Вы тут

Тры радзімы Барыса Герстана


Вядомы спартыўны тэлежурналіст нарадзіўся і вырас ва Украіне,  рэалізуе свае таленты ў Беларусі,  а ў далёкім Ізраілі, на зямлі продкаў, адшукаў цікавыя матэрыялы для  сцэнарыя фільма “Беларускі  Ерусалім”


Барыс Герстан на спецыяльным паказе фільма “Зондаргета". Фота minsknews.by

Барыс Герстан больш вядомы ў Беларусі як тэлежурналіст, які здымае фільмы на спартыўную тэматыку. Ён доўгі час працаваў у спартыўных рэдакцыях Белтэлерадыёкампаніі, узначальваў іх, сёння ж — намеснік загадчыка аддзела спартыўнага вяшчання ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”. Ягоная журналісцкая праца мае грамадскае прызнанне: сёлета на пачатку года Барыс Ізідоравіч адзначаны прэміяй “Беларускі спартыўны Алімп” — за папулярызацыю фізічнай культуры й спорту, прапаганду здаровага ладу жыцця.

Нямногія ведаюць, што Барыс Герстан актыўны ў грамадскай дзейнасці. Шмат гадоў ён — на кіруючых пасадах у Саюзе беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын (раней старшыня, цяпер — намеснік старшыні). Беларусь ды Ізраіль цікавяць майго субяседніка як тэлежурналіста на працягу многіх гадоў. І тэма трагедыі яўрэйскага народа для яго таксама блізкая. Таму мы з Барысам Ізідоравічам размаўлялі пераважна пра гэты, пакуль што менш вядомы бок яго жыцця й творчасці.

— Барыс Ізідоравіч, апошні фільм “Хронікі Мінскага гета”, зняты па вашым сцэнарыі, называецца “Зондаргета”. Прэм’ера яго, спецпаказ прайшоў сёлета перад адкрыццём манумента “Масіў імёнаў” у Трасцянцы ў памяць яўрэяў з Аўстрыі, якія там былі знішчаны. Помню, на прэзентацыі фільма вы казалі, што Халакост звязаны з вашай сямейнай гісторыяй. Наколькі цесна?

— Вельмі цесна: бо першая сям’я майго бацькі загінула ў гета ва Украіне. Калі ён у 1944‑м вярнуўся з фронту ў горад Чарткоў Цярнопальскай вобласці, то даведаўся, што яго жонку й дваіх дзяцей знішчылі немцы. Шмат гадоў ён спрабаваў іх адшукаць, але безвынікова. Другою жонкай для яго стала мая маці: яны разам служылі ў шпіталі ваеннымі ўрачамі. Памятаю, бацька расказваў мне пра першую сям’ю, але не быў шматслоўным. Пазней я змог убачыць тых людзей на фотаздымку, які адшукаў у рэчах бацькі пасля яго смерці. Я добра ведаў пані Якубоўскую, якая ў вайну два гады хавала ў сваім доме яго сястру і ўратавала ёй жыццё. Памятаю, разам з бацькам (тады мне было 6 гадоў) ездзілі ў Кіеў у консульства: ён дапамагаў пані Якубоўскай пераехаць на жыхарства ў Польшчу. Чарткоў да 1939 года лічыўся польскім горадам. І ў 50‑я многім было дазволена пры жаданні пераехаць жыць у краіну, якая раней для іх была радзімай. Дарэчы, тады ж многія яўрэі перабіраліся спачатку ў Польшчу, адтуль — у Ізраіль. Мой бацька застаўся жыць у Чарткове, бо там прайшло яго дзяцінства, пахаваны бацькі.

На ўсё жыццё ў мяне засталася павага да пані Якубоўскай. Пазней, у сталым узросце, я напісаў сцэнарый пра людзей з Беларусі, якія ратавалі яўрэяў ад фашыстаў. Па ім зняты фільм “Народжаныя двойчы” — трэці па ліку з хронікі “Мінскага гета”. Прэм’ера была ў 2017 годзе. Я шмат працаваў у архівах, чытаў таксама ўспаміны розных людзей у газетах. З героямі будучага фільма сустрэцца не давялося, бо яны памерлі, але ад іх дзяцей пачуў шмат гісторый. Адна жанчына расказала, як яе бацькі хавалі ў доме пад падлогай яе аднакласніцу, дзяўчынку-яўрэйку. Месца схованкі заставілі сталом. Аднойчы ў іх дом зайшоў сусед-паліцай з бутэлькай гарэлкі ды хацеў распіць яе менавіта за тым сталом. У самы разгар гутаркі за чаркай паліцай неспадзявана для ўсіх дастаў пісталет і выстраліў некалькі разоў у падлогу. На шчасце, дзяўчынка засталася жывой. Пасля таго схованку ёй пабудавалі ў двары. Шмат кранальных гісторый давялося пачуць і ад іншых.

Я вельмі радуюся, калі Ізраільскі інстытут катастрофы й гераізму Нацыянальнага мемарыяла Катастрофы (Халакосту) і Гераізму “Яд-ва-Шэм” устанаўлівае імёны беларусаў, якія рызыкуючы ўласным жыццём ратавалі яўрэяў у гады вайны, і прысвойвае ім ганаровае званне “Праведнік народаў свету”. Пры тым іх імёны ўвекавечваюцца ў Яд-ва-Шэм на Гары Памяці. Імянныя медалі, ганаровыя граматы не застаюцца без адрасата: яны ўручаюцца нашчадкам праведнікаў. Гэта вельмі рэдкая ўзнагарода. У Беларусі Праведнікамі народаў свету прызнана ўжо больш за 800 чалавек.

— Газеты, гутаркі з людзьмі… Дзе яшчэ шукаеце матэрыялы, калі пішаце сцэнарыі?

— Праца над кожным фільмам спараджае новыя думкі, новыя планы. Скажам, працуючы ў 1996 годзе над фільмам “Беларускі Ерусалім”, у старым рэлігійным квартале гэтага горада, пад назвай Меа Шарым, я на вывесцы ешывы прачытаў знаёмую назву “Мір”. Высветлілася: рэлігійную школу там адкрыў равін, які да вайны вучыўся ў беларускім мястэчку Мір. Якраз у той самай славутай ешыве, вучні якой былі ўратаваныя перад прыходам немцаў. Мяне захапіла й сама гісторыя выратавання. Летам 1940 года японскі консул у Літве Ціунэ Сугіхара выдаў студэнтам Мірскай ешывы японскія візы, па якіх яны змаглі праз тэрыторыю Савецкага Саюза патрапіць на Далёкі Усход. Пасля некалькіх пераездаў у часе Другой сусветнай вайны Мірская ешыва падзялілася на тры рэлігійныя школы. Цяпер адна з іх — у Ерусаліме з дадатковым аддзяленнем у Модзіін-Іліце, а дзве іншыя ў Брукліне (Нью-Ёрк). Вынікам маіх даследаванняў стаў сцэнарый для фільма “Из Мира в мир. История одного исхода”, які выйшаў у межах праекта “Зваротны адлік”. Дарэчы, я адзначаны як лепшы сцэнарыст на конкурсе “Тэлевяршыня” ў 2013 годзе якраз за гэты фільм. Імя Ціунэ Сугіхара ў фільме прагучала ўжо тады, а сёлета ў Міры ў маі на будынку былой ешывы адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар японскага дыпламата.

У Міры адкрылі сёлета мемарыяльную дошку ў гонар японскага дыпламата Ціунэ Сугіхара

Маё плённае супрацоўніцтва са студыяй гістарычных фільмаў працягваецца. Пішу сцэнарыі, па іх здымаюцца дакументальныя фільмы. Прадзюсерам васьмі фільмаў з цыкла “Зваротны адлік” стаў Уладзімір Бокун. Чатыры фільмы цыкла “Хроніка Мінскага гета” таксама здымаліся ў “Майстэрні Уладзіміра Бокуна”. У сваім арсенале я налічыў каля 60 фільмаў на гістарычныя тэмы: нават для фільмаў пра спорт знаходзіліся цікавыя факты з мінулага.

— Я ведаю, што вы пішаце й кніжкі, сюжэт якіх пабудаваны на падзеях з вашага ўласнага жыцця. Ці можаце ўзгадаць нейкае цікавае здаранне, якое адбылося з вамі?

— Найцікавай для мяне самога была сустрэча з прадстаўніком Сусветнага яўрэйскага кангрэса Лоўрэнсам Вайнбаўмам у Мінску, дзе ён быў з важнай місіяй. Мне давялося суправаджаць Лоўрэнса ў Міністэрства замежных спраў. Пасля афіцыйнага прыёму мы засядзеліся за абедам. Нечакана госць загаварыў на польскай мове. Калі ж я запытаў, адкуль яе ведае, патлумачыў: нарадзіўся ў маленькім гарадку, дзе палова жыхароў размаўляла на польскай і ўкраінскай мовах. А хутка высветлілася, што тым гарадком быў… Чарткоў, у якім прайшло й маё дзяцінства! Прычым дамы нашых бацькоў стаялі на адной вуліцы: Шпітальнай. І дзіва, што мы не пазнаёміліся раней! У старой запісной кніжцы з тэлефоннымі нумарамі Чарткова, лічбавую копію якой Лоўрэнс захоўваў у сваім смартфоне, мы з ім адшукалі прозвішчы агульных знаёмых. Было прыемна ў асобе амерыканца сустрэць свайго земляка й падзяліцца з ім успамінамі.

— Цяпер вы працуеце намеснікам старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Не кожны мае інтарэс да грамадскай працы… Як склалася тое ў вас, ці шмат сіл і часу на грамадскія справы траціце?

— Я шмат здымаў для Беларускага тэлебачання, як журналіст і аператар, і мяне часта пасылалі ў камандзіроўкі. Калі ў Беларусі з’явілася Амбасада Ізраіля, а ў Ізраілі — Амбасада Беларусі, то многія змаглі патрапіць у тую краіну. А мне захацелася расказаць іншым пра гэтыя дзве краіны ў сваіх фільмах. Як вядома, сярод беларусаў шмат людзей яўрэйскай нацыянальнасці, а ў Ізраілі цяпер жыве шмат выхадцаў з Беларусі. Мы з сябрам Уладзімірам Ісатам (яго ўжо няма ў жывых) стварылі праграму “Мост-Гешэр”. Яна распавядала пра жыццё яўрэяў у Беларусі ды Ізраілі, карысталася вялікай папулярнасцю на працягу шасці гадоў. Ведаючы тое, Леанід Левін часта запрашаў мяне ў Ізраіль у складзе дэлегацыі ад Беларусі. І пры мне заўсёды была тэлекамера. Пазней ён прапанаваў мне ўступіць у Савет яўрэйскіх абшчын. Ад мяне тады не патрабавалася нейкіх дадатковых высілкаў, і я пагадзіўся. Паступова ўцягнуўся ў грамадскую дзейнасць, папрацаваў на грамадскіх пачатках у газеце “Авив”: абавязкі галоўнага рэдактара выдання выконваў паралельна з працай на тэлебачанні. Сёння, калі збіраюцца кіраўнікі грамадскіх нацыянальных суполак разам, я бачу ўсё адных і тых жа людзей. У чым прычына — не ведаю: ці то грамадская праца так захапляе людзей, ці то сучасная моладзь не схільная да яе…

Старшынёй Саюза беларускіх яўрэйскіх арганізацый і абшчын я стаў пасля Леаніда Левіна. Дарэчы, ён шмат зрабіў, каб у Беларусі былі ўстаноўлены новыя помнікі ахвярам Халакосту. Ён архітэктар скульптурнай кампазіцыі “Апошні шлях”. Там уздоўж лесвіцы, якая вядзе да цэнтра мемарыялу “Яма” на вуліцы Мельнікайтэ ў Мінску, дзе было растраляна 5 000 вязняў Мінскага гета, спускаюцца на яе дно пакутнікі, асуджаныя на смерць. Дарэчы, “Яма” — першы помнік ахвярам Халакосту ў Савецкім Саюзе, на якім было дазволена зрабіць надпіс на ідыш. Статуі мучанікаў былі ўстаноўлены там значна пазней, у 2000 годзе. Да ўсяго Леанід Левін — адзін з аўтараў Мемарыяльнага комплекса ў Трасцянцы. Сёння ўжо няма яго сярод жывых, але дачка Галіна Левіна, таксама архітэктар, прадаўжае справу бацькі.

— І па гэты час, я чула, узвядзенне помнікаў ахвярам Халакосту застаецца адным з прыярытэтных кірункаў працы арганізацыі…

Барыс Герстан. Фота sb.by

— У Саюзе беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын дзейнічае мемарыяльная камісія, мы шукаем месцы знішчэння яўрэйскага насельніцтва і ўстанаўліваем там помнікі. Члены камісіі ездзяць па гарадах і вёсках, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі. Хоць яўрэяў практычна няма ў некаторых мясцінах, аднак людзі ж імкнуцца захаваць памяць пра суседзяў і знаёмых яўрэйскай нацыянальнасці, якія былі расстраляны ў гады Вялікай Айчыннай. Некаторыя дасылаюць лісты ў нашу камісію з прапановай устанавіць на іх радзіме помнік ахвярам Халакосту. Бывае, такія помнікі былі ўзведзены раней і мы павінны толькі паднавіць іх. Але й гэта справа патрабуе немалых фінансавых укладанняў. Грашыма Саюзу часта дапамаге Фонд імя Саймана Марка Лазаруса. У гэтай сям’і з Лондана ў Беларусі няма ні родных, ніякіх іншых каранёў. Ніхто з іх блізкіх не быў расстраляны ў часы вайны на нашай зямлі. Упершыню Даяна Лазарус прыехала ў нашу краіну з дабрачыннай місіяй, ніяк не звязанай з устаноўкай мемарыялаў. Тады яна й даведалася, што ў Беларусі шмат месцаў, дзе ў Другую сусветную вайну забівалі яўрэяў. Але ў яўрэйскіх абшчын сродкаў няма, каб усе месцы абазначыць. Тады ў Лазарусаў, Даяны і яе мужа Майкла, выспела рашэнне нам у гэтай справе дапамагчы. Першы помнік ахвярам Халакосту, узведзены на грошы фонду, пабудавалі ў 2004‑м на месцы забойства яўрэяў вёскі Гарадзея Мінскай вобласці. Як таго хочуць Лазарусы, на кожным наступным помніку пазначана месца гібелі і колькасць ахвяр, а самі надпісы выкананы на трох мовах: беларускай, рускай ды іўрыце. За апошнія 12 гадоў сумесна з сям’ёй Лазарусаў мы ўстанавілі амаль 120 помнікаў, за год адкрываем 4–5 манументаў. А ў нас вельмі шмат і безыменных магіл. Дагэтуль невядомы імёны людзей, якіх расстрэльвалі ў Мінскім гета. Месцы расстрэлу, новыя імёны ахвяр дапамагае нам адкрываць Музей гісторыі й культуры яўрэяў Беларусі ў Мінску, які заснаваны вучонымі-энтузіястамі ў 2002 годзе пры падтрымцы прадстаўніцтва “Джойнта” ў нашай краіне.

— Ці бываеце вы ў горадзе свайго дзяцінства?

— У Чарткове бываю часта. Там я рос, заканчваў школу, працаваў кінамеханікам (для паступлення на факультэт журналістыкі тады патрабаваўся працоўны стаж), там пахаваны мае бацькі. Адтуль я добра ведаю ўкраінскую і польскую мовы. Таму й беларуская далася лёгка: дарэчы, на факультэце журналістыкі БДУ, дзе я вучыўся з 1965 па 1969 год, яе вельмі добра выкладалі. Мне падабалася пісаць артыкулы на беларускай мове ў газету “Піянер Беларусі”. Тады я працаваў загадчыкам аддзела літаратуры й мастацтва, знаёміўся з маладымі пісьменнікамі, якія таксама любілі там размяшчаць свае творы. Дарэчы, на беларускай мове я пісаў і ў газету “ЛіМ” як пазаштатны аўтар. У 1977 годзе мяне запрасілі на працу на тэлебачанне. Доўгі час працаваў тэлежурналістам, быў дырэктарам дырэкцыі спартыўнага вяшчання. Цяпер працую намеснікам загадчыка аддзела спартыўнага вяшчання ЗАТ “Другі нацыянальны канал”. Прысуджэнне прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” сёлета для мяне стала прыемным сюрпрызам.

Гутарыла Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.