Вы тут

У Новалукомлі малады ксёндз самастойна добраўпарадкоўвае тэрыторыю касцёла


Мікалай Ліпскі служыць у касцёле Святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі Чашніцкага раёна, што на Віцебшчыне, сваімі сіламі добраўпарадкоўвае прылеглую да храма тэрыторыю і спадзяецца на Божую дапамогу, паведамляюць «Віцебскія весткі».


Будынак дастаўся касцёлу ад ранейшай гарадской кацельні. У пачатку 2000-х яго выкупілі пад каталіцкі храм і з тых часоў імкнуцца давесці да ладу: прылеглая тэрыторыя была моцна захламленая. А цяпер на яе прыемна паглядзець: адразу за варотамі кветнік, выкладзеныя сцяжынкі вакол будынка, за ім міні-сажалка са статуяй Святой Марыі Магдалены і невялікім вадаспадам, сёлета паставілі плот.

Малады святар у Новалукомскім прыходзе ўсяго два гады, усе работы імкнецца рабіць сваімі рукамі. Па магчымасці яму дапамагае бацька. Ксёндз Мікалай Ліпскі жартуе: даводзіцца не толькі несці слова Божае людзям, але і паралельна асвойваць будаўнічыя спецыяльнасці. Зрэшты, справа паволі рухаецца. Ды і прыхаджане не застаюцца ўбаку, бо ім і самім прыемна прыходзіць у прыгожы храм.

Адзінае, што перашкаджае да канца навесці парадак на тэрыторыі касцёла Святой Марыі Магдалены, — цяжкія бетонныя пліты, спадчына былой кацельні. Мікалай Ліпскі спадзяецца, што ўдасца вырашыць і гэтае пытанне, а як толькі зямля вызваліцца, на месцы ранейшага будаўнічага смецця з'явяцца кветкавыя клумбы.

Да юбілею Новалукомля і напярэдадні дня памінання святога Максіміліяна Кольбэ на тэрыторыі касцёла паставілі статую гэтаму святару. Ён з'яўляецца заступнікам энергетыкаў, што актуальна для горада, дзе большасць жыхароў працуе на Лукомльскай ДРЭС.

Мікалай Ліпскі праводзіць службы яшчэ і ў касцёле ў Чашніках. Дарэчы, у райцэнтры святар таксама добраўпарадкоўвае тэрыторыю касцёла сваімі рукамі. Але там яму на дапамогу прыходзяць арганізацыі: і машыну можна выпісаць, і рабочых папрасіць дапамагчы. У Мікалая Ліпскага ёсць план дадаць прыгажосці і ва ўнутранае ўбранне Новалукомскага і Чашніцкага касцёлаў. Словам, агульнымі намаганнямі і па ініцыятыве актыўнага ксяндза многае мяняецца да лепшага як звонку касцёлаў, так і пад іх скляпеннямі.

Загаловак у газеце: Прыгажосць сваімі рукамі

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.