Вы тут

Зялёнае святло для інавацый


Тэма развіцця зялёнай эканомікі ў многіх краінах свету сёння становіцца актуальнай як ніколі. А сумесныя праграмы, праекты, стратэгічныя пагадненні могуць не толькі спрыяць паляпшэнню экалогіі ў асобна ўзятай дзяржаве, але і станоўча ўплываць на адносіны паміж партнёрамі.


Ігар Петрышэнка. Выступленне на бізнес-форуме

У Мінску прайшоў III Беларуска-Італьянскі бізнес-форум па пытаннях зялёнай эканомікі, на якім не толькі абмяркоўвалі такія важныя праблемы як рост узаемнага тавараабароту і стварэнне сумесных прадпрыемстваў, але і вялі гаворку пра тое, як можна эканамічныя напрамкі злучыць з экалагічнымі ініцыятывамі. Перш за ўсё ў такіх сферах, як развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, перапрацоўка другаснай сыравіны ды іншае. Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, які браў удзел у рабоце форуму, падрабязна распавёў пра асноўныя перспектывы развіцця ў Беларусі зялёнай эканомікі. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў краіне ў гэтым кірунку рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы, удасканальваецца заканадаўчая база, распрацоўваюцца дакументы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання.

— Прынцыпы зялёнай эканомікі з’яўляюцца для нас адносна новымі, але з улікам нацыянальных асаблівасцяў і глабальных выклікаў дзяржава вызначае дадзены кірунак як стратэгічны прыярытэт, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Варта яшчэ мець на ўвазе, што сёння ў Беларусі прынцыпы зялёнай эканомікі інтэграваныя ў Нацыянальную стратэгію ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая распрацавана на перыяд да 2030 года. Зрэшты, ужо ў сёлета сфармуюць Нацыянальную стратэгію аж да 2035 года. У яе аснову будуць пакладзены падыходы, якія прадугледжваюць зялёны вектар развіцця з пераходам на прынцыпова новую рэсурсазберагальную мадэль эканомікі замкнёнага цыклу. Яна звязаная з забеспячэннем эфектыўнай і экалагічнай вытворчасці, максімальным выкарыстаннем другаснай сыравіны. Віцэ-прэм’ер таксама не прамінуў заўважыць, што адным са складнікаў поспеху ў рэалізацыі адпаведных падыходаў і праектаў Беларусь бачыць дынамічнае развіццё беларуска-італьянскага супрацоўніцтва. Італьянскі Амбасадар у Мінску Марыа Бальдзі, у сваю чаргу, звярнуў увагу на велізарны патэнцыял Беларусі ў галіне развіцця інавацый, у прыватнасці, у будаўніцтве ды IT-сферы.

— Гэта можа даць многае для развіцця эканомікі і супрацоўніцтва Беларусі ды Італіі ў цэлым, — сказаў ён.

У гэтым годзе ў форуме ўдзельнічала 35 італьянскіх фірмаў і больш за 150 беларускіх кампаній. Амбасадар Італіі выказаў надзею, што такая актыўнасць прынясе рэальны вынік у найбліжэйшай будучыні, да прыкладу, з'явяцца новыя кантракты для беларускіх ды італьянскіх прадпрыемстваў. Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч у сваю чаргу ўдакладніў, што італьянскіх інвестараў у Беларусі могуць зацікавіць развітая інфраструктура, высокакваліфікаваны персанал, стабільныя ўмовы вядзення бізнесу, магчымасці ствараць сумесную прадукцыю з дадатковым коштам і прасоўваць яе на рынак Еўрасаюза. Перш за ўсё, паводле яго слоў, інвестары будуць зацікаўлены ў працы ў рэгіёнах, дзе ёсць велізарны патэнцыял для рэалізацыі сумесных праектаў.

Алег Багамазаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.