Вы тут

Кошт пуцёўкі ў дзіцячы лагер сёлета складаў 400-500 рублёў


Гэтым летам у лагерах прайшлі аздараўленне 392 тысячы дзяцей. Такой значнай лічбы, а гэта між іншым 41,5 % юных беларусаў, удалося дасягнуць упершыню за два апошнія дзесяцігоддзі. Падлеткі ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў адпачывалі пераважна ў профільных лагерах. У Беларусі развіваюцца аздараўленчыя ўстановы не толькі звыклай ваенна-патрыятычнай ці спартыўнай накіраванасці, але ІT- і лагеры з паглыбленым вывучэннем прадметаў. Да летняга сезона 60 % лагераў істотна палепшылі сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Чаму складаней за ўсё трапіць у лагер юным мінчанам і калі бацькі павінны паклапаціцца пра пуцёўку на лета, а таксама колькі зарабілі дзеці падчас працы і адпачынку, расказалі спецыялісты, падвёўшы вынікі летняй аздараўленчай кампаніі.

Лагеры з профільнымі зменамі былі створаны ва ўсіх рэгіёнах. Напрыклад, лідарам па арганізацыі ваенна-патрыятычных змен стала Віцебская вобласць, турысцка-краязнаўчых — Брэсцкая. А вось рэкардсменам па ахопе дзяцей рознымі відамі адпачынку і аздараўлення стала Гродзеншчына. Тут адпачыла 62 % дзяцей ад 6 да 18 гадоў.


— Дзесьці пераважалі абаронна-спартыўныя лагеры, лагеры для адораных дзяцей ці паглыбленага вывучэння прадметаў. Кірункі і профілі самыя розныя — для высокаматываваных дзяцей, педагагічныя, валанцёрскі атрады і ІT-лагеры, — расказвае кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык. — На базе некалькіх стацыянарных лагераў у Брэсцкай вобласці сумесна з кампаніяй МТС і Паркам высокіх тэхналогій былі арганізаваны змены ІT-кірунку, дзе дзеці пашыралі кругагляд і вывучалі асновы кібербяспекі і робататэхнікі. У Віцебскай вобласці ў лагеры «Дружныя рабяты» была арганізавана змена «Лабірынт ведаў». Амаль 90 пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд паглыблялі свае веды ў астраноміі, хіміі, біялогіі і геаграфіі.

Папулярнымі ў летні час былі і лагеры працы і адпачынку. Самым важным і няпростым для арганізатараў было знайсці месцы працы, цікавыя для дзяцей. У Першамайскім раёне Мінска, напрыклад, яны дапамагалі выхавальнікам дзіцячага садка. І зарабілі за 18 дзён ад 100 да 300 рублёў.

— Лагер «Патрыёт» для цяжкіх падлеткаў размяшчаецца побач з дзіцячым цэнтрам «Расток» для інвалідаў-калясачнікаў. І выхаванцаў «Патрыёта» мы ўключалі ў работу з асаблівымі дзецьмі. Так выхоўваюцца міласэрнасць і спачуванне, цяжкіх падлеткаў такі занятак мяняў на вачах, — прыводзіць прыклад Ларыса Емяльянчык.

Сярод дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, удалося аздаравіць 98 %. У Мар'інай Горцы, на базе 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, у лагеры «Прызыўнік» прайшлі аздараўленне 15 выхаванцаў з Магілёўскай спецыяльнай школы закрытага тыпу.

— Такая практыка аказалася цікавай не толькі для выхаванцаў лагера, але і для афіцэраў. Адметна, што ў іх выдатна атрымліваецца кантактаваць з такімі хлопцамі, — адзначае Ларыса Емяльянчык.

Сёлетні год стаў асаблівым для самага знакамітага беларускага лагера — «Зубраня». Ён адзначыў паўвекавы юбілей. І даўно набыў міжнародны статус: толькі за гэта лета тут адпачыла 1649 дзяцей з 23 краін свету.

— Па запрашэнні кіраўніка дзяржавы ў «Зубраня» прыязджалі дзеці з Сірыі, Кітая, Японіі, Польшчы, Індыі, Егіпта і В'етнама.Усе яны былі ў захапленні ад лагера і ад Беларусі. Іншыя лагеры павінны браць на ўзбраенне вопыт «Зубраняці», — рэзюмавала Ларыса Емяльянчык.

Як і калі купіць пуцёўку?

З рэспубліканскага бюджэту на дзіцячыя аздараўленчыя ўстановы сёлета выдаткавана 47 мільёнаў рублёў. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных лагераў патрачана 16,4 мільёна, прычым толькі 0,5 мільёна — з рэспубліканскага бюджэту. Астатнія сродкі выдаткоўвалі мясцовыя бюджэты, уласнікі лагераў, таксама на гэтыя мэты пайшла частка грошай, заробленых падчас рэспубліканскага суботніка.

— Фінансаванне дазволіла аздаравіць 392 тысячы дзяцей, у тым ліку 168,5 тысячы — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем, 223 тысячы — з дзённым. Гэта на 11 тысяч дзяцей больш, чым летась, — падкрэслівае намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей ЖАЛЯНКОЎ. — У наступным годзе мы плануем аздаравіць 394 тысячы дзяцей, у тым ліку каля 70 тысяч — у профільных лагерах.

Кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем складаў сёлета 450—500 рублёў. З гэтай сумы бацькі аплачвалі толькі 10 %, 196 рублёў — дзяржаўная датацыя, астатнія кампенсавалі прафсаюзы ці наймальнікі. Паводле слоў спецыяліста, усе ахвотныя забяспечваліся пуцёўкамі.

— На першую, другую і трэцюю змены попыт, асабліва ў Мінску, быў вялікі. Таму частка лагераў працавала ў чатыры ці пяць змен, і бацькі змаглі адправіць дзяцей у чацвёртую ці пятую змену. У некаторыя лагеры, той жа «Спадарожнік», пуцёўкі дастаць сапраўды складана, гэта рабіць варта ў пачатку красавіка, — кажа Аляксей Жалянкоў.

Спецыялісты раяць падумаць пра летні адпачынак дзяцей у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Для гэтага трэба звярнуцца з заявай у камісію па аздараўленні па месцы работы. Пуцёўку можна таксама атрымаць у школах і тэрытарыяльных упраўленнях адукацыі. Індывідуальным прадпрымальнікам раяць звяртацца да спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Яны таксама маюць права на дзяржаўную датацыю пры ўмове належных выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Максімальны эфект — у загарадных умовах

Як адзначыла загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА, сёлета эпідэміёлагі сачылі за больш чым шасцю тысячамі стацыянарных лагераў. Пры гэтым пяць стацыянарных лагераў напярэдадні летняга сезона закрыліся, у тым ліку два — на рамонт, яшчэ два — у сувязі са зменай уласніка. Ва ўсіх стацыянарных лагерах удалося забяспечыць санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт. Не адбылося ніводнага надзвычайнага здарэння, якое вымушала б закрыць аздараўленчую ўстанову. Упершыню за некалькі апошніх гадоў у Міністэрства аховы здароўя не паступіла ніводнай скаргі ці звароту ад бацькоў. Праўда, без захворванняў не абышлося. У асноўным гэта былі саматычныя інфекцыйныя хваробы. У прыватнасці, 18 выпадкаў ангіны, 25 бранхітаў, 38 выпадкаў вятранкі. Зафіксавана 118 траўмаў і 36 выпадкаў укусаў кляшчоў.

— У дзіцячых калектывах без хвароб не абысціся. У 38 % выпадкаў — гэта вострыя вірусныя рэспіраторныя інфекцыі. Колькасць траўмаў засталася на ўзроўні мінулага года, але пытанню ўладкавання дзіцячых пляцовак варта аддаць больш ўвагі, — адзначыла Ала Малахава.

Падчас больш чым 50 % праверак эпідэміёлагі выяўлялі парушэнні.

— У большасці выпадкаў яны насілі бягучы характар і не мелі эпідэміялагічнага значэння, напрыклад няправільнае захоўванне адзення. Грубых парушэнняў — каля 8 %, усе яны звязаны з бяспекай харчавання. 47 % парушэнняў — у арганізацыі харчавання, — прывяла лічбы спецыяліст.

Ала Малахава падкрэсліла, што 60 % лагераў істотна палепшыла сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Пры гэтым пяць лагераў маюць патрэбу ў значных капітальных укладаннях і рамонтах, тры лагеры не маюць каналізацыі, дзевяць — без сістэм ацяплення (карыстаюцца пераноснымі абагравальнікамі). Пры гэтым праблему з гарачай вадой вырашылі ва ўсіх дзіцячых аздараўленчых установах.

Задачай на перспектыву спецыяліст назвала павелічэнне колькасці дзяцей, якія аздараўляюцца ў загарадных умовах не менш як 18 дзён.

— У такіх умовах каля 92 % дзяцей атрымлівае высокі аздараўленчы эфект. Калі летась у такіх умовах адпачыла 26,2 % дзяцей, то сёлета ўжо 29,4 %. Варта, каб як мага больш дзяцей аздараўлівалася ў загарадных стацыянарных лагерах.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: kid.travel

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.