Вы тут

Як працуе сучасны цэнтр вольнага часу для сталых людзей


Гэты будынак па вуліцы Дубко ў аграгарадку Верцялішкі для многіх жыхароў стаў другім домам. Тут усё па-сямейнаму, без афіцыёзу і фармалізму. Сюды ідуць, каб сустрэцца з аднавяскоўцамі, адпачыць у пакоі ароматэрапіі, паляжаць на масажнай кушэтцы, згуляць у більярд, заняцца ёгай і выпіць кіслародны кактэйль. Чым не міні-санаторый? Прычым для пенсіянераў — цалкам бясплатны.


Падарунак ад калгаса

Цэнтр адпачынку ў Верцялішках яшчэ зусім малады. Ён з'явіўся два гады таму ў будынку, дзе раней была амбулаторыя. А для медыцынскай установы мясцовая гаспадарка пабудавала новы, сучасны аб'ект. Але і стары будынак пуставаў нядоўга. СПК «Прагрэс-Верцялішкі» сумесна з раённым сацыяльным цэнтрам адкрылі тут аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту. Так афіцыйна называецца ўстанова, якую тут ведаюць як цэнтр вольнага часу.

Яго загадчыца Кацярына Сыянтовіч успамінае, як ахвотна адгукнуўся на ініцыятыву старшыня гаспадаркі Васіль Рэвяка. Менавіта дзякуючы СПК будынак капітальна адрамантавалі і абсталявалі ўсім неабходным. Але і пасля гэтага калгас не застаецца ўбаку. Кожны месяц ён выдаткоўвае 200 рублёў на падтрымку цэнтра. За гэтыя сродкі купляюць гарбату на лекавых травах, кандытарскія вырабы. Пасля кожнага мерапрыемства ўсе наведвальнікі збіраюцца за сталом у фітабары. Нядаўна гаспадарка падарыла цэнтру апарат для кіслародных кактэйляў — як у сапраўдным санаторыі.

Рэлаксацыя з пахам мяты

Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага райвыканкама Ігара Булая, такога цэнтра няма нідзе больш у краіне. Хоць ўстаноў з дзённым знаходжаннем для сталых людзей нават у раёне нямала. Але ў Верцялішках рэалізавана ідэя вольнага часу з элементамі аздараўлення.

— Старшыня СВК пабываў за мяжой, пабачыў, як там жывуць пенсіянеры, і стаў ініцыятарам такога адпачынку ў сваёй гаспадарцы, — заўважыў Ігар Булай. — Вось напрыклад, пакой ароматэрапіі. Сядзіш сабе ў ратангавым крэсле, пад цёплым пледам, пад нагамі — спецыяльны масажор, гучыць спакойная музыка і разносіцца лёгкі водар мяты. І гэта толькі адна з паслуг. А вы прайдзіце па цэнтры, убачыце, які тут узровень. Гэта цэнтр будучыні.

Інструктар па рэабілітацыі Кацярына Кашкевіч — адна з чатырох работнікаў установы. Яна — прафесійны рэабілітолаг, тры разы на тыдзень праводзіць заняткі па аэробіцы, гімнастыцы.

— Прыходзіў, напрыклад, наш пенсіянер, у якога быў інсульт, у яго дрэнна працуе рука, і мы з ім распрацоўвалі яе, каб узнавіліся функцыі, — расказвае Кацярына. — Вельмі папулярная ёга для сталых людзей — з ухілам на расцяжку, распрацоўку суставаў і агульным комплексам для ўсіх відаў цягліц.

У адным з пакояў устаноўлена некалькі новых трэнажораў. За дзень можна прайсці цэлы комплекс паслуг. Многім, напрыклад, падабаецца масажная кушэтка.
А для мужчын абсталявана більярдная зала. Часта наведваецца сюды Эдуард Баляслававіч з партнёрамі. Ён лічыць, што ў цэнтры нават за тыдзень можна адпачыць не горш, чым у санаторыі. А вось Іван Андрэевіч хоць і заняты работамі на ўчастку, але знаходзіць час, каб прыйсці ў цэнтр на рэпетыцыю хору.

— Пазнаёміўся з мясцовай жанчынай і пераехаў сюды. У вёсцы мне значна весялей, чым у горадзе, — кажа пенсіянер.

Па просьбе наведвальнікаў тут з'явіліся камп'ютарныя курсы. Многія завялі старонкі ў сацыяльных сетках, карыстаюцца паслугамі інтэрнэт-банкінгу. Дарэчы, фінансаванне курсаў, як і гуртка па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, таксама ўзяла на сябе мясцовая гаспадарка. Для пенсіянераў усё бясплатна.

— Прыйсці сюды можа кожны, хто мае жаданне, без абмежаванняў, — паведаміла Кацярына Сыянтовіч. — Жыхары іншых сельсаветаў таксама могуць прыходзіць, але для іх паслугі будуць платныя: за адну гадзіну — два рублі. Усяго нас наведвае каля ста чалавек, а свае карткі пастаянных наведвальнікаў маюць чалавек семдзесят. Многія працавалі ў калгасе, ёсць былыя настаўнікі, медработнікі. Гэты цэнтр мы стваралі, каб адцягнуць людзей ад паўсядзённых спраў, а таксама аздаравіць іх.

Ад праекта да праекта

Кацярына Антонаўна — былы дырэктар школы, мае вялікі вопыт арганізатарскай дзейнасці. Дзякуючы гэтаму цэнтр актыўна займаецца міжнароднымі праектамі, якія фінансуюцца Еўрапейскім саюзам.

Першы праект быў накіраваны на сацыялізацыю дзяцей з інваліднасцю. У цэнтры стварылі лялечны тэатр «Званочак». Валанцёры пашылі лялькі. Пасля завяршэння праекта ўсё перадалі школе. Другі праект датычыўся даўгалецця з добрым здароўем. У яго рамках тут набылі масажор для ног, кіі для скандынаўскай хады і гімнастычныя кілімкі.

— Цяпер мы рэалізуем праект «Дзяцінства, апаленае вайной». У нас ёсць таварыства «Дзеці вайны», члены якога нарадзіліся з 1941 да 1944 года. Мы віншуем іх з днём нараджэння, арганізавалі экскурсіі, мерапрыемствы, выстаўкі. А нядаўна прыйшлі з праектам «Актыўнае даўгалецце», ён таксама будзе рэалізаваны, — паведаміла Кацярына Антонаўна.

Цэнтр адпачынку ў Верцялішках працуе, што называецца, па максімуме. Як расказала дырэктар раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Ангеліна Даўгашэй, сюды са Скідзеля будуць прыязджаць на рэабілітацыю людзі з інваліднасцю. Праект пачне працаваць у хуткім часе.

— Вельмі важна мець такую базу, якая можа працаваць у шырокім фармаце для сацыялізацыі інвалідаў, — кажа Ангеліна Даўгашэй. — Тут створана безбар'ернае асяроддзе ва ўсім будынку, ад увахода да санітарных памяшканняў. Людзі ў інвалідных калясках могуць спакойна тут перасоўвацца.

Час адпачываць

Кожнае свята — гэта нагода сабрацца разам. У цэнтры ёсць нямала актыўных і таленавітых людзей, якія не даюць сумаваць. Валянціна Міхайлаўна была ў ліку першых удзельнікаў народнага хору «Ніва». Яшчэ яна займаецца на трэнажорах, ходзіць на ароматэрапію, любіць скандынаўскую хаду. Дарэчы, па хадзе тут ёсць і свае чэмпіёны — гэта 80-гадовая Алена Паўлюкевіч. Жанчыны пасля актыўнага адпачынку любяць пасядзець са сваімі сяброўкамі за кубачкам гарбаты, паспяваць даўнія песні.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Міні-санаторый для вяскоўцаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.