі, устаноўленых для ўсіх дзяржаў — удзельніц ЕАЭС.

— Прымаючы гэты праект закона, з аднаго боку, мы ўдасканальваем наша заканадаўства з улікам практыкі прымянення і выконваем нашы абавязацельствы па Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, падпісаным у Астане ў 2014 годзе. З другога, гарантуем абарону правоў і інтарэсаў нашых грамадзян і юрыдычных асоб, — адзначыў Аляксандр Папкоў, аналізуючы прадстаўленую спецыялістамі Дзяржстандарту абноўленую рэдакцыю законапраекта.

Дзеянне Закона «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» накіравана ў першую чаргу на забеспячэнне бяспекі прадукцыі, што выпускаецца на рынак, абарону грамадзян ад недакладных вынікаў вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў розных сферах грамадскага жыцця — ахове здароўя, ахове навакольнага асяроддзя, у гандлі, у разліках за спажытыя газ, ваду, электраэнергію ці за аб'ём аказаных паслуг. Для гэтага ствараюцца абавязковыя патрабаванні ў выглядзе тэхнічных рэгламентаў.

Новая рэдакцыя закона прадугледжвае ўзаемнае прызнанне работ па забеспячэнні адзінства вымярэнняў у адпаведнасці як з правам ЕАЭС, так і з іншымі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Таксама замацоўваецца норма аб неабходнасці фарміравання метралагічных службаў дзяржаўных органаў або ў структуры падпарадкаваных арганізацый па каардынацыі дзейнасці па забеспячэнні адзінства вымярэнняў.

Для падтрымкі гэтага працэсу законапраектам у якасці інструмента прадугледжаны новы від дзейнасці — метралагічны аўдыт, які ў выглядзе добраахвотнай працэдуры могуць выкарыстоўваць прадпрыемствы і арганізацыі ў мэтах удасканалення метралагічнага забеспячэння сваёй дзейнасці.

Увядзенне працэдуры метралагічнага аўдыту дазволіць выкарыстоўваць у гэтай рабоце найбольш кваліфікаваных спецыялістаў метралогіі непасрэдна ў вытворчай сферы.

У новай рэдакцыі закона прапануюцца размежаванне дзейнасці дзяржаўнай метралагічнай службы і дзейнасці іншых юрыдычных асоб па правядзенні метралагічнага кантролю сродкаў вымярэнняў у сферы заканадаўчай метралогіі, удакладненне паўнамоцтваў Савета Міністраў, Дзяржстандарту, іншых дзяржаўных органаў, устанаўленне палажэнняў аб Нацыянальным метралагічным інстытуце, змяненне структуры метралагічнага кантролю.

Усяго ў праекце закона прадстаўлена 11 абноўленых элементаў.

Прапанаваны законапраект рэкамендаваны да прыняцця Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у другім чытанні.

Новая рэдакцыя закона «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» стане ўжо трэцяй у гісторыі незалежнай Беларусі. Раней карэкціроўкі ў галіне метралагічнага заканадаўства дэпутаты прымалі ў 1995 і 2006 гадах.

Наталля БІТЭЛЬ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.