Вы тут

Акт Люблінскай уніі выстаўляецца ў Мінску


Люблінскай уніі, супярэчлівай, але лёсавызначальнай для беларускай гісторыі падзеі, сёлета споўнілася 450 гадоў — з гэтай нагоды ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску была прадстаўлена рэканструкцыя эпахальнага дакумента, які змацаваў яе стварэнне, са збору Музея гісторыі Польшчы ў Варшаве. Экспазіцыя «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», арганізаваная Польскім інстытутам у Мінску, была адкрыта 23 кастрычніка.


Арыгінал акта, запісаны на пергаменце і замацаваны 78 пячаткамі, захоўваецца ў польскім Галоўным архіве старажытных дакументаў і недаступны для шырокай грамадскасці, таму была створана яго рэстаўрацыйная копія.

Дакумент, падпісаны ў 1569 годзе, аб’яднаў Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае ў новае дзяржаўнае ўтварэнне — Рэч Паспалітую. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай унія была «скасаваная». Між іншым, акт быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах для абодвух бакоў, але падпісаны асобнік, прызначаны для Вялікага Княства Літоўскага, да сённяшняга часу не захаваўся.

«Люблінская унія — важная дата ў гісторыі не толькі Польшчы і Беларусі, але таксама Літвы і Украіны, — сказаў на адкрыцці выстаўкі дырэктар Музея гісторыі Польшчы Роберт Костра. — Адным з вынікаў дзеяння дакумента было ўсталяванне новых межаў паміж Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім. У вялікай ступені яны сталі межамі ўжо сучаснай Беларусі, абазначыўшы тым самым асобную, адрозную ад іншых беларускую ідэнтычнасць».

Спадар Костра адзначыў таксама, што прадстаўленая копія акта Люблінскай уніі — вынік працы вялікай групы спецыялістаў — рэканструкцыя, якая паўтарае матэрыял і тэхналогію вырабу арыгінала, заняла каля двух гадоў. Пабачыць выстаўку «Вольныя з вольнымі, розныя з роўнымі» ў гістарычным музеі можна да 13 лістапада.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.