Вы тут

Каля аграгарадка Рычоў урачыста адкрылі мост цераз Сцвігу


У жыхароў аграгарадка Рычоў, што на Гомельшчыне, — свята: за ваколіцай населенага пункта ўрачыста адкрылі мост цераз Сцвігу. А аднаўлялі пераправу талакой.


— Гэта была будоўля стагоддзя, — не хавае радасці перад журналістам жыткавіцкай раённай газеты «Новае Палессе» былы калгасны бухгалтар Аліна Маркевіч. — Кожны ўклаўся асабіста, затое цяпер шлях адкрыты і ў бяспецы. Дзякуй нашаму старшыні сельскага Савета Уладзіміру Кучынскаму.

Вельмі задаволена пераменамі і Марыя Лазіцкая, галоўная рычоўская ягадніца. У сёлетнім, паводле яе слоў, не самім ураджайным сезоне пенсіянерка сабрала 800 кілаграмаў чарніц. Працавітая жанчына прызнаецца, што зарэчны лес для яе сінонім жыцця, таму на добрую справу не пашкадавала паўсотні кроўна заробленых рублёў, што ў два з паловай разы больш за сярэдні ўнёсак. Зрэшты, яе прыклад шчодрасці прадэманстравалі яшчэ некалькі чалавек. Дарожная артэрыя тут даўно патрабавала сур'ёзнага рамонту. Аднак з розных прычын ён усё адкладваўся, пакуль ініцыятыву ўлады не падхапіла насельніцтва. За Сцвігай у многіх сенажаці, народ нарыхтоўвае там і дровы. Каб не рызыкаваць на тонкіх лагах, часта даводзілася дабірацца ў аб'езд за 14 кіламетраў.

Вырашылі — зрабілі. Сельскія актывісты сабралі па хатах звыш 1500 рублёў для набыцця будматэрыялаў. Іх спатрэбілася амаль 200 кубоў. Далей падключыліся лясгас і персанальна «Бярэжанскае», а таксама Рычоўскае лясніцтва. Спілаваныя бярвёны ператваралі ў дошкі на пілараме ў ААТ «Людзяневічы» і ТАА «Белкітфорэстры». А непасрэднымі выканаўцамі такога патрэбнага праекта сталі ваенныя, якія бліскуча пацвердзілі вядомы лозунг аб адзінстве народа і арміі.

— Стараліся працаваць якасна і хутка, — кажа намеснік камандзіра інжынерна-мостабудаўнічага батальёна 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады, капітан Аляксандр Самуйлаў, і паведамляе, што ўвасьмёх зрабілі ўсё за тры тыдні. — Людзі нас усяляк падтрымлівалі. Упэўненыя, што збудаванне праслужыць доўга.

На ўрачыстым адкрыцці старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш (дарэчы, менавіта ён вёў перагаворы з Міністэрствам абароны) шчыра падзякаваў усім, хто прычыніўся да ўзвядзення пераправы:

— Мост звязвае не толькі берагі, але, што важней, аб'ядноўвае сэрцы і душы. Гэта сапраўды народны праект, якім мы ўсе можам ганарыцца.

Самыя яркія моманты свята: хлеб-соль — будаўнікам, граматы — усім памочнікам і народная песня ў падарунак ад самадзейных артыстаў. А пасля таго, як іерэй Вячаслаў Наскевіч асвяціў 56-метровы мост і па ім праехаў першы мікрааўтобус, пераправу пратэсціравалі тыя, без каго не здарылася б гэтай падзеі. Работу мясцовыя жыхары ў адзін голас ацанілі на выдатна.

Дарэчы, гэта ўжо трэці мост, адрамантаваны талакой у раёне за апошнія некалькі гадоў.

Загаловак у газеце: Сапраўдны народны праект

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.