Вы тут

Следчыя разбіраюцца з жыхаром Рагачоўскага раёна, якога згубілі праваахоўнікі


Следчыя органы разбіраюцца з жыхаром Рагачоўскага раёна, якога праваахоўнікі на пэўны час згубілі, а праз шэсць гадоў знайшлі ў лесе жывым, праўда, трохі здзічэлым.


Яшчэ ў 2013 годзе грамадзяніна сталі падазраваць у здзяйсненні шэрагу крадзяжоў, паведаміла прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава. Дачы і вясковыя хаты мужчына «чысціў» на радзіме, у Рагачоўскім раёне. У момант, калі супрацоўнікі міліцыі выйшлі на яго след, ён раптам знік. Дарэчы, і крадзяжы на некаторы час спыніліся. Але праз некалькі месяцаў з прыватных дамоў зноў пачалі знікаць прадукты, посуд, адзенне, бытавая хімія, батарэйкі, ліхтарыкі. Аператыўнікі па наборы гэтых прадметаў здагадаліся, што зладзюжка жыве недзе ўдалечыні ад цывілізацыі.

Між тым і лес вочы мае. Адзін з паляўнічых паведаміў мясцоваму ўчастковаму, што бачыў у зарасніках дзіўнаватага мужчыну з роварам. Месца было не грыбное, таму міліцыянер вырашыў праверыць лясны гушчар. У яго глыбіні ўчастковы інспектар патрапіў на збудаванне з бярвення, перакладзенага мохам, дах якога быў пакрыты рэкламным поліэтыленам.

У пабудове на ложку спаў чалавек у бушлаце і шапцы. Пасля абуджэння ўчастковы пазнаў у ім вяскоўца, якога на працягу апошніх гадоў вышуквалі за крадзяжы. Там мужчына расказаў, што вырашыў схавацца пасля таго, як даведаўся, што ім зацікавіліся аператыўнікі. Спачатку ён збег у Расію, дзе нелегальна працаваў. Але калі наймальнік ашукаў яго і не заплаціў грошай, давялося вярнуцца на радзіму.

За краты не хацелася, таму стаў пустэльнікам. Пабудаваў у лесе халупу, забяспечваў сябе самым неабходным за кошт начных крадзяжоў. Ежу варыў на газавай гарэлцы і вогнішчы, а жыллё асвятляў выкрадзенымі ліхтарыкамі і свечкамі. Слухаў радыёпрыёмнік і толькі зрэдку выходзіў на бераг Дняпра, каб пагутарыць з рыбакамі.

Цяпер у адносінах да 53-гадовага грамадзяніна ўзбуджаны крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Крадзеж». Вядома больш чым пра 40 эпізодаў злачыннай дзейнасці мужчыны ў Рагачоўскім і Жлобінскім раёнах.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота прадстаўлена прэс-службай УУС Гомельскага аблвыканкама

Загаловак у газеце: Пустэльнік выходзіў на «справу»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.