Вы тут

Абыходжанне з адходамі. Польскі вопыт


Беларусь адной з першых на постсавецкай прасторы замацавала на заканадаўчым узроўні асобныя нормы дырэктыў Еўрасаюза. У прыватнасці, вызначаны патрабаванні па арганізацыі паасобнага збору адходаў. Такім чынам у нас ёсць прававая база для таго, каб укараняць на практыцы лепшы еўрапейскі вопыт, і перш за ўсё нашых бліжэйшых суседзяў – Польшчы.


Польшча: сартаванне адходаў – гэта закон

Менавіта абмену вопытам паміж нашымі краінамі быў прысвечаны семінар «Арганізацыя збору адходаў вытворчасці і спажывання, іх перапрацоўкі і выкарыстання. Вопыт Польшчы і Беларусі. Магчымасці супрацоўніцтва», які падрыхтаваў Нацыянальны цэнтр маркетынгу сумесна з Пасольствам Польшчы ў Беларусі і асацыяцыяй «Белэкарэсурсы» пры садзейнічанні дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва МЗС Польшчы, Мінпрыроды Беларусі, Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі Польшчы і міжнароднай юрыдычнай кампаніі «Арцынгер і партнёры».

«Тэма абыходжання з адходамі заўсёды будзе актуальнай. Адходы былі, ёсць і будуць, і таму трэба шукаць спосабы іх эфектыўнай перапрацоўкі. Мы запрасілі на гэты семінар прадстаўнікоў камунальнай сферы і прыватных прадпрыемстваў Польшчы. У іх крыху розныя падыходы. Думаю, будзе цікава пазнаёміцца з іх вопытам па перапрацоўцы адходаў, з тым, як яны імкнуцца аказваць паслугі па мінімальным кошце з максімальнай карысцю для грамадства», – сказаў намеснік пасла Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцэхоўскі, выступаючы на адкрыцці семінару.

Дыпламат таксама адзначыў, што Гандлёва-прамысловая палата Польшчы плануе запрасіць беларускую дэлегацыю паглядзець на практыцы тое, пра што распавядалі спецыялісты і эксперты на семінары. Ён таксама падкрэсліў, што адходы – гэта і магчымасць зарабіць, а для органаў самакіравання – вырашыць пытанні, якія тычацца якасці жыцця насельніцтва.

У Польшчы адказнасць за абыходжанне з адходамі нясе гміна, аналаг нашай раённай адміністрацыі. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення эканамічнай палітыкі Нацыянальнай гандлёвай палаты Польшчы Агнешкі Бузэ, гміна выбірае на конкурснай аснове прадпрыемства, якое будзе займацца адходамі на тэрыторыі. Пасля збору адходы адпраўляюцца на рэцыклінг ці іншыя віды перапрацоўкі. Насельніцтва размяркоўвае смецце ў пяць кантэйнераў: для паперы, металу і пластыку, шкла, біяадходаў, змяшаных ЦБА. Як і ў нас, кожны кантэйнер пазначаны пэўным колерам. Старую мэблю, бытавую тэхніку, пратэрмінаваныя лекі жыхары Польшчы здаюць на спецыяльныя пункты селектыўнай апрацоўкі.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС Беларусі Валерый Садоха, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў і намеснік пасла Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.

Галоўны спецыяліст Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя і воднай гаспадаркі Польшчы Катажына Бараноўская расказала, што за год у краіне назапашваюцца 12 млн тон смецця, або 311 кг на кожнага жыхара. Сістэма арганізавана так, што атрымліваецца сабраць 100% бытавых адходаў. «Па законе кожны жыхар сартуе адходы, – сказала Катажына Бараноўская. – Кіраванне іх зборам ажыццяўляецца на падставе дырэктыў Еўрасаюза, якія дзейнічаюць у Польшчы. Паводле даных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, з сабраных камунальных адходаў 6,8 млн тон прызначаны на рэгенерацыю, 2,7 млн тон – на тэрмічную апрацоўку, на біялагічныя працэсы перапрацоўкі накіраваны 8,48 млн тон, на працэдуры абясшкоджвання – 5,2 млн тон. Гаворачы пра мэты ЕС у кіраванні камунальнымі адходамі, Катажына Бараноўская адзначыла, што ў Польшчы да 2035 года колькасць адходаў, якія ідуць на захаванне, павінна знізіцца максімальна да 10% ад усёй колькасці, якая падлягае перапрацоўцы.

А як у нас: адходы – у справу

Падобныя задачы пастаўлены і ў нашай краіне. Па словах намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталя Смірнова, да 2022 года плануецца ліквідаваць усе міні-палігоны для захавання ЦКА, а буйныя трансфармаваць у рэгіянальныя цэнтры. Завод сартавання смецця ў Віцебску, будаўніцтва якога намечана пачаць сёлета ў кастрычніку-лістападзе, і будзе першым такім рэгіянальным цэнтрам. Мяркуецца, што такіх прадпрыемстваў з’явіцца каля 30 па ўсёй краіне.

Шэраг праектаў, якія тычацца абыходжання з адходамі, ажыццяўляецца ў нашай краіне пры фінансавай падтрымцы ЕС. Як распавёў Віталь Смірноў, у Мінскай вобласці за кошт сродкаў Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця плануецца рэалізаваць праект у сферы абыходжання з адходамі для Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў.

Як адзначыла Агнешка Бузэ, у Польшчы ў гэтай сферы ўсяго толькі 4% прадпрыемстваў адносяцца да муніцыпальнай уласнасці, а 96% – прыватны сектар, у якім 10% – замежны капітал.

У нашай краіне, як мяркуюць эксперты, прыватнаму бізнесу таксама варта ўключацца ў гэтую сферу дзейнасці. Што ж тычыцца арганізацыйна-прававой формы, то, на думку намесніка дырэктара міжнароднай юрыдычнай кампаніі «Арцынгер і партнёры» Юрыя Слепіча, найбольш выгадна дзяржаўна-прыватнае партнёрства.

Між тым, ёсць і вопыт паспяховай працы па інвестыцыйнай дамове. У 2012 годзе Мінпрыроды падпісала такі дакумент з кампаніямі MDD BEL LTD і ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» па стварэнні ў Беларусі цэнтралізаванай сістэмы збору і выкарыстання адпрацавага масла.

Паводле статыстычных даных, штогод у нашай краіне спажываецца каля 100 тысяч тон змазачнага аўтамабільнага і індустрыяльнага масла, з якога ўтвараецца каля 80-85 тысяч тон адходаў. Здаць адпрацаванае масла на перапрацоўку – гэта адзіны правільны спосаб утылізацыі, паколькі ён з’яўляецца экалагічным і не парушае экасістэму. Да таго ж адпрацаванае масла – каштоўная сыравіна. У краінах ЕС аб’ём сабраных і адпраўленых на рэцыклінг адходаў адпрацаванага масла дасягае 70%, у той час як у Беларусі гэтая лічба пакуль не складае і 20%. Нашым таварыствам ужо створана сістэма па зборы адпрацаванага масла, – заявіў начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю ЗТАА «ДВЧ-Менеджмент» Дзмітрый Магілёўскі. – За мінулы перыяд было заключана больш за 2000 дамоў з юрыдычнымі асобамі на збор адпрацаванага масла, а таксама падпісана дамова з «Белкаапсаюзам» аб супрацоўніцтве па зборы адпрацаванага масла ў насельніцтва на платнай аснове». Уся сабраная сыравіна ідзе на ўнікальны для краін СНД высокатэхналагічны комплекс па перапрацоўцы адходаў адпрацаванага масла, на якім вырабляецца імпартазамяшчальная прадукцыя.

Ірына ЛЕАНОВІЧ

Фота аўтара і з архіва Пасольства Польшчы ў Беларусі

Друкуецца ў часопісе "Родная прырода"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».