Вы тут

Ці ёсць бяспечная доза алкаголю?


Беларусь па-ранейшаму ўваходзіць у 30-ку краін свету з самым высокім ужываннем алкаголю. Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на кожнага беларуса, старэйшага за 15 гадоў, прыходзіцца 11,2 літра спірту ў год. Гэта 27-ы паказчык у свеце. Пры гэтым паводле нацыянальнага даследавання Steps, кожны трэці беларускі мужчына ўжывае алкаголь па найбольш небяспечнай мадэлі — шэсць і больш чарак за дзень.


Пры гэтым у Расіі, дзякуючы строгім мерам кантролю над алкагольнай прадукцыяй, ужыванне спіртнога з 2003 года знізілася больш чым на 40 %. А чаканая працягласць жыцця істотна павялічылася.

Паводле слоў каардынатара праграм па грамадскім здароўі краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Валянціна РУСОВІЧА, смяротнасць ад усіх прычын у Расіі скарацілася з 2003 да 2018 года на 39 % у мужчын і на 36 % у жанчын. Пры гэтым найбольш заўважныя змены дэманструе статыстыка смерцяў, звязаных з ужываннем алкаголю — выпадковыя атручэнні, самагубствы, ДТЗ і іншыя. Адлюстраваннем гэтай тэндэнцыі стала павелічэнне чаканай працягласці жыцця: у 2018 годзе яна дасягнула ў Расіі гістарычнага максімуму: 68 гадоў у мужчын і 78 гадоў у жанчын.

Чаканая працягласць жыцця ў Беларусі на адзін год большая як у мужчын, так і ў жанчын. І ўжыванне алкаголю ў нас таксама крыху зніжаецца. Тым не менш медыкі ўпэўнены, што рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па скарачэнні шкоднага ўжывання алкаголю, якія выконвае Расія, былі б карысныя і для Беларусі.

— Існуе некалькі памылковых поглядаў на ўзмацненне жорсткасці мер кантролю над алкагольнай прадукцыяй. Але вопыт Расіі іх абвяргае. У 2014 годзе ў Расіі акцыз на гарэлку быў павялічаны на 25 %, адпаведна адбылося зніжэнне продажаў на 25 %. Але паступленні ў бюджэт за кошт больш высокага акцызу павялічыліся на 7 %, — аргументуе Валянцін Русовіч.

З мінімальнай рызыкай — адзін-два бакалы

На дыспансерным уліку ў нарколагаў у Беларусі стаіць каля 156 тысяч чалавек, якія маюць алкагольную залежнасць. За восем месяцаў гэтага года, паводле інфармацыі загадчыка Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксея КРАЛЬКО, іх колькасць скрацілася на 6 %. Але кожны трэці мужчына ў Беларусі або мае алкагольную залежнасць, або ўжывае алкаголь па шкоднай мадэлі.

— Для мужчын гэта 6 і больш адзінак за раз, для жанчын — 4 і больш. Стандартная адзінка — гэта бакал ці чарка, якая ўтрымлівае 10 грамаў чыстага алкаголю, — тлумачыць Валянцін Русовіч.

Спецыялісты падкрэсліваюць, што бяспечнага ўзроўню алкаголю не існуе — у ідэале чалавек не павінен піць спіртное ўвогуле. А тым, хто ўсё ж ужывае, каб пазбегнуць шкоднага ўплыву, варта прытрымлівацца парогавых значэнняў.

— Ужыванне алкаголю з мінімальнай рызыкай — гэта да дзвюх стандартных адзінак у дзень для мужчын, і да адной — для жанчын. Пры гэтым мінімум два дні запар у тыдзень чалавек павінен цалкам адмовіцца ад алкаголю. Адна адзінка — гэта да 35 мілілітраў моцнага спіртнога, 0,33 літра піва ці 110—120 мілілітраў віна. Для жанчын гэта адзін бакал віна ў дзень, для мужчыны — два. Шкодны ўплыў пачынаецца з шасці стандартных адзінак для мужчын і чатырох — для жанчын. Прасцей кажучы, шосты тост для мужчын і чацвёрты тост для жанчын — гэта ўжо шкоднае ўжыванне і небяспека інтаксікацыі, — падкрэслівае Валянцін Русовіч.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Без страты прытомнасці і эканамічнага эфекту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».