Вы тут

Асноўныя тэмы фестывалю «Еўразія.DOC»


Кінамастацтва ў Беларусі нагадвае памежны стан. Бывае, адразу адбываецца некалькі цікавых і яркіх фестываляў, а потым — маўчанне. Зараз у краіне якраз бурленне: кінааматары запасаюцца квіткамі (добра, што не папкорнам) і чакаюць прэзентацыю новай цікавай стужкі. Пачаліся кінафестывалі. Адзін з іх — IV Фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» — праходзіў у Мінску з 1 па 4 кастрычніка.


Урачыстае закрыццё фестывалю «Еўразія.DOC».

На фестываль была пададзена 151 заяўка з 17 краін. У кароткую праграму ўвайшлі 28 дакументальных фільмаў з 12 краін. Удзельнікі форуму — кінадакументалісты з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Расіі, Кыргызстана, ЗША, Таджыкістана, Эстоніі, Літвы, Казахстана, Грузіі, Украіны. Тэма фільмаў павінна прама ці ўскосна быць звязана з грамадска-палітычным жыццём краін СНД і ўсёй постсавецкай прасторы. Геаграфія ўдзельнікаў не абмежаваная. Перавагу пры адборы атрымлівалі фільмы, знятыя на працягу двух гадоў да даты правядзення фестывалю. Таксама прыярытэтнымі былі стужкі, якія прадстаўляліся для прэм’ернага паказу. Ацэньвала работы міжнароднае журы ў складзе знакамітых кінадакументалістаў, журналістаў і палітолагаў. У фокусе — прафесіяналізм, актуальнасць тэмы, характар падачы матэрыялу.

На адкрыцці ўдзельнікаў фестывалю вітаў намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Матусевіч, які падчас урачыстага адкрыцця форуму зачытаў прывітальнае слова ад кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, дзе адзначалася, што правядзенне фестывалю ў Беларусі стала добрай традыцыяй:

— Мінск — горад, дзе перасякаюцца шматлікія культуры, дзе працуюць прадстаўнікі розных канфесій, нацыянальнасцей. Таленавітае дакументальнае кіно спалучае ў сабе непадробную цікавасць да чалавека, зацвярджэнне высокіх гуманных каштоўнасцяў і непрадузяты погляд на тое, што адбываецца ў розных кутках планеты. Большасць прадстаўленых работ кінафоруму прысвечаны тэме пошуку міру, шляхоў да міжнацыянальнага супрацоўніцтва, павазе да сваёй культуры і гісторыі. Дарэчы, фестываль стаў прыкметнай з’явай культурнага і грамадскага жыцця не толькі Беларусі, але і еўразійскай прасторы.

4 кастрычніка ў мінскім кінатэатры «Беларусь» прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў IV Фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC», дзе стала зразумела, што тэмы, прадстаўленыя рэжысёрамі, не проста важныя ці актуальныя — яны кранаюць.

Так, фільм «Жанчыны і спорт. Дар’я Домрачава» (аўтар Наталля Эйсмант, рэжысёр Аляксандр Арташэўскі) атрымаў спецыяльны прыз Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Фільм, як можна здагадацца, не пра перамогі, а пра сілу волі і выпрабаванні на шляху спартсмена. Не так лёгка заўсёды быць моцнай, асабліва жанчыне, няпроста працаваць і на мільённую аўдыторыю.

Дзякуючы дакументалістыцы ў гледача ёсць магчымасць прасачыць за дэталямі, якія захоўвае ў кадрах рэжысёр, каб зразумець глыбінныя сэнсы кінаработы. На жаль, грамадства не заўседы разумее дакладна, што такое быць у страі 24 гадзіны ў суткі. Фільм добра адлюстроўвае ўсе бакі перамогі.

А стужка знакамітага рэжысёра з Беларусі Анатоля Алая «Доктар Шуба» атрымаў на фестывалі спецыяльны прыз «За выдатны ўклад у дакументальнае кіно». У фільме народнага артыста Беларусі паказаны лёс выдатнага беларускага хірурга, былога галоўнага ўрача Першай клінічнай бальніцы Мінска, заслужанага ўрача БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксея Іванавіча Шубы. Жыццё гэтага чалавека — злепак драматычнай гісторыі беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Пра «народнага доктара» ў кадры распавядаюць сваякі, сябры і калегі. Фільм варта паглядзець тым, каму цікава аналізаваць працэсы гісторыі праз прызму чалавечага патэнцыялу.

Спецыяльны прыз старшыні журы прысуджаны рэжысёру Левану Габрыядзэ (Расія/Грузія) за фільм «Ведаеш, мама, дзе я быў?», створаны па матывах дзіцячых успамінаў і малюнкаў бацькі рэжысёра, вядомага сцэнарыста, мастака, дырэктара Тэатра марыянетак Рэза Габрыядзэ. У пэўны момант стужка нават пачынае нагадваць мультфільм.

Леван Габрыядзэ вяртае нам дзяцінства, час, калі нічога не страшна, калі ўсё дрэннае вось-вось скончыцца, а добрае застанецца назаўсёды. Мы зноў там — сярод вялікіх кніг і высокіх дрэў, лятаем на знішчальніку і пішам прызнанні ў каханні. Дзіўная гісторыя дзяцінства мастака, пісьменніка і рэжысёра Рэза Габрыядзэ: рэальныя факты змешваюцца з фантазіямі і снамі дзесяцігадовага хлапчука. Поўнаметражны анімацыйны фільм, створаны па аповедах і малюнках самога Рэза, — цёплае і кранальнае прызнанне ў любові мастаку ад самых блізкіх яму людзей. Таксама на фестывалі перамагла кінастужка рэжысёра Вольгі Шэхцер (ЗША) «Вайна снайпера». Гэта гісторыя пра чалавека, які па сваім уласным выбары апынуўся на вайне. Але фільм не столькі пра вайну, колькі пра чалавека на вайне. Яго зняла амерыканка рускага паходжання. Яе работа ўжо была адзначана ўзнагародамі на міжнародных кінафестывалях у ЗША. Неаднойччы гэты фільм называлі «таблеткай праўды».

Кадр з фільма «Вайна снайпера».

 Гэта ўнікальная стужка. Яе галоўны герой — знакаміты сербскі снайпер Дзеян Берыч па мянушцы Дэкі, які добраахвотнікам адправіўся на Усход Украіны і ваяваў на баку ДНР. Стваральнікі фільма, суправаджаючы свайго героя на перадавой, спрабуюць зразумець складаны ўнутраны свет чалавека. Па словах рэжысёра, фільм — паўтары гадзіны абсалютнай праўды. Без пастановак, без масак, без залішняй філасофіі. Будні снайпера ўперамешку з асабістымі перажываннямі, бяздольныя людзі і гераічныя байцы, «гарачыя» кадры баявых пазіцый... Усё як ёсць, усё на паверхні.

А фільм-пераможца расійскага рэжысёра Наталлі Штонды «Я — Вара Караулава. І больш ніхто» таксама ўражвае складаным сюжэтам. Гэта гісторыя ўцёкаў у Сірыю і вяртання залатой медалісткі і студэнткі МДУ, якая ў 2015 годзе абляцела не толькі Расію, але і ўвесь свет. Ужо пад новым імем Аляксандры Івановай яна паўстала перад судом, які ў снежні 2016 года вынес пакаранне ў чатыры з паловай года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Публічнасць гэтай гісторыі паступова згасла, хоць лёс Вары Караулавай спарадзіў велізарную колькасць пытанняў, якія павіслі ў паветры.

Фільм пабудаваны на інтэрв’ю з дзяўчынай, узятым у папраўчай калоніі ў Волагдзе, з яе маці, якая адпраўляецца на кароткатэрміновае спатканне да дачкі, і з бацькам. Для бацькоў, якія прымусілі сябе наноў, крок за крокам, перажыць бяду, гэты фільм — пераасэнсаванне ролі адносін у сям’і і ўласнай бацькоўскай ролі ў лёсе дачкі. Для Вары Караулавай гэта павольнае вяртанне да сябе самой.

Яшчэ адна стужка, якая стала на фестывалі адной з найлепшых, — фільм «Непераможная» расійскага рэжысёра Аляксандра Зіненкі. Таксама драма, таксама выпрабаванні.

Гераіня фільма Вольга Буніна ніколі не плача, хоць лёс быў да яе вельмі жорсткі: па дарозе ў ЗАГС загінуў яе жаніх. Пасля аўтакатастрофы яна цудам выжыла, але апынулася прыкаванай да інваліднай каляскі. Гераіня з паўднёваўральскага пасёлка ўражвае непераможнай сілай духу: Вольга Буніна — трынаццаціразовая чэмпіёнка свету па армрэслінгу сярод спартсменаў-апорнікаў. За маскай суровага армрэслера жанчына хавае добрую і пяшчотную натуру: Вольга выхоўвае чатырох дзяцей (трое з іх прыёмныя) і працуе інструктарам у вясковай спартзале. У фільме Вольга распавяла пра сваю вялікую сям’ю, пра вучняў і спорт, а таксама пра тое, што дае ёй сілы ў барацьбе з жыццёвымі цяжкасцямі.

У спіс найлепшых таксама ўвайшла дакументальная работа Мары Рэно «Іх звалі траўнікі». Гэты фільм дэтальна паказвае падзеі, якія адбываліся ў вучэбным лагеры, што быў арганізаваны па асабістай ініцыятыве Генрыха Гімлера. Курсантамі лагера павінны былі стаць, па задуме рейхсфюрара, савецкія ваеннапалонныя: у першыя месяцы пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз іх былі мільёны: знясіленыя, псіхалагічна раздушаныя, людзі паміралі ад голаду.

Нацысцкія вярбоўшчыкі прапаноўвалі ім выратаванне і сытае жыццё ў абмен на згоду ўступіць у СС. Згаджаліся далёка не ўсе, але і тыя, хто пагадзіўся, нават не падазравалі, якая ім адведзена роля на самай справе... Іх рыхтавалі для «працы» ў лагерах смерці — у Белжэцы, Сабіборы, Трэблінцы, Майданеку, Асвенцыме — лагерах, дзе ў газавых камерах знішчаліся за лічаныя гадзіны цэлыя эшалоны людзей — дзень за днём. Яны павінны былі «зачышчаць» яўрэйскія гета ў Львове, Любліне, Варшаве, на ўсіх акупіраваных тэрыторыях, расстрэльваць дзяцей, старых і жанчын. Сапраўдныя арыйцы, прадстаўнікі найвышэйшай расы, не жадалі пэцкаць рукі — для гэтага ў іх былі «траўнікі».

Што адбывалася з гэтымі людзьмі? У які момант чалавечае саступіла бесчалавечнаму? Як дэфармаваць іх свядомасць?.. Менавіта пра гэта расказвае фільм Мары Рэно.

Кадр з фільма «Жанчыны і спорт. Дар’я Домрачава»

Фестываль «Еўразія.DOC» зарэкамендаваў сябе за чатыры гады не проста прафесійным, але і адукацыйным. Праводзіцца «Еўразія.DOC» пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД (МФГС). Партнёры форуму — Беларускі саюз журналістаў і Беларускі саюз кінематаграфістаў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Формула драмы і жыццё праз мультфільм

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.