Вы тут

Тавараабарот паміж Свярдлоўскай вобласцю РФ і Беларуссю можа ўстанавіць новы рэкорд


Прэзідэнт Беларусі прыняў у Палацы Незалежнасці дэлегацыю Свярдлоўскай вобласці Расіі на чале з губернатарам Яўгенам Куйвашавым.


«Прыемна сустрэцца з моцнымі людзьмі, — вітаў гасцей Аляксандр Лукашэнка. — Я, на шчасце, у свой час бываў у Свярдлоўску (былая назва сталіцы рэгіёна — „Звязда“), мне вельмі спадабаўся гэты моцны, рабочы горад. Менавіта моцны. Я з’ехаў тады з такім уражаннем».

Прэзідэнт паўтарыў, што Беларусь — гэта родная зямля для расіян. «Беларусь неаддзельная ад славянскіх народаў, — падкрэсліў ён. — Так здарылася, што апошнім часам Беларусь стала самай славянскай краінай, яна ўносіць значны ўклад ў збліжэнне народаў».

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што рэспубліка разглядае развіццё супрацоўніцтва з усімі расійскімі рэгіёнамі ў якасці аднаго з ключавых напрамкаў. «Я часта таксама кажу пра тое, што ў свой час, калі паміж Беларуссю і Расіяй былі не лепшыя часы (было і такое), менавіта супрацоўніцтва з рэгіёнамі выратавала саюз дзвюх краін».

Свярдлоўская вобласць, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, — традыцыйна надзейны і перспектыўны партнёр Беларусі, якая там працуе даўно і паспяхова, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. І жыхары рэгіёна, і людзі далёка за яго межамі добра знаёмыя з беларускімі прадуктамі харчавання, абуткам, тэкстылем, бытавой тэхнікай, мэбляй. Значную долю ў аб’ёмах узаемнага гандлю займаюць сумесныя праекты ў галіне энергетыкі. На Урале выраблена 60 працэнтаў турбін, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі.

Перспектыўным напрамкам Аляксандр Лукашэнка назваў машынабудаўнічую галіну. «Напрыклад, беларускае прадпрыемства „Белкамунмаш“ можа арганізаваць у вас усю лінейку мадэрнізацыі трамваяў, пры гэтым цэны будуць непараўнальна ніжэй нават у параўнанні з прадпрыемствамі Расіі, — сказаў ён. — Мае інтарэс зборка дызельных рухавікоў для самазвалаў БЕЛАЗ разам з кампаніяй „Сінара — Транспартныя машыны“. Для абнаўлення рухомага саставу горада Екацерынбурга і вобласці мы можам прапанаваць шырокі спектр пасажырскай тэхнікі, уключаючы такі інавацыйны экалагічны транспарт, як электробусы».

Кіраўнік дзяржавы таксама распавёў пра беларускія напрацоўкі па стварэнню сістэмы дыспетчэрызацыі рэгулярных гарадскіх транспартных зносін, гатоўнасць краіны ўдзельнічаць у забеспячэнні Урала сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікай.

«У нас ёсць магчымасць для развіцця новых напрамкаў супрацоўніцтва і ў навуцы, і ў сельскай гаспадарцы, — дадаў беларускі лідар. — У мэтах паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў у гэтых перспектыўных сферах неабходна задзейнічаць увесь навукова-тэхналагічны і кадравы патэнцыял».

Беларускія спецыялісты таксама прапануюць свае інжынірынгавыя паслугі пры будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў, аўтадарог, мастоў, смеццеперапрацоўчых комплексаў. «Я ведаю, вы вельмі шмат будуеце, у вас вялізныя планы, вы — адзін з вядучых рэгіёнаў па будаўніцтву. Калі вам патрэбна будзе наша падтрымка і дапамога ў гэтым, калі ласка, „пад ключ“, калі трэба. Асабліва гэта актуальна пры падрыхтоўцы да Сусветнай летняй універсіяды, якая ў 2023 годзе адбудзецца, — заўважыў Прэзідэнт. — У нас ёсць пэўны у гэтым плане вопыт, бо мы сёлета правялі маштабныя Еўрапейскія гульні, матч легкаатлетычны ЗША — Еўропа».

Яшчэ адным важным напрамкам ва ўзаемадзеянні Беларусі і Свярдоўскай вобласці можа стаць сельская гаспадарка. «Наша краіна мае пэўны досвед у гэтым плане. Я часта прыводжу ў прыклад Сахалін, гэта куды далей, і там мы стварылі ўнікальны для гэтага рэгіёна комплекс, каб паказаць, што там можна вырабляць сельгаспрадукцыю і развіваць сельскую гаспадарку. Гэта закончаны комплекс ад вытворчасці да сацыяльнай сферы», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на перспектывах супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. «Мы вельмі ганарымся нашымі культурнымі сувязямі, — падкрэсліў ён. — Наш агульны гонар — Валодзя Мулявін, якога я вельмі добра ведаў, з якім сябраваў. Пасля нацыяналістычнага ўгару (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне прыйшлося яго як нашага, рускага, чалавека падымаць на вышыню, і я адразу беларусам сказаў, што гэты расіянін навучыў нас размаўляць на беларускай мове». Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра падарунак Екацерынбурга Мінску — помнік знакамітаму беларускаму і расійскаму «песняру». «Мы вельмі ўважліва адносімся да памяці аб Уладзіміры Мулявіне. Падтрымліваем яе, уся яго творчасць дагэтуль гучыць у Беларусі, быццам ён жывы», — сказаў ён.

Напрыканцы вітальнай прамовы кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванне, што ў бліжэйшы час узаемны гандаль можа перавысіць рэкорд 2012 года — 600 мільёнаў долараў. Ён прапанаваў дэталёва абмеркаваць канкрэтныя шляхі для дасягнення гэтай мэты і назваў Беларусь і Свярдлоўскую вобласць — апорамі Саюзнай дзяржавы.

Да ведама:

Пы выніках 2018 года тавараабарот паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю перавысіў 431 мільён долараў (рост на 18 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам). У студзені — жніўні 2019 года ўзаемны гандаль склаў амаль 306 мільёнаў долараў, гэта на 10 працэнтаў больш, чым у адпаведным леташнім перыядзе.

Адлегласць паміж Мінскам і Екацерынбургам — амаль 2,5 тысячы кіламетраў. Прамых авіярэйсаў няма, час шляху на цягніку займае каля двух сутак.


У сваю чаргу губернатар Свярдлоўскай вобласці заўважыў, што члены дэлегацыі, у складзе якой знаходзяцца заканатворцы, міністры, прадстаўнікі бізнеса, ужо правялі папярэднія перамовы з беларускімі партнёрамі аб развіцці і ўмацаванні двухбаковага супрацоўніцтва. «Адносіны паміж Свярдлоўскай вобласцю Расійскай Федэрацыі і Беларуссю заўсёды былі прыкладам шчырай дружбы і шчырага руху насустрач адно аднаму», — сказаў Яўген Куйвашаў.

Ён нагадаў, што ў рэгіёне актыўна працуе аддзяленне беларускага пасольства, і заўважыў, што ля помніка Уладзіміру Мулявіну заўсёды ляжаць жывыя кветкі. «Гэта паказчык таго, што мы памятаем нашу гісторыю, нашы вытокі, — лічыць кіраўнік расійскага рэгіёна. — Для нас адносіны з братамі беларусамі — асаблівыя».

Губернатар дадаў, што дэлегацыя прыехала ў Мінск з некалькімі канкрэтнымі прапановамі па развіцці супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне машынабудавання. «Мы актыўна развіваем нашы кампетэнцыі ў прамысловасці, энергетыцы. Для нас Беларусь сёння, як заўсёды, з’яўляецца стратэгічным партнёрам. У нас штогод рост у тавараабароце», — сказаў ён.

Асаблівы кірунак для Свярдлоўскай вобласці — прамысловая кааперацыя, падкрэсліў губернатар.


У тэму

У размове з журналістамі губернатар Свярдлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Яўген Куйвашаў назваў Беларусь адным з ключавых партнёраў уральскага рэгіёна, бо прамысловыя, эканамічныя і гуманітарныя сувязі развіваюцца досыць даўно і трывала. А ў 2014 годзе, нагадаў губернатар, падчас яго першай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, быў намечаны план па павелічэнні і пашырэнні супрацоўніцтва. Па яго словах, рэалізацыя плана прынесла плён: летась узаемны тавараабарот узрос на 18,3 працэнта, такая ж дынаміка захоўваецца сёлета.

У 2021 годзе споўніцца дваццаць год Пагадненню паміж Свярдлоўскай вобласцю і Беларуссю, з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі Уладзімірам Сямашкам падпісаны план сумесных дзеянняў да гэтай даты. План прадугледжвае сур’ёзнае развіццё і пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва.

«Не стаяць на месцы эканомікі Беларусі, Расіі, Свярдлоўскай вобласці, з’яўляюцца новыя кампетэнцыі — гэта электробусы, ІТ-тэхналогіі, тэхналогіі кластара будаўніцтва і шмат іншых. Мусім пастаянна трымаць руку на пульсе, каб сумеснымі намаганнямі, у тым ліку з дапамогай кааперацыі, павялічваць нашы магчымасці», — па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам паведаміў журналістам Яўген Куйвашаў.

Па папярэдніх дамоўленасцях, супрацоўніцтва расійскіх прадпрыемстваў з беларускімі калегамі прынясе значную карысць абодвум бакам. Па-першае, гэта пытанні, звязаныя з машынабудаўніцтвам. Губернатар паведаміў журналістам, што БелАЗ з рухавіком уральскай вытворчасці прайшоў выпрабаванні і ўжо з’ехаў працаваць на кар’ер.

Цікавіць свярдлаўчан камунальная тэхніка. Як адзначыў Яўген Куйвашаў, па-ранейшаму 60 працэнтаў тэхнікі для аграпрамысловага комплексу закупляецца ў Беларусі, і праца над пашырэннем лінейкі ідзе бесперапынна.

У складзе свярдлоўскай делегацыі — і спецыялісты ў ІТ-сферы. «Каб сумеснымі намаганнямі пераводзіць нашы эканомікі на лічбавую платформу», — патлумачыў губернатар.

Ён нагадаў, што ў 2023 годзе Екацерынбург будзе прымаць сусветную летнюю ўніверсіяду. Таму сёння наведваюць Мінск і прадстаўнікі будаўнічай сферы — у тым ліку каб пераняць станоўчы досвед правядзення буйнейшых мерапрыемстваў і будоўлі спартыўных аб’ектаў.

«Мінск — цудоўны, вельмі добраўпарадкаваны, прыгожы і чысты горад. Гэта галоўны паказчык, чаму сёння будаўнікі тут», — сказаў карэспандэнтам Яўген Куйвашаў.


Сам факт таго, што будзе адзначацца 20-годдзе падпісання Пагаднення паміж Свярдлоўскай вобласцю і Беларуссю аб шматбаковым, рознапланавым супрацоўніцтве, — пацверджанне таго, што гэта ўнікальны вопыт. Аб гэтым па выніках сустрэчы сказаў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.

«На сустрэчы пацверджаны ранейшыя дамоўленасці — у тым ліку ўзаемадзеянне ў машынабудаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, будаўніцтве, харчовай прамысловасці, гуманітарнай, культурнай сферах, турызме. Гэта магутная перспектыва», — лічыць Дзмітрый Мезенцаў.

Ён таксама назваў Беларусь адным з лідараў па станаўленні новых інстытутаў развіцця, а Парк высокіх тэхналогій — унікальным праектам з надзвычайнымі льготамі. На думку пасла, лічбавізацыя — яшчэ адна кропка судакранання паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю.

«Толькі не забыцца, што наша жыццё не ўсё будзе лічбавым. Яно павінна захоўвацца ў рэжыме сяброўства і даверу адно да аднаго», — пажадаў палітык.

Вольга Мядзведзева, Варвара Марозава

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...