Вы тут

Як войскі сувязі адзначылі 100-я ўгодкі са дня стварэння


Без каардынацыі дзейнасці войскаў няма агульнага выніку. «Звязаць» жа іх у адзіны «арганізм» можа толькі якасная работа ваенных сувязістаў. А гэта залежыць ад многіх фактараў, сярод якіх — надзейнасць тэхнікі і адказнасць асабовага складу. За сто гадоў войскі сувязі прайшлі вялікі шлях. Нават і не верыцца, гледзячы на сучасную магутную тэхніку, што калісьці ўсё пачыналася з адбівання кропак і працяжнікаў з дапамогай просценькага апарата Морзе.


Напярэдадні свята начальнік сувязі Узброеных Сіл Алег Мішчанка даў невялікі брыфінг у незвычайным месцы — мабільным пункце кіравання, які ў гэтыя дні быў дыслакаваны на тэрыторыі 86-й брыгады сувязі, што знаходзіцца пад Мінскам. Звычайна гэты аб'ект закрыты ад пабочных асоб.

— Гэты пункт разгортваецца на працягу некалькіх хвілін у любой кропцы, — расказвае Алег Мішчанка. — Можна нават сказаць, што мы ў самым цэнтры сістэмы сувязі Узброеных Сіл. Усе падначаленыя структуры знаходзяцца на закрытай відэаканферэнцсувязі пастаянна, 24 гадзіны ў суткі. Мы можам кантраляваць работу ва ўсіх дыяпазонах частот з вывадам сюды і пры неабходнасці прымаць рашэнні. Важны момант — тое, што мы ўсё бачым у рэжыме рэальнага часу, у тым ліку і дзякуючы станцыям спадарожнікавай сувязі. Плынь інфармацыі будзе дастаўлена ў поўным аб'ёме і зашыфравана.

Да канца года да нас працягне паступаць найноўшая тэхніка — як для доследнай эксплуатацыі, так і ўзоры, якія ўжо паступілі на серыйную вытворчасць і прыняты на ўзбраенне. Акрамя прадпрыемстваў Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, свае распрацоўкі актыўна вядзём і мы. Створаны цэхі па рамонце і мадэрнізацыі сродкаў сувязі, ёсць уласнае канструктарскае бюро, свае распрацоўшчыкі і выканаўцы. На буйных манеўрах мы ўжо выкарыстоўвалі гэтыя сродкі, у тым ліку і гэты пункт. І яны дэманструюць сваю эфектыўнасць.

— Войскі сувязі пастаянна развіваюцца, удасканальваюцца сістэмы перадачы, — кажа камандзір 86-й брыгады сувязі Сяргей Шчарбакоў. — Увесь час паступаюць новыя ўзоры тэхнікі, што накладвае дадатковую адказнасць пры асвойванні і эксплуатацыі. Але за апошнія 10 гадоў яны не проста зрабілі крок наперад. Увесь парк сувязі абнавіўся, войскі пераўзброіліся на сучасныя лічбавыя сродкі сувязі, незалежна ад таго — радыёрэлейныя яны, правадныя або маюць дачыненне да засакрэчвання. Напрыклад, нясучая частата на адной з радыёстанцый пераключаецца за секунду 200 разоў, і ніякія сродкі барацьбы эфектыўна запеленгаваць і падавіць такую перадачу не ў стане.

«Інструкцыя да тэлефонаў была спачатку на англійскай мове»

Прафесійнае свята адзначылі і вайскоўцы 56-га палка сувязі. Яны зладзілі дзень адчыненых дзвярэй, падчас якога паказвалі ўсім ахвотным ваенную тэхніку, музейную экспазіцыю і частавалі смачнай кашай.

Пра радыёрэлейную станцыю «Цытрус» апавядае камандзір узвода радыёрэлейных станцый Уладзімір Кухараў.

— З яе дапамогай мы можам перадаваць інфармацыю па валаконна-аптычным кабелі, радыёрэлейным ствале. Трансляваць голас, відэа, даныя, у тым ліку і з выкарыстаннем шырокапалоснага доступу. Яна працуе ў некалькіх дыяпазонах. А экіпаж складае ўсяго пяць чалавек.

— Ці складана навучыцца на ёй працаваць?

— Мінімальныя веды, канешне, пажаданы. Але сама станцыя, нягледзячы на ўсе свае «навароты», дастаткова простая. З асабістага вопыту скажу, што за некалькі тыдняў навучыць салдата можна цалкам упэўнена. А далей усё залежыць ад яго.

— Наколькі работа сувязіста адрозніваецца ад таго, што мы бачым у старым кіно?

— Падабенства захавалася хіба толькі ў тым, што салдат сядзіць у навушніках. Цяпер аналагавая сістэма перадачы інфармацыі сышла ў мінулае, мы працуем з «лічбай». Адпаведна, зараз аператар карыстаецца камп'ютарам. Разам з тым мы можам выканаць і старую камутацыю пры дапамозе правадоў, але неабходнасці ў гэтым усё меней. Ды і наогул, аналагавыя радыёстанцыі вымагалі большага аб'ёму работы, а вось магчымасцяў было меней. Напрыклад, пра тое, каб радыёстанцыя працавала ў сотнях каналаў сувязі, мы раней маглі толькі марыць. Цяпер жа гэта рэальнасць. Не кажучы ўжо аб тым, што мы можам спакойна трансляваць зашыфраваныя даныя. Лічбавы код складзены так, што ўзламаць яго амаль немагчыма. Для «чужых» слухачоў у эфіры будуць ісці толькі перашкоды. Акрамя таго, гэтую апаратную мы можам разгарнуць за паўгадзіны. На стары аналагавы варыянт патрабавалася каля дзвюх гадзін.

Старшы механік Станіслаў Гуніч, які абслугоўвае іншую радыёрэлейную станцыю, — кантрактнік. Ён быў прызваны ў войска ў 2016 годзе на 18 месяцаў. Хоць да гэтага ніякага дачынення да сувязі не меў, але таямніца радыёэфіру спакусіла яго працягваць службу ўжо ў статусе прафесійнага вайскоўца.

— Скажам так, з нуля мне было складана ўсё асвойваць. Пакуль вывучыў усе асаблівасці, прайшло некалькі месяцаў. Але тэарэтычныя заняткі падмацоўваліся практыкай на палігонах падчас палявых выхадаў, і таму я паступова ўцягнуўся ў гэты рытм. За паўтара года вывучыў радыёстанцыю да дробязяў. Мне пашанцавала, што не давялося перавучвацца са старога аналагавага абсталявання на сучаснае лічбавае. І калі вам нехта скажа, што сувязісты толькі і робяць, што перадаюць у эфір «марзянку» і змотваюць кабель у бухту, — не верце. Наша работа нашмат цікавейшая. Напрыклад, падчас парада я каардынаваў пралёт авіяцыі...

Сто гадоў развіцця войскаў сувязі — гэта перш за ўсё гісторыя. Пры 56-м палку сфарміраваны спецыяльны музей. Пра яго найбольш цікавыя экспанаты расказвае старшы радыётэлеграфіст Любоў Папова (на фота).

— Напрыклад, увагі заслугоўвае друкарская машынка 1933 года. Яна выпушчана ў Германіі канцэрнам Rheіnmetall. Але да падпісання Версальскага мірнага дагавора гэты канцэрн вырабляў зброю. Умовы перамір'я забаранілі яму гэта рабіць, і заводы пераключыліся на выпуск друкарскіх машынак. З прыходам да ўлады Гітлера вытворчасць прадметаў грамадзянскага побыту была згорнута, і з канвеера зноў пачала сыходзіць зброя. Да нас жа гэтая машынка трапіла ў ліку рэпарацый.

Яшчэ адзін цікавы экспанат з ваенных часоў — амерыканскі палявы тэлефон. У СССР ён пастаўляўся па ленд-лізе. Зручнасць гэтага тэлефона ў тым, што на корпус нанесена яго электрычная схема. Але... па чыімсьці недаглядзе першыя партыі тэлефона пастаўляліся так, як і выпускаліся, — са схемай на англійскай мове. Здавалася б, і што ў гэтым такога, але... у даваенны час у савецкіх школах масава вывучалася якраз-такі нямецкая мова. І сувязістам працаваць з англамоўным варыянтам было вельмі нязручна.

Экспанаты трапляюць у музей рознымі шляхамі. Сёе-тое перадаецца ў якасці спісанай тэхнікі. Але і ваенныя пошукавікі таксама знаходзяць вельмі цікавыя рэчы.

— Вось два правады, — працягвае Любоў Папова. — Іх знайшлі падчас адной з экспедыцый. Бачыце, яны адрозніваюцца ізаляцыяй? Той, які выглядае як новы, — гэта дрот нямецкай вытворчасці. Сакрэт просты: яшчэ ў тыя гады ў якасці ізалятары немцы выкарыстоўвалі пластык. А вось у СССР такой тэхналогіі 80 гадоў таму не было, і даводзілася карыстацца брызентам, які па даўгавечнасці істотна саступае пластыку. Усё гэта, адпаведна, уплывала на якасць падключэння. Вось тым і тлумачыцца тое, чаму нашы сувязісты падчас вайны часта палявалі на катушкі з нямецкім провадам.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.