Вы тут

​Дзівінскае аддзяленне сацыяльнай дапамогі працуе на два сельсаветы


«Што самае важнае ў нашай рабоце? — перапытвае Наталля Данілюк і тут жа адказвае: — Усмешка, добрае стаўленне, уменне падтрымаць гутарку. Здаралася і такое пачуць: «Сёння не трэба нічога рабіць, давай пагаворым». Ну а яшчэ рухавасць, мабільнасць. За дзень некалькі чалавек трэба наведаць, шмат чаго зрабіць».


Наталля Данілюк і Надзея Смяховіч.

Наталля — адна з 45 сацыяльных работнікаў 2-га аддзялення дамашняй сацыяльнай дапамогі Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтае аддзяленне размяшчаецца ў Дзівіне, у вёсцы, на краі Кобрынскага раёна і Брэсцкай вобласці. У дзевяці вёсках Дзівінскага і Павіццеўскага сельсаветаў абслугоўваюцца 265 чалавек.

44 + 1

— Усе нашы работнікі ў асноўным маюць немалы стаж, калектыў даўно склаўся — расказвае інспектар па асноўнай дзейнасці Вольга РАМАНЮК. — У вёсцы ёсць пэўная спецыфіка. Нашы работнікі маюць менш падшэфных, чым іх калегі ў горадзе. Таму што людзі, як правіла, жывуць у вясковых хатах, без зручнасцяў, з пячным ацяпленнем. Работы па іх абслугоўванні больш. Ды і адлегласць паміж дамамі, а то і паміж населенымі пунктамі іншая.

У аддзяленні працуюць 44 жанчыны і адзін прадстаўнік моцнага полу. 27-гадовы Павел Брыштэн ужо пяць гадоў спяшаецца да сваіх падшэфных. «У яго ёсць самыя важныя для нашай работы якасці — камунікабельнасць, добразычлівасць. Нашы пенсіянеры вельмі задаволены работай Паўла», — адзначыла Вольга Раманюк. Яшчэ Дзівінскае аддзяленне мае на сваім рахунку такія формы абслугоўвання, як дамы зімоўкі і замяшчальная сям'я.

Удваіх — лягчэй

Называецца цяпер так — дом зімоўкі. А насамрэч і ў Павіцці, і ў Дзівіне на зіму сыходзяцца па дзве бабулі. Так ім лягчэй, а галоўнае — весялей, перазімаваць. Напрыклад, у Павіцці да Васілісы Раманаўны Герасімік перабралася Ганна Арсенцьеўна Жук. Удзвюх лягчэй ладзіць хатнюю гаспадарку, паліць у печы, гатаваць ежу. Жанчын рэгулярна наведвае сацыяльны работнік, аказвае дапамогу. Ды і эканомія адчувальная, асабліва калі халодная зіма, трэба нарыхтоўваць многа дроў, брыкету. Зноў жа, калі адзін захварэе, другі можа патэлефанаваць на ФАП, выклікаць доктара. Такія формы сябе добра зарэкамендавалі, важна толькі падбіраць людзей псіхалагічна сумяшчальных. Часам яны і самі дамаўляюцца, іншым трэба падказаць, кажуць у аддзяленні.

У гэтай жа вёсцы Павіцце не так даўно з'явілася замяшчальная сям'я. 50-гадовая Алена Якаўлеўна Шапяцюк — інвалід першай групы з дзяцінства. Яна не бачыць, абслугоўваць сябе належным чынам не можа. Раней жыла са сваякамі, а калі засталася адна, яе ўзяла ў сваю сям'ю цёзка па прозвішчы і імені — Алена Паўлаўна Шапяцюк. Алена Паўлаўна засталася ўдавою, жыве з трыма дзецьмі. У гэтай сям'і жанчыне-інваліду камфортна. Сацыяльныя работнікі пастаянна наведваюцца, знаёмыя з абстаноўкай, калі трэба, гатовы аказаць патрэбную дапамогу. Як і астатнім сваім падшэфным.

Цэх чысціні

Ну, напрыклад, надзвычай актуальнай выглядае дапамога па генеральнай прыборцы дома, скажам, вясной напярэдадні Вялікадня альбо восенню пасля ўсіх сельгасработ. Гаспадыні ў гэты час, як правіла, перамываюць коўдры, пакрывалы, фіранкі. А для старых людзей, асабліва тых, хто хворы, адзінокі, такія справы могуць стаць сапраўднай праблемай. Цяпер, калі ў аддзяленні з'явілася свая пральня, многія праблемы вырашаюцца. Гэты цэх чысціні мае дзве пральныя машыны — на 7 і 10 кілаграмаў загрузкі, а таксама сушылку і прэс. Цэны на паслугі тут сацыяльныя, адна загрузка абыходзіцца для кліента прыблізна ў 12 рублёў. Затое можна памыць усе пасцельныя прыналежнасці, сталовую ці іншую бялізну. «Паслугай актыўна карыстаюцца пажылыя людзі», — расказвае Галіна Кокіц — работніца пральні.

Жаданы госць

Але ж самая галоўная справа аддзялення сацыяльнай дапамогі — штодзённы догляд сваіх падшэфных, дапамога ў іх побытавых і гаспадарчых клопатах. Адна з сямі падапечных Наталлі Данілюк, пра якую згадвалася ў самым пачатку, — Надзея Канстанцінаўна Смяховіч. У яе мы і засталі Наталлю.

Хоць на доме Надзеі Канстанцінаўны і няма шыльды пра тое, што гэта дом узорнага парадку, яе смела можна туды вешаць. Бо такую ідэальную чысціню рэдка сустрэнеш не толькі ў вясковай хаце, але нават у гарадской кватэры. На чысцюткім белым абрусе раскладзены здымкі любімых людзей. Так склалася жыццё, што Надзея Канстанцінаўна цяпер адна. Адзін сын жыве ў Маскве, другі — у Адэсе. Прыязджаюць часта, сёлета былі два разы, летась за год наведвалі маму нават тройчы. Але ж часцей бабуля з унукамі цяпер камунікуе па «Скайпе». І калі тры гады таму ўзніклі праблемы з суставамі, яна зразумела, што патрэбная дапамога, напісала заяву на паслугі сацыяльнага работніка. Бо нават у краму не магла зайсці, даводзілася прасіць суседзяў. А цяпер вось Наталля і ў краму сходзіць, і па хатняй гаспадарцы дапаможа.

— Усе нашы работніцы добрыя, адказныя. І калі Наташу падмянялі ў час яе адпачынку, таксама старанныя дзяўчаты прыходзілі. Складаная ў іх праца, — разважае Надзея Канстанцінаўна. — Сярод нас таксама розныя бываюць. Ну што вы хочаце, калі чалавек стары, хворы, капрызны?.. Я і сябе часам лаўлю на тым, што прашу яе затрымацца, пагаварыць. Хоць і разумею, ёй хутчэй бегчы трэба, бо другія чакаюць, — працягвае пенсіянерка. — Мы з Наташай ужо амаль як сяброўкі, дзелімся нейкімі сямейнымі справамі, абмяркоўваем прачытанае ў газетах, убачанае па тэлевізары. Два разы на тыдзень яна для мяне самы жаданы госць.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Формы розныя, а змест адзін

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.