Вы тут

Сувязі Беларусі і Наўгародскай вобласці Расіі большыя за проста эканамічныя


Аляксандр Лукашэнка сёння падчас сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Расіі Андрэем Нікіціным назваў такі візіт добрай магчымасцю пазнаёміцца з нашай краінай, ацаніць яе эканамічны і прамысловы патэнцыял, па-новаму зірнуць на перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва.


«Вы ведаеце, што я вельмі вялікую ўвагу надаю супрацоўніцтву Беларусі з рэгіёнамі Расіі. Шчыра кажучы, некаторыя СМІ насцярожвае, што мы часта маем зносіны з кіраўнікамі рэгіёнаў. Павінны вам сказаць, што тут няма ніякай канспіралогіі. Я вельмі часта кажу: калі нехта ў Расіі думае, што гэта іх Расія, яны памыляюцца. Гэта і наша Расія. Да гэтага трэба прывыкаць. Расія — гэта больш чым краіна, а для Беларусі — тым больш. Гэта ідэалогія, і яе з мяне не выбіць», — расставіў кропкі над «і» Прэзідэнт. Ён прапанаваў госцю ставіцца да пэўнай інфармацыі, якую можна прачытаць у некаторых тэлеграм-каналах, як да выдумкі.

Пра палітыку

У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў сапраўдную «рэвалюцыю», якая паднялася ў расійскіх СМІ ў сувязі з затрыманнем грамадзянкі Расіі, якая трапіла пад санкцыі па справе аб «умяшанні ў выбары прэзідэнта ЗША».

«Чаму пасол Амерыкі ад нас з’ехаў у 2008 годзе? За ўмяшанне ў выбары ў Беларусі. Разумееце? Адкрытае ўмяшанне, удзел у дэманстрацыях і іншае. Я ёй даў суткі, каб яна пакінула нашу краіну з іншымі дыпламатамі. І скажыце, як я пасля гэта павінны ставіцца да ўмяшання ў выбары амерыканскія, нават каб былі? У мяне ўжо выпрацаваны да гэта адпаведны імунітэт», — сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што падчас выбараў у ЗША ён адкрыта, публічна падтрымліваў кандыдатуру Трампа. Акрамя таго, у падобных да вышэй прыведзенага выпадку Беларусь і Расія дзейнічаюць як на тэрыторыі адной дзяржавы. Краіны маюць агульную сістэму, якая адмысловым чынам адзначае прозвішчы грамадзян пры перасячэнні мяжы ці засяленні ў гасцініцу.

«Вобразна кажу: чырвоны колер, так — паглядзелі. Такі і такі чалавек. Трэба разабрацца, можа, чалавек здзейсніў злачынства. Мы ж не ведаем, бачым толькі прозвішча. Мы і ўдакладнялі, што да чаго. А калі ўбачылі, што нехта — быццам — умешваўся ў амерыканскія выбары... Пасля гэтага размовы не было. Не Лаўроў з Макеем (міністры замежных спраў Расіі і Беларусі, — заўв. „Звязды“), не Пуцін са мной абмяркоўвалі гэту праблему, а я вас шукаў з Беларусі, і вы мне праз тры хвіліны патэлефанавалі», — растлумачыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што «накрутка» пачалася з боку расійскіх СМІ, бо на тэрыторыі Беларусі падобных каналаў няма.

«Могуць вяшчаць з Польшчы, з Амерыкі, з Расіі... Не таму, што мы іх гнабім. Не. Таму што проста яны тут не прыжывуцца. Праўда, адзін наш апанент, вельмі сур’ёзны, што мяне здзівіла, сказаў: слухайце, а як беларусы мусілі зрабіць? Павінны былі высветліць, што гэта за чалавек. А тое, што яна будзе адпушчана, не выклікае сумненняў. Так ён сказаў да таго, як высветлілі ўсе абставіны», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Адзначыў Аляксандр Лукашэнка і існаванне меркавання, што з расійскага боку падобны выпадак быў спецыальнай «лакмусавай» паперкай, каб праверыць Беларусь на стаўленне да Расіі.

«Калі гэта так у кагосьці, то гэта глупства несусветнае. Нам гэта не трэба. Нам трэба вось так супрацоўнічаць: прыехаў губернатар... Я пры падрыхтоўцы гэтай сустрэчы паглядзеў, у якіх сферах мы можам супрацоўнічаць. Ва ўсіх», — сказаў беларускі лідар.

Пра эканоміку

У прыватнасці, Беларусь гатовая падзяліцца досведам у развіцці сельскай гаспадаркі. Ёй немагчыма займацца без насення і элітнай скаціны — чаго, на погляд Прэзідэнта, ва ўсходняй суседцы не хапае.

«Некалькі год таму я пачаў казаць губернатарам пра гэтыя тэхналогіі, нашы спецыялісты былі. Атрымалі за сорак цэнтнераў ураджайнасць. Я кажу: навошта вучыў, канкурэнта сабе падрыхтаваў у Расіі», — усміхнуўся кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што аграрная галіна ў Беларусі не развалілася пасля Савецкага Саюза дзякуючы таму, што ў Беларусі гэтым працягвалі займацца.

«Ведаем, што элементарна накарміць людзей і апрануць. Тады не разваліцца ні Расія, ні Беларусь. Мы ж Савецкі Саюз развалілі, як я часта кажу, з-за пральных парашкоў. Бедныя жанчыны (ажно перад вачыма ў мяне) стаялі ў чарзе суткамі, каб купіць пральны парашок. А імпартныя — ну гэта ўвогуле мара была! Дык што, мы не маглі ў Савецкім Саюзе пяць-дзесяць фабрык пабудаваць? Ды за паўтара гады пабудавалі бы і забяспечылі бы народ. Але ніхто гэтым не займаўся. Яны далёкія былі, кіраўнікі нашыя, ад гэтага. Вось космас, нейкую стрэльбу новую вынайсці, да. А займацца жыццём людзей ніхто не жадаў. Таму вось наша сфера, дзе мы можам з рэгіёнамі Расіі працаваць», — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Па яго перакананні, удалося дасягнуць поспехаў у беларускай аграрнай сферы і дзякуючы захаванню буйных прадпрыемстваў, не паддаўшыся «рыначнай вакханаліі парэзаць усё на шматкі і падзяліць».

«У жывёлагадоўлі, племянной справе, вырошчванні агароднінных культур, аснашчэнні малочна-таварных ферм досвед вялікі. Калі будзе зацікаўленасць, па сходным кошце можам пабудаваць і аснасціць скацінай», — звярнуўся да наўгародскага губернатара Прэзідэнт. У прыклад прывёў комплекс на Сахаліне, створаны беларусамі.

«Фантастычны праект, фантастычны і паспяховы», — адзначыў госць.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што адносіны Беларусі і Расіі захаваныя менавіта дзякуючы стасункам паміж рэгіёнамі. Негледзячы на складанасці, якія ўзнікалі з пастаўкамі газу, нафты. І сёння адносіны не без праблем — але на ладным узроўні. Але і пытанні будуць вырашаныя.

«Нам нельга згубіць адно аднаго. Ні ў якім выпадку. Што, ў вас ёсць больш блізкі саюзнік, чым Беларусь? Больш блізкай краіны за Расію ў нас таксама няма. Таму мы павінны супрацоўнічаць, але гэта не значыць, што селі адно супраць аднаго і глядзім адно на аднаго. Не. Расія, бачу, „турэцкі гамбіт“ нейкі пачалі — там уцягнулі ўсе краіны, Расія таксама ў гэтым удзельнічае, праўда, у выгаднай сітуацыі, як міратворчая краіна», — звярнуўся да міжнародных спраў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што і Беларусь мусіць у рэгіёне бачыць сваіх суседзяў: Украіну, якую лічыць «нашай, блізкай, роднай», Польшчу, краіны Балтыі, увогуле Еўрапейскі Саюз. Аляксандр Лукашэнка заклікаў не глядзець на Беларусь як на ворага, які павярнуўся спіной да Расіі.

«Гэтага ніколі не было і не будзе. Нас асабліва там не чакаюць, таму што перашкода да гэтага з’яўляецца нават не дыктатура Лукашэнкі, а эканоміка. З нашай эканомікай у Еўрасаюзе мы нікому не патрэбныя! Таму што там машынабудаванне не горшае за нашае (усё, акрамя БелАЗаў). Усё астатняе вырабляюць: і малако, і мяса, і іншае. І на рынак нас ніхто не пускаў і не пусціць. Я ўвесь час іх за гэта крытыкую, хаця ў нас прадукцыя, і яны гэта прызнаюць, нашмат лепшая па многіх параметрах»,- падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтам ён не стаў хаваць, што ў гэтым плане намеціліся праблемы і з Расіяй. Але ў іх вырашэнні кіраўнік Беларусі ўпэўнены — тут, па меншай меры, размова ідзе на адной мове.

Прэзідэнт лічыць Наўгародскую вобласць адным з блізкіх суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, з якім склаліся ўстойлівыя гандлёвыя адносіны. Беларусь у асноўным пакупае з наўгародчыны арматурную прадукцыю, хімічныя кампаненты, піламатэрыялы і кераміку.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асабісты ўдзел губернатараў у наладжванні адносін — краевугольны камень. Калі кіраўнік зацікаўлены, справы будуць паляпшацца. Асабліва важна, што Наўгародчына і Беларусь зацікаўлены не проста ў развіцці гандлю, але ў пашырэнні кааперацыйных сувязяў. «Мы разлічваем на ваша садзейнічанне ў пытаннях удзелу нашых будаўнікоў у вас. Калі, вядома, вас задавальняе. У нас ёсць практыка, я калісьці прасіў кіраўнікоў рэгіёнаў: калі беларусы да вас ідуць, вы дайце нам добры аб’ект альбо квартал, каб вы бачылі беларускі досвед у будоўлі. Каб насельніцтва бачыла, што беларусы прыехалі, пабудавалі гэты аб’ект. Гэта наш твар. Хочам і гэтымі аб’ектамі прысутнічаць у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі», — прапанаваў госцю Прэзідэнт.

Таксама ён нагадаў, што яшчэ з савецкіх часоў Беларусь моцная машынабудаваннем. Зараз у краіне выпускаецца шырокая лінейка грузавой, дарожнай, камунальнай і будаўнічай тэхнікі. Наўгародцам таксама прапануюць сучасныя аўтобусы МАЗ з рознымі тыпамі рухавікоў і тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам. Упэўніцца ў іх экалагічнасці і эканамічнасці госці могуць літаральна на свае вочы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу госця, што наша мэта — паглыбленне эканамічных кантактаў, двухбаковага ўзаемадзеяння. Будзе інтарэс у эканоміцы — усё астатняе дапасуецца. Беларускі лідар запрасіў губернатара Наўгародскай вобласці прыязджаць часцей, паабяцаў усялякую дапамогу і падтрымку.

«Ведайце, што вы нам людзі не чужыя, асабліва наўгародцы. Хаця ў нас няма благіх адносін ні з Чачнёй, ні з Татарстанам, ні з Башкартастанам, ні з мусульманамі, ні з католікамі, іудзеямі і тым больш праваслаўнымі ў Расіі. Вы для нас людзі нашы, родныя», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён у чарговы раз падкрэсліў, што нашы дзяржавы не сябруюць супраць кагосьці.

«Мы ж не збіраемся заўтра супраць Еўрасаюза ні эканамічна, ні дыпламатычна нешта рабіць. У нас усяго хапае. Слухайце, у Расіі, у Беларусі ўсяго хапае. Дай бог пабольш бы людзей — у нас, можа, палова жыве таго, што можа пракарміць зямля. У Расіі тым больш. Нам гэта не трэба — нам трэба ўладкаваць свае землі. Галоўнае, каб нам не перашкаджалі. Ну а калі хтосьці, як я кажу, з мячом прыйдзе да нас (гэта не я сказаў, гэта мой цёзка), вы ведаеце, што будзе з ім», — абазначыў пазіцыі беларускі лідар.

Пра двухбаковыя стасункі

У сваю чаргу Андрэй Нікіцін перш за ўсё падзякаваў за славутую беларускую гасціннасць. Па перакананні губернатара, у стасунках Беларусі і яго рэгіёна ёсць па меншай меры дзве рэчы, якія немагчыма змяніць. Першая — Вялікая Айчыннная вайна.

«На Наўгародскай зямлі зарадзіўся пошукавы рух, зараз у пошуку актыўна ўдзельнічаюць у тым ліку атрады з Беларусі. Штогод прыязджае атрад з Брэсту. Толькі за апошнія гады адшукалі каля 80 чырвонаармейцаў, народжаных на Беларусі, у наўгародскіх лясах і балотах. Сёлета пашукавікі адшукалі ўраджэнца Гомельскай вобласці Івана Іванавіча Зарэцкага. 8 мая, напярэдадні 75-годдзя Перамогі, яго парэшткі будуць урачыста захаваныя на Наўгародскай зямлі», — паведаміў Андрэй Нікіцін. Ён выказаў перакананне, што такую гістарычную сувязь не парушыць ніякімі тэлеграм-каналамі і нічым іншым. Гэтая сувязь — назаўсёды.

Як і Сафія Наўгародская з Сафіяй Полацкай — падмурак усёй нашай гісторыі. Гэта тое, што немагчыма адмяніць і неяк перайначыць, упэўнены губернатар. Адзначыў ён і актыўнае супрацоўніцтва Наўгародскага і Полацкага музеяў.

«Ведаю, што вы нядаўна з нашым прэзідэнтам на саміце СНГ гаварылі пра неабходнасць сумесных прарыўных праектаў. Наўгародская зямля гатовая быць адным з удзельнікаў такіх праектаў. Вось ужо нашы наўгародскія аграрыі прагаласавалі за беларускую тэхніку, не чакаючы ніякіх каманд з нашага боку. Ужо, напэўна, больш за 50 працэнтаў тэхнікі — беларуская. Працэнт гэты расце», — праінфармаваў Прэзідэнта Андрэй Нікіцін.

«Тавараабарот паміж Рэспублікай Беларусь і Наўгародскай вобласцю штогод павялічваецца на 15 працэнтаў. Ёсць сферы, дзе мы бачым упэўнены рост, ёсць сферы, звязаныя, напрыклад, з камунальным транспартам, дзе трэба будзе папрацаваць і зняць нейкія пэўныя бар’еры. Ёсць вельмі цікавыя магчымыя сумесныя перспектывы ў навуковых распрацоўках. Дынаміка добрая, але нішто не замінае зрабіць яе яшчэ больш», — расказаў журналістам губернатар Наўгародскай вобласці.

Андрэй Нікіцін наведаў Беларусь упершыню, падчас праграмы візіту запланавана наведванне буйных сельскагаспадарчых, навуковых і прамысловых прадпрыемстваў. Але госці ўжо паабяцалі: да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра менавіта іх вобласць хоча адліць тры званы. А яшчэ члены дэлегацыі расказалі, як знаёмыя прасілі паціснуць руку Аляксандру Лукашэнку і пазайздросцілі такому знаёмству.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».