Вы тут

«Калі заасфальтуюць аўтадарогу Н8345 Туркаўшчына — садовае таварыства «Івушка»?


«Калі заасфальтуюць аўтадарогу Н8345 Туркаўшчына — садовае таварыства «Івушка»? — з такім пытаннем звярнуліся ў «Мясцовае самакіраванне» жыхары гэтай вёскі. — Працягласць трасы ўсяго 1,4 кіламетра. Мы дабіваемся ўжо дваццаць гадоў, каб паклалі цвёрдае пакрыццё. Але, як кажуць, воз і сёння там».


Як сцвярджаюць грамадзяне, уладкаванне гэтай дарогі для іх жыццёва неабходнае. Яна ўся ў калдобінах, нагадвае сабой мыйную дошку. Пройдзе грэйдар, выраўнуе палатно, але пасля першага дажджу ўсё вяртаецца на колы свае, бо сама дарога ніжэйшая, чым абочыны. У населеным пункце жыве школьнік. Пакуль праблем дабрацца ў школу няма — ходзіць маршрутка. А вось калі выпадзе снег і пачнецца галалёдзіца, рэйс закрыюць, бо падняцца на гару аўтобусу будзе праблематычна. Тады дзіця трэба будзе весці за два кіламетры да асноўнай асфальтаванай дарогі, па якой курсіруе маршрутнае таксі.

У вёсцы жывуць практычна адны пенсіянеры, інваліды, даводзіцца і «хуткую» выклікаць. Кожны дзень у вёску машынай дастаўляюць пошту, два разы на тыдзень прыязджае аўтакрама. А зімой пачнуцца праблемы — то дарогу замяце, то пад гару транспарт не ўзбярэцца.

«Мы неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, на тэлефонныя лініі, але ўсё безвынікова. Адказ заўжды адзін і той жа: дарога ў добрым стане», — кажуць заяўнікі.

Дарога Н8345 вядзе да мноства садовых таварыстваў. Ад таварыства «Івушка» ідзе далей, да садовага таварыства «Крышталь» — усяго яе працягласць складае 1,7 кіламетра. У 2006 годзе ў вёсцы быў пакладзены асфальт на ўчастку ў 300 метраў. У 2012-м на астатняй частцы дарогі праведзены бягучы рамонт з падсыпкай пясчана-гравійнай сумессю, устаноўкай неабходных дарожных знакаў і пераводам грунтавога пакрыцця ў гравійнае. «Рэгулярна праводзіцца прафіляванне палатна аўтагрэйдарам. Зімой яно апрацоўваецца супрацьгалалёднымі матэрыяламі ў адпаведнасці з дзеючымі нарматывамі», — адзначаюць у ДРБУ-167, якое абслугоўвае аўтадарогу.

Вядома, сельскія жыхары хочуць жыць камфортна, са зручнасцямі, як у горадзе. І мясцовыя ўлады гэта добра разумеюць. Але не заўсёды эканамічныя і фінансавыя магчымасці супадаюць з жаданнем. Як адзначыў на адным з прыёмаў грамадзян старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, у Мінскай вобласці неабходна асфальтаваць 16 тысяч кіламетраў дарог. І зрабіць гэта адначасова проста немагчыма. У Валожынскім раёне такіх магістраляў больш за тысячу кіламетраў, у тым ліку больш за 500 кіламетраў — гравійныя і грунтавыя. І класці асфальтабетон усюды эканамічна неапраўдана. Таму нарматывы дазваляюць на другасных дарогах гравійнае пакрыццё.

Як расказалі ў ДРБУ-167, мясцовыя жыхары ставяцца да сітуацыі з разуменнем, дачнікі закідваюць скаргамі. Але найперш абслугоўваюцца асноўныя аўтатрасы, затым другасныя, у апошнюю чаргу — праезды да садаводчых таварыстваў. Такія патрабаванні нарматыўных актаў.

Якое ж выйсце з сітуацыі? Дачнікі і іншыя зацікаўленыя асобы могуць заасфальтаваць дарогу ў складчыну, талакой, кажа старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Мякіна. Садаводчае таварыства — гэта амаль «дзяржава ў дзяржаве», якая жыве па сваіх правілах, статуце. Умешвацца ў яго дзейнасць сельскі Савет не мае права. Рашэнне аб уладкаванні дарогі могуць прыняць толькі члены таварыства на агульным сходзе. Але не ўсе дачнікі здольныя раскашэліцца на гэты бюджэт: сярод іх ёсць і пенсіянеры, і шматдзетныя, і маламаёмасныя. А пабудова дарогі — задавальненне дарагое. Па падліках спецыялістаў, на пракладку праблемнага ўчастка патрабуецца больш як 90 тысяч рублёў.

Дадам, што трасу Н8345 перадалі на баланс ДРБУ-167 у пачатку 2000-х. Натуральна, што арганізацыя займалася ў першую чаргу дарогамі, якія патрабавалі тэрміновага рамонту. Акрамя таго, штогод камісія пры райвыканкаме вызначае ўчасткі, за якія неабходна ўзяцца першачаргова. Пасля зацвярджэння мясцовымі ўладамі іх спіс друкуецца ў раённай газеце.

Хто ж вінаваты ў гэтай сітуацыі? На мой погляд, у кожнага з бакоў свая праўда. Мясцовая ўлада кіруецца эканамічнай мэтазгоднасцю і займаецца самымі праблемнымі ўчасткамі. Такая сітуацыя, дарэчы, характэрная не толькі для Валожынскага раёна, а для большасці рэгіёнаў краіны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: bouw.ru

Загаловак у газеце: Ні прайсці, ні праехаць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».