Вы тут

Ці папоўніць Аўгустоўскі канал спіс Сусветнай спадчыны?


Гэтае пытанне будзе абмеркавана падчас міжнароднай канферэнцыі, якая адбудзецца 5-6 лістапада з удзелам эксперта ЮНЕСКА. Першы дзень канферэнцыі пройдзе ў польскім Аўгустове, другі — у Гродне. Напярэдадні гэтай падзеі прадстаўнікі ўлад абодвух рэгіёнаў сустрэліся, каб узгадніць свае пазіцыі.


З гэтай нагоды ў Гродне пабывала дэлегацыя Аўгустова на чале з яго бурмістрам Міраславам Каральчуком. Падчас рабочай сустрэчы было адзначана, што абодва бакі актыўна працуюць над тым, каб Аўгустоўскі канал быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны.

— Гэта складаная паэтапная работа, якая пастаянна вядзецца, — кажа намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Мы разумеем, што недастаткова прадставіць канал як гідратэхнічнае збудаванне. Стаіць задача прэзентаваць яго як унікальны аб'ект з багатай гісторыяй, вакол якога знаходзіцца мноства культурных каштоўнасцяў.

Па словах Міраслава Каральчука, міжнародная канферэнцыя з удзелам эксперта ЮНЕСКА дазволіць акрэсліць выніковыя задачы па ўключэнні канала ў спіс Сусветнай спадчыны.

— Мы павінны быць гатовы адказаць на ўсе пытанні міжнароднага эксперта і даказаць, што Аўгустоўскі канал сапраўды гэтага варты, — падкрэсліў Міраслаў Каральчук. — Таксама будзе абмяркоўвацца тэма турыстычнага патэнцыялу нашага агульнага з гродзенцамі аб'екта.

Падчас сустрэчы была дасягнута дамоўленасць па распрацоўцы адзінага брэнда Аўгустоўскага канала. Таксама неабходна стварыць агульную інфармацыйную і рэкламную платформу для папулярызацыі турыстычнага аб'екта.

Дарэчы, нядаўна ў Гродне адбылася прэзентацыя новага мабільнага гіда па веламаршрутах уздоўж канала. Гэтая работа будзе працягнута. Ёсць ідэя стварыць мабільную праграму з усімі аб'ектамі па абодва бакі канала.

Станоўчым фактарам для прыцягнення турыстаў стане пашырэнне бязвізавай зоны — з 10 лістапада ўвесь Гродзенскі рэгіён стане бязвізавым. Плануецца стварыць цікавую інфраструктуру. Напрыклад, у Гродне ёсць намер узвесці амфітэатр з відам на Нёман, а на канале стварыць музей на вадзе.

Нагадаем, што ў Беларусі чатыры аб'екты ўваходзяць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: замкавы комплекс «Мір», Нацыянальны парк «Белавежская пушча», архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і геадэзічная дуга Струвэ. Яшчэ шэраг аб'ектаў прадстаўлены для разгляду. У іх ліку — Аўгустоўскі канал, Сафійскі сабор, Каложская царква і іншыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.