Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Твой сын паправіцца», або аб тым, як стаць шчаслівым

Свет памяняўся, і пра шчасце, кажуць, лепш не ўспамінаць. Маўляў, не да яго цяпер, — трэба думаць, як узбіцца на грошы, зрабіць кар'еру, набыць прэстыжнае жыллё, машыну, але...

Надыходзіць старасць, і чалавек пачынае разумець, што жыццё не мае сэнсу без шчасця, а яно, як правіла, у дзецях, якія помняць і любяць.

Фота: gorod-plus.tv

Мая знаёмая цётка Вольга часцяком хадзіла на вячоркі ў шматдзетную сям'ю цёткі Таццяны. Тая вельмі бедна жыла, грошай век не хапала, таму яе дзеці аж да халадоў бегалі то босыя, то голыя, рады былі кавалачку сала...

І ў інстытуты пасля школы яны не пайшлі, сталі працаваць хто прадаўцом, хто швачкай, хто шафёрам... Затое Вольга хвалілася, што яе адзіны сынок адвучыўся сам, а цяпер вучыць іншых студэнтаў, што ў яго вялікая кватэра ў Мінску і ён не жыве, а як сыр у масле плавае.

Цётка Таццяна ад душы паддаквала, бо Паўлік і сапраўды ж велічыня: выбіўся ў людзі, зрабіў кар'еру, ды яшчэ, казалі, і свой бізнес адкрыў. Які, цётку Вольгу ніхто не распытваў, аднак паважалі ўсе, а заадно і дапамагалі: прывезці і накалоць дроў, абкасіць падворак, выпісаць курам збожжа... Сыну ж не да таго. Маці расказвала пра ўсё новыя яго дасягненні, вышывала яму прыгожыя ручнікі ды абрусы, зрэдку ездзіла ў сталіцу, аднак вярталася адтуль вельмі хутка — на наступны ж дзень. Жанкі часам пыталіся, чаму не засталася, не пагасціла ў сына. Цётка з форсам адказвала, што Паўліку не да вясковых размоў, — яму трэба рыхтавацца да чарговых сімпозіумаў...

У вёску Паўлік таксама зрэдку прыязджаў, але ж ні яго, ні жонку ніхто і ніколі не бачыў у вясковай краме, у гародзе, на сенакосе: каля дома акруцяцца, у машыну пасядуць ды паехалі. А маці, бы тая птушка, потым яшчэ месяц-другі шчабеча, які ж яе Паўлік харошы!

Так праляталі дні і гады, аж пакуль матуля не захварэла: доўга ляжала ў бальніцы, потым дома. Людзі не разумелі, дзе ж той хвалёны сын, чаму не едзе да маці, чаму не забярэ яе да сябе, як робяць многія дзеці... Аднак пытаць пра гэта ў хворай ніхто не пасмеў — проста дапамагалі хто як мог.

Час ішоў, жанчыне па-ранейшаму нездаровілася, а Паўліка ўсё не было. І нарэшце паштальёнка, якая прыносіла цётцы пенсію, не вытрымала: заўважыла нумар тэлефона (паперка з ім ляжала каля апарата) і пазваніла сыну — сказала, што маці зусім нядужая.

А ў адказ пачула, што ў яго таксама здароўя ўжо няма і ў такую далеч ён «не наездзіцца»...

Паштальёнка, уражаная гэтым «інтэлігентным» раўнадушшам, цётцы пра яго нічога не сказала. Аднак сын у вёсцы усё ж з'явіўся. Суседзі чулі, што крычаў, даводзіў маці, што стаміўся слухаць яе скаргі на здароўе, што не будзе забіраць яе да сябе, бо да яго прыходзяць важныя людзі, а яна сваімі манерамі будзе іх толькі пужаць... І ўрэшце, што не трэба ганьбіць яго перад людзьмі — даймаць рознымі «падстаўнымі» званкамі...

Пасля таго як Паўлік з'ехаў, цётка некалькі дзён зусім не вылазіла з дому, але ж тым, хто заходзіў да яе, казала, што сын пакінуў ёй грошай, навёз прысмакаў... Між тым на табурэце ля ложка — людзі бачылі — стаялі толькі кубак з кіпнем ды слоік з варэннем, ляжаў кавалачак хлеба...

Хутка цётцы Вользе прызначылі сацыяльнага работніка. За гэтую работу ўзяўся яе сусед: прыносіў прадукты, прапальваў у грубцы, прыбіраў у хаце... Але ж мужчынскі догляд разумееце, які: падапечная іншы раз хадзіла нямытая, у брудным адзенні і абутку, што, праўда, не перашкаджала ёй па звычцы выхваляцца сынам ды казаць, што не прыязджае ён толькі таму, што таксама нездаровы — сэрца...

Тым часам у хаце яе сяброўкі Таццяны па-ранейшаму віравала жыццё: пастаянна прыходзілі і прыязджалі дочкі, сыны, зяці, нявесткі, унукі, унучкі. А калі бабуля занядужала, дзеці забралі яе да сябе...

Сустрэліся жанчыны гады праз чатыры на дзень Перамогі. Таццяне, слабенькай, але дагледжанай, у прыгожай квяцістай хустцы і касцюме, дзеці дапамаглі выйсці з машыны, каб правесці — пасадзіць сярод іншых удоў ветэранаў вайны, як яна раптам спынілася.

— Вольга, ты? — спытала з болем, не пазнаючы сваю былую сяброўку. Тая згодна заківала галавой, заплакала:

— У Паўліка майго хворае сэрца, — сказала Таццяне.

Тая, як і раней, стала суцяшаць:

— Не адчайвайся... Твой сын паправіцца... Вось убачыш!

Таццяна нешта шапнула сыну, той падбег да машыны — вярнуўся з пакетам і працягнуў яго Вользе. Тая паглядзела на атрыманыя гасцінцы, на мужчыну, кінулася дзякаваць і спяшацца дадому — той прапанаваў падвезці.

У хуткім часе пасля мітынгу цётка Вольга, казалі, злягла і болей ужо не ўстала.

Валянціна Бобрык, г. Івацэвічы


Адзін дзень з жыцця вяскоўцаў

Кацярына з Рыгорам — пенсіянеры і нават з вялікім стажам: не тыя гады, не тыя ўжо і сілы, але ж па прывычцы трымаюць вялікую гаспадарку. І кароўка ў іх ёсць, і ладны бычок, і свінні, і куры, нават пчальніком гаспадар абзавёўся. Праўда, вопыту ў гэтай справе пакуль малавата. У той дзень вылецеў рой, а што з ім рабіць?

Фота: vokrugsveta.ua

Пакуль гаспадар дапяў, пчолы як не з'елі — твар апух, замест вачэй толькі вузкія шчылінкі: ні даць ні ўзяць — японец. Але ж з-за гэтага работу не кінеш.

З поля, дзе яны з жонкай у гарачыню палолі капусту, прыехалі надвячоркам, а ўжо ж і мурзатыя... Гледзячы адно на аднаго, яшчэ пасмяяліся ды прыводзіць сябе ў парадак часу не мелі — трэба было пыніць гаспадарку. Работу яны ніколі не дзялілі на тваю і маю. Адзінае — па бычка звычайна хадзіў гаспадар. А тут пайшла гаспадыня. І той, шаленец, ці не пакрыўдзіўся: не хоча ісці дадому ну хоць ты плач! Кацярына з ім і гэтак, і так, а ўрэшце, бедная, ублыталася ў ланцуг, павалілася — зламала руку.

Трэба ехаць у бальніцу. А як — у гэтакім выглядзе? І з кім: у самой — рука, у мужа — твар... Яшчэ падумаюць, што бамжы...

Прыйшлося пазваніць дзецям — паклікаць на выручку.

Сын, адчыніўшы дзверы ды ўбачыўшы бацькоў, аж аслупянеў. відаць было, што хацеў засмяяцца, але ж пабаяўся пакрыўдзіць. Дапамог матулі памыцца, адвёз у бальніцу.

Дзякуй богу, усё абышлося: бычка здалі на мяса, з пчоламі падружыліся (мёд носяць спраўна і болей не кусаюць), косці з цягам часу зрасліся...

Так што зноў кіпіць і віруе жыццё ў іх на падворку, у вёсцы. Часу няма сумаваць.

Не верыце? Прыязджайце! А вось ды спадабаецца?

Галіна Нечыпаровіч, Уздзенскі раён


Фота: harmonica-tula.ru

«Пакахала я хлапчыну,

Аказалася — прараб...»

Ах, каханне ты, каханне,

Спаць начамі не дае:

Каго любіш, той не гляне,

А не любіш — прыстае.

* * *

Я не бачыла каханка

Тры дзянёчкі, тры начы.

Дзе ж ты дзеўся, любы Янка?

Мо надумаў уцячы?

* * *

Розных крам цяпер лавіна,

Ды адно запомні ты:

Зойдзеш толькі на хвіліну —

Кашалёк ужо пусты.

* * *

Дзве сарокі на страсе

Між сабой спрачаюцца...

Палюбіце хто мяне —

Маладосць канчаецца!

* * *

Пакахала я хлапчыну,

Аказалася — прараб!

Яму дзеўкі не па чыну,

У яго брыгада баб.

* * *

Маразы да нас ідуць:

Як тут не маркоціцца.

Усе дзеўкі шлюб бяруць,

І мне замуж хочацца.

Галіна Пятроўская, Смаргонскі раён


Гора, гора ў Мішачкі:

Еў учора вішанькі,

І з адной праскочыла

Кругленькая костачка.

Уляглася ў жываце...

А як возьме й прарасце?

Як аднойчы на галоўцы

У малога зацвіце?

...Плача Міша —

не суняць:

Як жа костачку дастаць?

Зоя Навоенка, г. п. Падсвілле, Пастаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».