Вы тут

Мамін дзённік. Чыіх генаў больш?


«Каб і не ведаў, хто бацька, адразу сказаў бы, чыё дзіця», — ужо не ўпершыню кажа нехта са знаёмых, калі сустракае нас з Арцёмкам на вуліцы. Без цяжкасцяў «устанаўліваюць» бацькоўства і калі з унукам бавіць час бабуля Аліна, абодва сыны якой кропля ў кроплю падобныя адзін на аднаго. «Выліты татка», — надакучыла чуць і ад сябровак, чарговы раз дасылаючы ім новы фотаздымак малога.


Фота мае ілюстрацыйны характар. camalady.ru

Да таго, што Цёмік — татаў сын, я ўжо прызвычаілася. Яшчэ ў радзільні стала ясна: малы пайшоў не ў маці. Мала што доўгенькі, як казалі ўрачы («відаць, бацька высокі?»), дык яшчэ і крыклівы (адхінуцца паснедаць ці на якую працэдуру было выпрабаваннем). Сваякі, што прыходзілі ў адведкі, таксама падабенства з Канютамі не знаходзілі.

Хоць асабіста я, шчыра кажучы, маленькай бацькавай копіі ў Арцёмку асабліва не бачыла. Пакуль не дабралася да свякроўчынага фотаархіва і не знайшла старэнькі, крыху размыты ад часу фотаздымак, на якім было незразумела, ці то муж на ім, ці то Цёма. З фотакарткі на мяне глядзеў мой маленькі сынок, толькі якасць ілюстрацыі, ды і здаровы сэнс, адносілі яе да пачатку дзевяностых.

Прыехаўшы да сваіх бацькоў, палезла па ўласны дзіцячы альбом. Стала цікава, а можа, Цёмік і на мяне малую чымсьці падобны!? І так і сяк разглядала маленькія тварыкі, параўноўваючы Цёмкавы фотаздымкі з маімі. Але, як ні прыглядайся, замест падабенства можна знайсці толькі сем адрозненняў. Затое на іншых старонках, дзе фотакартак ужо няма, але захаваліся маміны запісы, натрапіла на нешта цікавае. Чытаю і дзіву даюся: гэта ж пра майго Цёмку! Толькі не маёй рукой напісана. Ды не цяпер, а гадоў 27 таму...

«Стала вельмі шкодная». Гэта выказванне мяне ўвогуле здзівіла. Я, белая і пушыстая, у дзяцінстве ціхоня і сама паслухмянасць, як мне ўвесь час даказвалі бацькі, і раптам... шкодная! І цацкі я, у адрозненне ад Цёміка, пасля гульні збірала. Толькі навошта тады мама напісала, што я не люблю збіраць цацкі? Ці вось яшчэ: «Стала ўсюды залазіць: на крэсла, на стол, на канапу, ложак. Можа пераступіць з табурэта на крэсла, калі яны побач. Вельмі цікаўная». І тут акурат пра майго Арцёмку напісана: «Есць дрэнна. Вельмі любіць ягады, агуркі». «Дзеці плачуць ад яе прысутнасці», — мама, гэта дакладна пра мяне, тую, з якой, па вашых словах, ніколі не было праблем?!

Так што трэба яшчэ падумаць, на каго наш сынок падобны. Муж, па аповедах сваёй мамы, таксама быў жулік жулікам, якога нельга было пакінуць ні на хвіліну без нагляду. Як цяпер смяецца яго брат, у Дзімы з'явілася ўнікальная магчымасць паглядзець на сябе малога збоку. Але свякроў прызнаецца, што наш Цёмік па шкоднасці нават свайго бацьку пераплюнуў.

Ды якая розніца, чыіх генаў у гэтага маленькага шкодніка больш? Галоўнае, каб ён не хварэў і вырас годным, прыстойным чалавекам, за якога ніколі не будзе сорамна. А калі стане такі ж высокі, адказны і няўрымслівы, як бацька, дык гэта да лепшага. Не супраць будзем, калі, як і маці, будзе любіць вучыцца, людзям старацца дапамагчы. Часам нават самыя вялікія шкоднікі становяцца даволі неблагімі людзьмі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...