Вы тут

Якімі значнымі законамі вызначыліся скліканні


Выбарчая кампанія ў парламент — у самым разгары. Збор подпісаў ужо завяршыўся, і ў хуткім часе будуць дакладна вядомы імёны ўсіх кандыдатаў. Мы звярнуліся да дэпутатаў папярэдніх скліканняў з пытаннем, якімі значнымі законамі вызначыліся скліканні, дзе яны працавалі. Адзначу, што былых дэпутатаў не бывае. Кожны з іх нават пасля сканчэння тэрміну захоўвае гэты ранг.


У першым (1996—2000 гады), другім (2000—2004 гады) і трэцім (2004—2008 гады) дэпутацкіх скліканнях суверэннай Беларусі працаваў Ігар Васілевіч КАТЛЯРОЎ, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь і, як ён адзначыў, адзіны сацыёлаг у краіне з гэтым званнем. Ігар Васілевіч паведаміў, што гэтыя часы, перыяд станаўлення, былі вызначальныя для айчыннага парламентарызму.

Фота БелТА

«Работа ў парламенце вельмі складаная. Ён дае кірункі развіцця, калідоры для ўсёй дзяржавы сваімі законамі. У ніжняй палаце нават першага склікання былі прафесіяналы, якія разумелі, што трэба рабіць і якім чынам», — расказвае Ігар Васілевіч.

Да выбрання ён працаваў на пасадзе дырэктара Беларускага інстытута прагнозу. У часы дэпутацтва і ўвогуле амаль усё жыццё Ігар Катляроў займаецца сацыялогіяй. Таму ўсе законы, што прымала камісія, у склад якой ён уваходзіў, базіраваліся на вывучэнні грамадскай думкі. «Многія акты, якія мы тады прымалі, эфектыўна працуюць і сёння ў новай структуры і сістэме», — паведаміў навуковец.

Напрыклад, закон аб адукацыі абмяркоўвалі доўга — закраналіся пытанні матэрыяльнага забеспячэння настаўнікаў, патрабаванне для іх сярэдняга заробку па краіне, а для дактароў навук і прафесараў вышэй за гэту норму.

Сярод актуальных і запатрабаваных дакументаў, якія прынялі ў тыя часы, парламентарый адзначыў закон аб палітычных партыях: «Сёння палітычныя партыі з'яўляюцца адным з найважнейшых элементаў беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы не часта пра іх успамінаем, але набліжаюцца выбары, а партыі — сацыяльныя актары, якія робяць значны ўнёсак у развіццё мажарытарнай сістэмы выбараў». Была прынятая і канцэпцыя фарміравання грамадзянскай супольнасці, дзякуючы якой выпрацавалі шматлікія законы для развіцця гэтай сферы.

Ігар Катляроў, які ў Палаце прадстаўнікоў курыраваў пытанні навукі, быў аўтарам закона аб дзяржаўнай падтрымцы інавацыйнай дзейнасці. Дакумент значна паўплываў на развіццё навукі ў Рэспубліцы Беларусь.

Дэпутат Ларыса Мікалаеўна БАГДАНОВІЧ працавала ў чацвёртым (2008—2012 гады) і пятым (2012—2016 гады) скліканнях. Яна адзначае, што акрамя напружанай работы дэпутацтва, запомнілася сяброўскімі сувязямі, мноствам зносін з грамадзянамі, разнастайнасцю дзейнасці. Жыццё дэпутата часам нагадвала студэнцкія гады — кожныя выхадныя яна ездзіла ў Брэст да сям'і.

«Гэта вельмі важны, цікавы і прадукцыйны перыяд маёй працоўнай дзейнасці, які адрозніваўся новым вопытам, — у заканатворчасці. Гэтым чалавек, кім бы ён ні працаваў, не займаецца. Нават калі працуеш кіраўніком, ты толькі карыстаешся заканадаўчай базай, а не распрацоўваеш яе», — расказвае Ларыса Багдановіч.

Ад дэпутата, на яе думку, у першую чаргу запатрабаваны дыпламатычнасць, карэктнасць, кампетэнтнасць, прыстойнасць, упэўненасць, працаздольнасць і цярпенне, бо яго ініцыятывы не могуць быць рэалізаваны адразу і сёння.

Ларыса Багдановіч у 2014—2015 гадах уносіла прапановы, якія рэалізаваліся пазней, — аб захаванні месцаў работы за прызыўнікамі, аб аплаце камунальных паслуг у садовых таварыствах і дачных кааператывах.

Асноўныя пытанні, якімі займалася падчас дэпутацтва ўрач-рэабілітолаг Ларыса Мікалаеўна, мелі сацыяльную сутнасць.

Па словах дэпутата, асабліва запомнілася работа над папраўкамі ў Працоўны кодэкс па 170 артыкулах. Туды быў унесены новы раздзел аб адносінах у прафесійным спорце, удакладнены статус работніка-надомніка, дазволена сумяшчальніцтва на некалькіх прадпрыемствах у выхадныя дні і ў адпачынку.

Па прапанове парламентарыя змянілі Грамадзянскі кодэкс у частцы афармлення апякунства над асобамі, якія знаходзяцца ў каматозным стане. Яна працавала над законам аб сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, куды былі дададзеныя новыя паслугі і раздзел аб дзяржаўным сацыяльным заказе.

Займалася Ларыса Багдановіч законамі аб трансплантацыі і аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях. «Сёння гэта вельмі вялікая праблема. Льготны крэдыт для сем'яў, якія скарысталіся дапаможнымі рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі, — гэта ініцыятыва мая і нашай камісіі», — адзначае дэпутат.

«Было шмат пытанняў, па якіх спрачаліся, дыскутавалі. Многія пытаюцца: чаму гэтага не бачна ў зале? Бо гэта не варта выносіць. Што, трэба сварыцца, біцца? Не і яшчэ раз не. Толькі карпатлівая праца будзе даваць вынік», — упэўнена Ларыса Багдановіч.

Пасля сканчэння тэрміну дэпутат працягвае працаваць для грамадства. Сёння разам з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) яна займаецца рэабілітацыяй дзяцей на ранніх стадыях цяжкіх захворванняў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота ў мініяцюры: www.hоusе.gоv.bу

Загаловак у газеце: Пасада, якая не мае мінулага часу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi партызанскiх атрадаў удзялялi вялiкую ўвагу адпачынку i вольнаму часу партызан.