Вы тут

Устанаўліваюцца абставіны махлярства ў сферы біржавога гандлю на віртуальнай пляцоўцы


Ужо колькі разоў, у тым ліку і праз друк, супрацоўнікі Следчага камітэта, міліцыі, банкаўскія работнікі заклікаюць нашых грамадзян не верыць абяцанням хуткага і лёгкага заробку і не ўкладваць грошы ў гандаль на сумніўных віртуальных пляцоўках. Але ашуканцы ў гэтай сферы працягваюць паспяхова абладжваць свае справы, узяўшы на ўзбраенне ці то фінансавую неадукаванасць, ці то простае жаданне хуткай нажывы грамадзян.


Вось і сёння Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны махлярства ў сферы біржавога гандлю на віртуальнай пляцоўцы.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, жыхарка Гомеля (69-ці гадоў, кабета з жыццёвым вопытам), жадаючы паўдзельнічаць ў біржавым гандлі, зарэгістравалася на інтэрнэт-рэсурсе гандлёвага брокера. Паводле інструкцыі, якая паступіла ёй па мабільным тэлефоне ад «менеджара» інтэрнэт-рэсурсу, жанчына перавяла са сваёй банкаўскай аплатнай карты на рахунак электроннага кашалька папулярнай аплатнай сістэмы больш за 17 тысяч расійскіх рублёў (каля 541 беларускіх). Пасля гэтага на яе віртуальным рахунку на інтэрнэт-рэсурсе адлюстравалася залічаная сума ў 240 долараў ЗША. Праз некаторы час, нібыта ў выніку паспяховага біржавога гандлю, праведзенага асабістым «менеджарам» гамяльчанкі, сума на яе рахунку значна павялічылася.

Пасля гэтага акрыленая такім поспехам жанчына перавяла на ўказаны рахунак яшчэ больш за 10 тысяч беларускіх рублёў. У яе асабістым віртуальным кабінеце адлюстравалася сума ў 5 тысяч долараў ЗША, якая праз пару месяцаў павялічылася больш чым у два разы.

Калі жанчына вырашыла вывесці грошы на сваю рэальную банкаўскую картку, другі невядомы «работнік» інтэрнэт-рэсурсу паведаміў ёй аб неабходнасці аплаціць розніцу ў курсах крыптавалют і розныя камісіі. У выніку гамяльчанка перавяла на названыя ёй рахункі грашовыя сродкі ў агульнай суме больш за 36 тысяч беларускіх рублёў. Аднак... грошы на яе картку так і не паступілі. Пасля чаго жанчына звярнулася ў міліцыю.

Следчымі ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «Махлярства» ў асабліва буйным памеры. Вярнуць страчанае, аднак, будзе няпроста.

Канстанцін ЛЮТКЕВІЧ

Фота ў мініяцюры: contauto.it

Загаловак у газеце: Жыццё не навучыла...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».