Вы тут

Гуру педагогікі Рос Морысан Макгіл: Грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце шмат


«Урааааааа!!!!!». «Я так разумею, што мы хутка сустрэнемся?». « Аналагічная радасць. На адной хвалі». «І я, і я, і я!». «Праўда, як жа класна, калі людзі з розных куточкаў Беларусі разумеюць, пра што гаворка. Да сустрэчы, сябры». «Хутка пабачымся». Такімі эмоцыямі дзяліліся ў «Фэйсбуку» педагогі, якія атрымалі запрашэнне на ЕdСаmр Bеlаrus — 2019. Настаўнікі адлічвалі дні да яго пачатку, як дзеці ў чаканні Новага года.


Рос Морысан МАКГІЛ: «Грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце шмат. Таксама яны думаюць, што вам плацяць добра...»

Па добрай волі

Педагагічная (не)канферэнцыя прайшла ў сталічным клубе «Імагуру» ўжо трэці раз з нязменным аншлагам. У свае выхадныя дні настаўнікі з усёй краіны прыехалі ў сталіцу, каб падзяліцца адно з адным самымі сучаснымі педагагічнымі практыкамі або проста паслухаць майстар-класы ад «гуру» педагогікі. Галоўны прынцып форуму — добраахвотнасць: «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш».

Усе тут могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Могуць прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з уласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць.

Хтосьці трапна параўнаў ЕdСаmр з наркотыкам, ад якога немагчыма адмовіцца. Хтосьці назваў яго настаўніцкім кіслародам, які дапамагае выжываць. Многія з удзельнікаў педагагічнай (не)канферэнцыі лічаць сябе белымі варонамі ў школах, а ЕdСаmр дае ім магчымасць трапіць у чараду такіх жа, як ты сам. Эфект нефармальнай сустрэчы актыўных настаўнікаў у тым, што яна натхняе, пасля яе хочацца працаваць па-новаму, творча, актыўна, плённа і ў сучасным фармаце. «Супрацоўніцтва — для будучыні» — менавіта так была сфармуляваная агульная ідэя для ЕdСаmр Bеlаrus — 2019.

Госцем мерапрыемства стала пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін ПЕРКІНС: менавіта дзякуючы пасольству гэтай краіны адбыўся візіт у Беларусь такой «мегазоркі», як Рос Морысан МАКГІЛ. Яго сайт tеасhеrtооlkіt.со.uk рэгулярна ўваходзіць у топ-100 самых карысных педагагічных рэсурсаў. Рос Макгіл намінаваўся газетай Thе Sundау Tіmеs на званне аднаго з 500 самых уплывовых людзей Вялікабрытаніі. Больш за 25 гадоў ён выкладаў працоўнае навучанне і тэхналогіі (быў «Настаўнікам года Вялікабрытаніі» ў 2004 годзе) і кіраваў адной з самых складаных лонданскіх школ.

— Сёння мы жывём ва ўмовах глабалізацыі, крыніц інфармацыі вельмі шмат, іх колькасць пастаянна павялічваецца. Медыяпісьменнасць, пра якую мы будзем сёння тут казаць, вельмі важны навык, які трэба развіваць у падрастаючага пакалення, — падкрэсліла спадарыня Жаклін Перкінс. — Як адрозніць праўдзівую інфармацыю ад непраўдзівай? Брытанскае пасольства зацікаўлена ў падтрымцы праграм па супрацьдзеянні дэзінфармацыі.

Тры пункты апоры

Стала традыцыяй пазначаць на карце Беларусі населеныя пункты, адкуль прыехалі ўдзельнікі EdCamp.

— Я адкрыю для вас сакрэт: педагогіка — гэта навука, — распачала з жарту сваё выступленне намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — А навука любое слова, не пацверджанае лічбай, лічыць пустым. Да пэўнага часу нашы педагогі-навукоўцы нават не падазравалі, што існуе агульнапрынятая методыка разліку эфектыўнасці ўздзеяння розных фактараў на навучанне. І любое новаўвядзенне — ці новы падручнік, ці школьная форма, працягласць канікул, выкарыстанне гаджэтаў ці час пачатку заняткаў, — усё папярэдне даследуецца і вымяраецца ў лічбах, а толькі потым прымаецца рашэнне, ці ўкараняць гэта ў адукацыйны працэс. Дык вось, самым эфектыўным фактарам уздзеяння на акадэмічную паспяховасць вучняў, на якасць навучання была прызнаная «калектыўная эфектыўнасць настаўнікаў». Калі тлумачыць проста, то гэта ўпэўненасць настаўнікаў у тым, што калектыўнымі высілкамі яны могуць дасягнуць значных вынікаў. Нават калі ім дасталіся не самыя таленавітыя і матываваныя вучні.

А вось праблемы, якія выклікаюць самыя гарачыя спрэчкі ў нашым грамадстве, маюць найменшы памер эфекту: колькасць вучняў у класе, неабходнасць пакідаць няўдачнікаў на паўторнае навучанне, магчымасць выбару школы, увядзенне школьнай формы... Мы забіраем мабільныя тэлефоны ў дзяцей, замест таго каб выкарыстоўваць іх у навучальным працэсе.

— Добра ўжо тое, што слова «рэформа» больш не асацыюецца ў нас з пагрозай, — разважае Тамара Мацкевіч. — Як фізік па адукацыі, скажу вам, што патрэбны як мінімум тры пункты апоры, каб рэформа была паспяховая: гэта рэформа ў змесце, у тэхналогіях і методыцы і ў сістэме кіравання адукацыяй. Настаўнікі, на жаль, пакуль мала могуць уплываць на змест, але дзякуючы рэалізацыі праграмы па медыяадукацыі мы паступова пачынаем змяняць напаўненне падручнікаў, робім іх больш сучаснымі. Кіраўнікоў устаноў адукацыі мы таксама пакуль не выбіраем. А вось тэхналогіі навучання ў нашых руках. Трэба толькі даць большую свабоду настаўнікам...

Інфармацыя ці меркаванні?

Панэльная дыскусія на тэму «Узаемадзеянне бізнесу і адукацыі: што, акрамя грошай?»

Старт (не)канферэнцыі дала панельная дыскусія на тэму «Узаемадзеянне бізнесу і адукацыі: што, акрамя грошай?». Адным з прыкладаў такога паспяховага ўзаемапранікнення стала праграма «Настаўнік для Беларусі».

— Гэта сумесны праект БПБ-Ашчадбанка і Міністэрства адукацыі. Ён нацэлены на прыцягненне ў школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія могуць і хочуць прыўнесці ў прафесію педагога новыя ідэі, імкнуцца да самаразвіцця, гатовы да змен (у тым ліку і да пераезду на новае месца) і вераць у свае сілы, — тлумачыць Алена МЕЛЬЧАНКА, аператар праграмы «Настаўнік для Беларусі». — Быў створаны мясцовы адукацыйны фонд «Новая школа», да праекта могуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія жадаюць зрабіць унёсак у развіццё якаснай адукацыі ў рэгіёнах. Мы вельмі спадзяёмся, што наша праграма зробіцца своеасаблівым інкубатарам адукацыйных праектаў. Кожны настаўнік, які стаў яе часткай, павінен будзе прыдумаць і рэалізаваць праект, які ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай супольнасці. Гэта можа быць класны ці агульнашкольны праект, у які будуць уцягнуты і бацькі школьніка, і педагогі, і жыхары навакольных населеных пунктаў: ад стварэння школьнага тэатра да вырашэння экалагічных задач. А затым мы зможам трансляваць іх вопыт і на іншыя рэгіёны.

— У бізнесе я прызвычаіўся вырашаць усе пытанні, выкарыстоўваючы пэўны алгарытм: ад пастаноўкі праблемы да пошуку яе рашэнняў, — падкрэслівае сузаснавальнік і кіруючы партнёр анлайн-гіпермаркета 21vеk.bу Павел МАТУСЕВІЧ. — Але я назіраю нізкую ўцягнутасць людзей ва ўласнае жыццё, ім нецікава тое, што з імі адбываецца. Я не ведаю, як і калі ў школе «забіваюць» гэту зацікаўленасць. Мне важна, каб у маёй кампаніі ўсе разумелі, якая ў нас агульная мэта, і каб ведалі сувязь паміж агульнай і асабістай мэтамі. На маю думку, у адукацыі трэба фарміраваць прастору для ўсвядомленага выбару, фарміраваць у дзяцей навык вучыцца.

— А я працую ў ВНУ з тым, што атрымалася ці не атрымалася ў вас, — звярнуўся да школьных настаўнікаў прадстаўнік ВТБ-банка і ўніверсітэцкі выкладчык Міхаіл НАВАСЁЛАЎ. — І мушу канстатаваць, што студэнты не ўмеюць працаваць з інфармацыяй і крытычна яе ўспрымаць. Яны карыстаюцца не інфармацыяй, а меркаваннямі. І не ствараюць уласныя думкі. Калі ім не падабаецца меркаванне, то яны знойдуць іншае, якое іх задаволіць.

— Мы ўсе не умеем задаваць пытанні, таму што ў школе гэта, мякка кажучы, не віталася, у ВНУ за пытанні да выкладчыка можна было атрымаць прозвішча «батан». На першым рабочым месцы маладому спецыялісту таксама кажуць: «Не пытайся, я ж табе ўсё патлумачыў». Між іншым, уменне задаваць пытанні — вельмі карысны навык для кожнага з нас, — упэўнена Ксенія КРУЧЫНІНА, кіраўнік humаn rеsеаrсh dераrtmеnt інвестыцыйнай кампаніі (фонду) Hахus. — Мы не ведаем, якія навыкі патрэбны сучаснай моладзі, чаму іх вучыць. Дык давайце запытаемся пра гэта ў саміх маладых людзей...

Адукацыйныя трэнды

Безумоўна, самым захапляльным атрымаўся кірмаш педагагічных ідэй, дзеля чаго, уласна кажучы, педагогі і сабраліся. У ахвотных была толькі адна хвіліна на тое, каб прыцягнуць увагу калег. Настаўнікі хацелі падзяліцца досведам стварэння медыяўрокаў і нестандартных класных гадзін, STЕАM-падыходамі ў выкладанні... біялогіі, стратэгіямі актыўнай ацэнкі пры вывучэнні лірычных твораў на ўроках літаратуры, выкарыстаннем актыўнай ацэнкі ў рабоце класнага кіраўніка, прыёмамі драмагерменеўтыкі на ўроках гісторыі, выкарыстаннем мнематэхнік для ўдасканалення лексічных навыкаў, тэхналогіяй праектнага навучання ЕduSсrum.

Тамара КАЧКАН , настаўніца беларускай мовы і літаратуры з ВПК «Падольскі дзіцячы сад — сярэдняя школа» Астравецкага раёна, прапанавала правесці майстар-клас на тэму «Прыёмы візуалізацыі вучэбнага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры, або Як пазбегнуць эфекту «скразняку». «Чым дапамогуць сакрэты Серафіні на сучасным уроку?» — інтрыгавала калег настаўнік гісторыі і грамадазнаўства з сярэдняй школы № 2 г. Рагачова Вольга КРАЎЧАНКА. «Мабільны тэлефон на ўроку: воўк у авечай скуры ці эфектыўны сродак удасканалення вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі навучэнца?» — заваблівала ўдзельнікаў ЕdСаmр настаўніца замежнай мовы з лепельскай гімназіі Кацярына ЗАЯЦ.

«У адно вуха ўлятае, у другое... ці Сакрэты эйдэтыкі для Х, У, Z», — так сфармулявалі сваю ідэю настаўніца англійскай мовы з мазырскай сярэдняй школы № 14 Вераніка АРЛОВА і намеснік дырэктара СШ № 14 г. Наваполацка Вольга КЕЦКО.

Была заяўлена і такая тэма, як «Брыкалаж у адукацыі». Гэта новы адукацыйны трэнд, сутнасць якога заключаецца ў выкарыстанні педагогам падручных сродкаў і інструментаў для развіцця творчага мыслення ў сваіх выхаванцаў. Гэта можа быць усё што заўгодна, акрамя падручнікаў. Такі метад не патрабуе гатовых метадычак і дазволаў зверху.

«Як зрабіць адкрыты ўрок бяспечным для настаўніка, які яго дае, і эфектыўным для ўсіх, хто будзе на ім прысутнічаць?» — так гучала тэма майстар-класа намесніка дырэктара жлобінскай сярэдняй школы № 13 Алены АНАНЧЫКАВАЙ. Усім удзельнікам (не)канферэнцыі даваліся тры стыкеры, якімі яны маглі прагаласаваць за тыя тэмы, якія здаліся ім найбольш актуальнымі. І гэта была задача не з лёгкіх, таму што пачуць хацелася ўсіх.

Стыкерамі ўдзельнікі (не)канферэнцыі галасавалі за тыя тэмы, якія здаліся ім найбольш актуальнымі. І гэта была задача не з лёгкіх...

Хто працуе шмат?

«Для настаўнікаў, якія не дзеляцца з калегамі сваімі ведамі, у пекле будзе адмысловае месца», — пажартаваў брытанскі госць Рос Морысан Макгіл. Рос адносіцца да тых нямногіх, хто затрымаўся ў школе на 25 гадоў. Таму што «педагогіка — у маёй ДНК», як ён сам пра сябе кажа. Справа ў тым, што педагагічная дзейнасць — непрэстыжны занятак не толькі ў нашай краіне, а паўсюдна.

— Цяпер у Вялікабрытаніі налічваецца 443 тысячы настаўнікаў. Кожны год у школы прыходзіць прыблізна 20—25 тысяч новых. І ўпершыню атрымалася, што сышло больш педагогаў, чым прыйшло. Статыстыка сведчыць, што ў сярэднім настаўнік працуе ў школе 13 гадоў. Да 40 % маладых педагогаў сыходзяць у першыя пяць гадоў (большасць — у першыя два-тры гады работы), — канстатуе Рос. — 350 тысяч кваліфікаваных настаўнікаў з дыпломамі ў Брытаніі цяпер не працуюць па атрыманай прафесіі: яны або не прыходзяць у школы, атрымаўшы педагагічную адукацыю, або сыходзяць адтуль і мы не можам іх вярнуць.

У 2008 годзе Рос Макгіл пачаў весці свой настаўніцкі блог, а затым стварыў сайт tеасhеrtооlkіt.со.uk — інструменты для настаўніка, у якога цяпер больш за 10 мільёнаў чытачоў, прасоўвае яго ў сацыяльных сетках.

— Апошнія два гады я вырашыў падарожнічаць, сустракацца з калегамі, дзяліцца ідэямі. Я не ведаю ўсе адказы — проста спрабую іх знайсці, і гэта робіць мяне ўплывовым чалавекам, — усміхаецца Рос. — Мая вялікая аўдыторыя дае мне магчымасць праводзіць апытанні і даследаванні, каб скласці пэўную карціну па тым ці іншым пытанні. Напрыклад, настаўнікі з усіх краін скардзяцца на вялікую колькасць справаздач і электронных лістоў, на якія ім даводзіцца адказваць. Я цікавіўся, чаму яны сыходзяць з прафесіі, апытаў каля тысячы педагогаў у Брытаніі. Для нашай краіны галоўнымі прычынамі сыходу з'яўляюцца высокая рабочая нагрузка, ціск з боку ўпраўлення стандартаў (гэта такі кантралюючы орган у адукацыі), дрэнныя паводзіны вучняў і нізкія заробкі. Сярэдняя рабочая нагрузка на настаўнікаў складае 45—55 гадзін на тыдзень. У кіраўнікоў школ яна можа дасягаць 80 гадзін. Самае крыўднае: грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце вельмі шмат. Таксама яны лічаць, што вам плацяць добра.

«Калі вы сустракаецеся са «складанымі» бацькамі сваіх вучняў, лепш не садзіцеся, а стойце, тады сустрэча пройдзе хутчэй», — яшчэ адзін жарт ад Роса. «Прызнайцеся, а хто з вас любіць настаўніцкія сходы? Нікому яны не падабаюцца, дык навошта яны нам тады патрэбныя? Лепш сустрэцца з калегамі ў кавярні... А ці падабаецца вам, калі да вас на ўрок прыходзяць і яго ацэньваюць? Нешта я не назіраў падобнага ў медыцыне», — кажа Рос Макгіл, працягваючы пералічваць прычыны, па якіх людзі не затрымліваюцца ў прафесіі.

«Засталася ўсяго гадзінка, і #ЕdСаmрBеlаrus стане гісторыяй, — напісала ў «Фэйсбуку» дырэктар столінскай сярэдняй школы № 2 Ала ЛАЗІЦКАЯ. — Сябры, ці магчымай была б такая неймаверная па прафесійнай і чалавечай энергетыцы падзея, калі б не ВЫ, дарагія эдкэмперы, эксперты, удзельнікі і валанцёры?! Дакладна, эфект доўгага хваста ад (не)канферэнцыі будзе. Няхай тыя практыкі, ідэі, кантакты, якімі мы шчодра дзяліліся і якія набывалі, трансфармуюцца ва ўнікальны сінергетычны эфект! Дзякуй гэтым двум насычаным дням))) Бывай, #ЕdСаmрBеlаrus2019! Мы паехалі напрацоўваць новы вопыт, каб было чым дзяліцца на #ЕdСаmрBеlаrus2020!!»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і арганізатараў ЕdСаmрBеlаrus—2019

Загаловак у газеце: Сінергетычны эфект

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.