Вы тут

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў Бешанковічах рэалізавалі ўнікальны праект


Сэнсарна-дынамічная зала, аналагаў якой на Віцебшчыне няма, з'явілася ў раённым цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Пра гэта паведамляюць «Віцебскія весткі».


— Сёння ў краіне створана мадэль інтэграванай інклюзіўнай адукацыі, што з'яўляецца значным крокам наперад у параўнанні з ранейшым механізмам, калі дзіця з інваліднасцю практычна не мела шанцаў навучацца са сваімі аднагодкамі ў дзіцячым садзе ці школе, — кажа дырэктар цэнтра Алена МАРОЗ. — Падыход, які выключае любую дыскрымінацыю дзяцей, прызнаны ЮНЕСКА, АБСЕ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі прыярытэтным у развіцці нацыянальных сістэм школьнай адукацыі.

Бешанковіцкі цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі актыўна працуе ў гэтым кірунку. Сёлета па праекце «Шлях да здароўя», які ўдзельнічае ў праграме ААН пры падтрымцы Жаночай гільдыі ААН у Жэневе, было закуплена абсталяванне для пакоя сэнсарнай інтэграцыі «Хатка Савы». Яго кошт — больш за 14 тысяч рублёў. Яно сапраўды дапамагае дзецям, якія маюць абмежаваныя магчымасці, хутчэй асвоіць і замацаваць новыя навыкі. «Хатка Савы» рэкамендавана пры праблемах рухальнай сістэмы, нязграбнасці, маторнай няспрытнасці, ДЦП лёгкай формы, затрымцы развіцця, парушэнні навыкаў зносін і навучання, аўтыстычных праявах, гіперактыўнасці, трывожнасці, агрэсіі.

— Самае галоўнае адрозненне гэтага абсталявання ад якога-небудзь іншага — усе прыстасаванні-снарады падвешаныя ў паветры. Менавіта гэта ў шмат разоў павялічвае эфектыўнасць заняткаў і працэдур, — кажа Алена Іванаўна. — Калі дзіця тут займаецца, яно не адчувае апоры і яму трэба засяроджвацца. У выніку адбываецца ўключэнне сэнсарных адчуванняў у кантэкст асэнсаваных, самастойных, адаптыўных формаў узаемадзеяння. Іншымі словамі, акцэнт робіцца на інтэграцыі ўсіх адчуванняў, а не толькі на маторных рэакцыях. Змяняючы спосабы замацавання снарада, можна рэгуляваць нагрузку. Гэта дазваляе суаднесці ўзровень складанасці практыкавання з патрэбамі канкрэтнага дзіцяці.

Вельмі важна і тое, што дзеці актыўныя падчас такіх заняткаў. Дарослы не навязвае свае правілы, а будуе дыялог з дзіцем вакол тых гульняў, якія яно абрала само. Такое ўзаемадзеянне, якое прадугледжвае чаргаванне спантанных і патрэбных рухаў, неабходна для развіцця эмоцый, мыслення, маўлення і сувязяў, каардынацыі.

— З дапамогай «Хаткі Савы» і іншага абсталявання мы аказваем увесь аб'ём карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, — дадае Алена Мароз. — Таксама ў цэнтры створаны кабінеты сэнсаматорнага развіцця з акустычным і святломузычным суправаджэннем, ранняй комплекснай дапамогі, пакой сацыяльнай рэабілітацыі. Дзецям асаблівае задавальненне прыносяць гульні з вадой ці пяском, арт- і казкатэрапія.

У цэнтры навучаюцца і дзеці з цяжкімі і множнымі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі. Для іх патрэбныя асаблівыя ўмовы: малая напаўняльнасць класа — да шасці чалавек, з якімі працуе не толькі настаўнік, але і выхавальнік, дэфектолаг, педагог-псіхолаг, масажыст, спецыяліст ЛФК і іншыя.

Штогод псіхолага-медыка-педагагічная камісія ў цэнтры абследуе 300 дзяцей. Звесткі заносяцца ў раённы банк даных. На іх аснове аддзел па адукацыі фарміруе інтэграцыйныя класы і групы, якім адпавядаюць пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ў школах, дзіцячых садках. Такім чынам адбываецца 100-працэнтны ахоп дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы.

Загаловак у газеце: «Хатка Савы» дапаможа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».