Вы тут

«Лістапад» назваў удзельнікаў Нацыянальнага конкурсу і пазаконкурснай праграмы


Дырэкцыя Мінскага міжнароднага кінафестывалю раскрыла карты гэтага года да канца — цяпер мы ведаем не толькі ўдзельнікаў конкурсных праграм, але і змест пазаконкурсных секцый. Тут вам і фестывальныя сенсацыі, і знакамітыя аўтары, і фільмы на стыку ігравога і дакументальнага кіно, і карціны з лонг-ліста прэміі «Оскар». Але што кожны раз прыцягвае асаблівую ўвагу —«Лістапад» нарэшце назваў удзельнікаў Нацыянальнага конкурсу і пазаконкурснай праграмы беларускага кіно. На фоне мінулагодняга скандалу, што датычыўся забароны Міністэрствам культуры паказу некалькіх адабраных дырэкцыяй фільмаў, падборка выглядае свядомай рэабілітацыяй.


«Чыстае мастацтва» Максіма Шведа.

Гэтым разам кінафестываль нават не паказвае адсутнасць цэнзуры, а падкрэслівае яе. Калі хто помніць, на адной з прэс-канферэнцый перад мінулагоднім «Лістападам» прадстаўнікі дырэкцыі паведамілі, што Міністэрства культуры, адзін з заснавальнікаў кінафестывалю, на адмысловай закрытай камісіі выключыла з Нацыянальнага конкурсу некалькі фільмаў. Агучанае выклікала рэзананс і абвінавачанні ў цэнзуры, а некаторыя аўтары, што меліся ўсё ж такі ўдзельнічаць, знялі свае фільмы з праграмы конкурсу.

У сёлетнім 26-м «Лістападзе» ўдзельнічаюць і тыя, каго знялі, і тыя, што зняліся. У прыватнасці, карціна Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна», як мы пісалі, увайшла ў праграму ўжо не Нацыянальнага, а Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Праўда, для гэтага ёй трэба было прайсці праз шэраг прэстыжных міжнародных фэстаў.

У Нацыянальным конкурсе паўдзельнічае адхіленая летась работа Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса», у якой аўтар расказвае пра сваю бабулю, што жыве ў Крыме. Таксама ў секцыю беларускага кіно вярнуліся фільмы «Перазімаваць» Евы-Кацярыны Махавай і «Пляж/Лес/Тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай, якія аўтары ў знак нязгоды летась адазвалі самі.

«Возера радасці» Аляксея Палуяна.

Самай «густанаселенай» у Нацыянальным конкурсе зноў стала дакументальная частка. Беларускі глядач зможа ўбачыць лаўрэата найпрэстыжнейшага ў сферы неігравога кіно кінафестывалю ІDFА — фільм Summа Андрэя Куцілы. У 2018 годзе карціна пра стасункі паміж пажылым польскім мастаком Анджэем Струмілам і маладой мастачкай з Мінска была адзначана ў Амстэрдаме як найлепшы фільм сярэдняй працягласці.

Прэм'ера «Чыстага мастацтва» Максіма Шведа адбылася на Кракаўскім кінафестывалі. Стужка даволі трапна паказвае Мінск праз так званы ЖЭС-арт — фігуры, якія ўтвараюцца на сталічных пабудовах пасля замалёўвання гарадскімі службамі графіці і надпісаў, і натхнёны гэтымі формамі абстрактны жывапіс мастака Захара Кудзіна. Цікавасць выклікае работа «Хронікі ртуці» Бена Геза і Сашы Кулак, бо апошняя вядома нам як суаўтар стыльнай і глыбокай «Саламанкі».

У дакументальную праграму конкурсу ўвайшлі дзве работы «Беларусьфільма»: «Адна сям'я» Наталлі Жамойдзік уяўляе сабой даволі павярхоўны аповед пра дзяцей з дзіцячага дома, што трапілі ў розныя сем'і, а «Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі» Юрыя Цімафеева цікавае хіба лікбезам пра нашу культурную спадчыну. Ужо згаданая карціна «Перазімаваць», што паказвае вясковых старых, якія на зіму пераязджаюць у спецыяльны дом сезоннага пражывання, «Гульня ў класікі» Дар'і Дзямура і «Трэнер» Вольгі Абрамчык дапаўняюць дакументальную частку.

З шасці анімацыйных фільмаў, уключаных у конкурс, чатыры створаны на Нацыянальнай кінастудыі, прычым амаль выключна рэжысёрамі-жанчынамі, сярод якіх Алена Пяткевіч, Ірына Кадзюкова, Таццяна Кубліцкая і іншыя. Затое ў ігравую частку ўвайшлі толькі незалежныя праекты. На «Лістападзе» глядач, нарэшце, зможа пабачыць кароткаметражку па прозе Віктара Марціновіча «Возера радасці» Аляксея Палуяна, якая ўжо атрымала прызы на фестывалях у ЗША, Іспаніі і Грэцыі.

Юлія Шатун, якая два гады таму станоўча прагучала сваім фільмам «Заўтра», а цяпер вучыцца рэжысуры ў Маскве, разам з Мікітам Аляксандравым прадставіць новую карціну «Апошні дзень гэтага года». Новую работу Мікіты Лаўрэцкага «Сашына пекла» глядач чакае яшчэ з яе прэм'еры на Маскоўскім кінафестывалі.

«Дантэ. Беатрычэ» Ірыны Кадзюковай.

Нарэшце эксперыментам дырэкцыя назвала ўключэнне ў Нацыянальны конкурс фільма «1986» нямецкага рэжысёра Лотара Херцага і растлумачыла сваё рашэнне тым, што ў здымачнай групе працавала вялікая колькасць беларусаў, сюжэт датычыцца нашай краіны і па духу карціна беларуская. Між тым журы, у якое ўвайшлі польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі, адборшчык Гётэбаргскага кінафестывалю Фрэдзі Ольсан і беларуская дакументалістка Вольга Дашук, будзе дадзена права не разглядаць «1986» у якасці конкурснага фільма.

Чатыры стужкі ўключаны ў пазаконкурсную праграму «Беларуская панарама», а чаканая работа «ІІ» Улады Сяньковай, прэм'ера якой толькі-толькі прайшла на Варшаўскім кінафестывалі, на «Лістападзе» трапіла ў секцыю «Спецыяльныя паказы».

Рэабілітаваны Нацыянальны конкурс будзе дэманстравацца з 5 да 7 лістапада ў кінатэатры «Беларусь».

Вольга МІЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Сваё на вялікім экране

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».