Вы тут

Прэзідэнт расказаў казахстанскім гледачам, што робіць з ураджаем бульбы


Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні інфармацыйнага агенцтва цэнтральнаазіяцкай рэспублікі.


Напярэдадні афіцыйнага візіту кіраўніка Беларусі ў Казахстан, які запланаваны на 24-25 кастрычніка, агенцтва «Хабар» запісала спецыяльнае інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі. Пытанні тычыліся ў тым ліку бачання Аляксандрам Лукашэнкам перспектыў развіцця гандлёва-эканамічных адносін паміж дзяржавамі, у прыватнасці, магчымасці закупкі казахстанскай нафты і павелічэння паставак беларускіх прадуктаў.

Так, на пытанне, ці захаваецца пераемнасць паміж дзяржавамі, Прэзідэнт даў адназначна станоўчы адказ.

«Вы згадалі новага Прэзідэнта Казахстана. Вы ведаеце, уся яго палітыка скіравана не толькі на працяг тых працэсаў, якія паміж Беларуссю і Казахстанам намечаны і адзначаюцца, а на развіццё нашага агульнага эканамічнага саюза. Касым-Жамарт Такаеў — гэта не проста чалавек, які можа не толькі прадоўжыць, а памножыць рэаліі, якія існуюць у нашых адносінах. Ёсць аснова, ёсць мэта, і мы яе будзем прытрымлівацца. Паверце, мы прыбавім, у нас адносіны будуць яшчэ лепшыя», — выказаў упэўненасць беларускі лідар.

Зайшла гаворка і пра будучыню Еўразійскага эканамічнага саюза. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што гэтая арганізацыя адбылася, прызнаная шматлікімі дзяржавамі свету, якія хочуць супрацоўнічаць з супольнасцю, але ў той жа час ёсць маса праблем, якіх быць не павінна. 

«Асабліва вось гэтыя бар’еры. Мы мусім нашы прадпрыемствы ставіць у роўныя ўмовы. Не павінна мацнейшая краіна ствараць для сваіх прадпрыемстваў найбольш выгадныя ўмовы і тарпедаваць пастаўкі прадукцыі, дапусцім, з Беларусі, напрыклад, на расійскі, казахстанскі ці іншыя нейкія рынкі. Калі мы ствараем саюз, значыць, трэба прасоўвацца наперад», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што дагэтуль існуе памылковы тэзіс пра тое, што Еўрапейскі саюз ствараўся дзесяцігоддзямі, а ЕАЭС толькі з’явіўся і не можа адразу стаць моцным, аўтарытэтным. Але, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, Еўрапейскі саюз — гэта розныя краіны, якія не мелі досведу жыцця ў адной краіне, як постсавецкія рэспублікі. 

«Мы ж жылі ў адной краіне, у нас велізарны вопыт! У нас вось гэта аснова, у нас адзіная мова, у нас шмат агульнага. Таму мы гэтым шляхам можам прайсці хутчэй за Еўрапейскі саюз. Так, мы павінны бачыць, што ў іх не атрымалася, і не рабіць памылак. Трэба вучыцца на чужых памылках. Але ісці мы можам больш хутка, таму што ў нас больш досведу. Мы жылі ў Савецкім Саюзе — там была абсалютна цесная інтэграцыя. Не трэба яе знішчаць — трэба адновіць тое, што разбурана. Мы маем над гэтым працаваць і, калі шчыра казаць, тут у нас, як у Казахстане кажуць, конь не валяўся», — прызнаў кіраўнік краіны.

Цікавіла журналістаў стаўленне беларускага лідара да папулярнасці ў сродках масавай інфармацыі, прычым не толькі ў Беларусі, а таксама яго погляд на эпоху першага Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева і ўражанні ад першай сустрэчы.

«Вельмі цікавы суразмоўца, які падкупае ў гутарцы сваёй шчырасцю, што ўвогуле нехарактэрна для палітыка... Нават думаю, што калі нейкі апанент пачынае з ім спрачацца, праз нейкі час становіцца прыхільнікам, — настолькі шчыра і пераканаўча ён можа расказваць. Таму размова адбылася вельмі жывая, цікавая, пазнавальная», — падзяліўся ўражаннямі з журналістамі старшыня праўлення агенцтва Ярлан Бякхожын.

Ён закрануў і пытанні асабістага характару: напрыклад, казахстанцаў цікавіць, што адбываецца з ураджаем бульбы і кавуноў, сабраным Прэзідэнтам Беларусі. Адпаведнае відэа, распаўсюджанае праз сацсеткі, імгненна стала папулярным у Казахстане.

Ярлан Бякхожын бываў у Беларусі шмат разоў, пачынаючы яшчэ з піянерскіх часоў. Журналіст адзначыў, што Мінск — адзін з самых камфортных і любімых гарадоў не толькі казахстанцаў, але жыхароў усёй постсавецкай прасторы.

«Што дзіўна, гэты рынак наступіў неяк рэзка і пачаў ціснуць на ўсе краіны СНД. А вось беларусы не змяніліся, на іх гэта не паўплывала. Вы засталіся такія ж шчырыя, добрыя і адкрытыя. Гэта вельмі прыемна, і я пажадаў бы, каб вы гэта захавалі надоўга, а, можа, і назаўсёды», — сказаў карэспандэнтам казахстанскі калега.

«Хабар» — самае буйное інфармацыйнае агенцтва Казахстана. Чатыры каналы ахопліваюць 99 працэнтаў тэлеаўдыторыі краіны. З 2017 году дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве з Белтэлерадыёкампаніяй.

На пытанне Ярлана Бякхожына аб шляху, які прайшлі абедзве краіны за 30 год, Прэзідэнт адказаў наступным чынам:

- За гэты час мы нямала зрабілі. Незалежнасць - планаваць і ствараць жыццё ўнутры краіны мы павінны самі. Не нехта там нам падкажа. Як раней было - з Крамля і гэтак далей. Хоць, вядома, вялікую самастойнасць і Казахстан, і Беларусь мелі ў гэтым плане. Тым не менш дзесьці не распараджаліся цяжкасцю свайго народа, дзесьці чагосьці не хапала, недзе трэба было нейкія дазволы дурныя пытацца, калі трэба было тут прымаць рашэнні. Вельмі было шмат адпаведных нестыковак, праблем.

Зараз мы самі вырашаем гэтыя пытанні. Мы самі распараджаемся сваім лёсам. Але самае галоўнае - Беларусь, ды і Казахстан, яны ж заўсёды былі пад чыімсьці бізуном, як я часта кажу. Хтосьці намі панукваў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць. Асабліва ў Беларусі. Усе гэтыя войны - не нашы войны. Айчынная вайна 1812 года, Напалеон прайшоўся да Масквы і назад вярнуўся праз Беларусь. Усё разрабавана, усё было знішчана. Потым Першая сусветная вайна. Дайшлі да таго, што ад Беларусі засталася толькі вузенькая палосачка - частка ўсходніх губерняў адышла Расіі, а да Мінска адышлі да Польшчы па Рыжскай дамове. Потым Другая сусветная вайна, у нас - Вялікая Айчынная вайна. Цалкам Беларусь сцерлі з твару зямлі. Гэта не нашы былі войны. Мы, тым не менш, гора сербанулі. Мы ў апошняй вайне траціну нашага насельніцтва страцілі. У асноўным грамадзянскага насельніцтва. У чым былі вінаватыя дзеці, старыя?

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».