Вы тут

Дэпутат Пётр Салаўёў падзяліўся ўнікальнымі напрацоўкамі ў рабоце з насельніцтвам


Грамадская прыёмная дэпутата парламента ад Магілёўскай прамысловай выбарчай акругі № 87 Пятра Салаўёва рэдка бывае зачынена. Сюды можна звярнуцца са сваёй скаргай або прапановай практычна ў любы дзень. Увесь сакрэт у тым, што на яе базе працуе яшчэ і філіял абласной грамадскай арганізацыі «Белая Русь». А на прыёмах грамадзян часта прысутнічаюць і дэпутаты мясцовага ўзроўню. Сумешчаная прыёмная працуе другі год, і жыхары Задняпроўя апошнім часам сталі звяртацца сюды нават часцей, чым у некаторыя іншыя інстанцыі. Кажуць, што ёсць прыклады, калі толькі тут дапамагалі вырашыць самыя што ні ёсць доўгатэрміновыя пытанні. Карэспандэнт «МС» заглянула сюды, каб даведацца пра ўсё з першых вуснаў.


Адзін у полі не воін

Графік работы дэпутата парламента вядомы: тыдзень у сваёй акрузе і тры непасрэдна ў парламенце. Ведаю, што Пётр Салаўёў яшчэ ў дарозе на Магілёў, але яго прыёмная ўжо адкрыта. Мяне прымае яго памочнік Вольга Сінякіна і, каб не марнаваць час, уводзіць, як той казаў, у сутнасць справы.

— Вось так, тандэмам з грамадскай арганізацыяй і тутэйшымі дэпутатамі, мы пачалі працаваць пасля выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у лютым 2018 года, — тлумачыць яна. — Прыйшлі маладыя энергічныя людзі, якія гатовы былі змяніць нешта да лепшага. З імі дэпутат Салаўёў і паспрабаваў наладзіць кантакт, аб'яднаць усіх, хто працуе ў межах нашай акругі № 87. Па-першае, для таго, каб перадаць свой вопыт і навучыць чамусьці. Па-другое, каб падключыць мясцовых дэпутатаў да актыўнай грамадскай дзейнасці. У нашай камандзе сёння каля дзесяці энергічных народных абраннікаў.

Для большай эфектыўнасці работы з насельніцтвам вырашана было кансалідавацца вакол грамадскай арганізацыі «Белая Русь». Яе пярвічкі ёсць амаль ва ўсіх установах і прадпрыемствах. Мы выйшлі з прапановай на абласную арганізацыю, і там нас падтрымалі. У выніку прыёмная дэпутата працуе на пастаяннай аснове, а не адзін-два дні ў месяц. Людзям такая форма работы падабаецца, дагэтуль яе на мясцовым узроўні ніхто не практыкаваў. За перыяд нашай дзейнасці было разгледжана звыш 500 зваротаў, з іх 37 калектыўных. На прыёме пабывала больш за 800 чалавек. Не ўсе пытанні можна вырашыць, асабліва тыя, якія датычацца судоў, уласнасці, але ж мы тлумачым чалавеку, што і як.

Ёсць шмат прыкладаў, калі менавіта дэпутаты даводзілі да лагічнага завяршэння тыя пытанні, якія гадамі не вырашаліся. Вось толькі некаторыя з іх. На вуліцы Астроўскага ў двары не працавала ліўнёўка, яе першапачаткова паклалі няўдала, і людзі гадамі пакутавалі. Са сваёй праблемай яны прыйшлі ў грамадскую прыёмную. Да справы падключыўся абласны дэпутат Іван Вараб'ёў, сумеснымі намаганнямі ліўнёўку аднавілі.

Ёсць у Магілёве мікрараён з экзатычнай назвай Абісінія, дзе наогул існаваў цэлы букет цяжкасцяў. У тым ліку і «доўгайграючых».

— Жыхары мікрараёна прыйшлі да нас на прыём з вялікім стосам дакументаў, — расказвае памочнік дэпутата. — Прычым пытанні былі з разраду такіх, якія прасцей праігнараваць, чым пачаць імі займацца. І дзесьці даводзілася браць ініцыятыву ў свае рукі, каб зламаць стэрэатыпы. Недзе паўгода займаліся выключна гэтым мікрараёнам. Там наогул шмат людзей актыўных. Тэлефанавалі нам па любым выпадку. То святла няма, то дарогу не пачысцілі. Прасілі прабачэння за тое, што не зусім па адрасе звяртаюцца, і тлумачылі гэта тым, што з намі прасцей праблемы вырашаць.

Справа майстра баіцца

Добрых спраў зроблена шмат, але асноўнымі ў гэтым спісе Пётр Салаўёў і яго каманда лічаць дзве. Гэта дапамога дзіцячаму сацыяльнаму прытулку на вуліцы Мельнікава і аддзяленню дзённага знаходжання інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна. Але пра ўсё па парадку. Пачалося з таго, што некалькі гадоў таму Пётр Салаўёў завітаў у дзіцячы сацыяльны прытулак на навагоднія святы. Тое, што ён там убачыў, выклікала жаданне дзейнічаць як мага хутчэй. Уявіце сабе будынак 1968 года са старымі памяшканнямі, што ніколі не ведалі рамонту. Па ініцыятыве дэпутата быў створаны апякунскі савет, і работа пайшла. Спачатку адрамантавалі сталоўку, замянілі вокны, дзверы. Потым узяліся за харчблок, там абнавілі ўсю электраправодку, паклалі новую плітку. Затым памянялі санвузлы.
У справу былі ўцягнуты шматлікія арганізацыі і прадпрымальнікі. Практычна на ўсіх сустрэчах з працоўнымі калектывамі Пётр Аляксандравіч казаў пра гэты прытулак, і шмат хто дапамагаў. Летась на 1 верасня туды было цэлае паломніцтва. З гэтым прытулкам і цяпер сувязь не перарываецца. Нядаўна вось дапамагалі з пашывам пакрывалаў, вывазам лістоты, мянялі свяцільні.

Па падобнай схеме рамантаваліся памяшканні для аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

— Падключалі спецыялістаў розных прадпрыемстваў і арганізацый, — расказвае Пётр Салаўёў. — Быў зроблены праект на электрычнасць, заменены вокны, адрамантаваны памяшканні. Вельмі дапамаглі спецыялісты «Магілёўхімвалакна», якім кіруе Пётр Руднік, «Магілёўэнерга», на чале якога знаходзіцца наш сенатар Канстанцін Пуціла. Рамонт рабілі паступова, адразу ўсё ахапіць было немагчыма. Зладзілі нармальнае безбар'ернае асяроддзе, адрамантавалі калідор. Апошняе, над чым працавалі, — камп'ютарны клас. Застаўся адзін пакой, на які трэба будзе зрабіць праект і потым яго рэалізаваць, — гэта будучая швейная майстэрня. Праект каштуе 11 тысяч рублёў, але спадзяёмся на спонсарскую дапамогу. Наогул у рамонт не было ўкладзена ніводнай бюджэтнай капейкі.

Дэпутатамі не нараджаюцца...

— Існуе думка, што ад дэпутата мала толку, — правакую суразмоўцу.

— Не згодны, — кажа Пётр Салаўёў. — Але дэпутатамі адразу не становяцца. Прывяду свой асабісты прыклад. Першыя паўгода ты ўнікаеш у работу і выбудоўваеш сваю сістэму. Над табой няма начальнікаў, ты сам плануеш свой рабочы дзень, тыдзень, месяц. Мне як галоўнаму інжынеру «Магілёўхімвалакна» з гэтым было прасцей. Але ж тут свае нюансы. Добра, калі ў дэпутацкім асяроддзі ёсць пераемнасць. Нам, першагодкам, у свой час вельмі дапамагла дэпутат Вольга Паліціка, яна заўсёды нам нешта падказвала. А калі ўжо вымалёўваецца свая сістэма работы, ты разумееш, што і як рабіць. І вось мы, ведаючы, наколькі важна падтрымаць пачаткоўца-дэпутата, згуртаваліся. Іншыя, гледзячы на нас, таксама падцягнуліся. Адзін чалавек нічога б тут не зрабіў — ні на Грабянёва, ні на Абісініі. А працаваць у камандзе эфектыўна. Нас, дэпутатаў, тут збіралася дастаткова — Іван Жук, Павел Ларчанка, Андрэй Ярцаў, Леанід Шакура, Іван Вараб'ёў, Віктар Нікіцін, Віталь Зянькоў, Галіна Бяляева. Кожны прыходзіў, калі яму зручна. Гэта ж усе людзі, якія працуюць. Па заканадаўстве трэба, каб дэпутаты праводзілі прыём у сваіх акругах, але мы нічога не парушалі. Каапераваліся і разам выязджалі на месца.

Менавіта так набываюцца навыкі. І гэта ўсё вельмі дапамагае, калі ты працуеш над законапраектамі. Напрыклад, калі яшчэ толькі прапрацоўвалася канцэпцыя закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», мы з усімі зацікаўленымі некалькі разоў абмяркоўвалі яго ў Магілёве на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна. Да нас прыязджалі прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна, грамадскіх арганізацый. І некалькі нашых заўваг было ўлічана. Цяпер законапраект разглядаецца ў парламенце. Ён дастаткова прагрэсіўны, людзі, на якіх ён пашыраецца, ускладаюць на яго вялікія спадзяванні. Вопыт непасрэднай работы з насельніцтвам, вывучэння і вырашэння яго праблем дапамагае ў рабоце і на міжнародным узроўні. Я, напрыклад, з'яўляюся кіраўніком рабочай парламенцкай групы дружбы Беларусі і Ірана. Няпростая краіна, няпроста з імі размаўляць, але тым не менш працуем, знаходзім агульныя пункты.

Дарэчы, па нашым прынцыпе — у тандэме — сталі ўжо і ў Мінску працаваць. Мінскім дэпутатам крыху прасцей, не трэба выязджаць у сваю акругу.

— З чаго пачынаеце сваю дэпутацкую работу, калі прыязджаеце ў Магілёў?

— Перш за ўсё кіруюся тым планам прыёму грамадзян, які складае памочнік. А яна яго складае зыходзячы з таго, каб выбаршчыкам было зручна прыйсці на прыём. Акруга вялікая, багата школ, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі. Шмат яшчэ праблем у такіх мікрараёнах, як Малая Бароўка, Абісінія. Яны датычацца і дарог, і каналізацыі, і асвятлення. Або ўзяць такія пасёлкі на ўскрайку Магілёва, як Горкі-1 або Горкі-2. Людзі там катэджы пабудавалі, а інфраструктуры няма. Просяць дапамагчы.

Дастаткова балюча праводзіцца кампанія па заварцы ў шматпавярховіках смеццеправодаў. Прыходзілі неяк бабулькі з бульвара Няскораных, яны, на першы погляд, і не супраць, але ім цяпер трэба несці смецце па вуліцы, а гэта не вельмі зручна. А праграма між тым называецца «Камфортнае жыллё». Дзесьці з камунальнікамі здымалі спрэчныя пытанні, пісалі лісты ў міністэрства. У правілах напісана, што смеццевыя бакі павінны знаходзіцца не бліжэй чым за 20 метраў ад дома, а як далёка —
не агаворваецца. І камунальнікі іх размяшчаюць там, дзе ім зручна. У Мінску, напрыклад, мэр горада адмовіўся прымаць рашэнне заварваць смеццеправоды. Там калі і робяць гэта, то не паўсюдна. А ў Магілёве гэта трэба ажыццяўляць абавязкова.

— Ці ўсё ў сілах дэпутата? Якія самыя дзейсныя яго інструменты?

— Такога, каб дэпутат кулаком па стале грукнуў і ўсе пабеглі, няма. Наш падыход: мы не абяцаем вырашыць праблему, мы ёй займаемся. Напрыклад, адміністрацыю раёна загружалі праблемамі па мінімуме. Стараліся вырашаць усё з арганізацыямі, ад якіх гэта залежыць. Звярталіся ў Дарожна-маставое прадпрыемства, упраўленне камунальных прадпрыемстваў. У парламенце кожны месяц праходзіць так званая ўрадавая гадзіна: перад дэпутатамі і сенатарамі дае справаздачу той ці іншы намеснік прэм'ер-міністра. Рыхтуем пытанні загадзя, падымаем тыя, якія не вырашаліся на ўзроўні міністэрстваў, на месцах. Не ўсе і на гэтым узроўні вырашаюцца, але ж трэба дабівацца. Што датычыцца пытанняў раённага ўзроўню, то тут павінна быць актыўная работа з мясцовай уладай. Трэба праяўляць прынцыповасць.

Дзесьці мы збалавалі сваіх выбаршчыкаў, але ёсць і рэальныя праблемы. Вось адна жанчына з Магілёва прыйшла да нас таму, што доўгі час не магла вырашыць сур'ёзную кватэрную праблему. У яе кватэры сырасць, цвіль на сценах, а меры не прымаюцца. Яна гатова купіць матэрыялы, каб ёй уцяплілі фасад. Але цяпер гэта робіцца толькі пры капрамонце. Там жа ёсць парушэнні менавіта будаўнічага характару. Мы пісалі зварот, але пакуль дабіліся толькі частковага вырашэння праблемы. Яшчэ адна праблема, якую агучыла гэтая ж жанчына, звязана з безбар'ерным асяроддзем. Яе маці — інвалід. На ліфце яна спускаецца да першага паверха, а там трэба пераадолець яшчэ дзесяць прыступак да дзвярэй. Спачатку нам паведамілі, што вырашыць пытанне немагчыма, але потым яно ўсё ж такі вырашылася: хутка за кошт сацыяльнай службы там установяць тэлескапічны пандус. Гэты вопыт, напэўна, трэба было б узяць на ўзбраенне. Такіх дамоў, дзе ёсць пытанні па безбар'ерным асяроддзі, на жаль, болей чым дастаткова.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Камандны залік

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...